Святлана БАРОЎСКАЯ: “Ад гледачоў атрымліваю хвалю любові”

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Адрэзаць гальштук Дзянісу Дудзінскаму ў прамым эфіры на 1 красавіка? Лёгка! Падтрымаць спявачку Наталлю Тамела танцамі ў бэкстэйджы? Умомант! Такія рэчы на тэлебачанні можа дазволіць толькі адна жанчына, і вы яе добра ведаеце. Яна будзіць вас шчырай усмешкай і вітаннем “Добрай раніцы, краіна!” вось ужо цягам 21 года. Гаворка — пра Святлану БАРОЎСКУЮ — легендарную тэлевядучую галоўнага медыяхолдынга краіны, актрысу, выкладчыка факультэта журналістыкі БДУ, якая сёлета ў лістападзе адсвяткуе 50-годдзе. Напярэдадні Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі мы распыталі вядомую артыстку ды Пасла добрай волі ЮНЭЙДC пра “залаты век” беларускага TV і рэцэпт добрага настрою.

/i/content/pi/cult/743/16128/pages-7-S.jpg— Святлана, адразу хачу адзначыць вашу энергетыку, якая адчуваецца з першых хвілін гутаркі. Што вас натхняе заўжды выпраменьваць такі імпэт?

— Дзякуй, мне прыемна, калі вы яго адчуваеце. Не ведаю, што вам адказаць: ніякага асаблівага рэцэпта добрага настрою ў мяне няма. Напэўна, чалавеку трэба нарадзіцца з такой формулай. Вось часам пра артыстаў пытаюцца: а чаму ён такі? Той жа Алег Янкоўскі — чаму такі? А таму, што іншым ён быць і не можа. Так і ў мяне: выпраменьваць, як вы кажаце, імпэт — гэта мая ўнутраная праграма, матрыца. Памятаю сябе яшчэ ў дзяцінстве — такой вось і была. Пакуль бабуля штосьці купляла ў краме, я, маленькая, пачынала на вуліцы гаманіць з вяскоўцамі пра ўсё на свеце. Потым перад сяброўкамі выступала — проста ля дома, на вуліцы, бо душа прасіла. У маёй школе ў Маладзечне не было ніводнага гуртка, які б я не наведвала: драматычны, вакальны, танцавальны… І паўсюль было цікава, хацелася спазнаваць і дзяліцца. Вядома, пашанцавала, што гэты дар мне дапамаглі распазнаць. Але далей я ўжо сама здолела ім правільна скарыстацца. 27 гадоў на тэлебачанні, больш за 20 на “Добрай раніцы, Беларусь” — усё гэта, напэўна, пацвярджае, што я на сваім месцы.

— Дзякуй за адказ. Дарэчы, пра “Добрай раніцы…” Падаецца, што праграма была з намі заўжды, але гэта не так. У кожнага праекта ёсць свой пачатак. Як вы сталі яго часткай?

— Так, гэта было даўно. Але вельмі добра памятаю, як прыйшла на кастынг у праграму. Я была цяжарная другім сваім сынам, Клімушкам, і гэта было даволі забаўна. Прыйшла, узгрувасцілася на крэсла з вялікім жыватом. І кіраўнік праграмы мне кажа: “Бароўская! Ідзі ўжо нарадзі спачатку, а потым прыходзь!” (смяецца).

Але я-такі стала вядучай майго любімага праекта. Як і папрасілі, нарадзіла — і літаральна праз некалькі месяцаў выйшла на працу. І што важна, мая занятасць на праграме даволі ладна спалучалася з мацярынствам. Устаеш а пятай раніцы, праводзіш эфір, а потым а дзясятай вяртаешся да дзіцяці. І ўсё працавала! Я вельмі цешуся, што столькі гадоў прарабіла на гэтай праграме — ды і ўвогуле на родным тэлебачанні на адным канале.

— А колькі вядучых за гэты час змянілася ў праграме?

— За 21 год у мяне было 24 партнёры ў кадры.

— Ого!

— Цудоўныя вядучыя — Саша Паўлаў, Глеб Давыдаў, з якім я працавала, і часам працую цяпер. Але мой пастаянны калега — гэта Дзяніс Дудзінскі. Я вельмі яго цаню за прафесіяналізм, адказнасць ды за пачуццё гумару. Ужо ўпэўнілася на ўласным досведзе, што, калі ў вядучага няма такой якасці, эфір будзе губляць у цікавасці, станавіцца прэсным. Вось у нас з Дзянісам у “Добрай раніцы…” афіцыйна дазволены мяккі тролінг — і мне падаецца, што гэта ідзе толькі на карысць праграме. Дый высокія рэйтынгі гэта пацвярджаюць. Значыць, разам нам удаецца ствараць людзям настрой.

 — А які час, на ваш погляд, можна лічыць “залатым векам” для беларускага тэлебачання?

— Цікавае пытанне. Канешне, хочацца адказаць, што “залаты век”  — сёння, калі я ўжо ўсё ведаю, магу, не баюся памыляцца, прызнавацца ў сваіх недахопах, адчуваю свабоду ад папярэдніх страхаў… Аднак усё ж такім часам, на маю думку, варта назваць і тэлебачанне 1980 — 1990-х. Мне падабаецца сістэма каштоўнасцяў, што панавала тады — яшчэ за савецкім часам. Напрыклад, раней, калі вядомыя дыктары ўваходзілі ў залу, мы, маладыя, уставалі ў шчырым парыве пашаны. Потым: у тагачасных тэлевізійшчыкаў існавала цудоўная традыцыя: калі вядучыя завяршалі эфір, група вітала дыктараў апладысментамі.

— А сёння як?

— Сёння пасля эфіру мы дзякуем адзін аднаму, абдымаемся, але вось гэтых удзячных апладысментаў ніхто не дорыць. Іншы час, іншыя хуткасці. Прычым, што цікава, гэта традыцыя спынілася разам з сыходам аднаго са старэйшых аператараў “Добрай раніцы..” Гары Аркадзіевіча. Ён, дарэчы, у перапынках паміж здымкамі яшчэ граў нам на піяніна. Гэта быў час іншых узаемастасункаў, іншага стаўлення да прафесіі. Ды, канешне, пераемнасць пакаленняў — яна захоўвалася. На жаль, у сённяшнія жорсткія часы эканомікі мы згубілі гэты плаўны пераход ад аднаго адмыслоўца да іншага.

— Трэба адзначыць, што тое тэлебачанне 1980 — 1990-х вылучалася і высокай культурай мовы. Наколькі важная яна сёння? Увогуле, на ваш погляд, ці дастаткова на нашым тэлебачанні беларускай мовы?

— Я лічу, што ўся наша краіна, а не толькі вядучыя на тэлебачанні, павінна ўмець гаварыць па-беларуску.

Што тычыцца мяне, то ў дзяцінстве я цудоўна гаварыла. Потым, яшчэ ў інстытуце, грала Ганну ў “Людзях на балоце”. Ды, прызнацца, калі “Добрай раніцы…” толькі распачыналася, мы разам з Аляксандрам Кругляковым і Кірылам Слукой у студыі на “сотцы” вялі праграму выключна на беларускай мове. Такі быў старт. Але было і шмат памылак...

Сёння ў эфіры мы карыстаемся дзвюма мовамі, ды, прызнацца, мне лягчэй выяўляць свае думкі на рускай. Памыляцца ў жыцці, калі гаворыш на беларускай, можа быць, і не так страшна, але на экране, на маю думку, непрымальна.

— Тэлеканалы суседніх краін складаюць вялікую канкурэнцыю айчынным. Як вы да гэтага ставіцеся? Што, на вашу думку, можа прапанаваць наша тэлебачанне гледачу, каб выйграць за яго бітву?

— Па-першае, цалкам на ваша пытанне адказаць не здолею. Усё ж такі я толькі тэлевядоўца, а не кіраўнік канала. Але ад сябе магу сказаць наступнае: радзіме (і сабе) я не здраджваю. Калі прыйшоў на пэўнае месца — намагайся зрабіць яго лепшым, а не енчы. Так, я ведаю пра тыя недахопы, якія ёсць на маім “заводзе” — ну і што з таго? Зрабі сам што можаш — як кажуць, “падмяці свой двор”. Можа быць, дзесьці за акіянам жыццё і больш цудоўнае за наша, а пэўныя праграмы буйных медыягігантаў выглядаюць куды даражэйшымі. Але для мяне мой родны канал — “Беларусь 1” — і ёсць самы лепшы.

Так, мы — не Каны, не Галівуд, ды нават не Масква. Але ад нашых гледачоў я атрымліваю такую хвалю любові, што ніякае іншае месца мне і не трэба. Ведаеце, якая радасць падымаецца ў душы, калі, напрыклад, выходзіш у глядзельную залу падчас аднаго з канцэртаў “Славянскага базару ў Віцебску”, а людзі кажуць: “Вось, наша Бароўская ідзе”. Пасля такіх словаў у мяне нібыта крылы вырастаюць! І мне хочацца працаваць яшчэ лепш, незалежна ад таго, самыя мы першыя ў свеце ці не. Тут мае жыццё і радзіма.

— Вы рыхтуецеся да кожнага эфіру?

— Да кожнага. Прыдумваю розныя слоўцы, падводкі, вершы, каб было цікавей. Ды, прызнацца, нават уяўляю свайго гледача, калі вяду эфір.

— Што вы ўжо сёння можаце сабе дазволіць з таго, што раней нават не ўяўлялі?

— Сёння, калі мне амаль 50, пачынаю атрымліваць асалоду ад спаборніцтва не з іншымі, а з самой сабою. Раней я была ўключана ў нейкую барацьбу, гонку, але цяпер пачынаю цаніць смак кавы ў кубачку, а не той кубак, з якога п’еш, разумееце? Я пачынаю цаніць жыццё такім, якое яно ёсць. Няважна, шклянка напалову пустая ці поўная — галоўнае, што ў цябе ёсць вада, любімая прафесія. Адпаведна, гэтая раўнавага ў душы адбіваецца на маёй працы ды настроі. Бачыце, нечакана мы вярнуліся да вашага першага пытання. І адказ цяпер вымаляваўся: рэцэпт добрага настрою — у прыняцці сябе.

— Святлана, не магу ўтрымацца ад пытання пра дыплом псіхолага, які вы займелі пэўны час таму. Што вас падштурхнула атрымаць дадатковую адукацыю?

— Я заўжды ведала, што ў мяне ёсць здольнасці матыватара. Неяк удаецца мне ў жыцці “разруліваць” пэўныя пытанні — не толькі свае, але і маіх знаёмых. Таму і цалкам лагічным мне падаўся такі крок, як паступленне на псіхолага. І я зрабіла гэта — паступіла, адвучылася і вось з’яўляюся цяпер дыпламаваным спецыялістам з правам выкладання і кансультавання. Аднак шчыра хачу прызнацца: выкладанне псіхалогіі мяне не цікавіць. Гэта — сапраўдная навука. Да таго ж, я вельмі паважаю сваіх педагогаў, каб у гэтым кірунку з імі спаборнічаць.

— Але веды псіхалогіі дапамагаюць вам у прафесіі тэлевядоўцы?

— Ды не толькі. Яны мне дапамагаюць і ў маёй выкладчыцкай дзейнасці на журфаку. Цяпер я з вялікім натхненнем вучу маладых журналістаў акцёрскаму майстэрству, уменню трымацца ў кадры. У мяне такі мікс ведаў ад “трэнера, які практыкуе”. Мы з вамі вышэй падымалі пытанне культуры стасункаў — дык вось, я імкнуся навучыць моладзь і гэтаму. Прашу не чытаць з мабільных тэлефонаў вершы, калі яны іх не вывучылі (а такое здараецца), не спазняцца на заняткі… Сёння маладое пакаленне іншае, яно патрабуе да сябе пэўнага стаўлення, яго ў пэўным сэнсе трэба заваяваць. Але я імкнуся быць з імі максімальна шчырай — і ўжо бачу вынік нашых заняткаў, узаемадзеяння. Ды пачынаю ганарыцца сваімі студэнтамі, перажываць за іх.

— Святлана, наконт новай фармацыі. Сёння ўсё больш людзей, асабліва моладзь, аддаюць перавагу інтэрнэту і ўвогуле не глядзяць тэлебачанне. З кожным годам працэнт гэтай аўдыторыі расце. Перафразуючы вядомае сцвярджэнне з кінастужкі “Масква слязам не верыць”, ці не баіцеся вы, што аднойчы ў свеце застанецца толькі адзін інтэрнэт?

— Я ў гэта не веру. Можа быць, тэлебачанне і будзе глядзець менш людзей, але сысці яно не можа. А навошта тады публіка ходзіць у тэатр? У кіно? Падавалася, што з прыходам тэлебачання залы такіх устаноў мусяць апусцець, але гэтага не адбылося. Так і з тэлебачаннем. Яно застанецца.

— Вы самі — чалавек тэлебачання ці сеткі?

— Адназначна тэлебачання. Я гляджу яго ўвесь час. Нават калі позна вяртаюся аднекуль дадому, адразу ўключаю тэлевізар. Магу нават і не разуцца, але тэлевізар  — “шчоўк”. Ды яшчэ ў мяне ёсць такі рытуал: які б канал я ні глядзела, перад выключэннем тэлевізара
абавязкова націскаю на “Беларусь 1”. Каб калі ўключу яго зноў, на экране зноу быў мой родны канал.

— Сочыце за калегамі на іншых каналах?

— Абавязкова. Лічу за правіла быць у курсе. Ды нават з задавальненнем адзначаю добрую працу сваіх калег. Ведаеце, мне падаецца, што і на каналах Белтэлерадыёкампаніі, і ўвогуле на нашым тэлебачанні кожны можна знайсці праграму сабе па інтарэсах. І нават вядучых па душы, якія будуць радаваць у самы змрочны дзень.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"