Здаровая канкурэнцыя?

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Напярэдадні Сусветнага дня тэатра прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных калектываў і антрэпрызы сабраліся на “круглы стол” у Доме прэсы, каб паразважаць над тым, ці ёсць канкурэнцыя на тэатральным рынку.

Кіраўнік аддзела знешніх сувязяў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Дыяна Даражок прызналася, што з цікавасцю ставіцца да праектных тэатраў і сапраўды разглядае іх у якасці канкурэнтаў.

— Але лічу, што канкурэнтнае поле будзе толькі нараджаць цікавасць да любых відаў і формаў тэатральнага мастацтва, — дадала яна. — Таму мы не супраць таго, каб нашы артысты прымалі ўдзел у праектных пастаноўках. З аднаго боку — гэта пашырэнне іх мастацкага вопыту, з іншага — новая аўдыторыя для тэатра, якая ўбачыць акцёра, зацікавіцца і прыйдзе да нас. Ад такой канкурэнцыі выйграюць абодва бакі.

Мастацкі кіраўнік Камернага драматычнага тэатра Наталля Башава таксама станоўча ставіцца да супрацоўніцтва з дзяржаўнымі тэатрамі:

— У мяне сабраліся тыя людзі, якія хацелі працаваць разам, аднак колькі б ні было ў антрэпрызе штатных акцёраў, мы ўсё роўна не
абыдземся без запрошаных. Я вітаю, каб мае акцёры былі задзейнічаны ў розных праектах, паколькі разумею, што яны творчыя людзі.

Размову падсумавала кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры краіны Кацярына Панамарова, адзначыўшы, што праектная форма з’яўляецца часткай працэсу развіцця сучаснага беларускага тэатра.

— Дзяржаўнаму тэатру і антрэпрызе трэба ісці насустрач адзін аднаму. Даваць магчымасць эксперыментальным рэжысёрам працаваць на дзяржаўных пляцоўках, — адзначыла яна. — Сёння ўжо можна назіраць такую тэндэнцыю, але не настолькі актыўна, як бы хацелася. І ад нас залежыць, як яна будзе развівацца і наколькі паўплывае на ўсіх удзельнікаў працэсу.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"