“Я працую над дабрынёй...”

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Актрысу Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага Настассю ШПАКОЎСКУЮ ў дзяцінстве родныя называлі Накай — відаць, гэта нешта сярэдняе паміж Настай і “вазьмі, бяры”. І вось ужо 15 гадоў яна бярэ ад рок-музыкі досвед чалавечага агульнажыція — як ідэолаг, лідар-вакалістка, аўтар песень мiнскага гурта Naka. Менавіта ў гэтым “амплуа” сёння перад вамі і паўстане мая суразмоўца. А перад гледачамі яна паўстане 30 красавіка на мінскім юбілейным канцэрце.

/i/content/pi/cult/740/16076/22.JPG— Раскажы, калі ласка, за што пару гадоў таму на рок-сэйшне ты прылюдна адвесіла “пендэль” адной журналістцы…

— Яна напісала, што я спяваю шансон і пры гэтым ваджу шырокім плячом. Я знайшла нумар тэлефона гэтай журналісткі, патэлефанавала і сказала, што калі ёй нешта не
падабаецца, лепш нічога не пісаць, чым такое глупства. Тады гэтая дзяўчына напісала ў адным выданні, што ёй патэлефанавала “адна рок-зорка” і папрасіла, каб пра яе пісалі толькі добрае. І вось на тым сэйшне гэтая журналістка прапанавала мне на дыктафон нешта пракаментаваць, пасля чаго я ёй і адвесіла. Яна доўга хадзіла вакол мяне, спрабавала высветліць, за што ёй дасталася. Потым да мяне стала даходзіць пагалоска, што я, аказваецца, зло, што не трэба са мной звязвацца. Чарнуха нейкая пачалася. На той момант мне было балюча, а цяпер ужо смешна ўспамінаць пра той канфлікт. Праз нейкі час, дарэчы, я выбачылася перад гэтым чалавекам — за сваю неадэкватную праяву. А вось з яе боку пытанне да гэтага часу не закрытае.

— На золку існавання Naka ты крыўдзілася і на тое, што журналісты вешалі на творчасць гурта ярлык “тэатральны рок”...

— І па сёння не згодная з такой фармулёўкай. Маўляў, чаго б я ні выпушчу, як бы яно ні прагучыць — усё роўна гэта будзе па-акцёрску, усё роўна гэта будзе ненатуральна, нават няшчыра. Упэўнена: калі б людзі не ведалі, што па адукацыі я актрыса тэатра і кіно, такая ацэнка бы не з’яўлялася. Ад беднасці розуму ўсё гэта ішло.

— Дзякуй: я ж таксама такім тэрмінам карыстаўся, ці прыблізна такім. Проста для мяне ў тваёй манеры выканання сапраўды часам занадта шмат драматургіі, ці што? Вось гэтага твайго “я”, пераўвасабленняў, перажыванняў.

— Мы ж усе знаходзімся ва ўладзе таго жыцця, якiм жывём. У мяне больш рухомае нутро і расхістаная псіхіка, але я нi перад кім не матляю хвастом. Я лічу, што адпавядаю рэчаіснасці. Свет для мяне сфармаваны, як і стаўленне да таго, чым я займаюся. І калі мяне нехта “вінаваціць” у паказушнасцi — гэта значыць, ён проста мяне не ведае. Неразуменне ў выніку зрабіла мяне мацней — але тады рэзала мне крылы.

— Рэзала, але не дарэзала. Наколькі я цябе ведаю, ты і сёння можаш быць дастаткова рэзкай, і па слова або жэст у кішэню не лезеш. Вось і частая змена складу Naka з гэтага вынікае: тут жа расстаешся з музыкантам, якi чымсьці табе не спадабаўся.

— Сітуацыя, калі ў гурце змянілася гітарыстаў 14, вядома, напружвала. А матэрыял складаны, кожнага трэба ўводзіць у дзвюхгадзінную праграму. У плане напісання новых песень нас гэта наперад, натуральна, не рухала. Праблема ў тым, што людзі траплялі ў Naka, ужо маючы шмат ілюзій адносна таго, як будзе развівацца калектыў. Думалі, што хутка будуць стадыёны, на нас абрынуцца ўсе даброты. А праз паўгода яны разумелі: вала не будзе. Мы па-ранейшаму тусуемся па клубах, дай Бог, з’ездзім на які-небудзь буйны фестываль. А сябе і свае сем’і карміць трэба.

Так, часам здаралася, што далейшае існаванне ў гурце таго ці іншага музыканта станавілася немагчымым з-за таго, што ўсё больш выяўляліся не самыя лепшыя яго чалавечыя якасці. Або жонка пачынала кагосьці раўнаваць — і да такога даходзіла. Але і я не анёл: аналізуючы цяпер усё заднім розумам, цямлю, што таксама магла паступіць па-свінску. Апраўдвае мяне, магчыма, тое, што я празмерна патрабавальная. Напэўна, толькі клавішніца Іра Кліменка неяк з гэтым змірылася — у гурце мы разам з ёй 13 гадоў. Яна верыць у мяне, шануе. А слава і грошы — гэта не галоўнае для яе. Калі я патэлефаную ёй сярод ночы, бо прама зараз трэба ехаць выступаць, яна адкажа: “Добра, пакладу дзяцей і выходжу”. І такое яе стаўленне да мяне — яно ўзаемнае. Або Сяргей Пузевіч, былы бас-гітарыст гурта. Ён з яго сышоў, але мы з ім як былі сябрамі, так імі і засталіся.

/i/content/pi/cult/740/16076/23.JPG— На постсавецкай музычнай прасторы ўвайшлі ў моду рэп-батлы. З кім бы ты хацела счапіцца ў рок-батле?

— Мне цяжка ўявіць фармат “батла” (бітвы) у дачыненні да рок-музыкі... Зрэшты, я б хацела спытаць у Шаўчука: “Што ж у вас, Юрый Юльянавіч, у апошніх альбомах усё раптам стала добра? Яшчэ нядаўна было ўсё так дрэнна, а цяпер весела, танцавальна...”

— Ці памятаеш той момант, калі ты зразумела, што трэба збіраць уласны рок-гурт?

— У 2004-м я літаральна за некалькі гадзін напісала свой першы альбом, які пазней атрымаў назву “Табе”. Тады і зразумела, што пад гэтыя мелодыі і тэксты трэба набіраць музыкантаў. Было адчуванне, што, калі я гэтага не зраблю, у мяне кроў пойдзе з вушэй. Але гэта не азначае, быццам песні адразу ўзяліся з ніадкуль. Я зусім маленькай дзяўчынкай складала
нейкія вершыкі, мелодыі, але ў скончаныя формы яны не ператвараліся (у мяне захоўваюцца вялізныя архівы гэтых опусаў). І я чакала. У 2004-м усё і зраслося. І я стала выдзіраць у гурт нейкіх знаёмых, якія да музыкі, па вялікім рахунку, дачынення не мелі. Закіпела канцэртнае жыццё, пайшлі выступы ў клубах, і першы якраз у красавіку і адбыўся. А “Табе” я пераслухоўваю з болем у сэрцы — настолькі альбом паршыва гучыць.

— Ці стаяў перад табой калі-небудзь выбар — застацца актрысай або “перакваліфікавацца” ў рок-музыканты?

— Усё гэта можна ўрэгуляваць. Naka ж не The Rolling Stones, якія гадамі знаходзяцца ў раз’ездах. Калі б гастрольнае жыццё мяне засмактала, я б, магчыма, у тэатры перайшла на разавыя спектаклі.

— Гэта значыць, зрабіць гурт “камерцыйным” хацелася?

— Так. Дакладней, вельмі запатрабаваным. Але для гэтага трэба было прымаць пэўныя правілы гульні, падладжвацца пад абставіны. Многія рок-музыканты так і паступаюць — напрыклад, запісваючы фарматныя песні. І я магла б пайсці такім шляхам, але не змяняючы сэнсу — змест тэкстаў для мяне вельмі важны. Верагодна, і я ішла на кампрамісы — у музыцы, але вельмі і вельмі мінімальна. Таму мы з кожнага праса ніколі не гучалі. Мабыць, і не загучым.

— Якім было музычнае асяроддзе ў краіне ў той час, калі Naka толькі пра сябе заяўляла? Я не пра поп-музыку пытаюся...

— Яшчэ не агонія, яшчэ адбываліся нейкія цікавыя падзеі, але сэрца біцца ўжо пераставала. Дух тусоўкі, супольнасці паміраў. І цяпер мы маем тое, што маем — разрозненасць. Музыканты (дый не толькі яны) былі заваленыя ўсім гэтым хламам — інфармацыяй, магчымасцямі, спакусамі — да такой ступені, што для таго, каб захаваць сваё “я”, сталі факусавацца толькі на сабе, на сваім блізкім крузе. А многія проста страцілі матывіроўку тварыць — яны ўкладалі ўсе сілы ў запіс песень і бачылі, што на выхадзе гэта мала каму патрэбна. І дарагога варта, калі ў вакууме гэтых чалавечых адносін людзі працягваюць нешта рабіць — выкладваць свае работы ў інтэрнэт, прабіваць канцэрты. Выжывуць такія, як, дапусцім, гурт “ЛСП”, якi цяпер “рве” падлеткавую аўдыторыю.

— Для мяне выглядае дзіўным, што так і не адбыўся твой дуэт з Аляксеем Шадзько. Лёша цудоўны выканаўца, шмат гадоў працаваў у Тэатры Горкага, вы з ім перасякаліся ў адных пастаноўках...

— Ён быў адным з першых, каму я паказала свае песні. Паслухаў і пахваліў: “Гэта можа быць вельмі прыкольна”. І яго падтрымка для мяне была вельмі важная. Дуэт... Тады я ні пра якія дуэты не думала, ірвалася ўсё сама рабіць. А цяпер такое наша супрацоўніцтва і зусім малаверагоднае: слухаючы апошнія запісы Шадзько, у мяне складаецца адчуванне, што як музыкант ён па-ранейшаму застаецца ў тым сваім часе — ў 1990-х — 2000-х. Яму добра ў ім, але не маё гэта.

— У цябе ёсць прыярытэты ў тым, на якой мове спяваць — на беларускай або рускай?

— Тут усё ідзе ад таго, на якой мове думае чалавек. Калі я граю беларускамоўную ролю, то і думаць пачынаю на беларускай мове, часцей на ёй гавару, сустракаюся з людзьмі, якія гавораць па-беларуску. Але потым вяртаюся ў звычайнае жыццё і пераходжу на рускую мову. У песнях жа мне вельмі важна, каб тэкст быў не перакладзеным, а натуральным. І часам у мяне нараджаюцца радкі на беларускай, якія атрымліваюцца па-сапраўднаму шчырымі, маімі.

— Сёння ты магла б дазволіць сабе выступіць на сцэне цяжарнай, як у 2006-м на расійскім фестывалі “Крылы”?

— Вядома! Я тады была на восьмым месяцы. Але выйшла на сцэну цяжарнай не таму, што такая шалёная, а таму што цяжарнасць для жанчыны — таксама натуральны стан. А некаторыя мужчыны чамусьці думаюць, быццам ён падобны да хваробы.

— А калі б токам шарахнула?

— Але ім можа шарахнуць і дома.

— У цябе двое дзяцей — Арсень і Серафіма. Яны ў чымсьці ўскладняюць тваё творчае жыццё альбо гэта безумоўная апора, падмога?

— Другое, вядома! Больш за тое — здараліся такія хвіліны адчаю, што калі б не дзеці, мяне б цяпер наогул не было на свеце. Яны — маё выратаванне, сэнс усяго таго, што я раблю.

— Андрэй Ісачанка, твой муж і менеджар гурта — таксама сэнс?

— А як жа!

— Ён жа закахаўся ў цябе, прыйшоўшы як глядач на канцэрт Naka?

— Так, у мінскі клуб “Графіці”. Гэта было адно з першых выступленняў гурта. Не хацелася б ружовай смятанкай усё паліваць, таму што як асоба Андрэй шмат у чым сфарміраваўся, прайшоўшы са мной побач увесь гэты шлях. Акрамя Андрэя, больш няма такога чалавека, які б разам са мной перажываў усе крызісы, узлёты і падзенні, што былі ў маім свядомым жыцці — не толькі творчым. Для гурта ён зрабіў і робіць максімум таго, што магчыма. Яго каласальны досвед прадзюсавання — у самых розных галінах — гэта і ёсць вынік працы з Naka.

Самы галоўны “недахоп” Андрэя — залішняя кампетэнцыя. Нядаўна ён зноў шукаў працу,
прыйшоў на сумоўе ў адну кампанію, а кастынг праводзіў хлопец, які ведаў 5 працэнтаў ад той інфармацыі, якой валодае мой муж. І каму патрэбны такі работнік? А талентам прыкінуцца дурнем ён, на жаль, не валодае. Пра вартасці Андрэя я магу казаць шмат. Напрыклад, пра яго дабрыню, што для мяне вельмі важна ў чалавеку. Гэта вялікая справа — быць добрым і памяркоўным. Я цяпер над гэтым працую…