Сад, дзе разыходзяцца сцяжынкі

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

На новую кнігу расійскага тэатральнага крытыка Марыны ДАВЫДАВАЙ тутэйшыя тэатралы зладзілі сапраўднае паляванне. Не паспела “Культура Zero. Нарысы рускага жыцця і еўрапейскай сцэны” з’явіцца ў маскоўскіх кнігарнях, як з Беларусі паляцелі на яе замовы. На лекцыю-сустрэчу да аўтара прыйшла падрыхтаваная публіка: і тая, якая чытала зборнік з алоўкам у руках, і тая, што здзівілася неадназначнаму выказванню пра не зусім еўрапейскую тэатральную плынь Магілёва. Аўтарытэтны тэатразнаўца дзялілася з аўдыторыяй развагамі пра знікненне бар’ераў унутры тэатральнага поля.

/i/content/pi/cult/713/15596/2_opt.jpeg— Межы ўвогуле становяцца неактуальнымі, дык што тут казаць пра мастацтва? Усё больш з’яўляецца гібрыдных формаў. Тэатр, як ні дзіўна, у гэтых умовах апынуўся ў найбольш выгадным становішчы. Памятаю, што яшчэ ў гады майго студэнцкага юнацтва актыўна дэбатавалася пытанне, наколькі тэатр застанецца жыццездольным у новым свеце — пры наяўнасці кіно і лічбавых тэхналогій, якія наступалі на нас. Нам здавалася, што тэатр — мастацтва, якое амаль не тыражуецца і не канвертуецца. Музыка, літаратура, кіно — гэта ўсё можна перадаваць на носьбітах, а тэатр, як рэч унікальная, будзе пасунуты на ўзбочыну.

Аднак назіраючы за культурным працэсам, я ўсё больш упэўніваюся, што тэатр наадварот у апошнія гады апынуўся ці не ў самым цэнтры мастацкага жыцця. Канешне, гэта мае і негатыўныя наступствы. У Расіі большая частка скандалаў у сферы мастацтва сканцэнтравана вакол тэатральных падзей. Зняцце “Тангейзера” Цімафея Кулябіна, працэс над Гогаль-цэнтрам, спробы сарваць спектаклі Канстанціна Багамолава і гэтак далей — тэатр нечакана апынуўся ў эпіцэнтры грамадскіх падзей. Аднак гэты сацыяльны эфект — дадатковае наступства. А ёсць больш сутнасныя рэчы.

Кіно мае толькі адзін спосаб прэзентацыі — на экране. Літаратуру можна паднесці адно ў выглядзе кнігі (папяровай ці электроннай). Тэатр можа, як высветлілася, даходзіць да гледача самымі рознымі спосабамі. У звыклым тэатральным будынку, з дадатковай кінатрансляцыяй, з задзейнічаннем відэа-арта.

Сучасны тэатр можа дазволіць сабе не карыстацца паслугамі прафесійных артыстаў (як, напрыклад, нямецкі калектыў “Рыміні Пратакол”): у першую чаргу важны чалавек, які валодае пэўным досведам. Тым самым задаюцца новыя стандарты існавання на сцэне.

Болей за тое — тэатр можа ўвогуле пазбавіцца артыстаў, ствараючы дзеянне з дапамогай рэчаў, як робіць нямецкі рэжысёр Хайнер Гёбельс. У адным са спектакляў ён замест галоўных герояў вывеў да гледача пяць аўтаматычных раяляў.

Тэатр сам можа быць інсталяцыяй, дзе публіка ходзіць вакол акцёраў, каб разгледзець ва ўсіх падрабязнасцях, што яны робяць. Ці возьмем пастаноўкі Сашы Вальц у прасторы без глядзельнай залы, дзе адначасова дзейнічае адразу шмат сцэнічных пляцовак, а глядач складае свой спектакль, бо кожны блукае па ўласнай траекторыі. Па ходу перамяшчэння з аднаго яруса на другі раптоўна сярод гледачоў узнікаюць акцёры, і ты не ведаеш, у які момант і ў якім месцы станеш сведкам новай мізансцэны. Ідзеш і прыглядаешся да людзей побач — гэта такі ж, як ты, сузіральнік або акцёр, які рыхтуецца да чарговага перформансу?

Усё ўсмоктваючы і ўсё прысвойваючы, тэатр несупынна захоплівае новыя тэрыторыі. Паглядзіце праграмы буйных еўрапейскіх форумаў: яны ўключаюць нават перфарматыўныя выставы, якія яшчэ нядаўна куды больш лагічна выглядалі, скажам, на Веніцыянскай біенале, чым на тэатральным фэсце. У сучаснага тэатра абсалютна луджаны страўнік. Ён усё можа ў сябе ўвабраць, пераварыць, ператварыць у сябе.

Сённяшнія рэжысёры — асобныя сусветы, якія існуюць па сваіх законах. Яны ўжо не інтэрпрэтатары чужога тэксту, а сапраўдныя творцы тэатральнай рэальнасці. Таму, на мой погляд, бессэнсоўна ісці на рэжысёрскі факультэт з мэтай “навучыцца ставіць спектаклі”. Гэта не тое майстэрства, якое можна перадаць з рук у рукі. У ВНУ ідуць па творчае асяроддзе, але ўжо з адчуваннем, што табе хочацца выказацца. Мне шкада, калі часам студэнты-рэжысёры настолькі замучаныя вучобай, што ім няма часу прыйсці ў тэатр. Дзе, як не ў глядзельнай зале, вучыцца, акумулюючы досвед выбітных пастаноўшчыкаў?

Мне часта падчас лекцый задаюць пытанне: дык які ж ён, сучасны тэатр, як яго ахарактарызаваць? На мой погляд, калі і падбіраць адно паняцце для вызначэння, то гэта будзе слова “розны”. Трэба адкінуць усе спробы даць яму жорсткія дэфініцыі. Сучасны тэатр — гэта сад, у якім разыходзяцца сцяжынкі, і ты можаш рушыць абсалютна ў любы бок.