Бібліятэка ў новым фармаце

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Адметныя ініцыятывы ў бібліятэчнай сферы — гэта заўсёды цікава. І ўдвая цікава, калі на дзялянцы праектнай дзейнасці “шчыруюць” не сталічныя ці абласныя, а раённыя бібліятэкары з розных гарадоў Беларусі. Пра адзін з падобных праектаў, які стала і арганічна “прапісаўся” ў Пінскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме, расказвае яе дырэктар Дзіна ЛАГОДЗІЧ.

/i/content/pi/cult/738/16033/19.JPGНават для сабакі!

Ідэя ўкаранення новых эфектыўных формаў і відаў дзейнасці ўзнікала ў мясцовых бібліятэкараў неаднойчы. Таму і было прынята рашэнне адкрыць на базе адзела абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Пінска інфармацыйна-культурны цэнтр “Максімум”. Яго планавалася зрабіць максімальна камфортным для чытача ў плане арганізацыі як бібліятэчнай прасторы, так і кніжнага фонду.

Сёння памяшканне Цэнтра мае некалькі чытацкіх зон. У зоне актыўнага чытання прадстаўлена як сучасная нацыянальная літаратура, так і замежная. Вядома ж, не забыліся і на юных наведвальнікаў. Для іх падрыхтаваны экспазіцыі з самымі незвычайнымі выданнямі, якія толькі з’яўляюцца ў кніжнай індустрыі.

У “Максімуме” кожны знойдзе для сябе неабходную кнігу. Ёсць тут і незвычайныя калекцыі коміксаў з дадаткам у выглядзе настольных гульняў, і творы сучасных аўтараў.

Кніжны фонд для самых маленькіх чытачоў асабліва разнастайны — гэта і серыя пазнавальных кніг-пазлаў, кніг-загадак, кніг на магнітах, кніг, якія не баяцца вады і могуць чытацца ў ванне. Вылучаецца ў дадзенай калекцыі і серыя тактыльных кніг: кранаючы ўстаўленыя ў кнігу прадметы пальчыкамі, маленькі чытач знаёміцца з казкай, прыроднымі з’явамі, жывёльным светам і гэтак далей.

Некаторыя кнігі могуць гучаць: звінець, шумець, шамацець. І самае незвычайнае: сярод гэтай разнастайнасці выданняў ёсць і кніга для сабак. Аказваецца, яе можна пагартаць разам са сваім гадаванцам і павучыць яго правільна рэагаваць на тыя ці іншыя прадметы.

Для тых, хто паспяхова авалодвае камп’ютарнымі тэхналогіямі, створана новае фарміраванне “Электронная бібліятэка”, дзе можна скарыстацца сучаснай тэхнікай, электроннымі дакументамі, базамі даных, доступам да Wi-Fi. Тут жа ёсць магчымасць стварыць прадстаўлены вобраз з дапамогай 3D-ручкі і 3D-прынтара.

А для тых, хто хоча ва ўтульнай абстаноўцы пачытаць цікавую кнігу, пагартаць сучасныя ілюстраваныя часопісы, паглядзець відэафільм, паслухаць музыку, пагуляць у настольныя гульні або пагутарыць з сябрамі ў сацыяльных сетках, у Цэнтры прадугледжана зона адпачынку. Таксама ў ёй пастаянна праходзяць сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі — сапраўднымі майстрамі слова.

Стварыць усе неабходныя ўмовы для арганізацыі камфортнага бібліятэчнага асяроддзя нам дапамагло супрацоўніцтва з Інфармацыйным цэнтрам аддзела інфармацыі,
адукацыі і культуры Пасольства ЗША ў Беларусі ў рамках праекта “Усё пра ЗША ў Беларусі”. Дадзеная ініцыятыва рэалізуецца на базе сектара літаратуры на замежных мовах аддзела абслугоўвання і інфармацыі Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі з чэрвеня 2005 года па сёння. Галоўная мэта праекта — забеспячэнне роўных умоў доступу для ўсіх катэгорый насельніцтва да праграм культурнага і прафесійнага абмену, бясплатнага вывучэння англійскай мовы пры дапамозе кніг. У рэалізацыі праекта прымаюць удзел усе ахвотныя.

/i/content/pi/cult/738/16033/20.JPGРобаты і "гулякі"

Дзякуючы супрацоўніцтву, бібліятэка атрымала ў дар разнастайныя тэхнічныя навінкі: 3D-прынтэр, 3D-ручкі, Lego-канструктар, канструктар для збору электрычных ланцугоў, Kano-камп’ютар, акуляры віртуальнай рэальнасці, гульнявую адукацыйную сістэму OSMO, iPAD і многае іншае. З дапамогай усяго гэтага кніжніца актыўна ўключаецца ў модныя сацыяльныя тэндэнцыі, адкрывае новыя формы PR-дзейнасці.

Асаблівай цікавасцю не толькі сярод чытачоў бібліятэк, але і жыхароў горада карыстаецца творчая лабараторыя. У студзені 2017 года дырэктар па развіцці Асацыяцыі праваўладальнікаў інтэлектуальнай уласнасці Яўген Пак прадставіў на базе цэнтра “Максімум” адукацыйны праект “Планета крэатыў”. Менавіта гэтая праграма сталася штуршком да пачатку работы лабараторыі.

Першымі заняткамі сталі скайп-сесіі з “Планетай крэатыў”, дзе наведвальнікі бібліятэкі крок за крокам, практычна з нуля знаёміліся з асновамі робататэхнікі, радыёэлектронікі і праграмавання мікракантролераў. Пазбягаючы складаных матэматычных формул, на практыцы, праз эксперымент, яны спасцігалі новыя веды. На занятках пад кіраўніцтвам Яўгена Пака ўсе прысутныя майстравалі Lego-робатаў, праграмавалі іх рух па розных траекторыях, а таксама працавалі з праграмнымі датчыкамі.

Падобныя заняткі праходзілі кожны аўторак і не змаглі ахапіць усіх ахвотных, бо праца з Lego-канструктарам прадугледжвае ўдзел невялікай колькасці чалавек. Таму лабараторыя пачала працаваць і ў іншыя дні, а найбольшая колькасць наведвальнікаў была ў суботу і нядзелю. І, што дзіўна, да нас прыходзяць прадстаўнікі розных узроставых груп — ад малодшых школьнікаў да студэнтаў.

Яшчэ адна інавацыя ў масавай рабоце інфармацыйна-культурнага цэнтра “Максімум”, на якую варта звярнуць увагу — інтэрактыўныя метады. Як вядома — і я ў гэтым пераканана, — выкарыстанне толькі маналогавых формаў у правядзенні імпрэзаў для дзяцей часта прыводзіць да таго, што ім становіцца сумна, бо яны не маюць магчымасці рэалізаваць свае патрэбы ў самавыяўленні, самапазнанні і самасцвярджэнні.

Для таго, каб зацікавіць нашых наведвальнікаў, мы імкнёмся надаць мерапрыемствам жывы, нефармальны характар. Так, вялікай папулярнасцю ў цэнтры карыстаюцца гульнявыя інтэрактыўныя тэхналогіі, а менавіта “Чтения-мастерилки-игралки”, якія ладзяцца для дзяцей шасці — дзесяці гадоў і іх бацькоў два разы на месяц.

Тэмы сустрэч даволі разнастайныя, а іх праграма вельмі насычаная. Так, напрыклад, хочацца ўзгадаць “Самы салодкі дзень” з серыі “чыталак”, падчас якога дзеці даведаліся пра новае для іх свята, слухалі “смачныя” (а часам і “шкодныя”) гісторыі, майстравалі віншавальныя паштоўкі для самых сваіх любімых людзей і ўдзельнічалі ў латарэі. Дарослыя ж, магчыма, змаглі ўбачыць сваіх дзетак з нейкага новага боку...

Жывыя кнігі і Галівуд

Нетрадыцыйнай формай прыцягнення ўвагі чытачоў да кнігі і чытання сталі фотапраекты, арганізаваныя пры падтрымцы пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Так, напрыклад, фотавыстава “Залатое стагоддзе Галівуда: жанчыны-легенды” складалася з 27 плакатаў з партрэтамі актрыс. У рамках фотапраекта адбылася сустрэча з першым сакратаром амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Фрэдэрыкам Стэрнам і аташэ па пытаннях інфармацыі, навукі і культуры пасольства Рымай Койлер, якія распавялі пра гісторыю Галівуда.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікала і выстава “Амерыканскае мастацтва ў XXI стагоддзі”. У рамках работы экспазіцыі прайшла лекцыя фатографа, стваральніка дыскусійнага клуба ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Уладзіміра Парфянка.

Папраўдзе паспяховым аказаўся, на мой погляд, і яшчэ адзін праект інфармацыйна-культурнага цэнтра “Максімум” — “Жывая бібліятэка”. Тут праходзіць прэзентацыя “жывых кніг”, у якасці якіх ужо выступілі самыя розныя цікавыя асобы — кінолаг, паэт, экскурсавод, медыявіст. Спецыялісты сваёй справы з задавальненнем адказваюць на пытанні прысутных, дзеляцца жыццёвым вопытам. Мяркую, што падобная форма работы з чытачамі даволі перспектыўная.

Увогуле, калектыў Пінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы многае робіць для таго, каб яна стала цэнтрам інфармацыйнай падтрымкі і развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу ўсіх жыхароў горада. Бібліятэчныя супрацоўнікі заўсёды знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых формаў і метадаў работы. Будзем шчыраваць у гэтым напрамку і надалей. А сёлета, калі Пінск атрымаў высокае званне Культурнай сталіцы Беларусі, хочацца яшчэ больш тварыць новае, спазнаваць нязведанае і працаваць над новымі адметнымі праектамі і ініцыятывамі.

Дзіна ЛАГОДЗІЧ,
дырэктар Пінскай
гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы