Калі наўкола ўсе — “Свае”

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Ганцаўшчына: вытокі як генеральны шлях развіцця
Ганцавічы пачынаюцца з Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча: на першым пры ўездзе пяціпавярховіку — вялізны партрэт класіка. “Спыніцеся, калі ласка, ля Якуба Коласа!” — просіць пасажырка маршруткі. Народны пісьменнік — шчыры арыенцір тутэйшага жыцця. Менавіта ў ганцавіцкай глыбі Палесся, у вёсцы Люсіна, ён дае першы ўрок сялянскім дзецям, вучыць іх крытычна ставіцца да жыцця, думаць, параўноўваць, аналізаваць. У сённяшніх Люсіне, Раздзялавічах, Хатынічах жывуць і працуюць праўнукі коласаўскіх вучняў, якія перадаюць тую навуку з пакалення ў пакаленне.

 

/i/content/pi/cult/710/15548/12.jpgКабеты спяваюць песні бабуль. Бабулі носяць даматканыя спадніцы, месца якім — у музеі. Моладзь і дзеці падпяваюць ды падтанцоўваюць, успрымаючы такі лад жыцця натуральным і адзіна правільным. А мясцовыя пастухі “ссабойку” носяць, бывае, у берасцяных карабах. І гэта не адмова ад прагрэсу і цывілізацыі, а натуральная і шчыльная повязь з векавой традыцыяй. Так, урэшце, больш зручна.

Напэўна, трапна вызначыў прыярытэт развіцця аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі яго кіраўнік Віктар Супрун. Гэты прыярытэт — у развіцці фальклорных форм працы. Насельніцтва, маўляў, старэе, моладзь шукае палёгку ў гарадах. На таленавітых бабуль і іх юных паслядоўнікаў — толькі і спадзеў. Спеўныя бабулькі — гэта народныя гурты з Раздзялавіч і Хатыніч — “Завіца” (што азначае “жонка брата”; усе ў калектыве — сваякі ды родзічы) і “Хатовічы”. А таксама — іхнія спадарожнікавыя дзіцячыя ансамблі “Раўчукі” ды “Крынічка”. З гэтай “расады”, па словах кіраўніка аддзела, і павінна вырасці раённая фальклорная культура. Такі “сельскагаспадарчы” падыход і падаўся цікавым.

 

Драздовіч адпачывае

Якім павінен быць дом рамёстваў? Пастаянна задаю сабе гэтае пытанне і пастаянна знаходжу ў раёнах усё новыя і новыя адказы. Адно зразумела (уплыў шаноўнага Яўгена Сахуты): такія ўстановы не павінны быць абцяжаранымі планамі па аказанні платных паслуг. Калі РДР актыўны і багаты на таленты, дык фактычны продаж сувеніраў і павінен вызначаць фінансавы мінімум ад камерцыйнага шчыравання. Усе астатнія высілкі, як мне падаецца, павінны ісці на заняткі з дзецьмі (пераемнасць традыцый) і навуковую дзейнасць (экспедыцыйныя пошукі, рэканструкцыі страчанага).

Пасля наведвання Ганцавіцкага РДР магу з пэўнай доляй упэўненасці сказаць: прыблізна такім дом рамёстваў і павінен быць. І справа тут, на жаль, не ў тым, што ва ўстанове няма вытворчага плана. Не. Проста ў РДР працуюць маладыя дзяўчаты з вышэйшай адукацыяй і дакладным веданнем, якім павінна быць жыццё такога ўнікальнага палескага райцэнтра, як Ганцавічы. Інакш кажучы, яны, гэтыя маладыя, і ўзялі на сябе адказнасць за шчаслівы лёс вясковай “расады”.

Я быў тут, калі рамесніцкім працэсам кіравала знакамітая вышывальшчыца Марыя Муха (яна, неабыякавая, і цяпер прыходзіць на дапамогу). У старэнькім драўляным будынку што толькі раней ні месцілася: і музычная школа, і бібліятэка, і штосьці яшчэ… Сёння я той будынак не пазнаў. Якасна адрамантаваны не толькі ён. Добраўпарадкаваны пляцык ля ўстановы, побач з векавымі дубамі з’явілася альтанка-паветка. Але куды больш унушальныя змены — унутры. І не толькі рамонт я маю на ўвазе. Дырэктар РДР Маргарыта Саланевіч, кіраўнік клуба майстроў “Багач” Галіна Савеня і малодшы навуковы супрацоўнік установы Наталля Білімава пакрысе сабралі вакол сябе таленавітых, яркіх, нестандартных. І гэта я пакуль толькі пра, так бы мовіць, пазаштатнікаў. Сёння ў РДР дэманструюцца жывапісныя работы 25-гадовага цырульніка Таццяны Коўш. Як па мне, бліскучыя творы самых разняволеных фарбаў. Адна з работ — на фота.

А ёсць яшчэ штатныя майстры-рамеснікі: Таццяна Зялёнка, Алена Цялушка, Вольга Івановіч, практыкант Эмануіл Астахаў. У гуртках займаюцца паўсотні дзяцей, засвойваюць ткацкае, ганчарнае мастацтва, вышыванне, роспіс па шкле і тканіне. Нядаўна знайшлі такі дыванок (у лядашчым, праўда, стане), што нават знакаміты Язэп Драздовіч адпачывае! Прынамсі, інсітам тут і не пахне. Рэканструкцыю цуда бліскуча зрабіла Вольга Івановіч. Я такой прыгажосці, шчыра кажучы, ніколі не бачыў.

Свята ля паветкі

Маргарыта Саланевіч зрабіла сваю арганізацыю запатрабаванай. Вы зараз зразумееце, што тут да чаго. Тры гады будынак рамантаваўся. Майстры займаліся ў памяшканнях гарсавета і школы-інтэрната. Дваццаць гадоў збіралася база дадзеных пра рамёствы і іх носьбітаў, цяпер яна займае каля ста гігабайтаў на жорсткім дыску! Пастаянна павялічвалася кола сяброў РДР. Усе гэтыя колькасныя паказчыкі не маглі не перарасці ў якасць.

Мінімум чатыры разы на год падчас вялікіх каляндарных святаў ля Ганцавіцкага РДР збіраюцца вышэйназваныя гурты з вёсак, моладзь, дзеці з бацькамі, сваякі ды родзічы. І пачынаецца дзея (абрады, спевы, танцы, гульні), якая кружыць галаву нават прафесіяналам у справе вывучэння аўтэнтыкі. Прынамсі, вядомы этнограф Сяргей Выскварка, кажуць, быў здзіўлены. А пачыналася ўсё з Батлейкі.

Сёння праект — доўгатэрміновы ды разлічаны ці не на ўсе ўзроставыя катэгорыі. І назва супер: “Свае”! Сваіх з кожным годам усё больш і больш. Так што прагнозы Віктара Супруна — самыя рэальныя.

Сёлета ў Люсіна я не заязджаў. У тым ліку і таму, што вакансія кіраўніка клубнай установы там на сёння адкрытая. Не мела жанчына спецыяльнай адукацыі, хоць і адпрацавала больш за два дзясяткі гадоў, калі з’явілася магчымасць, пайшла на працу ў краму “Еўраопт”, дзе заробак куды большы. А душа, кажуць, баліць… Можа, вернецца?

У адным будынку з РДР — філіял гарадской бібліятэкі, дзе працуе Зоя Літвіновіч. Мы з ёй знаёмыя яшчэ па Люсіна (вёска — кузня кадраў не толькі для супермаркетаў). Бібліятэкарка — таксама “свая”. Падарыла мне кніжку са зборам мясцовых дыялектызмаў. Выдадзена яна сіламі бібліятэкі. Не першая і не апошняя. І тут вось якую праблему агучыць варта. У нас па Беларусі сям-там вёскі знікаюць пад дэмаграфічным ціскам, разам з пенсіянерамі сыходзяць у нябыт песні, танцы, адмысловая гаворка — можа, не такая ўнікальная, як на Палессі, але ж не менш значная для ўсведамлення таго, які багаты наш народ на Слова. Сумна. Але ў Ганцавіцкім раёне Слова застаецца жывым.

Я паглядзеў, як дзятва гуляе пад старасвецкімі дубамі ў нацыянальныя гульні, і паверыў, што пераемнасць на Ганцаўшчыне — не пусты гук. І вельмі не хочацца ў гэтым памыліцца.

Чарговая задумка Маргарыты Саланевіч таксама палягае ў прасторы праекта “Свае”. Яна хоча пашырыць магчымасці этнамузея РДР і стварыць этнамайстэрню для дзяцей з бацькамі. Будуць тут маленькія кросны, іншы рыштунак для творчага разняволення, якім найперш і вызначаецца сапраўдны паляшук.

“Не кіну дуду!”

А бываюць яшчэ і такія праекты, дзе не Слова на першым месцы, а беларускі Гук. Маю на ўвазе ўзорны ансамбль духавых народных інструментаў “Дударыкі”, што дзейнічае з 2003 года пры Ганцавіцкай школе мастацтваў.

Тут вось пра што хачу распавесці. Калі сыны мае былі маленькімі, наведалі мы Гальшаны. Экскурсавод, паказаўшы ўсё старасвецкае, спыніўся ля свінафермы: “У сістэме яе гноевыдалення выкарыстаны арганныя трубы мясцовага касцёла”. Мы памаўчалі, усведамляючы штосьці выключна важнае.

Такі ўчынак гаспадарнікаў — гэта адзін прыклад. Не буду яго нават каментаваць. А вось прыклад зусім іншы. У “Дударыках” дзеці літаральна пішчаць ад нагрузак, бо ўсе без выключэння граюць на асноўным інструменце, на гітары ці на фартэпіяна, ды займаюцца яшчэ ў спартыўных гуртках. Пішчаць, але дудак сваіх не кідаюць. Чаму? Гучыць, напэўна, у тых дудках з сярэднявечча подых забітага гальшанскага аргана, які не павінен перарывацца. А за Сярэднявеччам заўжды прыходзіць пара Адраджэння.

“Дударыкаў” прыдумала выкладчык ДШМ Любоў Занько, якая яшчэ паспявае спраўляцца з абавязкамі рэгента дзіцячага ды маладзёжнага хароў нядзельнай школы, царкоўнага хору Свята-Ціханаўскага храма ў Ганцавічах, ды і сама піша музыку. Я не буду пералічваць узнагароды тых калектываў, якія курыруе спадарыня Занько. Іх — шмат. І не ў іх справа. Галоўнае, што за гады існавання дзіцячага дударскага ансамбля, аналагаў якому, падаецца, няма ва ўсёй краіне, прайшлі праз яго дзясяткі маладых людзей. Прайшлі і зразумелі, што дудка, акарына, жалейка, дуда ўскалыхваюць душу не меней, чым фартэпіяна ці арфа.

Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Іван Чарнецкі ганарыцца такім набыткам, як “Дударыкі”. Маўляў, сапраўдны музыкант жывіць сваю творчасць найперш з родных крыніц. А для мяне зразумела адно: і “Свае”, і “Дударыкі” — узаемадапаўняльныя складнікі агульнай справы выхавання пераемнасці. У іншых раёнах ды абласцях пра гэта таксама шмат гавораць, але здараецца так, што размовамі ўсё і сканчаецца.

Ваяр, працаўнік, спартсмен

Гэта ўсё — пра каня. Чарговая праектная гісторыя. Знаёмства з Ганцаўшчынай пачалося для мяне ў свой час з сустрэчы з мясцовым метадыстам Мікалаем Ленкаўцом. Вось дзе сапраўдны паляшук! Справу сваю робіць моўчкі, але вынік такі, што ў метададдзелах іншых раёнаў зайздросцяць чорнай зайздрасцю. Мы пра гэта крыху далей пагаворым, а цяпер вернемся да ваяра, працаўніка і спартсмена.

Справа ў тым, што вёска Агарэвічы належала калісьці панам Свяжынскім. У іхнім драўляным маёнтку сёння — кантора сельгаспрадпрыемства. А побач калісьці быў іпадром, манеж для выезду. Свяжынскі лічыўся вядомым конезаводчыкам. За савецкім часам гэтыя традыцыі збольшага захаваліся: працавала спартыўная конная школа. Таму і ўзнікла ў Ленкаўца ідэя стварыць у мясцовым СДК музей каня, які і ваяр, і спартсмен, і працаўнік. Паколькі конная школа неўзабаве знікла, праект так і застаўся нерэалізаваным. Аднак нядаўна высветлілася, што справа можа займець працяг. І заслуга ў гэтым належыць у пэўнай ступені Ірыне Сабецкіс.

Знаёмцеся!

Пра шчасце

/i/content/pi/cult/710/15548/13.jpgЦяпер — пра шчасце і шчаслівых. Ірына Сабецкіс — дырэктар Агарэвіцкага СДК. Так атрымалася, што скончыла мясцовую школу — і адразу стала выконваць абавязкі клубнага кіраўніка. А будынак установы па тым часе быў старэнькім, усе буйныя імпрэзы ў кавярні ладзіліся. І толькі ў 1992 годзе пабудавалі Палац культуры з маркізамі, паркетам і вялізнымі памяшканнямі. Было па тым часе дырэктару 22 гады.

Распавядае, што страху не адчувала. У школе кіравала камсамольскай арганізацыяй — адпаведна, з людзьмі ладзіць навучылася. Потым, на зломе СССР, пачаліся праблемы з ацяпленнем двухпавярховага гмаху. Дзякуючы губернатару пытанне было паступова вырашана. На такіх учынках і грунтуецца аўтарытэт кіраўніка.

Яна паступова сабрала вакол сябе адмысловых спецыялістаў: Алу Мірзаліеву (студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва стала ўзорнай); вышывальшчыцу Алену Цецярынку, якая таксама кіруе вакальнымі гурткамі; Алу Шаматульскую — кіраўніка тэатральнай студыі “Скарамуш”. А сама ўзначаліла аматарскае аб’яднанне “Дайджэст-клуб”, дзе, па сутнасці, рыхтуе з дзяцей будучых клубных работнікаў. Студыя таксама стала ўзорнай. У раёне на сёння толькі адзін СДК, які мае два ўзорныя калектывы. І знаходзіцца ён у Агарэвічах.

Затым спадарыня Ірына паступіла ў Інстытут культуры, заканчвала ўжо Універсітэт. Няпоўны год адпрацавала метадыстам у раённым метадцэнтры. Зразумела, што адказвае адначасова за ўсё і ні за што. Калі не стае прасторы для творчага развіцця, трэба мяняць месца працы. Яна зноў вяртаецца ў родныя Агарэвічы і ўздыхае з палёгкай: на малой радзіме перспектывы адкрываюцца неблагія. Нечакана прыязджае з Польшчы ў Агарэвічы далёкі сваяк Свяжынскіх і вырашае адрамантаваць маёнтак, пачысціць сажалкі, адрадзіць конегадоўлю. Дырэктарка адразу ўступае ў перамовы з патэнцыяльным спонсарам. Паколькі з’яўляецца магчымасць зрабіць у вёсцы аграсядзібную зону адпачынку, дык ці можа тут стаяць у баку СДК? Так што Музей каня — справа цалкам рэальная.

Вучыцеся быць шчаслівымі!

Замест заканчэння

Нічога не знікне?

Наспеў час пагаварыць пра рэалізаваныя праекты Мікалая Ленкаўца. Ён родам з вёскі Лактышы. Шануючы малую радзіму, стварыў там шэраг музейных пакояў: рыбалоўства, этнаграфіі, васьмігадовай школы, здаровага ладу жыцця “Антыбахус”. А ўстановы культуры ў Лактышах скасоўваюцца з-за аптымізацыі. Няўжо былі дарэмнымі старанні метадыста?

/i/content/pi/cult/710/15548/14.jpg“Не!” — у адзін голас адказваюць начальнік аддзела ІРКСМ Віктар Супрун і дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольга Быковіч. Усе гэтыя музеі будуць размеркаваны па клубных установах раёна. У Агарэвічах, да прыкладу, ужо зроблена “зона здароўя”, а мясцовыя юныя мастакі з веданнем справы распісваюць і пераўтвараюць пустыя пляшкі ў творы мастацтва. Паколькі “Антыбахус” створаны на падставе калекцыі пляшак з-пад спіртнога, такі “бутэлечны” сінтэз як раз да месца. Значыць, знакамітаму на ўсю краіну антыалкагольнаму музею быць у Агарэвіцкім СДК. Будзем спадзявацца, што і з іншымі калекцыямі пытанне вырашыцца гэтак жа акуратна.

І апошняе. Па словах Віктара Супруна, пытанне з вакансіяй у Люсіна будзе вырашацца аператыўна, бо ўзнікла ідэя стварыць экалагічную сцежку ад вёскі да дубровы, дзе Лабановіч сустракаўся з любай Ядвісяй. Я ж кажу: на Ганцаўшчыне ўсё пачынаецца з Якуба Коласа! Ім мы і закальцуем гэты аповед.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"