Трыенале. Пілотны праект

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

14 жніўня ў Палацы мастацтва адкрылася выстава, якую не будзе перабольшаннем назваць доўгачаканай. Гэта выстава работ, што трапілі на рэспубліканскі конкурс “Трыенале маладых мастакоў”, які праводзіцца ўпершыню. Да арганізацыі конкурсу спрычыніліся Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў. Намінацыі конкурсу — “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, “Куратарскі праект у сферы выяўленчага мастацтва”, “Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка”, “Навацыя”. Як ўжо павялося, акрамя лаўрэатаў, якіх вызначыць журы, будуць і ўшанаваныя прызам глядацкіх сімпатый. Кожны наведвальнік выставы можа аддаць свой голас за ўпадабаны твор. А галасаванне пачалося ўжо на вернісажы. Да акрыцця выставы быў аператыўна падрыхтаваны каталог. Ён адкрываецца вітальным словам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара да ўдзельнікаў Трыенале. У прыватнасці, у ім сказана: “Самаадданасць беларускай моладзі справе мастацтва, глыбіня творчых пошукаў, рэалізацыя асабістага таленту дзеля ўзбагачэння нацыянальнай культуры, разнастайнасць жанраў, формаў і напрамкаў сведчаць аб росквіце беларускай культуры, высокім прафесійным узроўні майстэрства, надаюць імпульс стваральнага развіцця”.

/i/content/pi/cult/758/16390/1.jpgКалі падлічыць усіх беларускіх мастакоў — дыпламаваных і самавукаў, прафесіяналаў і аматараў; тых, каму мастацтва — хлеб надзённы, і тых, хто з алоўкам і аркушам, палатном і пэндзлем бавіць вольны час, дык у працэнтных адносінах да колькасці насельніцтва лічба будзе сур’ёзная. А калі з гэтага масіву вылучыць актыўных асоб, чые імёны нешта гавораць і адмыслоўцам мастацтва і паспалітым гледачам, дык высветліцца, што творцаў, здатных на крэатыў, здатных сказаць новае ці хаця б пераканаўчае слова, у краіне яшчэ і не стае. Яны вандруюць з выставы на выставу, з аднаго творчага праекта ў другі, і для гледачоў яны ўжо накшталт добрых знаёмцаў.

/i/content/pi/cult/758/16390/2.JPGВось і на гэтай выставе можна вылучыць групу аўтараў, якіх недзе ўжо нібыта бачыў. Але гаворка не пра эфект “дэжавю”, а пра ўстойлівыя стэрэатыпы, за якімі стаяць асэнсаваныя пошукі свайго почырку для свайго тэксту. Такія адмыслоўцы сярод маладых мастакоў ёсць. Згаданая акалічнасць спараджае надзею, што высокую планку ў нашым мастацтве атрымаецца захаваць, незалежна ад зменлівай моды і ваганняў кан’юктуры рынку.

Ёсць на выставе работы высокатэхналагічныя. Тут я вылучыў бы выхаванцаў кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і выкананыя дэманстратыўна сціплымі сродкамі ў стылістыцы постмадэрнісцкага інсіту і разлічаныя на тое, каб здзівіць гледача ці то сваёй непадуладнасцю канонам прафесіяналізму, ці то арыгінальнасцю на мяжы з нахабствам — гэта як паглядзець. Зрэшты, і першае, і другое ў мастацтве мае быць. І на тое, і на другое ёсць свае заўзятары і нават фанаты. Прычым, у намінацыі “графіка” прэзентаваны не толькі традыцыйныя пяро, аловак, акварэль, розныя формы эстампа і іншае са звыклага шэрагу, але і лічбавыя калажы, фотадрук, аналагавыя здымкі. Я, шчыра кажучы, не ведаю, ці то радавацца наяўнасці новых і, што важна, даступных шырокаму колу тэхналогій і адпавядаючага ім інструментарыя — ці то бедаваць з нагоды размытасці цэхавых межаў і, адпаведна, страты некаторых крытэрыяў ацэнкі твораў.

/i/content/pi/cult/758/16390/3.JPGТэхніка большасці жывапісных твораў — алей, але сустраюцца і дзіўнаватыя вызначэнні кшталту “змяшаная тэхніка, ф’юзінг”.

Скульптура прадстаўлена сціпла. Яно і зразумела. Не кожнаму маладому мастаку па кішэні зрабіць бронзавую адліўку свайго твора, нават невялікага памеру. Прадстаўляць жа на сур’ёзны конкурс работу ў танным матэрыяле неяк няёмка. Але тое, што прадстаўлена, вартае ўвагі і дае ўяленне пра сучасныя тэндэнцыі пластыкі.

Манументальнае, манументальна-дэкаратыўнае мастацтва Беларусі, як мне падаецца, у стане калі не крызісным, дык роспачным. Міжволі з’яўляецца настальгія па буйнамаштабных праектах савецкай пары. Тое, што мы бачым на гэтай выставе, можна вызначыць як дэманстрацыю творчага патэнцыялу ў чаканні сур’ёзнай працы. А тым часам дэкаратыўна-прыкладное мастацтва паціху займае “кананічную” прастору “манументалкі”. Кераміка, дрэва, мастацкія тканіны сёння трывала атабарыліся там, дзе раней было месца для мазаікі, фрэскі, манументальнай пластыкі. Адлюстраванне гэтай тэндэнцыі і ў творах выставы.

/i/content/pi/cult/758/16390/4.JPGТолькі па адным творы прадстаўлена ў намінацыях “Куратарскі праект” і “Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка”. Гэтак жа — і ў намінацыі “Навацыя”…

Як па мне, зыходна не варта было чакаць ад Трыенале чагосьці надзвычайнага. Праект гэты па сваёй сутнасці пілотны. Напрацаваны ў ім досвед дапаможа вызначыць актуальныя, перспектыўныя напрамкі як маладога мастацтва, так і мастацтва нашага ўвогуле. Мастакам далі магчымасць прадставіць на суд публікі і журы тое, што яны самі хочуць. А што з гэтага насамрэч актуальна ці каштоўна — вызначыць культурніцкая грамада. Уласна кажучы, дзеля гэтага Трыенале і ладзіцца.

Фота аўтара і Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"