Афшор для творчага прарыву

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

Музейна-бібліятэчна-клубнае заўтра раёна пад белымі крыламі
На пачатку месяца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 506 “Аб развіцці Аршанскага раёна на перыяд да 2023 года”. Гэтаму папярэднічалі візіты Кіраўніка дзяржавы на вядучыя вытворчыя аб’екты сваёй малой радзімы, такія, да прыкладу, як інструментальны завод, льнокамбінат… Антыкрызісная праграма прадугледжвае стымуляцыю дзяржаўна-прыватнага бізнесу, абнаўленне грамадскага транспарту, рамонту жылога фонду і шэрагу аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі, культуры. Фінансаванне праграмы ажыццяўляецца за кошт рэспубліканскага бюджэту.

/i/content/pi/cult/728/15837/11.JPGРазвіццё вытворчасці непарыўна звязана з развіццём мясцовай культуры: музейнай, бібліятэчнай, клубнай справы. Таму рэдакцыя “К” вырашыла ўзяцца за чарговы праект, які будзе называцца “Аршанская перспектыва” і распавядзе пра змены ў культурнай сферы названага рэгіёна (а змены гэтыя па пэўных кірунках дзейнасці /i/content/pi/cult/728/15837/12.jpgмясцовых работнікаў культуры, між іншым, добра заўважныя ўжо цяпер).

Газетны праект “Аршанская перспектыва” — доўгатэрміновы. Гэта значыць, што журналісты “К” будуць адсочваць і асвятляць стан спраў і ў горадзе, і на яго перыферыі цягам дзеяння ўказа № 506. Мяркуецца, што на старонках нашага выдання з пэўнай перыядычнасцю з’явяцца рознажанравыя публікацыі пра тое, чым жывуць установы культуры Аршаншчыны. Мы дамовіліся з іх супрацоўнікамі, што аўтарамі асобных артыкулаў стануць менавіта яны.

Структура: плюсы ці мінусы?

Патрэбны гэты раздзел для таго, каб давесці чытачу, наколькі няпростай з’яўляецца структура кіравання мясцовай культурай, а значыць — і яе развіццё. Па-першае, існуе тут адзіны аддзел культуры — пры райвыканкаме. А горад і раён тут — не з ліку маленькіх. Не бяруся разважаць, наколькі аптымальным застаецца такое паяднанне. А вось начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей Гарбачоў мае на гэты конт канкрэтныя меркаванні. Ён цяпер — у адпачынку, але мы дамовіліся, што бліжэйшае інтэрв’ю з ім будзе і пра гэта.

А структура вось якая. У клубнай сетцы — пяць ДУ са сваімі структурнымі падраздзяленнямі (ад СК СДК да клуба-бібліятэкі): Аршанскія РДК, ГПК і гарадскі цэнтр культуры “Перамога”; палац культуры ў Барані; ДК у гарпасёлку Балбасава; тры самастойныя ДУ: раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы; цэнтр народнай творчасці і рамёстваў у гарпасёлку Копысь; Аршанскі дом рамёстваў. Усяго 33 установы клубнага тыпу.

У бібліятэчнай сістэме — 36 бібліятэк. Тры дзіцячыя школы мастацтваў. Гарадскі дзіцячы парк. Дзейнічае музейнае аб’яднанне (комплекс), якое мае шэсць (!) філіялаў.

Колькасць і стракатасць устаноў культуры Аршаншчыны, папраўдзе, выключна ўнушальныя. Аналагаў у рэспубліцы я штосьці не прыгадаю. І гэта пры тым, што дырэктар музейнага комплексу Юлія Камарова не надта хоча, каб культура горада і культура раёна існавалі паасобку, бо пры належным фінансаванні колькасць філіялаў мае тэндэнцыю да няўхільнага павелічэння. У першую чаргу — за кошт аб’ектаў раёна. Але пра гэта — трошкі пазней.

Лянок не любіць лянот

Цяпер — пра структуру мясцовых брэндаў як доказ таго, што ў горадзе і раёне ёсць з чым працаваць. Фактура тут — не толькі гістарычна-літаратурная, але і, я сказаў бы, тэхналагічна-вытворчая. Так, я — пра лён, пра брэнд, але патэнцыяльны, пра вырошчванне названай сельскагаспадарчай культуры і давядзенне высакаякаснай сыравіны да гэткай жа высакаякаснай прадукцыі. Палова беларускіх прымавак пра лён распавядае пра яго карысць і прыгажосць, другая даводзіць, як цяжка яго вырошчваць. І такі падзел — хоць нейкае ды апраўданне нашай недальнабачнасці.

Вельмі не хачу пісаць пра гэта, але трэба: сённяшняе становішча з нашым льном — недаравальнае для беларуса. Праблемай гэтай заняўся гадоў 30 таму, калі працаваў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі ў Веткаўскай райгазеце. Яшчэ тады льнаводы скардзіліся: вырошчваеш-вырошчваеш лён, а яго на льнозавод не прымаюць, маўляў, негатунковы. Пачаў у той час шукаць, адкуль ногі растуць у праблемы і высветліў, што сапраўды той лён негатунковы. Яго ж, аказваецца, не толькі пасеяць трэба. А і прапалоць, вырваць, паслаць, змяць, патрапаць, пачасаць, спрасці, аснаваць, выткаць. Ды сёння тое ж: мінімальная недакладнасць на адной са стадый вырошчвання-апрацоўкі — і на выраб далікатнай тканіны (цэніцца ва ўсім свеце ці не на вагу золата) можна забыцца. Атрымаецца адно толькі грубая льняная пража, назва якой — радно.

Я пераканаўся ў Оршы, што з таго часу амаль нічога не змянілася. Атрымліваецца, мы абыякавыя да тага, што лён — гэта наша “нафта”? Хто ці што замінае нам стаць заможнымі? Эканоміка вытворчасці шчыльна звязана з эканомікай культуры. Проста ўпэўнены: была б наша льнопрадукцыя канкурэнтаздольнай, дык і патрэба адпала б у дадатковых бюджэтных укладаннях на развіццё культуры раёна. Так што лён — не брэнд пакуль для Оршы, а мара. Красамоўнае адлюстраванне яе захоўваецца ў Гарадской мастацкай галерэі Віктара Грамыкі. Народны мастак Беларусі назваў палатно “Ільны беларускія”. Яе колеравае вырашэнне зрабіла калісьці ці не /i/content/pi/cult/728/15837/13.jpgрэвалюцыю ў беларускім жывапісе.

Галерэя — адзін з філіялаў музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Самы час пагаварыць і пра яго.

Змагацца з “нуднасцю”

Наступныя філіялы такія: Мемарыяльны музей Канстанціна Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада, Музей драўлянай скульптуры рэзчыка Сямёна Шаўрова, Аршанскі музей Уладзіміра Караткевіча, этнаграфічны музей “Млын”. Усе яны сканцэнтраваны ў гістарычнай частцы горада, утвараючы своеасаблівы скансэн. Ды плюс Дом рамёстваў, дзіцячая бібліятэка імя Караткевіча. Па мне, дык хранічна не хапае тут шчыльнай вулічнай ды прыдарожнай рэкламы са схемамі, указальнікамі, арыгінальным вырашэннем музейнага піяру. А кіраўнік комплексу Юлія Камарова дадае, што час надышоў і для абнаўлення рэкламных буклетаў.

/i/content/pi/cult/728/15837/14.jpgАле ўсё гэта выглядае драбязой на фоне таго, што музей Заслонава існуе намінальна — як адна з экспазіцый музея гісторыі і культуры горада. Месціўся ён, людзі майго веку памятаюць, ля чыгуначнага вакзала побач з помнікам знакамітаму падпольшчыку і камандзіру партызанскай брыгады, які па сёння застаецца сімвалам мужнасці і нязломнасці беларускага народа. Але ў 2016-м і без таго старэнькі будынак быў моцна пашкоджаны ўраганам. Унікальныя экспанаты захоўваюцца ў Музеі гісторыі і культуры. Будучая экспазіцыя вымагае дакладна прадуманай канцэпцыі.

Больш аптымальны варыянт, як пераконваюць мясцовыя работнікі культуры, у тым, каб стварыць у будынку былога настаўніцкага інстытута па вуліцы Купалы ваенна-гістарычны музей імя Заслонава. А ў Музеі гісторыі і культуры можна захоўваць фонды комплексу: больш за 40 тысяч адзінак экспанатаў.

Нічога не маю супраць меркавання спецыялістаў-прафесійнікаў. Але дазволю сабе вось якое адступленне. Днямі ў друку з’явіўся артыкул аглядальніка расійскай “Комсомольской правды” , якая дзеліцца ўражаннямі ад наведвання Белавежскай пушчы. Тамтэйшы музей прыроды, на яе погляд, — нудны. Нічога не скажу на гэты конт, бо апошні раз быў у тым музеі яшчэ ў дзяцінстве. Але вельмі хачу, каб філіялы аршанскага комплексу не былі “нуднымі”. Тым больш, што колькасць іх цягам часу мае намер павялічвацца.

Быў, ёсць, будзе

Дырэктар музейнага комплексу Юлія Камарова распавядае, што адзін з мецэнатаў выкупляе ў Оршы дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч (вуліца носіць імя славутага празаіка, паэта і літаратурнага крытыка). Да 90-годдзя з дня нараджэння класіка дом будзе перададзены музейнаму комплексу.

У тым, што Орша — горад Караткевіча я пераканаўся шмат гадоў таму. І не здзіўляе мяне, што музей Караткевіча ніколі не бывае пустым. А ці не любы мінак на вуліцы распавядзе пра тое, дзе жыў пісьменнік, дзе вучыўся і вучыў, а дзе час бавіў. А вось падобнага друкаванага выдання (дапаможніка для турыста і не толькі), наколькі ведаю, пакуль няма. Усеагульная любоў да Караткевіча нагадвае ўсеагульную любоў да Высоцкага. І не толькі таму, што ў гэтых выбітных асоб — аднолькавыя імёны і імёны па бацьку. Абодва — прынцыповыя праўдарубы, абодва —
неўтаймоўныя летуценнікі і ўніверсалы ў прафесіі, абодва — недаравальна ўпартыя змагары з уласным здароўем.

У музеі Караткевіча прадаюцца сувеніры, звязаныя з жыццём і творчасцю цудоўнага чалавека, пісьменніка, на кніжках якога, не памылюся, выхоўваліся і выхоўваюцца пакаленні беларусаў. Таму хачу, каб значкі, паштоўкі, календары з выявай аўтара “Дзікага палявання караля Стаха”, ягоныя кнігі прадаваліся не толькі ў музеі, але і па ўсім горадзе.

Думаецца, месца ў Оршы хопіць і для ўладкавання помнікаў літаратурным героям Караткевіча. “Кніганошы”, да прыкладу, добра глядзеліся б на фоне цэнтральнай бібліятэкі. Чарговая кропка прыкладання сіл, у тым ліку, і фінансавых.

Без гісторыі не абысціся

Гэта мы пра горад гаварылі. Цяпер размова пра раён. Кажуць, грамада з Барані звярталася ў аддзел культуры з просьбамі адкрыць музей і ў іхнім мястэчку. Мы за Оршу, маўляў, не горшыя. Так што музейнаму комплексу расці ды расці. Яшчэ больш у гэтым пераканаўся пасля наведвання вёскі Смаляны. Ёю ў розныя часы валодаў не толькі ўплывовы род Сангушак, але (ёсць такое меркаванне) і каралева Бона Сфорца, непераможны палкаводзец Канстанцін Астрожскі, які больш за 60 бітваў з чужынцамі правёў і ніводнай паразы не пацярпеў. (Да слова, чарговы гістарычны брэнд гэтай зямлі.) Я люблю талерантных беларусаў, якія на справе шануюць сваю Радзіму.

Дык вось, Смаляны. Я хадзіў па іх як па музеі — чарговы скансэн, але на гэты раз — пад адкрытым беларускім небам. І сонейка мне спадарожнічала. Парэшткі касцёла, царквы чорнай цэглы і царква драўлянага дойлідства (цэлая і дагледжаная), руіны замка, які, бадай, адзіны на Беларусі мае ўласнае імя. А ёсць яшчэ будынак млына, падмурак сядзібнага дома, на якім узведзены адзін з карпусоў сельскагаспадарчага каледжа. А на мясцовых кладах — магіла філамата Томаша Зана.

На тэрыторыі не тое што адзінага сельвыканкама, але адзінай вёскі сабрана архітэктурнае “асарці” XVII — XIX стагоддзяў. І чарговая загадка напагатове. Мураваныя ды цагляныя збудаванні не вытрымалі выпрабаванне часам, а драўляная Спаса-Прэабражэнская царква — як той звон. У прыроды і гісторыі — розныя законы.

Затое ніякай загадкі ў тым, што нават на кансервацыю гэтых “хворых зубоў” няма пакуль ні рубля. Між тым, турысты ўжо цяпер гатовыя плаціць грошы за экскурсію па Смалянах. У маршрут можна ўключыць, распавядае кіраўнік музейнага комплексу Юлія Камарова, і вёскі Межава і Высокае, дзе захаваліся шляхецкія сядзібы і старасвецкія паркі. Адну з сядзіб выкупіў нейкі прыватнік, цяпер — змушана прадае.

Усё да драбніц пра вясковую архітэктутру і гісторыю ведае Марыя Варашылава — бібліятэкар сельскай бібліятэкі. Слухаць яе — адно замілаванне. У гэтую бібліятэку яна яшчэ дзіцём бегала. Як быў тут адзін пакойчык, так і застаўся. Вось у гэтым — ніякага замілавання, бо Смаляны — аграгарадок. А ў бібліятэцы няма месца ні для чытальнай залы, ні для фондасховішча. Камп’ютар ёсць, але пад Новы год зламаўся. Таксама радасці мала.

Дырэктар Аршанскай ЦБС Аксана Кулагіна дадае, што з 35 бібліятэк раёна камп’ютарызаваны толькі 24. Да інтэрнэту падключаны 13. Гадоў колькі таму я пісаў пра тое, што ўзімку на Аршаншчыне з-за адсутнасці зімовай гумы на колы кепска працуе аўтабібліятэка. Каб не браць грэх на душу, зазначу, што сёлета я вандраваў па раёне менавіта на бібліятэчнай мабільнай установе.

Наша кафля для вашага каміна

Аршанскі дом рамёстваў па якасці вырабляемай прадукцыі і навучальнай дзейнасці дзяцей і моладзі — установа ўнікальная. Гэткім жа адметным падаўся і цэнтр народнай творчасці і рамёстваў у гарадскім пасёлку Копысь. Прынамсі, сюды таксама можна і неабходна вазіць экскурсіі, што ў прынцыпе і робіцца.

Невялічкі экскурс у гісторыю. Ці не з XIV стагоддзя ў Копысі пачалі вырабляць гліняны посуд. Праславілася мястэчка ўнікальнай старажытнай кафляй. Рамяство адточвалася стагоддзямі. Але за росквітам час ад часу прыходзіць заняпад. Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў не як вытворчая адзінка, а як установа культуры пачаў працаваць у 2011 годзе. Апрача ганчарных майстэрняў ёсць тут на сёння магчымасці займацца лозапляценнем, разьбой па дрэве, саломкапляценнем. Узначальвае ўстанову Лілія Аркадзьеўна Кухарэнка. Рамёствы ў гуртках асвойвае 82 чалавекі, з іх дзяцей — 36. Вядучымі застаюцца ганчарныя майстэрні. Практыкуецца толькі ручная лепка і праца на ганчарным крузе.

У 2011 годзе ўстанову наведвае Прэзідэнт краіны. Сур’ёзная гаворка ідзе пра тое, каб істотна знізіць бюджэтныя ўкладанні, і павысіць долю даходаў за кошт рэалізацыі ўласнай прадукцыі.

Натуральна, самаакупнасць у сферы культуры — рэч пакуль не надта рэальная. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена больш простая задача: за кошт пазабюджэту аплачваць камуналку. Вось да гэтай мэты, сцвярджае кіраўнік цэнтра, калектыў рушыць досыць упэўнена.

Што дапамагае? Ганчары асвойваюць ліццё ў гіпсавую форму (посуд, фігуратыўныя рэчы) і выраб кафлі пад замову спажыўца. Доля пазабюджэтнай дзейнасці падскочыла ў разы. А сувеніры ў мясцовым салоне настолькі танныя, што любая экскурсія затарваецца па максімуму.

Але справа не толькі ў тэхналогіях, але і ў тым, як Лілія Аркадзьеўна наладжвае працу майстроў — іх у свой час яна адшуквала па наваколлі з рашучасцю чалавека, які ведае на што і для чаго ідзе. А ў пакоях рэй вядзе творчасць.

Указ № 506, натуральна, гарантуе шэраг падатковых льгот. І ў першую чаргу прэферэнцыямі будзе заахвочвацца той, хто ва ўмовах афшору зможа напоўніцу выкарыстаць і магчымасці пазабюджэту. Вучыцца той, хто не спадзяецца на бязмежныя фінансавыя ўліванні.У адваротным выпадку нічога акрамя “радна” не атрымаецца. І прарыў тут павінен быць не аўральным, а творчым, узважаным і прадуманым.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"