Больш чым выстава

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

З 6 па 10 лютага ў сталічным комплексе “БелЭкспа” на праспекце Пераможцаў пройдзе XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У Беларусь прыедуць прадстаўнікі 35 краін свету, усяго чакаецца каля 300 удзельнікаў. Ганаровы госць — Злучаныя Штаты Амерыкі. Галоўныя тэмы выставы — Год малой радзімы, II Еўрапейскія гульні.

/i/content/pi/cult/728/15843/656b49d517af4c9bf1d75b_opt.jpegЯк паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, уся праграма будзе адпавядаць абранаму для сёлетняга кірмашу слогану — “Больш чым кніга!”

— Сучасныя патрабаванні дыктуюць новыя формы працы па прасоўванні кнігі, таму на выставе мы хочам папулярызаваць яе як звычайнымі, то бок ужо атрымаўшымі ў чытачоў шырокую падтрымку, мерапрыемствамі, так і новымі падыходамі, — патлумачыў Ігар Іванавіч.

На базе кніжных магазінаў “Белкнігі” і Нацыянальнай бібліятэцы падчас выставы плануюць стварыць дыскусійна-адукацыйныя пляцоўкі па пытаннях актуальнасці і значнасці кнігі ў сучаснасці. Увага арганізатараў скіравана таксама на працу з сацыяльнымі сеткамі і папулярнымі блогерамі, таму адбудуцца і канферэнцыі і сустрэчы, прысвечаныя тэме прасоўвання кнігі ў грамадстве сучаснымі сродкамі і працы з краўдфандынгам.

Праграма кірмашу ўпершыню ахопіць не толькі выставачны комплекс, але і іншыя гарадскія прасторы. Напрыклад, сярод новых цікавостак — гастрафэст у мінскіх рэстаранах: у меню некаторых з іх з’явяцца нацыянальныя стравы, апісаныя ў кнігах беларускіх аўтараў. Напрыклад, у “Новай зямлі” Якуба Коласа. Таксама па праспекце Пераможцаў да выставачнага комплексу пусцяць “паэтычны аўтобус”, у якім будуць дэкламаваць вершы лаўрэаты акцыі “Жывая класіка”.

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, што адбудуцца ў Мінску ў чэрвені, на выставе прэзентуюць спецыяльны даведнік пра Беларусь на рускай і англійскай мовах, які адправіцца ў 50 краін-удзельніц спаборніцтваў.

— Мы хочам паказаць, як мы падрыхтаваліся, запрасіць да нас гасцей і зарыентаваць іх у культуры нашай краіны, — распавёў дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч.

Сумесна з Фондам Еўрапейскіх гульняў таксама плануецца выдаць у перакладзе на англійскую мову кнігу “Спорт вышэйшай пробы” пра Першыя Еўрагульні ў Азербайджане ў 2015 годзе, а таксама пра спартыўныя аб’екты нашай краіны і дасягненні беларускіх спартсменаў. Кнігу падораць сёлетнім удзельнікам разам з іншай друкаванай промапрадукцыяй, распрацаванай выдавецтвам.

Падчас кірмашу падвядуць вынікі рэспубліканскага конкурсу на найлепшы гандлёвы прадукт “Мы робім па-людску?”, што пройдзе ў кнігарнях Мінска, адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. У дні выставы ў мінскіх кінатэатрах пакажуць фільмы, а ў тэатрах — спектаклі, прысвечаныя кніжнай тэматыцы.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"