— Як фарміруецца афіша вашага тэатра? Усё ж у рэжысёра і дырэктара, нават калі яны ў адной асобе, розныя мэты: рэжысёр прагне самавыяўлення, дырэктар жа клапоціцца пра запаўняльнасць залы.
— Я з тых рэжысёраў, хто хоча, каб спектаклі былі найперш цікавымі. Пры гэтым, заўважце, у нас няма ніякіх перакосаў у забаўляльны жанр. Так што дзве мае пасады ніяк не супярэчаць адна адной.
— Лічыцца, што глядач прагне адно камедый. Не як рэжысёр ці дырэктар, а як псіхолаг вы можаце неяк пракаментаваць такое сцвярджэнне?
— З ім можна пагадзіцца і адначасова не. Лічу, гэтая скажоная формула ўзнікае з-за таго, што некаторыя чамусьці ўпэўнены, быццам сур’ёзны спектакль не можа быць цікавым для шырокай публікі. Атрымліваецца падмена паняццяў: азначэнні “цікавы” і “вясёлы” ўспрымаюцца сінонімамі, хаця насамрэч гэта не так. Адпаведна, знак роўнасці ставіцца між сур’ёзным і сумным, на якім можна заснуць: маўляў, драма і тым больш трагедыя патрабуе выключна інтэлектуальнага, трэніраванага гледача. Насамрэч, такая гульня з сэнсамі не мае пад сабой ніякай падставы. Любы спектакль, незалежна ад жанру і зместу, можа быць сумным ці захапляльным. Так што праблема тут крыецца ў няўменні рабіць цікавыя спектаклі. І ў тым, што прыцягнуць публіку
абяцаннем чагосьці смешнага — прасцей. Мне
заўжды хацелася ламаць стэрэатыпы, і прыкладам можа быць пастаноўка мюзікла Кіма Брэйтбурга “Джэйн Эйр”.
— Вы зрабілі сваю сцэнічную версію гэтага твора, якая прынцыпова адрозніваецца ад пачатковай аўтарскай пастаноўкі Мікалая Андросава, увасобленай і ў нашым Музычным тэатры. У вас — усё ўсур’ёз, без таго казачна-меладраматычнага флёру, што ўласцівы расійскім кінасерыялам, без аперэтачнага падзелу на лірычныя і характарна-гратэскавыя амплуа. Затое з падвойным складам дзеючых асоб: адных і тых жа герояў іграюць і драматычныя артысты, і прафесійныя спевакі.
— Была некаторая асцярога: мюзікл не смешны, з драматычнымі жыццёвымі калізіямі і дастаткова ўмоўным хэпі-эндам. Ці можа такога роду музычны спектакль стаць прыцягальным для гледача? Тым больш, што ўсе ранейшыя музычныя пастаноўкі нашага тэатра былі забаўляльнымі і не прадугледжвалі глыбокіх перажыванняў публікі. А гэты спектакль мы наўмысна пазбаўлялі камізму: калі маці і сёстры задумваюць зло, гэта не можа быць лёгка і весела — гэта папраўдзе страшна, павінны мурашы бегчы па скуры. Музыку мы, вядома, не змянялі, але ў гэтай пастаноўцы яна пры ўсёй сваёй легкаважкасці і легкадумнасці яшчэ больш узмацняла трагізм сітуацыі: які цынізм патрэбны, каб рабіць зло з усмешкай і непрыхаванай радасцю.
— Адразу бачна прафесійнага псіхолага! Наколькі дапамагае вам гэта прафесія ў вашай цяперашняй дзейнасці?
— Без псіхалогіі нідзе не абысціся. Мэта рэжысёра — не проста неяк уздзейнічаць на акцёраў, тлумачыць ім і гледачам псіхалагічную падаплёку ўчынкаў персанажаў, а ствараць якасны тэатральны прадукт. Каб гэтага дасягнуць, важна разумець, што адбудзецца ў душы тых, хто ўбачыць той ці іншы спектакль. Здольнасць да гіпатэтычнага, але максімальна дакладнага ўспрымання рэакцыі публікі — гэта спецыфічная псіхатэрапеўтычная велічыня. Веды ў галіне псіхатэрапіі вельмі дапамагаюць трэніраваць эмпатыю — уменне адчуць стан іншага чалавека. Урэшце, гэта дапамагае мне ствараць спектаклі, якія б хвалявалі, бударажылі публіку, не пакідалі б яе абыякавай ні эмацыйна, ні інтэлектуальна. Што ж тычыцца пасады дырэктара, дык кожны кіраўнік незалежна ад сферы дзейнасці мусіць быць добрым псіхолагам — каб весці за сабой калектыў. Мне пашанцавала, што я сумяшчаю і абедзве пасады, і ўсе тры прафесіі.
— Ваш тэатр, з аднаго боку, драматычны, з другога — музычны. Гэта ж дзве розныя трупы і вялікі галаўны боль.
— Трупа ў нас адна. Але на музычныя спектаклі мы запрашаем прафесійных вакалістаў. І хаця сярод іх ёсць замежныя артысты і нават беларускія — той жа Анзор Алімірзоеў, перавагу аддаем спевакам нашага горада.
— Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх рэпетыцыях ці проста ўводзяцца ва ўжо гатовы спектакль?
— Яны запрашаюцца на той ці іншы праект, а не проста праспяваць прэм’еру ці аздобіць чарговы спектакль. Многія вакалісты са здзіўленнем адзначаюць, што ў нашых пастаноўках іх чакаюць куды больш складаныя драматычныя задачы, чым яны прызвычаіліся. Што нават у так званым лёгкім жанры, у той жа аперэце, яны павінны ствараць не хадульных трывіяльных персанажаў, а глыбокія чалавечыя характары, дасягаць сапраўднага драматызму, у які публіка паверыць, нават ведаючы, што наперадзе — шчаслівы фінал.
— Чула, што вы ўвогуле імкнецеся да оперы. Калі верыць інтэрнету, калісьці так і было: з 1959-га ў вас ставіліся аперэты і оперы, але не мелі поспеху, і праз тры гады тэатр закрыўся. Не баіцеся сумнай “рэпрызы”?
— Дзякуй, што пра гэта запыталі. Сапраўды, мы імкнемся да стварэння Дзінабургскай оперы (Дзінабург — першая назва горада). Але гэта будзе не наш тэатр — асобны: опера будзе хіба прынікаць да нашага тэатра. Мы шмат гаворым пра гэта з гарадскімі ўладамі. Спадзяюся, цягам бліжэйшых двух гадоў усё здзейсніцца. Таму мне так хочацца, каб вакалісты, што ёсць у горадзе, ды не працуюць пакуль у тэатры, прыбіваліся да нас. Каб яны былі гатовыя выконваць складаныя не толькі спеўныя, але і ўласна драматычныя задачы. Каб не пачувалі сябе на сцэне адно канцэртнымі салістамі — каб гэта былі менавіта артысты.
— Краіна операй не абдзелена: Рыга славіцца знакамітай Латвійскай нацыянальнай операй і балетам, што вядзе свой адлік ад 1863 года. У цяперашнім рэпертуары, між іншым, там ёсць і “Прыгоды валацугі” Ігара Стравінскага, і “Дыялогі кармэлітак” Франсіса Пуленка, чым можа пахваліцца далёка не кожны калектыў. Навошта краіне, не самай вялікай па памерах, яшчэ адна опера? У нас, да прыкладу, такія пытанні ставяцца рэгулярна.
— Тады я магу перафразіраваць: навошта вам той жа “Славянскі базар у Віцебску”? Няўжо ў сталіцы фестываляў не стае? Опера патрэбна найперш самому гораду — а тым больш Даўгаўпілсу, які знаходзіцца ў даволі дэпрэсіўным раёне Латвіі. Стварэнне оперы — гэта такі амбіцыйны план, які, да ўсяго, дапаможа нам усвядоміць сваю значнасць. Невыпадкова ж гавораць: калі хочаш быць заможным, спачатку адчуй сябе такім. Так і тут: стварэнне опернага тэатра дапаможа гораду адчуць сябе паспяховым. У нас ёсць і іншыя славутасці — той жа Арт-цэнтр імя Марка Роткі, які з’яўляецца культурным аб’ектам сусветнага значэння.
Калі мы зразумеем, што ў нас багата таго, чым можна ганарыцца, дык і стаўленне да нашага рэгіёна зменіцца — і з боку самой Латвіі, і з боку Еўропы. Я ў палітыку, вядома, не імкнуся, але як патрыёт сваёй краіны лічу, што гэта магло б быць вельмі добрай рэкламай горада, які нараджае вельмі таленавітых, цікавых творчых асоб. Родам з Дзвінска (сённяшні Даўгаўпілс), напрыклад, Саламон Міхоэлс — арганізатар і кіраўнік Маскоўскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, які загінуў у 1948-м у Мінску. Дый зараз у нас у горадзе шмат адоранай моладзі і менавіта маладых музыкантаў, якія маглі б далучыцца да оперы і як удзельнікі, і як гледачы. Навучальная база — музычны факультэт Даўгаўпілскага ўніверсітэта, дзе выкладае такая зорка, як Ілона Багеле (і яна ж удзельнічае ў нашых пастаноўках — у той жа аперэце “Таямніца містэра Ікс”). Так што стварэнне опернага тэатра — сур’ёзная, маштабная задача зусім не лакальнага характару.
— Тады што такое опера асабіста для вас?
— Адметнасць гэтага мастацтва ў тым, што там ты, як і ў цырку, не можаш схлусіць ці схалтурыць. У драматычным жа тэатры часцяком узнікае фальш, артысты не заўсёды іграюць на мяжы сумленнасці. Дый оперныя спектаклі ў ХХІ стагоддзі часта становяцца правакацыйнымі, вызначаюцца яркай рэжысурай, вымушаюць нават знаўцаў пачуць знаёмую музыку інакш. Нельга перайначваць зробленае кампазітарам, але заўсёды можна па-новаму прадставіць гэта публіцы. Опера, дзе музыкай у кожнае слова ўкладзены пэўныя эмоцыі, патрабуе яшчэ большай рэжысёрскай фантазіі. І вырашэння глабальнай філасофскай дылемы: як зрабіць новае, не забываючыся пра ранейшыя здабыткі. Опера, такім чынам, бы праекцыя нашага стаўлення да гісторыі: усё парушыць ці захаваць лепшае і пайсці далей.