“Машына часу” на мінскіх вуліцах

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Пры ўсёй старажытнасці нашай сталіцы, рэальных сведчанняў яе даўніны — тых, якія можна памацаць рукамі — на жаль, захавалася вобмаль. І таму напярэдадні свята горада Мінска вельмі хацелася б убачыць на яго вуліцах доўгачаканыя згадкі пра іх мінуўшчыну — можа, у выглядзе інфармацыйных стэндаў з апісаннем гісторыі той ці іншай мясціны, а можа — вынаходлівых інсталяцый у гарадскім асяродку. Балазе, не так даўно творчыя саюзы дызайнераў і архітэктараў разам з маладзёжным аб’яднаннем “Гісторыка” правялі конкурс па стварэнні такіх праектаў “Рэтрапанарама — Мінск”. З членамі яго журы — даследчыкам гісторыі горада Вадзімам ЗЕЛЯНКОВЫМ і архітэктарам Галінай ЛЕВІНАЙ — мы гутарылі пра магчымыя шляхі прэзентацыі гістарычнай памяці ў публічнай прасторы Мінска.

/i/content/pi/cult/708/15503/9.JPGШпацыр па вуліцах, якіх няма

Разам з Вадзімам Зелянковым мы рушым па сталічным праспекце. Ці не кожны каменьчык мне тут знаёмы. Але дзякуючы расповедам гісторыка даўно вядомыя мясціны раптам паўстаюць у зусім інакшым абліччы. Ён нават распрацаваў асобны маршрут па былой вуліцы Юр’еўскай. Ведаеце такую? Ды наўрад ці! Ад гэтай вуліцы на сёння засталася бадай адна толькі назва. Што там казаць, горад прайшоў праз жахі войнаў ды гістарычныя пературбацыі.

— Сваю экскурсію падчас апошняга Фэсту экскурсаводаў я так і назваў: “Шпацыр па вуліцах, якіх няма”, — распавядае спадар Вадзім. — З двух дзясяткаў дамоў, пра якія я згадваў, захаваўся толькі адзін.

Дый на ўсім цэнтральным праспекце ацалела хіба некалькі памятак дарэвалюцыйнай даўніны. Напрыклад, фантан “Хлопчык з лебедзем” у Аляксандраўскім скверы альбо суседні з ім Купалаўскі тэатр — які, да ўсяго, ужо шмат разоў перабудоўваўся.

Спіс таго, што не захавалася ў цэнтры Мінска — куды даўжэйшы. Гэта такія выключнай значнасці здабыткі, як кляштары дамініканаў і бенедыктынак, касцёл святога Тамаша Аквінскага, Чыгуначная Казанская царква, Халодная сінагога на Нямізе, званіца Езуіцкага калегіума...

Будзьма рэалістамі: аднавіць іх у рэальнасці наўрад ці ўжо ўдасца. Але спадчына працягвае жыць на старых паштоўках, у фотаальбомах, нават у віртуальнай прасторы. Усе гэтыя матэрыялы можна выкарыстаць для стварэння ў гарадской прасторы інфармацыйных стэндаў або інсталяцый — непасрэдна на тых месцах, дзе раней знаходзіліся страчаныя аб’екты. Падобныя праекты існуюць у мностве гарадоў ва ўсім свеце. І запатрабаванасць іх сярод турыстаў больш, чым проста вялікая.

Зрэшты, на думку спадара Зелянкова, яны былі б важнымі не толькі для гасцей, але і для саміх мінчукоў — для людзей, якія цікавяцца гісторыяй горада і хацелі б занурыцца ў нябачную воку яе глыбіню, пабачыць і параўнаць горад цяперашні і ранейшы.

Сумяшчэнне перспектыў

Ва ўмовах конкурсу пазначана, што ў ролі рэтрапанарам могуць выступаць самыя розныя аб’екты — стэнды, тумбы, аб’ёмныя канструкцыі, лайтбоксы і нават скульптуры з выявамі страчаных помнікаў архітэктуры. Галоўнае, каб яны маглі даць мінаку ўяўленне пра тое, як выглядаў Мінск у мінулым. Яшчэ адна ўмова — каб гістарычныя панарамы арганічна ўпісваліся ў гарадскі асяродак і прыцягвалі ўвагу гараджан і турыстаў.

У якасці ўзораў былі прапанаваныя некалькі ўжо рэалізаваных праектаў па-за межамі Беларусі — як з розных краін, так і з рознымі падыходамі да вырашэння пастаўленых задач. Так, стэнды са старымі краявідамі вуліц расійскага Чалябінска, у прынцыпе, могуць быць размешчаны ў любым пункце горада. А вось праекты ў расійскай жа Самары ці ў аджарскім Батумі з Грузіі паводле задумы трэба ўсталяваць дакладна ў тым месцы, з якога калісьці рабіўся здымак.

Яшчэ больш складаныя варункі прадугледжвае праект, рэалізаваны ў аўстрыйскай кірмашовай камуне Пятронэль-Царнунтум. Гледачу неабходна паспрабаваць сумясціць накрэсленыя на шкляным стэндзе контуры колішняй трыумфальнай аркі Хайдэнтор з цяперашнімі яе руінамі. Самы ж працаёмісты і, напэўна, незвычайны ўзор сярод прапанаваных канкурсантам — гэта, відавочна, польскія праекты па стварэнні мадэляў староўкі Любліна і Варшавы.

Ва ўдзельнікаў была свабода выбару канцэпцыі. Агульнае патрабаванне — размяшчэнне інсталяцый у цэнтральных раёнах Мінска, прывабных для турыстаў. Нават былі прапанаваныя канкрэтныя пункты на карце горада. Сярод іх — рог сучасных праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы, дзе калісьці была рэальная вучэльня, раён плошчы Свабоды, дзе раней стаялі гмахі Дамініканскага кляштара і касцёла Святога Тамаша Аквінскага, пляцоўка перад Ратушай з відам на кафедральны сабор Найсвяцейшай Панны Марыі, выхад з Аляксандраўскага сквера.

— Што мы бачым з гэтага пункта спазору? — запытвае мяне Вадзім Зелянкоў, калі мы там апынаемся. — Найперш — будынак 1950-х гадоў, у якім размешчаны вядомы ўсім універсам “Цэнтральны”. Але ж калісьці тут месціўся гатэль “Парыж”. А на рагу гэтых вуліц была кандытарская Францішка Вянгржыцкага, дзе мінчукі ласаваліся слодычамі. А да гэтага там была іншая кандытарская — Роберта Шэнінга, пра якую згадваў бацька паэта Максіма Багдановіча — Адам — ён там працаваў у юнацтве. Тут жа была і крама паэта мінскай рэкламы Іосіфа Натуса. А трошкі направа — дом Поляка, у якога свая цікавая гісторыя… Пра ўсё гэта я магу распавядаць гадзінамі і запэўніваю, што слухачам будзе цікава. Але ж не кожны ходзіць па горадзе з экскурсаводам.

Нехта мог бы тут запярэчыць, што і цяперашні будынак “Цэнтральнага” — вартая адметнасць. Ды і наогул — у Горадзе-Сонцы, як з лёгкай рукі мастака Артура Клінава называюць сталіцу і самі мінчукі, і шматлікія турысты, шмат чаго можна паглядзець — і перадусім, вядома, шыкоўны ампірны ансамбль. Аднак, як сцвярджае Галіна Левіна, абмяжоўвацца гэтым не выпадае.

— На мой погляд як жыхаркі Мінска, важна прагартаць кнігу гісторыі горада цалкам. Калі ты знаходзішся на месцы таго ж касцёла Тамаша Аквінскага, які быў дыяментам цэнтра, ты павінен гэта адчуць. І параўнаць, як яно было і як стала. Да ўсяго, безліч магчымасцяў для папулярызацыі мінуўшчыны даюць нам новыя тэхналогіі. Дастаеш свой смартфон, знаходзіш на панараме адпаведны код — і неўзабаве трапляеш на сайт па гісторыі Мінска. У гэтым нават ёсць пэўны цікавы парадокс, калі ты распавядаеш пра мінулае, выкарыстоўваючы тэхналогіі сучаснасці.

Не забыць пра “спальнікі”

Калі гаворка ідзе пра гістарычную спадчыну такога буйнога горада, як Мінск, перадусім часта маецца на ўвазе яго гістарычны цэнтр або даўнія прадмесці — якія насамрэч ужо таксама месцяцца ў цэнтральнай частцы горада. Пра сучасныя ж спальныя раёны ўсе забываюцца. Падобны падыход уласцівы і арганізатарам праекта “Рэтрапанарама — Мінск”. Чым можа быць апраўданая такая гіпербалізаваная цэнтралізацыя культуры памяці, зразумець можна не заўжды. Але ў выпадку з конкурсам “Рэтнапанарама — Мінск” гэта, усё ж, мае аб’ектыўнае тлумачэнне.

Як перакананы Вадзім Зелянкоў, візуалізацыя страчаных здабыткаў павінна грунтавацца на гістарычных матэрыялах. А гэта перадусім — старыя паштоўкі і фатаграфіі. Натуральна, што сто гадоў таму здымалі ў першую чаргу папулярныя месцы Мінска, інакш бы тую ж паштоўку ніхто не стаў купляць. І гэта часцей за ўсё быў цэнтр.

— Рэдкае выключэнне — Лошыца, якая хоць неяк фіксавалася тагачаснымі фатографамі, — дадае ён. — У іншых выпадках спадзявацца можна хіба на яшчэ не адкрытыя прыватныя зборы. Але ж, вядома, узнавіць вобразы большасці старых вёсак, якія ўвайшлі ў склад сталіцы, наўрад ці калі ўдасца. Так, на ўскраінах можна знайсці цікавыя тэмы для экскурсій. Скажам, узяць той жа Паўночны пасёлак ды паразважаць, як і каму ў паваенныя часы выдзялялі надзелы пад прыватнае будаўніцтва. А раён Ангарскай хацелі ў свой час назваць Сціклева, але пабаяліся непажаданага сугучча. Тэмы для расповеду ёсць, а вось візуальная інфармацыя… Уявіць, як што выглядала стагоддзе таму, дапаможа хіба машына часу.

Падобную занепакоенасць захаваннем памяці пра гісторыю мінскіх мікрараёнаў выказвае і спадарыня Левіна. На ейную думку, мы самі ствараем для сябе пэўныя пункты, да якіх цягнемся і вакол якіх выбудоўваем сваю ўласную гісторыю. Часта гэта — знакавыя аб’екты, цэнтральныя вуліцы і плошчы. А ў ценю могуць застацца не менш цікавыя мясціны.

— І засяроджваць на іх увагу, безумоўна, трэба, — лічыць Галіна Левіна. — Я мяркую, гэта паспрыяе таму, каб людзі, якія ў далейшым будуць прымаць рашэнні, разумелі важнасць для горада захавання яго гісторыі. Каб не было ўжо нейкіх непрадуманых радыкальных крокаў. Гісторыю трэба захоўваць і вуліцы Мінска могуць стаць архівам для яе захавання.

Конкурс быў адкрытым, і кожны ахвотны мог узяць у ім удзел. Аднак, як ні дзіўна, заявак пададзена не так шмат.

— Мы чакалі, што будзе значна больш, — кажа Галіна Левіна. — Аднак вынікі, тым не менш, можна ацаніць станоўча.

Па выніках конкурсу першае месца заняў праект Змітра Бубноўскага “Фотаміраж”: празрыстыя шкляныя пласціны, усталяваныя на пэўнай адлегласці адна ад адной. Быццам тэатральныя дэкарацыі, яны ствараюць эфект трохмернасці. Канструкцыя нагадвае фотакамеру, у якой выявы падаюцца аб’ёмнымі дзякуючы эфекту, што ўзнікае праз розную ступень празрыстасці пласцін.

Зразумела, конкурс праводзіўся зусім не дзеля конкурсу. Яго арганізатары ад пачатку прадугледжвалі ўсталяванне праекта-пераможца на мінскіх вуліцах. Аднак пакуль яшчэ пра гэта гаварыць рана. Як патлумачыла ініцыятарка праекта “Рэтрапанарама — Мінск” выканаўчая дырэктарка МГА “Гісторыка” Таццяна Пятрова, на дадзены момант арганізатары яшчэ знаходзяцца на этапе апрацоўкі выніковага матэрыялу і канчатковага вызначэння меркаваных месцаў размяшчэння рэтрапанарам. Іх ужо — больш за трыццаць, але, на думку спадарыні Таццяны, варта карэктна аформіць усе дакументы перад тым, як перадаваць іх у Мінгарвыканкам.

Усё ж такі шкада, што сваё чарговае свята наш горад спаткаў без гэтых гістарычных арт-інсталяцый. Але хочацца верыць: да Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць налета, сітуацыя карэнным чынам зменіцца.