Пытанні з адказамі і без

№ 5 (1392) 02.02.2019 - 09.02.2019 г

Падобна на тое, што з асобнымі бібліятэкарамі краіны ў мяне ідзе “гульня”: неабвешчаная, ціхая, нябачная, але на змор. Я — да іх, яны — ад мяне. Папярэджваю, што буду, што чакайце ў госці, рыхтуйце гаворку пра дасягненні, аднак і не забудзьцеся пра самакрытыку. “Чакаем! — радасна паведамляюць мне. — Прадчуваем цікавы дыялог!” І вось прыязджаю я ўвесь такі — у прадчуванні, а бібліятэкараў няма: то захварэлі, то на тэрміновую нараду ад’ехалі. У Перхавічах я таксама з захавальнікам і прапагандыстам літаратуры не пабачыўся — па нейкай прычыне ён адсутнічаў. Але не адной жа бібліятэкай слаўны гэты аграгарадок? Не адной. “Чым яшчэ?” — спытаеце вы. Зараз раскажу.

/i/content/pi/cult/730/15879/16.JPGЗнаёмая карціна

Дырэктар мясцовага Цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Вiлента першай пачала нашу размову, адразу ўзяўшы “быка за рогі”:

— Чытаю вашы матэрыялы, ведаю, што вы
абавязкова пытаецеся кіраўнікоў устаноў культуры пра тое, што іх турбуе. Нашы надзённыя пытанні — гэта неабходная замена апаратуры і абнаўленне сцэнічнага адзення. Улады, вядома, фінансуюць Цэнтр — але, як бы гэта мякчэй сказаць… Хацелася б, каб сродкаў вылучалася болей. Я разумею, што ў іх не бяздонны грашовы мех, што далёка не мы адны на балансе. Але, шчыра кажучы, гэта ж не зусім нармальна, калі самім даводзіцца шыць і перашываць касцюмы з таго, што ёсць пад рукой. А якія прыгожыя, якасныя тканіны ў крамах прадаюцца! Такія б нацыянальныя строі мы б з іх пашылі! Але пакуль толькі аблізваемся. І выкручваемся як можам.

Рамонт, хай сабе і касметычны, усяго будынка Цэнтра правялі ў 2010-м. А калі трэба нешта падфарбаваць або падбяліць сёння, працы праводзяцца ўласнымі сіламі яго супрацоўнікаў. Апошні раз, інфармуе Алена Казіміраўна, буйны грашовы транш установа атрымала сем гадоў таму, калі былі набытыя рэквізіт, частка новага абсталявання, адрамантаваная сцэна ў зале. Але тады, працягвае дырэктар, і партнёры, якія таксама аказвалі матэрыяльную дапамогу, былі багацейшымі.

— Хтосьці можа сказаць, што мы надта шмат чаго хочам! — гарачыцца спадарыня Вiлента. — Што гэта за тэрмін — сем гадоў? Некаторыя, маўляў, і дзесяць, і пятнаццаць чакаюць патрэбнага ім нават на самае неабходнае фінансавання. Я ведаю такіх. Але што гэта — у парадку рэчаў, ці як? У Цэнтры працуюць некалькі вакальных і танцавальных дарослых і дзіцячых калектываў, у творчасці якіх знаходзіцца месца і эстрадным, і беларускім фальклорным нумарам, дзейнічае тэатр малых формаў “Вяскоўцы”. Мы абслугоўваем пяць бліжэйшых населеных пунктаў, а гэта значыць, што ўвесь час раз’язджаем, пастаянна даём канцэрты, ладзім розныя імпрэзы на месцах. Вы ўяўляеце, які знос абсталявання і касцюмаў! Так што я не скарджуся, а проста канстатую факты.

У той жа час Алена Казіміраўна прызнае, што калі выязныя мерапрыемствы праходзяць з аншлагамі, пры поўным зборы мясцовага насельніцтва, то ў Перхавічах народ збіраецца на iмпрэзы не тое каб лёгка.

— Для жыхароў тых вёсак нашы прыезды — гэта падзеі, а для сваіх мы тут як бы рукой падаць: чаго да нас ісці — на шараговае мерапрыемства? — тлумачыць дырэктар логіку аднавяскоўцаў. — Таму масавыя навалы публікі здараюцца, як правіла, на буйныя святы. Але — працуем, стараемся прыдумляць нешта такое неардынарнае, здатнае зацікавіць людзей і ў звычайныя выхадныя дні.

Аб наведванні і выкананні плана платных паслуг шмат спрачаюцца на нарадах работнікаў культуры, якія праводзяцца ў Баранавічах.

— Я, вядома, у курсе таго, як і зыходзячы з чаго фармуецца план, — паведамляе спадарыня Вiлента. — Але, напрыклад, змяншэнне насельніцтва ідзе тымі тэмпамі, якія статыстыка адсачыць не заўсёды паспявае. Аднак патрэбнае наведванне мы забяспечыць павінны. І забяспечваем! І план выконваем!

Дубль I

Марыя Малахвей жыве ў Перхавічах 52 гады. Большую частку свайго жыцця яна працавала санітаркай у фельчарска-акушэрскім пункце, а калі выйшла на пенсію, яе запрасілі весці ў мясцовым тады яшчэ клубе гурток ткацтва і вышыўкі.

— Любоў да іх (праўда, да вышывання ў меншай ступені) прышчапіла мне мама, — кажа Марыя Сямёнаўна. — Дома ў нас стаялі кросны, мы садзіліся з ёй — галава да галавы, — і яна мне нешта паказвала, тлумачыла, дзялілася нейкімі сакрэтамі. І захапленне, якое прыйшло да мяне ў дзяцінстве, так і засталося са мной на ўсё жыццё. Пра яго, канешне ж, ведалі аднавяскоўцы — я ж не толькі на сябе і на сваю сям’ю “працавала”, але адгукалася на просьбы суседзяў, знаёмых, ды ўсіх нашых жыхароў, калі ім трэба было нешта вырабіць. Таму і паклікалі мяне кіраваць гуртком, калі ў тым паўстала неабходнасць.

Цяпер спадарыня Малахвей яго ўжо не ўзначальвае, але змену сабе падрыхтавала — дзвюх майстрых.

— Многа гэта ці мала — два чалавекі, чыё ўмельства ткачых вядомае за межамі раёна, і якіх я сяму-таму навучыла за дзевяць гадоў? — задумваецца Марыя Сямёнаўна. — Дзеткі ходзяць, у асноўным, у гурток вышыўкі крыжыкам, а да гуртка ткацтва, прызначанага для дарослых, цікавасць меншая: ахвотных спасцігнуць гэта рамяство ў аграгарадку — па пальцах пералічыць. Таму і баліць душа, калі я пытаюся сама ў сябе: а ці будзе каму працягнуць далей ткацкую справу ў Перхавічах?

І баліць душа ў маёй суразмоўніцы наогул за іх культуру...

Каментарый Марыі МАЛАХВЕЙ:

— Людзі ў нас настолькі занятыя сваімі справамі і праблемамі, што ім не да мерапрыемстваў, якія ладзіць наш Цэнтр культуры і народнай творчасці. Мне так здаецца. Ідзе, напрыклад, нейкі канцэрт — а глядзяць яго з дзясятак чалавек. Тлумачэнне таму ёсць: моладзь амаль уся раз’ехалася па гарадах, трыццаці- і саракагадовыя на хлеб, як могуць, зарабляюць, гаспадарку сваю вядуць, а пажылым — якая весялосць, куды ім з іх хваробамі? Толькі б да тэлевізара дабрацца. Гэта калі ўжо свята якое вялікае, тады народ і збіраецца.

Дубль II

— А давайце я таксама некалькі слоў скажу пра культуру нашага аграгарадка? — спыняе мяне ветлая жанчына.

— А давайце! — я, натуральна, не стаў адмаўляцца ад прапановы: не кожны раз мясцовыя жыхары таго населенага пункта, які адведваю, самі праяўляюць ініцыятыву стаць каментатарамі ўласнага “культурнага жыцця”.

Знаёмцеся — Іна Блашчанiца, трыццаць гадоў жыве ў Перхавічах. Працавала яна тут аграномам,
прадаўцом у краме, сакратаром у сельсавеце. І актыўна ўдзельнічала і ўдзельнічае ў тутэйшым культурным працэсе. У прыватнасці, ткала дываны, з якімі неаднаразова выстаўлялася. Пра Іну Сяргееўну — адну з дзвюх майстрых, пра якіх распавядала Марыя Малахвей, — рабіла свой рэпартаж брэсцкае тэлебачанне. Такім чынам, яе рэцэнзія.

Каментарый Іны БЛАШЧАНІЦЫ:

— Горка, вядома, што мастацтва ткацтва ў нас паволі чэзне. Пасталелыя дзяўчаты з гуртка вышыўкі амаль не ідуць у гурток ткацтва. Гэта ж якая праца! Яны не тое што лянуюцца: цікавасці ў іх не ўзнікае. А там ужо і школу заканчваюць, раз’язджаюцца хто куды. І каму перадаваць нашы навыкі — гэта пытанне.

І другое пытанне. Вось я хаджу ў Цэнтр культуры і народнай творчасці, мне там усё падабаецца, я там спяваю, душой адпачываю. І мае сяброўкі таксама. Але сустрэнеш Алену Казіміраўну — а яна сумуе: маўляў, з кожным годам у гурткі ходзіць усё менш дзяцей. І на самой справе: адкуль ім узяцца, бо людзі адсюль выязджаюць? Мне часам здаецца, што шмат хто ўжо “сядзяць на валізках”, ім ні да якой культуры справы няма — навошта ім нейкі гурток, калі яны заўтра развітаюцца з Перхавічамi?

Але па вялікіх святах у нас весела, Цэнтр перапоўнены народам. Ці будзе калі-небудзь гэтаксама весела, шумна і шматлюдна ў звычайныя дні? Вось гэта і ёсць другое пытанне...

Як бачыце, кідае мяне ў маіх падарожжах па краіне з крайнасці ў крайнасць — ад песімізму да аптымізму і наадварот: у залежнасці ад таго, з якой рэгіянальнай культурай я сустрэўся ў сваёй чарговай камандзіроўцы. Не скажу, што ад перхавiцкай я запаў у татальны роспач, але і захапленняў асаблівых яна не выклікала. Энтузіястамі накіроўваецца, энергіяй энтузіястаў дыхае, ідзе да людзей з дабром, а тым — не ўсім, але шматлікім — не да культуры. І такое, на жаль, таксама сённяшняе жыццё беларускай глыбінкі, цяперашняе жыццё рэгіянальнай культуры.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"