Свята сваімі рукамі

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Цэнтральная вуліца аграгарадка ўсё не сканчалася і не сканчалася. Нават стаў турбавацца, — а дзе ж яго ўстановы культуры, якія я меў намер ашчаслівіць сваім візітам? Ага, размясціліся яны, аказваецца, амаль ля самага выезду. Хоць, можа, я проста не з таго боку ў Жырмуны заехаў? І знаходзяцца яны акурат на ўездзе — бы гэткія візітоўкі? Хай так яно і будзе!

Вяртацца няма каму

Музычная школа ў Жырмунах пачала працаваць каля сарака гадоў таму. Пасля таго, як у 2011-м яна стала філіялам Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў, спецыялізацыя ўстановы не змянілася. Таццяна Цевель, якая прайшла кар’ерны шлях ад выкладчыка да дырэктара “музыкалкi”, вось ужо шосты год з’яўляецца загадчыцай філіяла.

У ім iгры на фартэпіяна, баяне, акардэоне і цымбалах навучаецца 20 дзяцей (насельніцтва аграгарадка складае каля сямісот жыхароў, а ў агульнаадукацыйнай школе вучацца 82 чалавекі). Калісьці быў і клас духавых, ды ў сілу розных аб’ектыўных прычын ён спыніў сваё існаванне. У філіяла ёсць два аддзяленні — у вёсцы Бастуны і аграгарадку Тракелі, у іх на тых жа інструментах спасцігаюць музычныя асновы па 16 чалавек. Найбольш запатрабаваны — фартэпіяна, найменш (што для мяне дзіўна) — баян і акардэон. Увесь педагагічны склад (за выключэннем загадчыцы) — з прыезджых.

— Гэта пра штосьці кажа? — пытаюся я Таццяну Аляксееўну.

/i/content/pi/cult/719/15702/21.JPG— Калі нашы выпускнікі хочуць застацца ў прафесіі, то наступнай прыступкай у сваёй адукацыі яны, як правіла, выбіраюць для сябе Лідскі або Гродзенскі дзяржаўныя музычныя каледжы, — спадарыня Цевель пачала адказваць як бы здалёк. — Але такіх, на жаль, зараз не шмат. У свой час “музыкалка” наша ў сярэднія навучальныя ўстановы пастаўляла куды больш вучняў. Праўда, і займалася ў ёй дзяцей больш. Тры — чатыры абітурыенты — гэта была норма, сёння за шчасце для нас, калі хаця б адзін выпускнік ідзе ў каледж, як гэта здарылася сёлета. Таму і вяртацца на выкладчыцкую працу няма каму. А хтосьці з нашых дзяўчат, якія скончылі каледж, выходзяць замуж і ўкараняюцца ў іншых населеных пунктах, хтосьці шукае працу лепей — і ў плане жыллёвых умоў, і фінансавых, і ўмоў працы. Хоць і ў нашай школе, і ў Жырмунах наогул з усім гэтым, як асабіста мне здаецца, усё ў парадку.

Падапечных сваіх Таццяна Аляксееўна, натуральна, любіць, за ўзровень іх майстэрства ручаецца, а таму трошачкі наракае на тое, што выступаюць яны пакуль толькі на раённых і абласных конкурсах. На яе думку, некаторыя з навучэнцаў маглі б прадстаўляць рэгіён і на фестывалях рэспубліканскіх. А калі б некаторыя таленавітыя выпускнікі працягнулі сваё музычнае навучанне, дык сёй-той з іх ужо, напэўна, “грымеў” бы на ўсю краіну.

/i/content/pi/cult/719/15702/22.JPGТаксама мая суразмоўца прызнаецца, што ў апошні час ёсць складанасці з камплектацыяй філіяла: здараюцца гады, калі ў яго набіраюць, што называецца, з міру па нітцы — па прычыне, пераважна, дэмаграфічнай. Мае патрэбу школа ў наладчыку, які быў бы ўвесь час пад рукой. Патрабуюць абнаўлення інструменты — хаця параўнальна нядаўна сёе-тое было набытае.

— Адпаведна, раённыя ўлады адгукаюцца на нашы просьбы, і на набыццё інструментаў сродкі выдзяляюцца, — патлумачыла загадчыца. — Як і вырашаюцца пытанні з заменай старой мэблі. Ёсць у нас камп’ютар, інтэрнэт, дзякуючы чаму дзеці на ўроках могуць, напрыклад, бачыць iгру выбітных музыкантаў.

Зрэшты, свае зоркі ёсць і ў саміх Жырмунах. Як, напрыклад, Марыя Басюкевiч, якая да сыходу на пенсію працавала на пасадзе тэхнічкi ў мясцовай агульнаадукацыйнай школе. Дзе не толькі выконвала свае прамыя абавязкі, але і прымала ўдзел у тамтэйшай мастацкай самадзейнасці. Захапленне песнямі і танцамі прыйшло да яе ў раннім дзяцінстве, і Марыя Канстанцінаўна неаднаразова прадстаўляла родныя працоўныя калектывы на разнастайных конкурсах.

Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, спадарыня Басюкевiч не рассталася з мастацтвам і працягвае несці яго ў масы Жырмунаў і раёна. Амаль 25 гадоў спявае яна ў хоры мясцовага касцёла Адшукання Святога Крыжа — і не толькі там. У Жырмунах пра Марыю Канстанцінаўну кажуць, што ні адно мясцовае свята без яе абысціся не можа.

— Я — тутэйшая зорка! — паўжартоўна паведаміла мне жанчына.

Ну і каму тады, як ні ёй, пракаментаваць “культурны фактар” жыцця Жырмунаў?

Каментарый Марыі БАСЮКЕВІЧ:

— Ды няма ў нас нічога такога, ужо зусім незвычайнага! І тое добра, што абрады спраўляем, на святах гуляем, у Цэнтры культуры і вольнага часу збіраемся, дзеткі ў Дзіцячую школу мастацтваў ходзяць. Адпаведна, людзі развіваюцца, ёсць у іх нейкія інтарэсы, а не прыліплі яны да гэтых, як іх... да Інтэрнэту! Карацей, задаволеная я тым, культурным жыццём, якім жыву і я сама, і Жырмуны!

“Наш другі дом”

“Атрымаўшы пас” ад Марыі Басюкевiч, я і накіраваўся ў згаданы ёй Цэнтр культуры і вольнага часу. Падыходзячы да яго, адчуў дэжавю. Не стану называць той населены пункт, немалая тэрыторыя перад домам культуры якога нагадала мне пустку (а раптам там усё ўжо змянілася ў лепшы бок, а тут я са сваёй соллю на рану?), але пляцоўка ля ЦКiВЧ Жырмунаў мне пра той выпадак нагадала. Маштабны будынак тутэйшага галоўнага агменю культуры выглядаў неяк гола. Выдатна, што атачалі яго зялёныя насаджэнні, але неяк сіратліва яны глядзеліся. Хацелася дапаўненняў у выглядзе якіх-небудзь малых архітэктурных формаў, драўляных скульптур эксклюзіўнага каларыту, нагляднай агітацыі адпаведнага толку, яркіх анонсаў і афіш, у рэшце рэшт!

З гэтых маіх “прэтэнзій” і пачалася гутарка з загадчыцай установы Святланай Вараноўскай. На што рушыла ўслед кароткае:

— Вашу заўвагу да ведама прыняла. Але мы і самі думаем, як зрабіць так, каб пляцоўка ля Цэнтра мела больш кідкі выгляд.

Святлана Іванаўна ў культуры 18 гадоў. Па сканчэнні Гродзенскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр народных абрадаў і святаў”, яна працавала ў жырмунскiм Доме культуры мастацкім кіраўніком. Восем гадоў таму яго ўзначаліла, а два гады таму ён стаў Цэнтрам культуры і вольнага часу.

У ЦКiВЧ дзейнічаюць самыя размаітыя гурткі: дзіцячага мастацкага чытання, драматычны, фальклорна-абрадавы, эстрадных спеваў. Ёсць аматарскае аб’яднанне “Утульнасць” для пажылых людзей, у якім яны займаюцца рукадзеллем, ёсць вакальны гурт “Рэчанька”, што выконвае, у асноўным, народныя творы. Афіцыйна ў гэтых фарміраваннях занята 106 чалавек, а рэальна — значна больш.

— І моладзь сілком зацягваць у Цэнтр не даводзіцца, адгукаецца яна на нашы прапановы з ахвотай, дый і сама нешта прапаноўвае. Не распешчаны тутэйшыя людзі гарадскімі культурнымi разнастайнасцямі, а таму з задавальненнем ладзяць святы для сябе — сваімі мазгамі і рукамі, — распавяла загадчыца.

І гэта яе сцверджанне — не галаслоўнае. Сам быў сведкам таго, як да спадарыні Вараноўскай завіталі мясцовыя дзяўчаты, якія, хутчэй за ўсё, ужо распрацавалі план чарговай імпрэзы і прыйшлі падзяліцца сваімі задумамі.

У зону абслугоўвання ЦКiВЧ уваходзіць 21 населены пункт, у якія артысты ўстановы рэгулярна наведваюцца з выступамі, ладзячы як невялічкія канцэрты, так і масавыя святы вёсак. З гэтых гастроляў работнікі Цэнтра і многае чэрпаюць і для сябе — да прыкладу, пераймаючы ад мясцовых насельнікаў невядомыя нюансы быццам бы добра знаёмых абрадаў.

Да брэндавых мерапрыемстваў сваёй установы Святлана Вараноўская адносіць Дзень моладзі, які праводзіцца ў Цэнтры і яго ваколіцах, уключаючы ў сябе не толькі канцэртную частку, але і спартыўныя спаборніцтвы ды розныя флэшмобы. Сярод іншых забаў для насельніцтва аграгарадка — дыскатэкі (летам, праўда, толькі для дзяцей), канцэрты філарманічных артыстаў з Гродна, кінапаказы — хай і на невялікім экране.

Раскрытыкаваўшы прылеглую да Цэнтра тэрыторыю, дзеля справядлівасці я ўсё ж мусіў адзначыць, што сам будынак, нягледзячы на яго спелы ўзрост у 35 гадоў, стварае моцнае ўражанне — і сваім памерам, і дагледжанасцю, і цікавым інтэр’ерам фае.

— А як жа не сачыць за станам Цэнтра?! Гэта ж наш другі дом! Ледзь што не так, адразу б’ем у званы — маўляў, не спраўляемся ўласнымі сіламі. І тады спяшаецца на дапамогу раён. Так, нядаўна нам залаталі дзе-нідзе дзіравы дах.

— Касцюмамі, аргтэхнікай забяспечаны?

— І камп’ютары ёсць, і іншыя прылады, па меры неабходнасці абнаўляецца рэквізіт, шыецца сцэнічная вопратка. Наогул, скардзіцца і сядзець склаўшы рукі — гэта не пра нас.

Крытыкуючы, прапануй!

У прыўзнятым стане духу пакідаў я гэты аграгарадок, бо яго жыхары не чакаюць, што да іх прыйдуць і нешта прапануюць, а самі праяўляюць ініцыятыву. Здавалася б, “культурны набор” тут той самы, што і паўсюль, але ж настрой не такi, як там, дзе ўсё ідзе па накатанай.

А што тычыцца недахопаў, якія, на думку некаторых, так любіць вышукваць “К”… На тое патрэбна наша газета, каб вочы на месцах не замылiвалiся. Дый крытыкуем мы з любоўю — перажываючы, прапаноўваючы, а не дзеля самой крытыкі. І выдатна, калі нас у гэтым разумеюць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"