Таямніца знявечанага надмагілля

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

На старых могілках у Глуску ёсць напаўзруйнаваны помнік. На ацалелай аснове надпіс: “Под сим камнем покоится прах / Артиллерии Полковника / Филиппа Антоновича / Бистрома / родился в 1789 году июня 18 числа / убиеннаго в 1819 году апреля 23 / числа жития его было 29 лет / 10 месяцев и 5 дней”. Што ж гэта за асоба і чаму шлях прадстаўніка знакамітага роду спыніўся менавіта ў невялічкім беларускім гарадку? Як выявілася, урослы ў зямлю камень сведчыць пра таямнічую гісторыю даўно мінулых дзён.

/i/content/pi/cult/745/16177/25.JPGГерой Барадзіно

Філіп Бістрам паходзіў з даўняга курляндскага баронскага роду. Нарадзіўся ў Капеле (сённяшняя Эстонія) у сям’і памешчыкаў Антона Готарда і Аўгусты Іаганы з роду Крузенштэрнаў — дарэчы, сястры знакамітага адмірала.

У 1805 годзе Філіп скончыў І кадэцкі корпус, атрымаў чын падпаручніка і накіраваны ў 1-шы конна-артылерыйскі батальён. Між тым, у свеце тады было неспакойна: пачыналіся напалеонаўскія войны. Ужо ў першыя гады службы малады афіцэр узяў удзел у цэлым шэрагу бітваў — пад Галымінам, Прэйсіш-Эйлау, Гейльсбергам, Фрыдландам.

Не абмінула яго — як і ажно шасцярых ягоных братоў — і вайна 1812 — 1814 гадоў. Паручнік 1-й батарэі гвардзейскай коннай артылерыі ўдзельнічаў у баях пад Віцебскам і Смаленскам, а таксама і ў знакамітай Барадзінскай бітве. Там яго батарэя была высунутая наперад супраць непрыяцеля, які распачаў абход левага фланга рускай арміі. Карцечныя стрэлы спынілі атаку французаў, а своечасова
падаспелыя кірасіры павярнулі супраціўніка назад. Пасля гэтага батарэя вырушыла ўправа і прыняла бой з 30 гарматамі французаў. Штабс-каптан Бістрам размясціў свае тры гарматы на ўзвышэнні і пачаў абстрэл лініі артылерыі супраціўніка, прычыніўшы яму адчувальны ўрон.

Нягледзячы на тое, што сілы французаў пераважалі, цягам амаль дзвюх гадзін ніводная з гармат батарэі не была падбітая. Аднак несупынны агонь французаў стаў прычынай гібелі многіх артылерыстаў. Гранатай быў смяротна паранены і камандзір батарэі капітан Захараў. Бістрам яго замяніў на полі бою.

Расстраляўшы ўсе набоі, пасля прыняцця рэзерву батарэя знялася з пазіцый і пайшла ў рэзерв. Але ўжо праз тры гадзіны штабс-капітан Бістрам паслаў дакласці камандзіру гвардзейскай коннай артылерыі, што “батарея совершенно готова снова вступить в дело”.

Афіцэр паўдзельнічаў у мностве знакавых баталій той вайны — як на тэрыторыі Расійскай імперыі, так і ў Заходняй Еўропе. Стаў кавалерам ордэнаў Святога Георгія, Святой Ганны з алмазамі, Святога Уладзіміра, меў таксама аўстрыйскія, прускія і баварскія ўзнагароды. У 1815 годзе атрымаў званне палкоўніка.

Не зусім правінцыя

У сакавіку 1819 года палкоўнік Бістрам атрымаў новае прызначэнне — у конна-артылерыйскую роту № 30 з месцам дыслакацыі ў Глуску. Гэты гарадок Мінскай губерні меў ужо амаль 300-гадовую гісторыю. У ім налічвалася каля 400 двароў і да дзвюх тысяч жыхароў — што па тым часе нямала. У цэнтры — рынкавы пляц, каля якога месціліся Уваскрасенская і Траецкая цэрквы. Трохі наводдаль — вялікая пяцібастыённая крэпасць, уваход у якую быў праз мост і каменную браму. Тэрыторыя за ёю дзялілася на дзве часткі: на левай размяшчаўся бернардынскі кляштар з прыгожым касцёлам, а на правай — панскі двор з палацам уладальніка горада графа Станіслава Юдзіцкага.

У ім і закватараваў малады палкоўнік. Прыбыў ён 16 красавіка, акурат у Вялікую пятніцу, на дзвюхмеснай брычцы, запрэжанай чацвёркай паштовых коней. Меў пры сабе невялічкую світу — дзеншчыка і асабістага кухара.

Бістрам не мог не стаць аб’ектам падвышанай увагі насельнікаў Глуска і навакольных маёнткаў: прыехаў са сталіцы, набліжаны да самога імператара, камандзір гвардыі! Гэта яго конна-артылерыйская калона выклікала захапленне ў пецярбуржцаў, калі “кричали барышни “Ура!” и в воздух чепчики бросали”. Герой вайны! Халасты 30-гадовы палкоўнік быў зайздросным жаніхом, але ў сэрцы ён ужо захоўваў адзін жаночы вобраз, які быў выяўлены ў яго на мініяцюры і для якога ўжо былі прыгатаваныя залатыя кольцы.

/i/content/pi/cult/745/16177/24.JPGНоравы дваран

23 красавіка Філіп Бістрам ранкам выйшаў з дому, распарадзіўшыся, каб абед быў прыгатаваны на шэсць чалавек.

А ўжо аб 11 гадзіне ў замак былі прывезеныя на падводзе целы двух афіцэраў з аднолькавымі кулявымі раненнямі ў правы бок, пад выцягнутую руку.

У адным з забітых слугі тут жа апазналі палкоўніка Бістрама. Другі аказаўся падпалкоўнікам Сцяпанам Карновічам, які паходзіў з дваран Яраслаўскай губерні. У Глуску яго ніхто не ведаў. Пуцявых дакументаў для знаходжання ў гарадку ён не меў. Але прычыну яго з’яўлення інкогніта тлумачыў складзены ўчацвёра аркушык паперы, знойдзены ў кішэні шыняля. На ім рукою Бістрама было напісана: “По случившемуся неприятности съ Артиллерии Подполковником Степанъ Степановичем Карновичем решились мы как благородные люди стреляться без всяких свидетелей к чему и прошу в случае смерти моей Высшее Начальство не делать ему Карновичу никакого преследования равно своим родственникам не иметь до него никакого дела и уважать сию мою прозьбу как человека умирающего”.

А неўзабаве ў пакоі Бістрама знайшлі і аналагічную па змесце запіску Карновіча. Праўда, у ёй была і дадатковая інфармацыя: “Получивши обидъ от господина артиллерии Полковника Филиппа Антоновича Бистрома...” Адсюль вынікае, што ініцыятарам дуэлі быў Карновіч.

Што ж гэта былі за крыўды? Можа, афіцэры пасварыліся ў Санкт-Пецярбургу — альбо інцыдэнт адбыўся ўжо ў Глуску? Нагода магла быць зусім нікчэмнай — як, напрыклад, у выпадку з маладзенькім Пушкіным, які ў гэтым жа 1819-м меў ажно пяць падобных гісторый: праз жарт, што яго нібыта высеклі ў тайнай канцылярыі або праз заўвагу адносна паводзін у тэатры. На шчасце, тыя дуэлі скончыліся замірэннем. А вось эпіграма “кюхельбекерно и тошно” стала прычынай сапраўднага двубою, падчас якога будучы класік меў магчымасць загінуць ад рукі свайго ліцэйскага сябра — таго самага Кюхельбекера. Такі быў век, такія былі норавы ў дваранскім асяроддзі!

Дамоўленасць джэнтльменаў

Матывы дуэлі ў Глуску не змагло ўстанавіць і следства, якое праводзіў Бабруйскі ніжні земскі суд. Як вынікае з матэрыялаў справы, з’яўленне ў Глуску падпалкоўніка Карновіча не было заўважана ні паштовым станцыйным наглядчыкам дваранінам Ціхоцкім, ні ўсяведнымі мясцовымі яўрэямі, ні вайскоўцамі.

Следствам былі ўстаноўлены толькі месца і час дуэлі — са слоў арандатара маёнтка Мошніцы Іосіфа Вайніловіча, які ў шэсць гадзін раніцы быў у лесе на паляванні і чуў стрэл, прычым адзіны. Менавіта ён і знайшоў у бязлюдным месцы целы забітых, а пры іх — дзве пары пісталетаў. Адзін з гэтых “джэнтльменскіх гарнітураў” — з бронзавай аправай і надпісам “Iаган Якуб Кухенрэйтар” — належаў Бістрому. Другі — з жалезнай аправай і надпісам “Андрэас Кухенрэйтар” — Карновічу.

Ні секундантаў, ні коней ля месца дуэлі Вайніловіч не бачыў. Целы афіцэраў у замак былі дастаўленыя на яго конях.

Так запісана ў матэрыялах следства. Але ці так яно было насамрэч? У гэтым ёсць сякія-такія прычыны ўсумніцца.

Тэарэтычна, дуэль магла адбыцца і па сігнале паляўнічага ражка Вайніловіча, які гучаў у гэты час у лесе: “раз — пісталеты напагатове; два — цэлься; тры — страляй”. Аднак варта памятаць, што двубой мае не толькі “тэхнічны” бок. Кодэкс, які няўхільна выконваўся, прадугледжваў пэўную дэманстратыўнасць: публічная крыўда патрабавала і публічнай жа сатысфакцыі. Дый супернікі, якія не мелі права “сустрэчы без задавальнення”, не ў стане былі ажыццявіць арганізацыйную падрыхтоўку дуэлі. Менавіта для гэтага і патрабаваліся секунданты.

Зразумела, іх місія не зусім адпавядала дзейнаму заканадаўству. І таму дуэлянты ўсяляк імкнуліся зняць са сваіх пасярэднікаў адказнасць. Вось і ў запісцы Бістрама адзначана: “без свидетелей”. Хаця нехта ж павінен быў даставіць тую запіску Карновічу! Зрабіць гэта мог толькі ўпаўнаважаны секундант.

А як патлумачыць распараджэнне Бістрама прыгатаваць абед на шэсць персон? Думаецца, склад гасцей планаваўся такі: абодва супернікі і па два секунданты. Магчыма, палкоўнік меў намер вырашыць “неприятность” мірна. Ды, на жаль, адбылося тое, што адбылося.

Для пахавання лютараніна Бістрама і праваслаўнага Карновіча з Бабруйскага духоўнага ўпраўлення ў Глуск быў накіраваны пратапоп Іаан Смоліч, які і здзейсніў абрад 26 красавіка. Верагодна, што абодва афіцэры спачылі побач, пад артылерыйскі салют, каля “публічных могілак Глускай рыма-каталіцкай парафіі”.

Да нашых дзён дайшло толькі пашкоджанае надмагілле Бістрама. Помнік яму паставіў брат Антон, тады ўжо генерал-маёр, які ў 1821 годзе стаў камандзірам усё той жа 1-й батарэі лейб-гвардыі коннай артылерыі.

Імя героя Айчыннай вайны 1812 года Філіпа Антонавіча Бістрама выведзена залатымі літарамі на мармуровых дошках, змешчаных на сценах Георгіеўскай залы Вялікага Крамлёўскага Палаца і Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве. У Глуску ж яго знявечаная магіла — дасюль без крыжа!

Пражыўшы ў гарадку больш за 30 гадоў, да нядаўняй пары я і не ведаў, што тут 200 гадоў таму адбылося такая падзея, як дуэль двух высакапастаўленых афіцэраў, у выніку якой яны абодва былі забітыя на месцы.

Між тым, на гэтых могілках спачылі нямала іншых асобаў, вартых увагі гісторыкаў. Але большасць старых надгробкаў гвалтоўна разбурана або знесена. Скажам, параўнальна нядаўна быў страчаны чыгунны помнік Аляксандры з Лапаў Быкоўскай (1827 — 1899). На жаль, прадстаўнікі мясцовых уладаў даюць адпіскі: “не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю”.

Каталіцкія могілкі хаатычна “засяляюцца” паўторна — прычым нават пасля афіцыйнага іх закрыцця. Так знікаюць апошнія сведкі гісторыі старажытнага і багатага колісь на адметнасці Глуска.

 

Васіль БАЛЕЙКА