Паляшуцкія брэнды праз прызму гісторыі

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Кобрынскі раён: Дзень горада, новыя паслугі, бібліятэчны маркетынг і “зорныя” калектывы
Пытанне для сапраўдных знаўцаў беларускай гісторыі: які горад быў упершыню згаданы ў Іпацьеўскім летапісе ў 1287 годзе? Не хвалюйцеся і не адчыняйце ліхаманкава Google — гэта горад Кобрын Брэсцкай вобласці. “К” пабывала на свяце горада, а таксама цягам двух камандзіровачных дзён завітала ў шэраг устаноў культуры як самога райцэнтра, так і бліжэйшага наваколля. Уражанняў, як кажуць, мех і маленькая торба. Але пра ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/756/16364/13.jpgСвята як нагода свята

Пісаць пра свята Кобрына падрабязна, думаецца, не варта. А лепш зрабіць акцэнт на тым, што атрымаў горад і сфера культуры райцэнтра менавіта да самой імпрэзы. Гэта, па-першае, гісторыка-інфармацыйная стэла “Кобрын паміж мінулым і будучым”, якая з 20 ліпеня размясцілася на пешаходнай вуліцы Суворава ў цэнтры горада. Адкрыў стэлу старшыня Кобрынскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня мясцовага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.

Па-другое, на свята завіталі прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Кобрына з украінскіх Ківерцаў, расійскіх Гусева, Ціхарэцка і Ліўнаў, польскіх Мендзыжец-Падляскага і Бельска-Падляскага. З тым жа Бельскам у палешукоў здаўна наладжаны трывалыя сяброўскія і партнёрскія стасункі: фальклорныя калектывы Кобрыншчыны часцяком прымаюць удзел у святах, зладжаных у Польшчы, а калектывы суседняй краіны, адпаведна, нярэдка гасцююць у Беларусі.

Па словах начальніка аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзеі Жук, падобныя выезды за мяжу для калектываў з Беларусі вельмі важныя. “Нашы бабулі прыязджаюць з падобных фестываляў узрушаныя і, як быццам, памаладзелыя, бо яны бачаць, што за мяжой іх цёпла прымаюць, цэняць іхнюю творчасць таксама, як і ў Беларусі. І гэта дае ім новыя сілы для ўдзелу ў новых сустрэчах ды фестывалях”, — паведаміла яна “К”.

Акрамя таго, ёсць у сяброўстве паміж гарадамі-пабрацімамі і іншы, на мой погляд, немалаважны аспект: падобныя кантакты на рэгіянальным узроўні дазваляюць пазіцыянаваць беларускую культуру далёка за межамі краіны. І тут адразу ж пытанне: дык чаму сёння прыклады паспяховага ўзаемадзеяння з замежжам у многіх аддзелах культуры краіны можна пералічыць па пальцах? Паказаць беларусам сапраўды ёсць што. А вялікія транспартныя выдаткі, на якія спасылаюцца звычайна ў рэгіёнах, можна звесці да мінімуму з дапамогай таго боку, які і прымае гасцей. Менавіта так, зазвычай, і робяць на Кобрыншчыне.

Да слова, у цэнтры горада сёння можна ўбачыць стэлу, дзе ўсталяваны шыльды з назвамі гарадоў-пабрацімаў, а ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя Аляксандра Суворава ёсць цэлая экспазіцыя, якая змяшчае падарункі дэлегацый з тых гарадоў, якія звязаны з райцэнтрам сяброўскімі сувязямі. Хутчэй за ўсё, экспазіцыя тая значна папоўніцца і пасля сёлетняга свята горада. Тым больш, што ў музеі да Дня горада нават зладзілі выставу “Калі гарады завязваюць сяброўства” і актыўна запрашалі на яе ўсіх наведвальнікаў святочных мерапрыемстваў.

І яшчэ. На свята прыехалі калектывы не толькі з суседніх раёнаў Брэсцкай вобласці, але і замежныя госці. Так, выступаў у горадзе і нават на раёне ансамбль “Акорд” з польскага горада Серадз і Барбара Драздзінская з горада Лодзь. А яшчэ тут “засвяціліся” і сталічныя артысты: скажам, уладальніца Гран-пры Міжнароднага конкурсу “Талент года — 2019” Сафія Ярашук з Мінска. Так што дзякуючы Дню горада кобрынцы змаглі жыўцом пабачыць не толькі айчынных, але і замежных выканаўцаў ды параўнаць выканальніцкі ўзровень сваіх і прыезджых артыстаў.

Як захаваць гісторыю?

Але ж, натуральна, падчас камандзіроўкі мяне цікавіў не толькі Дзень горада, праведзены на высокім арганізацыйным узроўні, але і ўся сфера культуры раёна, яе развіццё, паспяховыя праекты і перспектыўныя магчымасці.

— На мой погляд, сфера культуры ды і ўся сацыяльная сфера Кобрыншчыны развіваецца досыць дынамічна, — мяркуе намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык. — Напрыклад, я бачу, што значна павышаецца якасць культурных паслуг, хоць, канечне, як кажуць, няма межаў для дасканаласці. А асноўны ўпор мы ў раёне робім цяпер на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.

У якасці прыкладу Валянцін Трубчык спаслаўся на нядаўняе наданне статусу элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі (з вёскі Лелікава Кобрынскага раёна). Цяпер з гэтай народнай традыцыі кіраўніцтва раёна мяркуе зрабіць паспяховы раённы, а, можа, і рэгіянальны брэнд.

Як растлумачыла мне загадчыца аўтаклуба Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Вольга П’янцава, шлях да аднаўлення страчанай з цягам часу каштоўнасці і прызнання традыцый вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі гісторыка-культурнай спадчынай, быў досыць доўгім.

— Мы цягам дзясятка гадоў ладзілі этнаграфічныя экспедыцыі, рабілі фота і відэаматэрыялы, запісвалі расповеды мясцовых жыхароў, — кажа Вольга П’янцава. — Але наша праца засталася б не скончанай, калі б не зацікаўленасць мясцовай супольнасці ў захаванні і папулярызацыі гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, перадачы яго моладзі. Таму дзякуючы неабыякавым адносінам жыхароў вёсак Павіцце і Лелікава да свайго духоўнага багацця, такім як Настасся Шапяцюк, Ганна Жук, Марыя Шапяцюк, Аляксандра Базылюк ды іншым, нам удалося ўзнавіць гэты цікавы ды арыгінальны вясельны касцюм.

Названай традыцыі мясцовага вяселля і ўбранню лелікаўскай свахі “К” абавязкова прысвеціць асобны матэрыял. Бо, як на мой погляд, праца мясцовых культработнікаў па адраджэнні і захаванні сваёй нематэрыяльнай спадчыны заслугоўвае асаблівай увагі. Тым больш, гэты прыклад ушанавання сваёй мінуўшчыны — не адзінкавы.

— Летась мы зацікавілі жыхароў і гасцей Кобрына асноўнымі гістарычнымі і культурнымі адметнасцямі горада пры дапамозе гранта Еўрасаюза, — паведаміў мне таксама Валянцін Трубчык. — Прычым, грант атрымаўся даволі важкім — прыкладна ў 35 тысяч еўра.

На гэтыя грошы ў Кобрыне была пабудавана веладарожка даўжынёй у сем з паловай кіламетраў, набыты веласіпеды, якія можна браць напракат, усталяваны дарожныя знакі і зроблены велапаркоўкі. Дзякуючы новаму веламаршруту турысты могуць, нават не сыходзячы са сваіх “жалезных коняў”, пабачыць помнік заснавальнікаў мястэчка князю Уладзіміру Васількавічу і княгіні Вользе, ваенна-гістарычны музей імя Суворава, Спаскі манастыр XV стагоддзя і іншыя гістарычныя ды культурныя цікавосткі райцэнтра.

— Увогуле, пытанням развіцця турызму, які, зразумела, шчыльна звязаны і са сферай культуры раёна, мы надаем значную ўвагу, — кажа Валянцін Трубчык. — Тым больш, маем даволі неблагую турыстычную інфраструктуру — той жа гарадскі парк, якому ўжо больш за 150 гадоў, аквапарк, стадыён, лядовую арэну, іншыя цікавыя аб’екты. Турысты да нас едуць, іх колькасць год ад года павялічваецца, таму ў гэтым кірунку мы абавязкова будзем рухацца і надалей.

І апошняе. Не магу не сказаць некалькі слоў і пра Кобрынскі парк культуры, згаданы намеснікам старшыні райвыканкама, балазе, па паркавай тэрыторыі цягам камандзіроўкі мне давялося прагульвацца неаднойчы. На яго тэрыторыі сёння працуюць не толькі атракцыёны, а і летняя дыскатэчная пляцоўка ды амфітэатр, месціцца дзіцячы забаўляльны цэнтр “Кеша” ды іншыя сацыяльныя аб’екты, якія, натуральна, таксама дадаюць грошай у скарбонку платных паслуг... А яшчэ супрацоўнікі ладзяць у парку вяселлі ў старадаўнім стылі, апранаючы маладых у касцюмы XIX стагоддзя ды ўсаджваючы маладых у сапраўдную карэту. Вось і яшчэ адзін прыклад звароту да мінуўшчыны, які, акрамя ўсяго іншага, прыносіць фінансавы прыбытак установе культуры і спрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу самога райцэнтра.

Бібліятэка як асяродак

Прыкладна сем — восем гадоў таму я ўжо пабываў на Кобрыншчыне. На жаль, падчас таго прыезду не паспеў завітаць як у раённую цэнтральную, так і ў дзіцячую бібліятэкі, каб пазнаёміцца з іх дзейнасцю. Таму адразу пасля прыбыцця ў райцэнтр скіраваўся менавіта да гэтых устаноў.

— А мы зараз гатуем польскія нацыянальныя стравы, — здзівіла мяне сваім незвычайным “бібліятэчным” крэатывам дырэктар Кобрынскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Легацюк. — Справа ў тым, што мы адказныя за стварэнне польскай пляцоўкі нацыянальных культур на свяце горада. Таму можаце завітаць заўтра на імпрэзу, каб пакаштаваць бігас, польскія каўбаскі, антрэкот па-варшаўску ці пірог “Мазурэк”.

Усімі гэтымі ласункамі, на жаль, скарыстацца мне, да слова, так і не давялося: на свяце стравы ад кобрынскіх бібліятэкараў літаральна “змяталі” са стала, настолькі польская ежа, зробленая рукамі таленавітых і ўлюбёных у кнігу паляшучак, прыйшлася ўсім даспадобы. Між тым, у мясцовых супрацоўнікаў Кобрынскай кніжніцы досыць не толькі кулінарнага, а і ўласна бібліятэчнага крэатыву, які можа зацікавіць любога наведвальніка.

— Скажам, сёлета ў намінацыі “Сям’я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей” Гарадзецкі філіял нашай сістэмы заняў першае месца сярод сельскіх бібліятэк у абласным туры V Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання”, — адзначыла кіраўнік установы. — А яшчэ раней, у 2017 годзе ў XXV Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” Кобрынская раённая цэнтральная бібліятэка заваявала другое месца ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”.

Апошняя перамога была атрымана бібліятэкарамі за распрацоўку і рэалізацыю краязнаўчага турыстычна-бібліяграфічнага праекта “Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна”. Як расказала мне адна з распрацоўшчыц праекта, галоўны бібліёграф Кобрынскай “кніжніцы” Святлана Краўчук, бібліятэкарамі быў сабраны значны краязнаўчы матэрыял, які цяпер даступны як у апублікаваным, так і ў электронным выглядзе на бібліятэчным сайце. Гэта інфармацыя пра знакамітых навукоўцаў з Кобрыншчыны, пра гісторыка-культурныя каштоўнасці раёна, помнікі прыроды, палацава-паркавыя ансамблі ды шмат пра што яшчэ.

Як я ўжо казаў, уся інфармацыя змяшчаецца на сайце Кобрынскай раённай бібліятэкі ў адкрытым доступе. І віртуальныя наведвальнікі гэтай, як і іншай інфармацый, змешчанай на інтэрнэт-старонцы раённай кніжніцы, карыстаюцца досыць актыўна. Прывяду толькі пару лічбаў. Скажам, за другі квартал года паводле лічыльніка Hotlog, віртуальную старонку мясцовай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы наведала больш за 35 тысяч чалавек, якія прагледзелі на сайце тую ці іншую інфармацыю недзе 150 тысяч разоў. Даволі неблагія паказчыкі, якім, мяркую, могуць пазайздросціць бібліятэчныя сайты іншых раёнаў Беларусі.

Праўда, пакуль пра працу бібліятэк раёна на інтэрнэт-старонцы можна даведацца толькі на рускай мове. Разам з тым, як запэўнілі мяне бібліятэкары, у Сеціве яны змяшчаюць таксама інфармацыю і па-беларуску. З цягам часу, па словах Надзеі Жук, мяркуецца стварэнне і асобнай беларускамоўнай версіі бібліятэчнага сайта.

Дарэчы, нядаўна ў кобрынскай дзіцячай кніжніцы адбыліся значныя рамонтныя работы.

— Праца праходзіла ў два этапы за кошт сродкаў з раённага бюджэту: летась на суму прыкладна ў 60 тысяч рублёў мы ўсталявалі вокны, замянілі асвятленне, адрамантавалі падлогу, пафарбавалі сцены, — адзначае начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. — Сёлета працягнулі гэтыя работы ў іншых бібліятэчных памяшканнях на суму ў 38 тысяч рублёў.

Як мяркуюць бібліятэкары, дзякуючы рамонту, наведвальнікаў у “дзіцячай” і ў “дарослай” бібліятэках абавязкова пабольшае. Што ж, цалкам магчыма. Як бачна, з рэальнымі, як і з віртуальнымі наведвальнікамі, кобрынскія бібліятэкары працуюць паспяхова і з веданнем справы.

Хто не чакае ўзнагароды?

Мабыць, кожны турыст, які быў калі-небудзь у Кобрыне, абавязкова завітаў у Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Аляксандра Суворава. Што да мяне, дык я там бываў і школьнікам — вазілі на экскурсіі з суседняга Пінска, — і сем гадоў таму, падчас камандзіроўкі ў раён.

— З таго часу шмат што змянілася, — адзначыла мне кіраўнік установы Алена Бабенка. — Па-першае, у нас адбылася рээкспазіцыя ў Доме Аляксандра Суворава. Рамонтныя работы ды змена экспазіцыі ішлі з 2013 па 2016 гады і сёння мы дэманструем наведвальнікам зусім новы выгляд некаторых нашых музейных залаў.

Як адзначыла “К” начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук, пад бягучы рамонт музейнай установы з раённага бюджэту былі выдаткаваны 800 мільёнаў яшчэ “старых” рублёў. Змена экспазіцыі “пацягнула” на суму каля 1 мільярда 600 мільёнаў “старых” рублёў. Такім чынам, агульная сума атрымалася даволі важкая.

Цяпер тут, у абноўленай экспазіцыі, можна ўбачыць калекцыі абмундзіравання, зброі, старадаўняй мэблі, нумізматыкі, прадметаў побыту XVIII стагоддзя. Ёсць у памяшканнях Дома расійскага палкаводца нават фігура самога Суворава, што чытае толькі што атрыманы ім ліст. Сярод найбольш цікавых рарытэтаў — асабістыя рэчы расійскіх імператараў Пятра III, Паўла I, вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, а таксама ўзоры памятнай і дарчай зброі, сярод якіх — шабля з імянным надпісам, якім імператрыца Лізавета Пятроўна узнагародзіла волжскага атамана Осіпа Шчарбакова...

Музейшчыкі маюць і шэраг цікавых ініцыятыў. Гэта, па словах дырэктара ўстановы Алены Бабенка, і “Ноч музеяў”, і будучая навукова-практычная канферэнцыя “Мартынаўскія чытанні”, прысвечаная першаму дырэктару музея Аляксею Мартынаву, і многія іншыя праекты. А сярод музейных заняткаў, якія ладзяць супрацоўнікі ўстановы, мяне асабліва зацікавіў адзін пад назвай “Салдаты, якія не чакаюць узнагарод”.

— Падчас гэтых музейных заняткаў супрацоўнікі распавядаюць наведвальнікам, у першую чаргу, школьнікам, пра сабак і іх дзейнасць падчас вайны, — кажа Алена Бабенка. — Бо “чатырохногія сябры” былі на вайне і санітарамі, і падрыўнікамі, і следапытамі, і сапраўднымі памочнікамі. Уся гэтая інфармацыя выклікае вялікую ўвагу ў нашых гасцей.

Дзецям расказваюць розныя цікавыя факты пра сабак, потым яны адгадваюць пароду той або іншай сабакі, глядзяць прэзентацыйныя ролікі, гуляюць у адмысловыя гульні. Карацей, кожны знойдзе сабе тут, чым заняць свае рукі і свае “шэрыя клетачкі”.

Няблага шчыруюць мясцовыя музейшчыкі і на спонсарска-мецэнацкай дзялянцы. Шмат хто з гараджан ды гасцей Кобрына дорыць установе каштоўныя і рарытэтныя прадметы, якія, зразумела, папаўняюць музейную экспазіцыю. Скажам, адзін з мясцовых жыхароў закупіў для ўстановы копію сцяга 11 гвардзейскай Пінскай дывізіі, якая вызваляла горад ад фашыстаў у 1944 годзе.

Як кажа Алена Бабенка, нягледзячы на тое, што ва ўстанове ёсць свая сувенірная крама, шмат прыбытку яна не прыносіць — прыкладна пяць — сем працэнтаў ад агульнай сумы плана платных паслуг. Таму ўся ўвага музейшчыкаў скіроўваецца на платныя экскурсіі, платныя музейныя заняткі ды правядзенне розных тэматычных мерапрыемстваў, якія могуць прынесці ўстанове рэальныя грошы.

“Ясніца” — брэнд

Канечне, без паездкі ў сельскую мясцовасць “карцінка” пра поспехі і дасягненні сферы культуры Кобрынскага раёна была б не зусім поўнай. Таму не мог не завітаць у адно з паселішчаў Кобрынскага раёна — аграгарадок Стрыгава, — дзе пры мясцовым цэнтры культуры і адпачынку ўжо працяглы час працуе народны ансамбль песні “Ясніца”. Калектыў на сёння, фактычна, мае статус сапраўднага брэнда Кобрынскага раёна. Прычым, гэты брэнд вядомы і ў суседняй Польшчы, і ў суседняй Расіі.

— Скажам, яшчэ тры гады назад мы з’ездзілі ў Санкт-Пецярбург і прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі “Залатая Пальміра”, падчас якога праходзіў усерасійскі конкурс “Белыя ночы 2016”, — адзначыла мне кіраўнік калектыву Дзіяна Вышынская. — Наша выступленне так спадабалася расійскім гледачам, што “Ясніцы” ўручылі Дыплом лаўрэата першай ступені ў намінацыі “Вакальная творчасць — народныя спевы”.

Варта заўважыць, што гэтая перамога прынесла ўдзельнікам “Ясніцы” не толькі шмат уражанняў, але адкрыла новыя перспектывы — удзел у міжнародным фестывалі “Залатая Пальміра” ў чэшскай Празе.

— На жаль, мы туды не паехалі: уручаны на фестывалі сертыфікат даваў нам магчымасць толькі на палову пакрыць усе нашы выдаткі на Прагу, — кажа Дзіяна Вышынская. — А спонсар, дзякуючы якому мы і змаглі з’ездзіць у Пецярбург, не змог прафінансаваць наша выступленне яшчэ і ў сталіцы Чэхіі. Але ж ён і так выдаткаваў нам на паездку ў паўночную культурную сталіцу Расіі дзве тысячы долараў. Так што мы не надта крыўдавалі. Галоўнае, што мы паказалі сябе, сваё майстэрства, прэзентавалі на фестывалі Беларусь ды атрымалі заслужанае прызнанне!

Але ж замежныя гастролі ў “Ясніцы” не спыняюцца. Летась удзельнікі калектыву выступілі ў Варшаве, а раней пастаянна ўдзельнічалі ў імпрэзах, што ладзяцца ў Падляскім ваяводстве Польшчы — гастралявалі то ў Сакалове-Падляскім, то ў Гарадку, то ў некаторых іншых гарадах суседняй краіны.

Дарэчы, выступленне “Ясніцы” я змог пабачыць на свае вочы падчас прыезду ў Стрыгава польскага калектыву “Акорд” з горада Серадз. І як на мой дылетанцкі погляд, палескі калектыў гучаў нашмат мацней і лепей за сваіх калег з Польшчы. Але ж, як кажуць, у кожнага свае густы і свае меркаванні.

Адна з надзённых праблем “Ясніцы” — нястача новых камплектаў сцэнічнага адзення, а таксама некаторых музычных інструментаў. Як кажа кіраўнік сферы культуры раёна Надзея Жук, у гэтай праблемы вырашэнне можа быць толькі адно — больш шчыльнае ўзаемадзеянне калектыву і Цэнтра культуры са спонсарамі і мецэнатамі, бо бюджэтныя грошы адшукаць на набыццё ўсяго неабходнага для таго ці іншага сельскага клуба сёння, як і заўсёды, вельмі цяжка.

І пэўныя спадзяванні на спонсарскую падтрымку для калектыву са Стрыгава ёсць. Як я ўжо адзначаў, ансамбль многа гастралюе — дае блізу 80—90 канцэртаў на год, — а таксама шчыльна супрацоўнічае з мясцовай гаспадаркай — ААТ “Стрыгава”: выступае для супрацоўнікаў таварыства нават на фермах і калгасных палетках, на мерапрыемствах, зладжаных СВК, напрыклад, на Дні вёскі. А мясцовая гаспадарка ў асобе старшыні таварыства Ігара Масько дапамагае Цэнтру культуры чым можа — і грашыма, і набыццём новай гукаўзмацняльнай апаратуры, і нават рамонтам установы культуры, зладжаным тут зусім нядаўна. Мо і з адзеннем ды інструментамі менавіта так “Ясніцы” і дапамогуць? Бо што ні кажы, а творчасць і вытворчасць у Стрыгаве здаўна суіснуюць разам, узаемна ўзбагачаючы адна адну як у творчым, так і ў матэрыяльным плане.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"