Лексікон пошласці

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Ці бывае ветлівасць таннай?
“Нішто не даецца нам так танна, як ветлівасць. Гэтай старой і мудрай думкай работнікі адной крамы вырашылі падзяліцца са сваімі пакупнікамі, напісаўшы вядомае выслоўе на сцяне. І, трэба аддаць ім належнае, паставіліся да справы не дагматычна, але творча. У новай рэдакцыі афарызм набыў зусім новае і нечаканае гучанне: “Нішто не даецца нам так танна, як ветлівасць і культура”.

Паняцце “культура” ў наш час тлумачаць вельмі шырока. Нават энцыклапедыі поўнай яснасці ўнесці не могуць. Для адных гэта звычка саступаць у аўтобусе месца старому альбо жанчыне, для іншых — веданне латыні, найноўшых высноў тэорыі адноснасці і любоў да Пятнаццатай сімфоніі Шастаковіча.

Адзінае, што вызначана даўно і бясспрэчна — гэта прамы і абсалютны антыпод культуры. Імя яму — пошласць! І калі культура ўсеабдымная, то пошласць, на жаль, усё яшчэ ўсюдыісная. Ёю бываюць заражаныя і тыя, хто шчыра лічыць сябе змагаром за культуру. Праўда, варта ўдакладніць: за тую самую “культуру”, якая, з пункту гледжання работнікаў згаданай вышэй крамы, абыходзіцца нам гэтак жа танна, як і ветлівасць.

Густаў Флабер, вядомы перадусім як аўтар рамана “Мадам Бавары”, склаў шырокі “Лексікон прапісных ісцін”, які я адважыўся б назваць энцыклапедыяй сучаснай яму пошласці. Ахвотных праверыць правільнасць маёй высновы адсылаю да збору твораў пісьменніка. А са свайго боку хачу пакласці пачатак новай падобнай работы. Тым больш, што матэрыялу пад рукой ужо больш чым дастаткова.

Мы жывем у свеце пропаведзяў і парадаў — вусных, рукапісных, друкаваных і нават выгравіраваных на шкле або метале. Усе яны, па задумцы іх аўтараў і распаўсюднікаў, прызначаны зрабіць прамымі сцежкі нашыя да ветлівасці і культуры. А яна, нагадаю, павінна абысціся нам танней за ўсё на свеце. Вось некаторыя з такіх парадаў:

“Па газонах не хадзіць!” — фанерная дошчачка на клумбе ў гарадскім парку.

“Смецце кідайце ў сметніцу!” — рукапісны плакат на сцяне закусачнай.

“Не смеціце ў вагонах і тамбурах!” — голас з рэпрадуктара прыгараднай электрычкі.

“Беражыце лес — наша багацце!” — дошка, прыбітая да жывога дрэва на ўскрайку бярозавага гаю.

“Прыносіць і распіваць спіртныя напоі катэгарычна забараняецца!” — гравюра на шкле ў дыетычнай сталовай!

І гэтак далей, і гэтак далей…

Скажаце, дробязь? Скажаце — я тут з гарматы па вераб’ях? Думаю, не дробязь, і не па вераб’ях. Вераб’і чалавека не пакрыўдзяць.

А вось адкажыце, паважаны чытач: вы часта ходзіце па кветніках у парках ці гарадскіх скверах? Вы рэгулярна смеціце ў вагонах і тамбурах? Вы ахоўваеце лес, забіваючы цвікі ў бярозавыя ствалы? Вы распіваеце гарэлку дзе і калі заўгодна?

Не? Я, прызнацца, так і думаў. Але чаму ж тады нам з такой назойлівасцю забараняюць тое, чаго мы не робім? Чаму нас увесь час нашпігоўваюць прапіснымі ісцінамі, засвоенымі яшчэ ў дзіцячым садку? Чаму нас увесь час хочуць западозрыць у тым, што мы неахайнікі, нахабнікі і не любім прыроду? І скажыце, нарэшце: хіба боўдзілу, які лускае семкі ў вагоне, спыніць забаронны надпіс, зрабі ты яго хоць золатам па мармуры?

Я люблю метрапалітэн. Ён падабаецца мне сваім даверам і павагай да пасажыраў. Там няма забаронных надпісаў, акрамя адной, далікатна напісанай на шкле вагонных дзвярэй: “Не прытуляцца”. Але гэта адносіцца хутчэй да тэхнікі бяспекі, чым да прапаганды “культуры”.

Аднойчы два карэспандэнты атрымалі незвычайнае заданне — паспрабаваць закурыць у метро і паглядзець, што потым будзе. Яны гэтага задання не выканалі. Ім не далі выканаць яго іншыя пасажыры, ветліва патлумачыўшы: “У нас у метро не паляць”.

У тым і адрозненне сапраўднай культуры абслугоўвання ад пахабнага культуртрэгерства. Сапраўдных ісцін ад прапісных.

Што ж тычыцца прыхільнікаў апошніх, магу іх падказаць яшчэ пару-тройку новых. “Перад сном гасіце святло!” — надпіс у вашай спальні. “Хадзіце нагамі!” — надпіс ля ўваходу ў музей. “Думайце галавой”, у рэшце рэшт!

Уладзімір ЯГОРЫЧАЎ, кандыдат гістарычных навук З пошты “К”