Заапарк для чалавека

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Рыжская біенале сучаснага мастацтва стала неспадзяванкай нават для самаго гэтага горада, і без таго насычанага рознымі культурнымі падзеямі. І не толькі з той прычыны, што заяўка на статус еўрапейскага маштабу арт-цэнтра выглядае даволі пераканаўчай: 8 немалых па сваіх памерах лакацый, болей за сотню мастакоў з усяго свету. Сам сюжэт з’яўлення — бы Піліп з канапель — гэтай ініцыятывы можа падацца нам абсалютна неверагодным. Прынамсі, пакуль што.

/i/content/pi/cult/705/15454/23.JPGБалота памяці

Коратка сюжэт выглядае так. Дачка расійскага мультымільянера Агнія Міргародская, якая атрымала мастацкую адукацыю ў ЗША, наймае міжнародную каманду (куратарка Кацярына Грэгас родам з Грэцыі, хаця жыве ў Бельгіі, а, прыкладам, піярам займаліся два вядомыя брытанскія агенцтвы), каб тая зрабіла міжнародную выставу для міжнароднай жа публікі. Балазе, турыстаў у Рызе не бракуе, а многія едуць на біенале мэтава.

Сама сталіца Латвіі ў дадзеным выпадку апынулася найперш пляцоўкай, месцам дзеяння, зручным паводле розных параметраў пунктам зборкі. Але не толькі ў фізічным, а яшчэ і ў ментальным або сімвалічным сэнсе. Рыга здавён з’яўляецца мультыкультурным казаном (прычым не плавільным), у якім “варацца” прадстаўнікі самых розных народаў. Такой яна і застаецца. Нават неверагодна пярэстая гарадская архітэктура — гэта палімпсест слядоў самых розных эпох і культур.

Зважаючы на вышэйсказанае, праблем з бюджэтам біенале не мела — прычым сама Латвія не выдаткавала на яе ні еўрацэнта. Горад быў шчодра завешаны размаітай рэкламай з дураслівымі англамоўнымі слоганамі кшталту “Юцюбныя коцікі або мастацкія выставы?” (Шчыра кажучы, гумар англійскіх піяршчыкаў падаўся мне надта англійскім.) Мастакі атрымалі ганарары.

А вось выставачныя лакацыі выбіраліся зусім не “каб было па-багатаму”. Яно і нядзіўна: мармур і крышталь сёння не ў модзе. У модзе — закінутыя заводы і будынкі з гісторыяй. І ў плане апрапрыяцыі такіх прастораў біенале прадэманстравала выдатны ўрок.

Цэнтральнай пляцоўкай быў абраны будынак біялагічнага факультэта, заснаванага яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя. Сам факультэт нядаўна пераехаў, але перавесці ўсю сваю маёмасць не паспеў. Інтэр’еры засталіся некранутымі, і атрыманы ў выніку сайт-спецыфік праект стаў выдатным прыкладам папулярнага сёння паняцця “інтэрвенцыя” — калі мастацкі твор змяшчаецца ва ўжо “гатовую” прастору, выкарыстоўваючы яе адметнасці і надаючы ім новы сэнс.

/i/content/pi/cult/705/15454/24.JPGГаландскі мастак Эрык Касэлс са сваім “Чалавечым заапаркам” уварваўся ў заалагічны музей. Размешчаныя там чучалы розных экзатычных і не вельмі звяроў ненавязліва дапоўнілі палароідна-фэйсбучнага кшталту фота двухногіх — як быццам, так яно было задумана ад пачатку. Праект падштурхоўвае да думкі, што кожнага з нас таксама могуць разглядаць у якасці цікавых экспанатаў, успрымаючы не як асобаў, а як “прадстаўнікоў віду”. А егіпецкі аўтар Набіль Бутрас у якасці своеасаблівай антытэзы зняў партрэты авечак так, нібыта гэтыя фотасесіі яму замаўлялі самі жывёлы — з падкрэсліваннем індывідуальных рысаў кожнай з іх.

Шпацыруючы па факультэцкім парку, можна выпадкова наткнуцца на абгарожаны веццем павільён. Інсталяцыя “Гняздо” латвійскай мастачкі Катрыны Нейбурга — гэта штучная экасістэма, створаная чалавекам з падручных матэрыялаў. Паволі прасоўваючыся па перакінутых праз балота жардзінках, ты нібыта трапляеш унутр чужой памяці. Угразнуць у гэтай дрыгве боязна, таму рухаешся асцярожна. Тым болей, у яе нетрах — быццам у народных паданнях — раптам праглядаюцца праявы іншасвету: пад вадою размешчаны відэаманіторы.

Вядомы амерыканскі мастак Марк Дыён прапануе тэзу “музей як выкапень”. Гледачы бяруць ліхтарыкі ды выпраўляюцца даследаваць закінутую музейную прастору, літаральна набрынялую “пылам гісторыі”. Зразумела, іх увагу прыцягваюць тыя экспанаты, якія найбольш эфектна свецяцца ў цемры — хаця кожны разумее, што гэтыя косці з’яўляюцца “фэйкавымі”. Завіслы статус будынка, які раней быў цэнтрам навукі, аўтар выкарыстоўвае, каб выказаць скепсіс адносна вечнасці нашых ведаў — як выяўляецца, яны могуць састарвацца. І, да ўсяго, не такія ўжо і трывалыя.

Грэк Нікас Наўрыдзіс імкнецца працягнуць жыццё спісаным з факультэцкай бібліятэкі кнігам. Праўда, яго рэканструкцыя закінутай за непатрэбнасцю чытальні выглядае спецыфічнай: кнігі на стэлажах павернутыя да публікі не карэньчыкамі, а старонкамі.

Бязвыйгрышная латэрэя

Агулам, больш-менш удумлівае наведванне ўсіх біенальных лакацый зойме мінімум пару сутак — з перапынкамі на ежу і сон. Балазе, для ўдумлівасці ёсць усе ўмовы: шмастаронкавы каталог са зручнай навігацыяй змяшчае эксплікацыю да кожнага твора, дзякуючы чаму аўтарскія інтэнцыі не застаюцца незразуметымі — як гэта, зазвычай, на жаль, бывае ў выпадку з нашымі выставамі contemporary art.

Столькі часу ў мяне не было, і паглядзець, што дзеілася на старой баржы ў порце, на чыгуначнай станцыі ў Юрмале і на закінутай фабрыцы “Бальшавічка”, я банальна не паспеў. Затое, патрапіў у два рыжскія лофты, якія нагадваюць нашу Кастрычніцкую.

Экспазіцыя ў былой коркавай фабрыцы, пераўтворанай у прыватны цэнтр сучаснага мастацтва Zuzeum, прапануе парафлексаваць над тэмпамі засваення інфармацыі ў сучасным грамадстве. Галандзец Хан Хольгербруге ўвасабляе той калейдаскоп вобразаў, матывацый, ілюзій, што несупынна круціцца ў нашай свядомасці з дапамогай латэрэйнага барабана. Лішне казаць, што латэрэя бязвыгрышная.

Варта адзначыць, што бадай абавязковай умовай для трапляння на біенале стала адпаведнасць нейкай планетарнага (ці прынамсі рэгіянальнага) маштабу тэматыцы — хай сабе, і трохі прыцягнутая за вушы. На жаль, крытэрый мастацкай выразнасці работы, вастрыні і вынаходлівасці аўтарскай думкі ўлічваўся далёка не ў першую чаргу.

Таму больш за ўсіх на гэтай пляцоўцы мяне ўразіў фін Ханц Разэнстром, які на падставе дыялогаў з бергманаўскіх “Шэптаў і крыкаў” зрабіў выдатны твор саўнд-дызайну, прымусіўшы голас літаральна пранікаць пад кару твайго мозгу. З ідэйнага пункту гледжання, — нічога асаблівага. Затое, чапляе.

Прастора былых складоў, якая ператвараецца ў арт-квартал Sporta-2, дазволіла мастакам разгарнуцца па поўнай. Але і тут экспазіцыя ставіць немалаважнае метадалагічнае пытанне: як працаваць з рэчаіснасцю? Тыя ці іншыя яе фрагменты — бы своеасаблівыя “знойдзеныя прадметы” — выкарыстоўваюцца ледзь не ў кожным з прадстаўленых твораў. Але хіба ў некаторых выпадках іх можна назваць самадастатковым аўтарскім выказваннем. Добра гэта ці не? Думаю, нават на такое пытанне адказы сёння будуць рознымі.

У адным з ангараў комплексу мастак родам з Венесуэлы (жыве ён, што характэрна, у Берліне) Марка Манцьель-Сота з дакументальнай дакладнасцю рэканструяваў бамбукавую хібару па-над вадой, у якіх жывуць рыбацкія сем’і ў раёне Макайба. Гук і відэа паглыбляюць эфект пагружэння. Праект, вядома, уражвае сваім маштабам — але не мастацкімі ідэямі. Да ўсяго, глядач адчувае сябе гэтакім турыстам — вонкавым назіральнікам, які ненадоўга завітаў щ не самыя камфортныя для жыцця закуткі свету для пераадолення свайго сенсорнага галадання.

Расійская мастачка Таус Махачава выкарыстала для сваёй гукавой інсталяцыі з паўсотні дынамікаў, размешчаных у адной прасторы. З іх гучаць урыўкі “мэйлаў”, якія ўтрыміваюць банальныя звароты ветлівасці. Камунікатыўнае поле ўвасоблена як хаос, што забруджвае свядомасць. У той самы час, гэтае гукавое і сэнсавае смецце ўтварае і цікавы фармалістычны твор мастацтва. Фланіраваць паміж дынамікамі — занятак прыемны.

Іспанец Фернанда Санчас Кастылья прапануе ў нечым падобны спосаб утылізацыі непатрэбнай інфармацыі — на гэты раз, глабальнага характару, датычнай тых гістарычных падзей, пра якія сёння імкнуцца забыць. Яхта дыктатара Франка “Азор” стала сімвалам не лепшай для Іспаніі эпохі, і пасля яе завяршэння ўжо не магла выкарыстоўвацца па сваім прамым прызначэнні. Урад пастанавіў гэтае судна зніштожыць, але мастак выкупіў яго каб пераўтварыць у “бязвінную” перад гісторыяй абстрактную скульптуру.

Амерыканец Трэвар Паглен рушыў у адваротным напрамку — ад абстрактнага да канкрэтнага. Навучыўшыся дайвінгу, ён зрабіў працягнутыя паміж кантынентамі падводныя фота інтэрнэт-кабеляў, матэрыялізаваўшы тым самым бадай самы актуальны чыннік цяперашняй цывілізацыі — які, паводле агульнага ўяўлення, у руках не памацаеш.

Гістарычная плесня

Яшчэ адна лакацыя біенале — кватэра вядомага латвійскага мецэната пачатку ХХ стагоддзя Крыстапа Морберга, вокны якой выходзяць на плошчу Свабоды — таксама была заспетая арганізатарамі ў прамежкавым стане. Не ведаю, у чым прычына таго, што фешэнебельнае колісь жытло з першым у Рызе душам апынулася ў даволі несамавітым стане. Затое, там часткова захаваліся арыгінальныя інтэр’еры, а гістарычная плесня адно дадавала ім шарму.

На гэтай пляцоўцы сімптаматычнае сёння прагненне завадатараў біенале гаварыць пра глабальныя праблемы дасягнула свайго апагею. Большасць выказванняў прысвечана сацыяльнай і палітычнай тэматыцы. Яны пра тое, пра што пішуць (альбо калісьці пісалі) газеты: напрыклад, пра мігрантаў. Але галоўная праблема ў тым, што далей за газеты аўтары зазвычай і не ідуць, дэманструючы журналісцкі, у прынцыпе, падыход. Прычым, як правіла, не лепшы яго варыянт.

Страшна бянтэжыць адна акалічнасць, з якой я ўжо не першы раз сутыкаўся. Заходнія куратары чамусьці лічаць, нібы адзінае, пра што могуць рэфлексаваць мастакі з Усходняй Еўропы — гэта змена гістарычных парадыгм і распад СССР. Як быццам, яны толькі пра гэта і думаюць — несупынна, круглыя суткі, цягам больш як чвэрці стагоддзя!

Ды і наогул — асабістая, экзістэнцыйная праблематыка ўсё часцей разглядаецца ў творах мастацтва хіба як нешта вытворнае ад сацыяльнай.

Дэвіз біенале гучыць песімістычна ці, прынамсі, трывожна: “Гэта было назаўжды, пакуль гэта не скончылася”. У арыгінале фраза тычылася акурат распаду сацлагеру, але насамрэч яна, вядома, універсальная. Яе можна аднесці, напрыклад, і да парадыгмы таго, што мы сёння называем сучасным мастацтвам. Хаця на біенале пра гэта, вядома, не гаварылася.