Мой лёс — кнігі

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Можна было б назваць гэтую рубрыку “Як прайсці ў бібліятэку?” Можна было б — гадоў пяць — дзесяць таму. На сёння пытанне яўна састарэла. Дзе знаходзіцца галоўная “кніжкіна” ўстанова, цяпер ведае бадай кожны. А вось чым там заняцца наведвальніку, каб да чытання прызвычаіцца? Над гэтым пытаннем і бібліятэкары часам задумваюцца. Інакш кажучы, нам патрэбна пляцоўка для абмену думак паміж бібліятэкарамі, паміж чытачамі, паміж першымі і другімі. Давайце назавём яе Book Crossing. Гэта і кнігазварот, і грамадскі рух, і, урэшце, — хобі для душы. А ў нашым выпадку — дыскусійная прастора, прысвечаная развіццю бібліятэчнай справы. Прапанаваў сваю ідэю — вазьмі пакарыстацца задумай іншага.

Чытаць я навучылася ў чатыры гады і ў свой час стала самым юным чытачом Камянюцкай сельскай бібліятэкі Камянецкага раёна. Памятаю здзіўленыя вочы загадчыцы, калі мой тата сказаў, што на пяцігадовую дзяўчынку трэба завесці фармуляр і яна будзе выбіраць кніжкі самастойна. “Хіба яна ўмее чытаць?” — “Умее”, — пацвердзіў бацька. А я тым часам ужо хадзіла паміж стэлажоў. Не магу ўспомніць, якой была мая першая кніга, але на ўсё жыццё ў памяці захавалася фраза бібліятэкара: “Гэта для яе яшчэ рана, яна не зразумее”. І тут за мяне “заступіўся” брат: “Зразумее. Яна такія кнігі ўжо чытае”. Як пасля высветлілася, кніга была разлічана на дзяцей гадоў дзесяці.

Хто бы мог тады падумаць, што з кнігамі і бібліятэкай будзе звязана ўсё далейшае жыццё.

У нашай сям’і ўсе любілі чытанне, тым не менш, мяне ніхто не вучыў чытаць мэтанакіравана. Але, калі надыходзіў вечар і ў руках маіх родных з’яўлялася кніга, газета або часопіс, мне міжволі хацелася далучыцца да іх. Я чаплялася да дарослых з пытаннем: “Якая гэта літара?” Прачытванне першых складоў і слоў выклікала бурлівую радасць.

Прайшоў літаральна год ці два, і мама звольнілася з Музея прыроды, дзе працавала экскурсаводам, і стала бібліятэкарам. Адгэтуль у бібліятэцы я бывала ўсё часцей. Прычым з цягам часу навучылася запаўняць фармуляры, расстаўляць правільна кнігі на паліцы, прымала ўдзел у мерапрыемствах, дапамагала маме пісаць сцэнарыі, афармляць тэматычныя папкі, выставы і рабіць справаздачы, калі яна ўжо стала загадчыцай.

А яшчэ ў бібліятэцы з’явілася мая асабістая папка, бо я з 11 гадоў пісала вершы, а з 14 друкавалася ў газетах і часопісах. Праз гады ў “роднай” бібліятэцы адбылася прэзентацыя маёй першай кнігі “Зимний букет”.

У час вучобы ва ўніверсітэце ў Брэсце я была нязменным чытачом як універсітэцкай, так і абласной бібліятэкі. Пераехаўшы ў Кобрын, і тут пасябравала з цэнтральнай раённай бібліятэкай, але не толькі ў якасці чытача, а яшчэ як паэт і журналіст. З часам усталяваліся цёплыя сяброўскія адносіны і з Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай.

У дзяцінстве я марыла пісаць і выдаваць кнігі, і гэтым смелым марам наканавана было спраўдзіцца. Спачатку да выдання кніг я стала датычная працуючы ў рэдакцыі часопісаў, а ў 2016 годзе атрымала пасведчанне выдаўца як індывідуальны прадпрымальнік.

Калі мы не здраджваем дзіцячай мары і засяроджана, настойліва ідзем да мэты, то Бог часам дае больш за тое, што мы просім. Жыццёвыя пуцявіны прывялі мяне ў бібліятэку ў новай якасці. Я прыйшла ў Кобрынскую РЦБС на работу — бібліятэкарам у аддзел маркетынгу. Вось дзе спатрэбіўся атрыманы ў дзяцінстве вопыт. І хоць я не запаўняю чытацкія фармуляры і не расстаўляю на паліцах кнігі, але мне неабходна ведаць, як гэта робіцца правільна. Дый журналісцкія і выдавецкія навыкі выявіліся не лішнімі. Шмат чаму вучуся і ў чарговы раз разумею: мой лёс — кнігі.

Наталля ЕФЦІФЕЕВА

Кобрын