Я не стану аспрэчваць тэзу, што мастацтва належыць народу, але мушу дадаць, што для асноўнай масы насельніцтва яно не з’яўляецца прадметам першай неабходнасці. У звычайнага чалавека да кніжнай шафы рукі даходзяць толькі пасля таго, як запоўнена лядоўня. А карціны на сценах ягонага жытла з’яўляюцца не раней за мэблю. А калі ўжо казаць пра мастацтва высокага гарту і такога ж высокага кошту, дык яно ўвогуле раскоша. Калекцыянаваць яго здольныя хіба што людзі з кола эстэтаў, якія, паводле распаўсюджанай думкі, не ведаюць, на што грошы змарнаваць (маўляў, “у мяне ў пад’ездзе лямпачка не ўкручана, а ў яго габелен за мільён даляраў”), альбо дзяржава, якая мусіць дбаць пра сваю годнасць і культурны чыннік іміджу.
Шанаваць сваё, бо іншага няма
Шэдэўры калекцыі Луўра, Дрэздэнскай галерэі, Прада, Эрмітажа — важныя чыннікі вобразу Францыі, Германіі, Іспаніі, Расіі. Беларусь па зразумелых прычынах ў гэты шэраг не трапляе. Няма ў нашых музейных зборах твораў майстроў класу Рафаэля, Рэмбрандта, Веласкеса. І малаверагодна, што ў агляднай перспектыве нейкі дабрадзей ашчаслівіць краіну падобнымі падарункамі, ці знойдуцца сродкі, каб прыдбаць шэдэўры сусветнага мастацтва на міжнародных аўкцыёнах. Так што будаваць культурны імідж краіны нам давядзецца з мясцовага матэрыялу. Гэта значыць — прапагандаваць лепшыя ўзоры нацыянальнага мастацтва.
Хто ад нас у “шорт-лісце”?
Відавочна, што беларускае мастацтва ўпісана ў еўрапейскі кантэкст, а праз гэта і ў сусветны, аднак не варта перабольшваць ягоную ролю ў культурных працэсах ў рэгіёне, кантыненце, свеце. Скажу прасцей, ці ёсць нам чым свет здзівіць? Што мы маем такога, што ёсць толькі ў нас і нідзе болей? Сам запытаўся, сам адкажу: ёсць. Тыя ж Шагал з Суціным, і Казіміра Малевіча з Маркам Ротка сюды ж. Але мусім браць да ўвагі, што гэтых творцаў лічаць сваімі не толькі беларусы… Дык вось, на маю думку, творца, чыя беларускасць не падлягае сумневу, і які мусіць прастаўляць нашу краіну ў сусветным “шорт-лісце” сучаснага мастацтва, гэта Аляксандр Кішчанка. Калі ягоны жывапіс — гэта ментальная рэвалюцыя ў беларускім мастацтве, дык ягоныя габелены — з’ява маштабу значна вышэйшага. Такога нідзе ў свеце больш няма. Спасылаючыся на творчасць Кішчанкі, мы можам сцвярджаць, што сама з’ява “манументальны габелен” — беларускае вынаходніцтва. Мемарыяльны музей Аляксандра Кішчанкі, дзе будзе грунтоўна і панарамна прадстаўлена ягоная творчасць, стаў бы для Беларусі такім жа брэндам, напрыклад, як для каталонцаў ўсё звязанае з імем Антоніа Гаудзі. І, канешне, цэнтральным экспанатам гэтага музея мусіць быць славуты “Габелен Стагоддзя”.
Час не трывае…
Дадам, што такі праект не варта адносіць на далёкую перспектыву. Рэч ў тым, што ўжо сёння частка знакавых твораў Кішчанкі ўжо страчана, частка знаходзіцца у неспрыяльных умовах захоўвання, а частка — увогуле немаведама дзе.
З гэтым сутыкнуўся падчас працы над кнігай пра Кішчанку мастацвазнаўца Барыс Крэпак, які быў сябрам Аляксандра Міхайлавіча і сёння з’яўляецца найлепшым знаўцам ягонай творчасці.
Так, пры рэканструкцыі нашага Вялікага тэатра са сцен фае знялі шэсць тэматычных габеленаў Кішчанкі. Тры з іх потым аказаліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дзе яшчэ тры — невядома. Не здолеў мастацтвазнаўца высветліць, дзе знаходзяцца габелены, што ўпрыгожвалі Дом ЦК КПБ (зараз Адміністрацыя Прэзідэнта). Мусім пагадзіцца з думкай Барыса Аляксеевіча, што нельга лічыць нармальнай сітуацыю, калі творы, што складаюць цэлую эпоху ў беларускім мастацтве, якія маглі б упрыгожваць інтэр’еры будынкаў грамадскага прызначэння альбо музейныя экспазіцыі, аказаліся сёння нікому не патрэбнымі.
Пра тое ж гаворыць і ўдава мастака Ніна Кухарэнка. Яна згадала, што “Габелен Стагоддзя” быў тэмай для судовай справы, і зараз мае трох ўладальнікаў. Адна траціна належыць ёй, другая — дзяржаве ў асобе Нацыянальнага мастацкага музея, трэцяя — фірме, якая ўклала грошы ў стварэнне габелена. На думку спадарыні Ніны, было б добра, каб яго цалкам выкупіла дзяржава. Тым больш, што габелену нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, і ён не можа патрапіць за межы Беларусі. Пры тым, што ёсць цікавыя прапановы па дэманстрацыі гэтага манументальнага твора ў замежжы. Спадарыня Ніна не разумее, чаму ў часе рэканструкцыі інтэр’ераў Опернага тэатра нельга было пакінуць на сценах габелены Аляксандра Кішчанкі. “Палова з іх некаторы час аздабляла сцэну навучальнага тэатра нашай Акадэміі мастацтваў, — кажа Ніна Уладзіміраўна, — гэта вельмі кепска адбівалася на іх захаванасці”. Дзе другая палова, спадарыня Кухарэнка не можа даведацца ні ў дырэкцыі тэатра, ні ў тых, хто займаўся аздобаю інтэр’ераў Опернага. “Мяне гэта вельмі непакоіць, бо я памятаю, як спарахнела зробленая Аляксандрам Міхайлавічам габеленавая заслона для сцэны тэатра. Яе занеслі ў падвал і забыліся пра яе”.
Пра захаванне спадчыны Аляксандра Кішчанкі ягоная ўдава гаварыла з Паўлам Латушкам, калі той быў міністрам культуры. Тады больш верагодным уяўлялася стварэнне залы Кішчанкі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Але і гэта, на жаль, не спраўдзілася. Сёння захаванне спадчыны мастака цалкам на плячах ягонай ўдавы.
Барыс Крэпак нагадаў, што пэўныя ідэі наконт творчай спадчыны Кішчанкі ёсць ў дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова. Побач з “музейным кварталам”, які ўтворыцца пасля таго, як на тэрыторыі музея скончацца будаўнічыя працы, ён хацеў бы прыдбаць яшчэ адзін будынак і ў ім разгарнуць экспазіцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Галоўным жа экспанатам там мусіць стаць “Габелен Стагоддзя”.
Завод у музей?
Пагаварылі мы і з Уладзімірам Пракапцовым. Так, сапраўды побач з музеем ёсць некалькі будынкаў, якія маглі б быць уключаны ў музейны квартал. Калі нейкі з іх рэканструяваць такім чынам, каб у ім можна было экспанаваць “Габелен Стагоддзя” (а з-за яго велізарных памераў гэта магчыма далёка не паўсюль), гэта было б рашэннем праблемы.
Дарэчы, дырэктар Нацыянальнага мастацкага нагадаў, што далейшае захоўванне габелена на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ўяўляецца праблематычным. Камбінат — банкрот. Яму нават няма чым плаціць за электрычнасць, патрэбную для падтрымання спрыяльнай тэмпературы захавання “Габелена Стагоддзя”, і за хімікаты, якімі рэгулярна апрацоўваюць габелен, каб яго не з’ела моль. Кіраўніцтва камбіната папярэдзіла дырэкцыю музея, што яно не ўпэўнена, што зможа пралангіравать дамову паміж установамі па захаванні твора. Музею ж захоўваць велізарны габелен няма дзе…
Зазначу, што Аляксандр Кішчанка мастак, які сваім жыццём і творчасцю рэальна ўвасабляе адзінства лёсаў трох усходнеславянскіх народаў. Нарадзіўся ў Расіі, вучыўся на Украіне, творча сцвердзіўся ў Беларусі. Гэта яшчэ адна з прычын для таго, каб годна ўшанаваць ягоную памяць.
Ад фанатаў творчасці Кішчанкі я чуў і такую думку. У Мінску не першы год ажыццяўляецца праграма вынасу за гарадскую рысу прамысловых прадпрыемстваў. Магчыма штосьці з гэтага шэрагу можна было б перапрафіляваць пад культурную ўстанову — музей Аляксандра Кішчанкі. Нагадаю, што парыжскі Музей Арсэ (аснову калекцыі складаюць работы імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў), трэці па папулярнасці ў Парыжы і дзясяты ў свеце, размешчаны ў будынку колішняга чыгуначнага вакзала. Праўда, той вакзал зыходна быў архітэктурнай каштоўнасцю… Сёння былыя прамысловыя будынкі часцяком перарабляюць ў гандлёвыя цэнтры. А, відаць жа, магчыма і іншае іх прыстасаванне.
Каб быць краінай, прывабнай для вандроўнікаў, трэба мець не толькі добрыя дарогі, гатэлі на ўсе густы, але яшчэ і старажытныя замкі ды саборы, захаваную прыроду і сучасную архітэктуру. І абавязкова музеі, аналагаў якім няма ў свеце. Музей Аляксандра Кішчанкі як раз з такога шэрагу. Гэта тое, што патрэбна краіне. А значыць, калі-небудзь ён з’явіцца. Пакуль жа даводзіцца канстатаваць: Аляксандр Кішчанка — забыты геній.