Як не страціць 200 гадоў

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

У Рыа-дэ-Жанейра згарэў Нацыянальны музей Бразіліі! Гэта найстарэйшая навуковая ўстанова краіны. Пажарныя змагаліся з агнём, які бушаваў у будынку, дзе сабраныя больш за 20 мільёнаў звышкаштоўнейшых экспанатаў.

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сёлета будынку музея, які калісьці служыў рэзідэнцыяй партугальскай каралеўскай сям’і, споўнілася 200 гадоў. Прэзідэнт Бразіліі Мішэль Тэмер напісаў у “Твітары”, што гэта сумны дзень для ўсіх бразільцаў. “Каштоўнасць нашай гісторыі немагчыма ацаніць шкодай, нанесенай будынку, — дадаў прэзідэнт. — Страчаны 200 гадоў працы, даследаванняў і ведаў”.

Здаецца, для нас гэта таксама нагода задумацца. Часам даводзіцца бачыць паблажлівае стаўленне супрацоўнікаў устаноў культуры да супрацьпажарных мерапрыемстваў. Маўляў, мы ж інтэлігенцыя, рамантыкі, навукоўцы... І не дурыце нам галаву сваімі супрацьгазамі ды сістэмамі апавяшчэння. Нашто нам ведаць тэхналогію тушэння пажара, вывучаць планы эвакуацыі і гэтак далей.

Варта памятаць: мы ж не толькі за сябе адказваем! І не толькі перад сабою!