Аляксандр ЛІПНІЦКІ: “На сцэне я падключаюся да касмічнай разеткі”

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Наша краіна славіцца вялікімі аркестрамі — сімфанічнымі, эстраднымі, народнымі, духавымі і нават джазавымі. У большасці выпадкаў яны акадэмічныя, філарманічныя… А ёсць і шоу-аркестр, і ён нічый, сам па сабе. Калектыў Lipnitsky Show Orchestra існуе шэсць гадоў. Пастаянна на тэлеэкране, мае аўтарытэт у прафесіянальных колах і рэнамэ экстравагантнага разбуральніка традыцый. Да яго стварэння Аляксандр ЛІПНІЦКІ прыйшоў, засвоіўшы прафесію не толькі дырыжора (рознымі аркестрамі ён кіруе ўжо 17 гадоў), але і піяніста, трубача, бубнача, кампазітара. Ён сам іграў у аркестрах і папулярных групах, сам выкладаў музычную прафесію. І ўсё ж справа жыцця для музыканта — уласны Lipnitsky Show Orchestra.

/i/content/pi/cult/754/16333/18.JPG— Ва ўзросце 18 гадоў студэнтам вы ўжо дырыжыравалі вялікім эстрадна-сімфанічным аркестрам з 40 чалавек. Зараз у вас не аркестр, а orchestra, склад меншы ў тры разы. Так, мабыць, лягчэй працаваць на музычным рынку?

— Законы рынку ніхто не адмяняў, але з кожным годам я ўсё больш разумею, што важна займацца любімай справай, не азіраючыся на эканамічны складнік. Зараз у мяне група, у якой ад 10 да 16 музыкантаў. І мы ў любы момант можам пашырыцца, калі ўзнікне цікавая ідэя. Напрыклад, калі рабілі сумесную праграму з “Беларускімі песнярамі”, у мяне на сцэне было чалавек 60. Я па-ранейшаму вельмі люблю форму вялікага аркестра. Проста калі раней я адштурхоўваўся ад традыцыйнага саставу — маўляў, павінна быць чатыры трубы, чатыры трамбоны і гэтак далей, то зараз больш арыентуюся на канкрэтнага чалавека, яго талент і жаданне працаваць — і не істотна, на чым ён іграе. Апошнім часам пачаў пазбаўляцца ад кан’юнктурных падыходаў цалкам і ўсё болей адчуваю, што галоўнае лавіць кайф у жыцці і творчасці, проста рабіць сваё як след і не баяцца

— Якім быў пачатак вашай аркестравай гісторыі?

— У 2000 годзе яшчэ на першым курсе музычнага вучылішча імя Глінкі як бубнач я ўдзельнічаў у студэнцкім мерапрыемстве “Кампот” — калі ўсе разам рыхтуюць адну вялікую п’есу з розных кавалкаў. Мне такі імправізаваны аркестр вельмі спадабаўся. Неўзабаве сабраўся ўжо пастаянны склад, які мы назвалі Symphonic drive orchestra. Спачатку ў мяне не было далёкіх планаў — хацеў проста іграць на барабанах, а не дырыжыраваць. Але паколькі частку аранжыровак пісаў я, вёў рэпетыцыі і дамагаўся належнага гучання таксама я, то ў выніку студэнты захацелі, каб і дырыжорам стаў я. Такім чынам мне давялося кінуць барабаны.

Потым ва ўніверсітэце культуры адвучыўся па класе эстрадна-сімфанічнага дырыжыравання. Але ж і бубначом працягваў працаваць. У “Лепрыконсах” іграў яшчэ да 2013-га года. Проста ўжо разумеў, што магу і пісаць, і аранжыраваць, магу кіраваць людзьмі, весці за сабой і падтрымліваць дысцыпліну. Калі ўжо сам выкладаў у вучылішчы, мне прапанавалі біг-бэнд, і я ўзяўся за справу з вялікім імпэтам, бо мне здавалася, што я здольны многае ўдасканаліць. На той час у мяне быў вопыт супрацы з рознымі аркестрамі, я пабачыў і як не трэба, і як трэба — калі працаваў бубначом у аркестры Фінберга. У біг-бэндзе мы арганізавалі справу як след. Усіх яго ўдзельнікаў згадваю з удзячнасцю і з задавальненнем, што я гэта рабіў і зрабіў.

/i/content/pi/cult/754/16333/17.JPG— А што такога асаблівага вы ўбачылі, калі працавалі ў аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга?

— Правільна арганізаваны працэс, зладжаны, скіраваны на вынік. Ну хаця б такі момант: у іншых калектывах я сутыкаўся з тым, што праз дзесяць хвілін пасля пачатку рэпетыцыі нейкі музыкант мог спакойна зайсці і нетаропка прыступіць да справы — і інструмент у яго не разыграны, і сам ён думкамі яшчэ ў іншым месцы. Нікога гэта не засмучала. На сваіх студэнцкіх рэпетыцыях мы толькі настройваліся паўгадзіны — размаўлялі, жартавалі, разняволена гублялі час. У аркестры Фінберга рэпетыцыі з 9.45, а музыканты прыходзяць на гадзіну, а то і дзве раней. Разыгрываюцца, рыхтуюць інструменты. За 15 хвілін да пачатку разам настройваюцца з цюнерам. Роўна ў 9.45 падаецца гук, ідзе адлік, гучыць музыка. І вось за першыя 15 хвілін рэпетыцыі мы ўжо некалькі твораў адыгралі, прычым бліскуча. Усё гэта на мяне 20-гадовага зрабіла вялікае ўражанне, натхніла і дало разуменне, адкуль можа брацца вынік.

— У сэнсе як кіраўнік, а не проста музыкант, вы за дысцыпліну?

— Я лічу вялікай памылкай, калі людзі творчыя неяк адасабляюць сябе ад разумення працоўнай дысцыпліны і этыкі. Бо колькі ўзнёсла ні кажы пра высокія матэрыі, але перад тым, як прыгожая кветачка вырасце, спачатку трэба зрабіць мноства спраў. Гэта праца. Але датычна музыкантаў зараз мяне натхняюць іншыя прыклады — з амерыканскіх, сусветных калектываў і шоу-праграм, дзе людзі адданыя сваёй справе і самі разумеюць, што і навошта яны робяць. Яны, напрыклад, не згортваюць шнуры і не складваюць свае фаготы, калі заслона яшчэ не апусцілася. Такім музыкантам не трэба нагадваць пра дысцыпліну ці этыку.

— У які момант узнік цяперашні ваш праект з назвай Lipnitsky Show Orchestra?

— Гэта быў 2013 год, я раптоўна сышоў з музычнага вучылішча імя Глінкі, у якім працаваў. Чаму раптоўна? Хачу шчыра падзякаваць дырэктару Наталлі Яфіменка — яна адна з нямногіх, хто мяне падтрымліваў. За пяць гадоў у вучылішчы мне ўдалося здзейсніць шэраг рэформ, сярод іншага і біг-бэнд нават пачаў зарабляць грошы. Але, зразумела, не ўсім падабаліся мае дзеянні. У нейкі момант я адчуў, што не хачу змагацца да старасці і за пяць гадоў рабіць тое, што можна зрабіць за некалькі дзён. Напісаў заяву і звольніўся.

— Калі цяпер не аркестр і не біг-бэнд, а Lipnitsky Show Orchestra — што памянялася?

— Стыль. Гэта комба-група — рытм-секцыя, духавая, дзве скрыпачкі, вакал. Жанры — поп, соўл, фанк, джаз. Па візуале ўсё іншае. Напрыклад, музыканты на сцэне стаяць — як у канцэртах Джэймса Брауна, груп Incognito ці Tower of power — і самі выконваюць нейкі танец. Карацей, гэта музыка плюс сцэнічная дзея: слова show у назве недарма. І не толькі каб гледача зацікавіць, а каб у першую чаргу нам самім атрымліваць задавальненне ад выступу. Канечне, як рэжысёр я ўсё пралічваю, але менавіта з такім падыходам — ад чаго мы самі будзем у захапленні. Ну і яшчэ адно вялікае адрозненне — цяпер гэта цалкам мая справа. На тэлебачанні, здаралася, не ведалі, як падпісваць наш калектыў, настойвалі, што аркестр павінен быць пры чымсьці — вучылішчы, філармоніі ці нечым такім. А тут — мой уласны!

— Вас, здараецца, называюць эпатажным дырыжорам. Вы заўсёды ў цэнтры ўвагі, упэўнена і прынцыпова кіруеце людзьмі, вы патрабавальны выкладчык. Пры гэтым расказваеце, што ў адрозненне ад сваёй сястры спявачкі Б’янкі раслі вельмі сарамлівым хлопцам…

— Так, з самага дзяцінства быў сарамлівым. Выступіць на сцэне для мяне было праблемай. Але потым зразумеў, што тая справа, якую я для сябе абраў, патрабуе быць артыстычным, тэмпераментным і нічога не баяцца — і навучыўся! І ўсё роўна з Б’янкай у нас, так бы мовіць, розны тэмп — яна вельмі хуткая, а я грунтоўны. Занадта эпатажным на сцэне сябе не лічу — нават калі спускаюся на яе з вышыні па верталётнай лесвіцы. Проста з выхадам на публіку я быццам трапляю ў іншае вымярэнне і падключаюся да нейкай касмічнай разеткі. Мне здаецца, гэта абсалютна натуральныя паводзіны артыста.

— У вас многа розных музычных адукацый і ўменняў, вопыту ў розных жанрах. І ўсё ж якая музыка найперш ваша?

— Я, канешне, джазавы чалавек. Увогуле, джаз прысутнічае паўсюль, бо менавіта ён і ёсць аснова якаснай поп-музыкі. Ва ўніверсітэце культуры з Ірынай Смірновай мы арганізавалі курс джазавых стандартаў, як музыкант я іграў з многімі джазістамі — нашымі і расійскімі. З падачы Ігара Сацэвіча з Apple tea працаваў нават з легендарным спеваком Кевінам Махогані. Калі мы потым перапісваліся, думаў: “Божухна! Я ж яшчэ малым фанацеў, калі глядзеў яго выступленні на відэа, а тут ён сам мне піша і пытаецца, як справы!” Але гэтак жа люблю і оперу, і класіку, прайшоў курс кампазіцыі ў нашай Акадэміі музыкі ў класе Андрэя Мдзівані. Шэсць гадоў працаваў у “Лепрыконсах”, і гэта мне таксама падабалася. Так што не соўлам і фанкам адзіным, як кажуць. Абмяжоўваць сябе мне сумна. І ўсё роўна — найбольш люблю сімфанічныя канцэрты, аркестравыя моц і гучнасць.

— Чым зараз жыве калектыў, ці можна трапіць на яго сольны канцэрт?

— Сольных канцэртаў па білетах у нас пакуль няма. Яны з’явяцца пасля таго, як будзе гатовая вялікая праграма з аўтарскага матэрыялу, бо хочацца сваёй музыкі, уласнага арыгінальнага прадукту. Над гэтым я працую. Увогуле зараз адбываецца творчая трансфармацыя праекта. Неўзабаве будзе альбом — дзесяць кампазіцый на англійскай мове, якія, мяркую, прыйдуцца даспадобы на міжнародных фестывалях. А пакуль скарочаным складам працуем на тэлешоу, іграем канцэрты на замову.

Што найбольш радуе — за апошнія год-паўтара ў нас былі надзвычай цікавыя паездкі з канцэртамі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Тайланд, Францыю, Англію, Расію. З апошняга і вельмі значнага — у Лондан, дзе мы бралі ўдзел у дабрачынным канцэрце фонду Чулпан Хаматавай і Дзіны Корзун Gift of life. Для мяне гэта быў гонар. А каб вы разумелі, як я стаўлюся да канцэртаў — перад паездкай за свае грошы здымаў павільён, будаваў сцэну, падобную да той, што ў Лондане, і праводзіў усе рэпетыцыі з максімальным набліжэннем да запланаванага шоу. Бо заўжды хачу, каб усё было ідэальна. Таму і канцэртаў у Беларусі мы даем меней, чым атрымліваем запрашэнняў, бо ў нас вялікае нятаннае шоу са складаным тэхнічным райдэрам. На любой пляцоўцы яго не зладзіш. А на прафанацыю я не іду.