Каўбаса бясплатнай не бывае. А вось песня…

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

Першы раз я пабываў на Ваўкавышчыне ў 2006 годзе. “К” мела тады неблагія стасункі з кіраўніцтвам раёна. Тагачасны старшыня райвыканкама Міхаіл Савельеў, які актыўна прапагандаваў гісторыю і культуру роднага краю, нават неяк заязджаў да нас у рэдакцыю. Менавіта Міхаіл Генадзьевіч запрасіў мяне ў Ваўкавыск на святочнае адкрыццё фантана. Паспелі наведаць не толькі ўрачыстасці, але і ваенна-гістарычны музей імя Пятра Баграціёна, гарадскі дом рамёстваў, навюткі аграгарадок Гнезна з шыкоўнымі клубнай установай, школай і бальніцай. Такім і заставаўся для мяне раён: вясновае адраджэнне, дзіўная кветка фантана, скульптурная выява гордага ваўка і зладжаная праца работнікаў культуры…

/i/content/pi/cult/737/16011/18.JPGПраз дзесяць гадоў, у 2016-м, давялося выпадкова патрапіць у аграгарадок Шылавічы. На легкавіку калегі Канстанціна Антановіча мы ехалі ў Бераставіцу цягам нашага шматгадовага журналісцкага аўтатура. Косця, зацікаўлены маімі размовамі пра ўзорную Ваўкавышчыну, вырашыў пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы. Таму і збочылі.

Тады, я, мякка кажучы, засмуціўся, калі пабачыў унутраны стан клубнай установы Шылавічаў, якая месціцца поруч з бібліятэкай у аднапавярховым дамку. У танцавальнай зале адчуваеш сябе як на палубе карабля ў качку. Электраправодка ненадзейная. Святло кепскае…

Камерцыя? Не! Бізнес? Не! Тады што?

За гэты час у раёне і аддзеле неаднаразова мянялася кіраўніцтва. Два гады таму на пасаду начальніка аддзела культуры прыйшоў Ігар Салавей. На маю тэлефонную просьбу разам наведаць Шылавічы, паглядзець, што зроблена і што трэба зрабіць у маштабах раёна, ён зазначыў: грошы на рамонт ДК у Шылавічах выдаткоўваліся і будуць выдаткоўвацца, многае там ужо змянілася да лепшага, і больш важным яму ўяўляецца аналіз работы іншых устаноў, якія таксама могуць вызначаць і вызначаюць духоўна-фінансавае надвор’е на метэакарце культурнай Ваўкавышчыны.

І я паверыў начальніку. Паверыў у тое, што ДК у Шылавічах неўзабаве перастане быць праблемным аб’ектам. І сапраўды, на карце раёна дастаткова іншых паселішчаў, мною яшчэ не даследаваных.

Калі селі з Ігарам Салаўём і пачалі выпрацоўваць мой маршрут, высветлілася яшчэ вось што. У першую чаргу начальніка аддзела культуры не задавальняе пазабюджэтная дзейнасць падапечных яму ўстаноў. Па леташніх выніках план па аказанні платных паслуг застаўся нявыкананым, не хапіла чатырох працэнтаў. У выніку культура Ваўкавышчыны застопарылася ў сярэдзіне абласнога топ-спіса. А пры малым пазабюджэце няма магчымасці істотна павялічыць матэрыяльнае стымуляванне работнікаў. А трэба яшчэ і за камуналку плаціць.

Таму атрымалася, што артыкул, па сутнасці, прысвечаны пазабюджэтнай дзейнасці. Чытай — камерцыі? Ды не! Сяброўства са спонсарамі, гнуткае карыстанне пералікам платных паслуг, прыцягненне пазабюджэтных крыніц фінансавання, як я разумею, і называецца эканомікай культуры. Вось толькі ў поўным аб’ёме мне яшчэ не даводзілася бачыць пераканаўчыя прыклады такой з’явы. Ці дажыву да гэтага шчасця?

У чаканні дат і падзей

Не пабачыў я эканамічнай разняволенасці творчага праектавання і ў Ваўкавыскім раёне. Вось што кажа на гэты конт дырэктар мясцовай раённай бібліятэкі Марына Болдак: “Займець еўрасаюзаўскі грант — справа вельмі няпростая. Вучылася гэтаму і на абласных курсах, і ў Польшчы. Шмат заявак падалі. І праекты нібыта цікавыя, але ніводзін пакуль не прайшоў”.

Гэткая ж сітуацыя і ў клубнай дзейнасці. Каментарый тут можа быць такім. На маёй любімай Рагачоўшчыне праектнай дзейнасцю пры падтрымцы еўрасаюзаўскіх грантаў пачалі займацца аж з 2008 года. Прыкладна з гэтага часу спажыўцы культуры пачалі прызвычайвацца да таго, што любая яе праява (за выключэннем, бадай, канцэртаў да дзяржаўных датаў ды сакральных абрадаў) — платная.

На сёння на Рагачоўшчыне асвоена звыш 550 тысяч еўра. Але гэта не азначае, што кожны праект падтрымліваецца. Бываюць і адмовы. Аднак, як сцвярджае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў, трэба не губляць надзеі і працягваць стукацца ў любыя дзверы.

Яго калега з Ваўкавыска Ігар Салавей цалкам згодны. Але кажа, што галоўныя задачы, якія сёлета стаяць перад яго аддзелам, усё ж, іншыя. Першая: святкаванне 75-годдзя Гродзеншчыны. Другая: годна адзначыць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэцяя: акцыя “Полымя міру” (эстафета агню ІІ Еўрапейскіх гульняў).

Наконт трэцяга праекта. Справа ў тым, што факеланосцы агню гульняў на шляху да мінскага “Дынама” запаляць яго на Шведскай гары ў Ваўкавыску, якую да гэтага часу яшчэ трэба добраўпарадкаваць. А ўрачыстасці з гэтай нагоды мяркуецца правесці на пляцоўцы завода “Беллакт”.

На ажыццяўленне згаданых праектаў скіраваны, па словах начальніка, усе творчыя сілы аддзела. І прыярытэты тут аспрэчваць цяжка.

Уводзіны ў прадмет

Каб паставіць канчатковы крыж на слове “камерцыя”, згадаю словы міністра культуры краіны Юрыя Бондара, што прагучалі на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: “Сацыяльнасць сферы прадугледжвае і яе сацыяльную адказнасць — прыкладаць максімум намаганняў, каб зарабляць сродкі самім, сваім розумам і талентамі, так, як гэта робіць увесь свет. Разам з тым, мы не павінны кідацца і ў іншую крайнасць, калі культура атаясамліваецца з бізнесам. Так, яе падтрымлівае дзяржава, але абавязана падтрымліваць і грамадства”.

Кілбаса, нават калі гаворка вядзецца пра эрзац-прадукт ніжэйшага гатунку, не бывае бясплатнай. Гэтая аксіёма ў дачыненні да характарыстыкі пазабюджэтнай дзейнасці таго ці іншага аддзела культуры набыла афарыстычную ўстойлівасць. Маўляў, калі за кілбасу мы плацім, дык чым горшыя паслугі ў сферы рэгіянальнай культуры?

Адразу адзначу: я не прыхільнік платных паслуг у такім выглядзе, у якім яны існуюць на сённяшні дзень. Мая б воля, вызваліў бы ад іх бібліятэкі, бо праз рупнасць пра заробак сваю першасную задачу павышэння прэстыжу чытання многія з іх выконваюць, на мой погляд, без належнай эфектыўнасці. Стаўку не на камерцыю, а на навуковыя даследаванні павінны рабіць і раённыя цэнтры рамёстваў. Інакш з-за паточнага вырабу сувеніраў пакрысе згубім тыя аўтэнтычныя скарбы, што належаць да нацыянальнай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны.

Цікавіць толькі адно

І не вельмі карціць мне параўноўваць нейкую там кілбасу з народнай песняй. Вось у вёсцы Плябанаўцы кіраўнік клуба Аляксандр Бабін яе ніколі не прадаваў. І ўсе канцэрты ў яго  — бясплатныя. Хтосьці скажа: не прывучыў вяскоўцаў развітвацца з рублямі дзеля паляпшэння матэрыяльнага стану мясцовай культуры. А ён і не збіраўся прывучаць. Справа ў тым, што Аляксандр Бабін — спецыяліст у наладжванні дыскатэк. І толькі за іх кошт пры леташнім плане ў дзесяць тысяч рублёў ён аказаў паслуг на 21,5 тысячы. Пазалетась выручка склала 28 тысяч рублёў. Кіраўніцтва нават прапанавала яму ўзначаліць Маладзёжны центр у Ваўкавыску.

Пытаюся ў Аляксандра: “Матывацыя для такой працы — грошы?” А той сцвярджае, што паколькі частка пазабюджэткі застаецца ў аддзеле для “зацыроўвання дзірак”, дык матывацыяй для яго з’яўляецца найперш жаданне вяскоўцаў мець якасны адпачынак.

Не буду пісаць, чым прываблівае наведвальнікаў Аляксандр Бабін. Яго ў свой час “адшукаў” мой нястомны калега Юрый Чарнякевіч. Раю звярнуцца да яго артыкула (№45 за 2017 год): там шмат павучальнага.

А выснова такая: платныя паслугі — рэч гнуткая. Вы ўмееце прадаваць канцэрты — прадавайце. Прывучылі людзей да платных танцаў — удасканальвайцеся ў гэтым кірунку. Калі і там і там удалося ліквідаваць прагу спажыўца да бясплатнай “кілбасы” — рэспект вам падвойны. Значыць, дбаеце пра перспектыву.

Цікавіць мяне толькі адно. Чаму пры такіх пазабюджэтных поспехах вёскі Плябанаўцы і пры агульным раённым адставанні ад выканання плана платных паслуг вопыт Аляксандра Бабіна так і застаецца на Ваўкавышчыне неабагульненым? Падаецца, на пачатку красавіка ў Лідзе павінна прайсці абласная нарада па пазабюджэтнай дзейнасці. Цікава, ці будзе выступаць на ёй Аляксандр Бабін?

Пазабюджэт як гарант самастойнасці

Вельмі кантрасная карцінка: сучасны будынак польскай школы і савецкі спрошчаны ампір дзіцячай школы мастацтваў. Але форма далёка не заўжды адпавядае зместу. Ваўкавыская ДШМ лічыцца ці не першай у рэспубліцы па наяўнасці вучняў. Пагадзіцеся, што больш за 838 дзяцей у ДШМ і васьмі яе філіялах — гэта не жартачкі. Але я не пра гэта нават.

— Калі б мне сказалі, што мая ўстанова вызваляецца ад плана па аказанні платных паслуг, дык я б катэгарычна была супраць, — распавяла дырэктар школы мастацтваў Наталля Гаршкова.

Яна паказала мне школу, вучняў (чацвёра з іх — стыпендыяты Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі!), вучнёўскія і настаўніцкія творчыя калектывы, якія пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях і выязных канцэртах.

Вось каб дабрацца да тых конкурсаў, фестываляў і канцэртаў, і патрэбны пазабюджэтныя грошы, бо свайго транспарту школа ніколі не мела. І свой пазабюджэт — як гарант пэўнай самастойнасці — ДШМ мае. Дый заробкі тут неблагія. Наталля Мікалаеўна паказвае квіток з налічэннем месячнай аплаты працы аднаго з вясковых педагогаў з першай настаўніцкай катэгорыяй (існуе і вышэйшая), які мае паўтары стаўкі, — 813 рублёў.

Гаварыць не ўмеюць, а ўжо спяваюць!

Пойдзем далей. Вынік адзінага ўдалага праектавання мне давялося пабачыць у гарадскім бібліятэчным філіяле № 46. Грошы не еўрасаюзаўскія, бо праект, так бы мовіць, мясцовага значэння — вынік супрацы бібліятэкараў і прадстаўнікоў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Але “мясцовасць” праекта ніяк не абясцэньвае ягонага высакароднага прызначэння.

Мяркуйце самі. Частка абанементу адведзена (балазе, плошчы дазваляюць) пад бібліятэчныя заняткі з дзецьмі. Новая мэбля, шыкоўныя гульні, прызначаныя для развіцца дзіцяці, цацкі, кніжкі… Такога я яшчэ нідзе не бачыў. Дзяцей сюды прыводзяць з трохгадовага ўзросту. Яны яшчэ толкам гаварыць не могуць — а ўжо спяваюць! Глядзіш, так і чытаць навучацца.

Шмат дзяцей і ў раённым цэнтры рамёстваў. Размешчаны ён на тэрыторыі былой вайсковай часткі. Аўтамабільнага руху там няма, таму гурткоўцы сябе адчуваюць досыць камфортна. Для дадатковага эмацыянальнага напалу яшчэ і сядзіба Дзеда Мароза існуе. Наш беларускі Зюзя, відаць, забыты канчаткова.

Пры РЦР няма сувенірнай крамы. Але план пазабюджэтнай дзейнасці выконваецца. Ёсць у цэнтра філіял у гарпасёлку Рось. Прычым рамёствам там навучаюцца не толькі дзеці, але і дарослыя.

“Згода” і іншыя…

У раённага цэнтра культуры і народнай творчасці — 17 філіялаў. Адзін з іх — у вёсцы Вярэйкі. Клуб падчас майго наведвання літаральна кішэў дзятвой! Уразіла там многае: вельмі прадуманыя конкурсы, спеўнасць народнага ансамбля “Згода” (мастацкі кіраўнік калектыву Ганна Бязгодава жартуе, што назву калектыву трансфармавала са свайго прозвішча).

Аднак першае месца варта прысудзіць бібліятэкару Тамары Вялічка. Яна мяне, як той казаў, адразу ў абарот узяла. Распавяла пра свае краязнаўчыя здабыткі, пра каляндарна-абрадавую сістэму зносін з чытачамі, параіла, якую кнігу варта мне ў рукі ўзяць. Я паслухмяна ўсё запісаў, бо нават аўтара такога не ведаў.

І вось яшчэ пра што хачу распавесці. Насупраць дома культуры, праз дарогу, стаіць незвычайны помнік. Госці заўжды тут спыняюцца, а потым ідуць па даведкі ў бібліятэку. А спадарыня Вялічка даўно прызвычаілася да ролі экскурсавода і з гатоўнасцю распавядае пра гісторыю вялікага кахання.

Калісьці Вярэйкамі валодаў стольнік Юзэф Бісінг, і была ў яго дачка Аляксандра, якая пабралася шлюбам з палкоўнікам Аляксандрам Толь Светчыным. Апошні пабудаваў у Вярэйках царкву. А каталічка Аляксандра папрасіла ўзвесці яшчэ і касцёл. Што і было зроблена. Аляксандр памёр у 1838 годзе, і на месцы яго пахавання ўдава ўзвяла помнік, каб кожны ахвотны ведаў пра іхняе вялікае каханне.

Ці не тоіцца тут ідэі цікавага праекта? Пра сямейную згоду, каханне і высакароднасць памкненняў? Але не мая гэта справа — праекты прыдумваць.

Пабывалі мы і ў аграгарадку Юбілейным, вядомаму дзякуючы знакамітаму гурту “Сваякі”. Шмат пісаў пра яго, таму гэтым разам засяроджвацца не буду. Зазначу толькі адно: і вакол гэтага брэндавага калектыву можна прыдумаць шмат цікавага ў плане праектнага трансгранічнага развіцця…

* * *

Вельмі цяжка рабіць напрыканцы нейкія высновы, калі пабачыць давялося толькі станоўчае (страшэнна сумую па тых часінах, калі на ўласных колах падчас нашага шматгадовага аўтатуру мы маглі азнаёміцца і з, так бы мовіць, адваротным, не вельмі сонечным бокам рэгіянальнай культуры).

Зрэшты, дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Клімуць сцвярджае, што ўсе 17 яе вясковых філіялаў з леташнім планам пазабюджэтнай дзейнасці справіліся. Не сумняюся.

Цікавых людзей у сферы раённай культуры Ваўкавышчыны — шмат. А цікавых інтрыгоўных праектаў — амаль няма. Значыць, тыя, хто могуць, не здолелі стаць арыенцірам для тых, хто не надта хоча? Прынамсі, мне робіцца зразумелым, чаму нас перасталі запрашаць у Ваўкавыскі раён. Паспрабуем выправіць сітуацыю.

 

Нават воўк — сонечны

/i/content/pi/cult/737/16011/19.JPGГанчар — філосаф, бо працуе з зямлёй. Ткачыха — аратая, бо заўжды клапоціцца пра ўрадлівасць тканага поля жыцця. Вышывачка — садоўнік, бо вырошчвае чароўныя дрэвы ды кветкі…

Аксана Урублеўская — давераная асоба сонца на зямлі, бо яна — саломкапляцельшчыца. Паралельна выконвае абавязкі майстра народных промыслаў і рамёстваў Ваўкавыскага РЦР.

Прычым тут, скажаце, сонца? Ды пры тым, што любы выраб жанчыны не толькі радуе вока, але і грэе душу, адводзіць ад думак пра гора і бяду. Пабываць у яе майстэрні — усё роўна як салярый наведаць ды вітамінны душ прыняць! Кожная саломінка тут нібы батарэйка, што цягам усяго лета назапашвала сонечную энергію.

Таму і не дзіўна, што сама Аксана Аляксееўна літаральна свеціцца знутры. Не па прычыне субтыльнасці, а ў выніку таго, што прасякнутая той самай сонечнай энергіяй. Прафесія трансфармуе людзей. Прафесія-шчасце трансфармуе ў лепшы бок. Але ўсё роўна патрэбна тут вялікая асцярожнасць. Саламяны выраб, вытанчаны і бездакорны, патрапіўшы выпадкова пад дождж, безнадзейна чарнее…

Адкуль усё пайшло? Ад бабуль, кажа майстрыха. Усё ўмелі, усё маглі. Сем’і былі вялікімі. Разам збіраліся пастаянна, каб падзяліць і радасць, і гора. А бабулі пры гэтым надзвычай рукастымі ды галасістымі былі. Вось яны і ўцягнулі ўнучку ў салодкі вір творчага пошуку.

А яшчэ бацька, Аляксей Канстанцінавіч, паўплываў. Падчас жніва браў дачку з сабой, яна любавалася і нівай, і пожняй. Зразумела, што салома таксама і код хлеба захоўвае.

Першая кветачка “нарадзілася” ў 1987 годзе. Нібыта сама вырасла. А потым — пайшло і пайшло. Куфры, млыны, жывёліны, птушкі, павукі, вазончыкі… З саломы можна вырабіць усё. Да прыкладу, збіраецца Аксана Аляксееўна сплесці выяву ваўка. Сімвал Ваўкавыска павінен таксама атрымацца сонечным — мудрым, высакародным, гордым.

Дачка Маша — менеджар па турызме. Па гэтай прычыне для Аксаны Урублеўскай новыя перспектывы прыадкрыліся. Вырашыла яна стварыць аграсядзібу, дзе самым галоўным колерам будзе саламяны. А супраца з дачкой дазволіць яшчэ і турыстычны сэрвіс засвоіць. Жыццё творцы складаецца з эксперыментаў. Толькі пры наяўнасці мастакоўскай амбіцыйнай смеласці і магчымы шлях наперад.

Застаецца толькі ўдачы Аксане Аляксееўне пажадаць.

P.S. Калі створыце ваўка, прышліце фотакартку. Апублікуем.

 

/i/content/pi/cult/737/16011/20.JPGЛюбіць… як?

Для Года малой радзімы вельмі актуальная тэма. Шмат у якіх райцэнтрах вулічная рэклама вядзе пра гэта гаворку выключна на рускай мове. Як па мне, гэта дзіўна. Вось і ў Ваўкавыску любяць малую радзіму па-руску. Прынамсі, прыкладаў беларускамоўнай вулічнай рэкламы бачыць давялося вельмі мала.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"