Дызайнеры бяруць рэванш?

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Не гледзячы на тое, што на шэраг спецыяльнасцей, напрамкаў і спецыялізацый Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў попыт быў не надта высокі, у цэлым ВНУ захавала стабільна высокі агульны конкурс абітурыентаў. Сёлета пададзена 367 заяў (летась — 391). Агульны конкурс па акадэміі на бюджэтнае навучанне склаў 2,9 чалавекі на месца (у 2017 годзе — 4,0).

Найбольш запатрабаванымі аказаліся спецыяльнасці аператара, рэжысёра кіно і тэлебачання (болей, ніж пяць прэтэндэнтаў на месца!). І абсалютны рэкорд — “Рэжысура кіно і тэлебачання (гукарэжысура)” — 6,4.

На мастацкім факультэце найбольш востра спаборніцтва назіралася сярод будучых графікаў — 3,5 чалавекі на месца. А вось па спецыяльнасцях “Жывапіс (тэатральна-дэкарацыйны)” і “Скульптура” конкурсу, лічы, не было.

Стабільна высокі попыт на дызайнераў: “Дызайн (графічны)” — 4,3, “Дызайн віртуальнага асяроддзя” — 4,0.

Мэтавы набор сёлета адсутнічаў, бо не было заявак.

Лічбы досыць красамоўныя. Моладзь, выбіраючы творчыя спецыяльнасці, аддае перавагу не традыцыйна прэстыжным і працаемістым (скульптура, тэатральны жывапіс), а тым, дзе складнік поспеху — выкарастанне сучасных тэхналогій пры памяркоўных фізічных высілках. Гэта графічны дызайн, дызайн віртуальнага асяроддзя (распрацоўка сайтаў, камп’ютарных гульняў, рэкламныя ролікі), графіка (яна па шэрагу пазіцый збліжаецца з графічным дызайнам, але прадугледжвае большую дасведчанасць у спецыяльных мастацкіх дысцыплінах — у прыватнасці, у акадэмічным малюнку).

Я сам быў студэнтам Тэатральна-мастацкага і памятаю: паводле негалоснай субардынацыі, студэнты мастацкага факультэта параўнальна з дызайнерамі і “прыкладнікамі” лічыліся ці ні элітай. Сёння, як падаецца, дызайн і ДПМ бяруць рэванш.

Добра, што падвысіўся статус дызайнераў, але як бы пры такой тэндэнцыі не згубіць беларускую мастацкую школу — што, у сваю чаргу, немінуча ўдарыць і па самім дызайне. Зрэшты, дызайнам мэблі займацца ахвочых таксама няшмат. Неперспектыўна ва ўмовах апанавання нашага рынку замежнымі брэндамі.