Эфект залюстроўя

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Так і не вызначыўся я з якасцю паслягуст’я ад знятай мною пробы з культуры гэтага аграгарадка. Адчуванне падобна таму -- з савецкіх часоў, калі нярэдка прыстойны тавар ўпакоўваўся ў такую абгортку, што купляць тое, што знаходзілася ўнутры, не было ніякага жадання. Як і штосьцi ў фанціку прыгожым, якое ляжала на прылаўку побач: асадак распаўсюджваўся і на гэта. Вось і ў Хаціславе ўстановы культуры не прастойваюць, забаўляюць людзей і навучаюць, аднак жа настолькі мяне ўразіла зона перад адной з іх, што дакладнае меркаванне пра ўбачанае і пачутае я не сфармуляваў для сябе і па гэты дзень.

Мастацтва купіць можна не заўсёды

І ўстанова гэта — Сельскі дом культуры, што знаходзіцца ў вялізным будынку. Пакуль пройдзеш з аднаго яго канца ў другі — пра многае перадумаеш. Напрыклад, пра тое, чаму такая вялікая прастора перад ДК пустая і голая? Стаіць на газоне дзесьці ў баку нейкая драўляная статуя і ўсё. Іншых скульптурак няма, як і стэндаў з нагляднай агітацыяй і анонсамі мерапрыемстваў ці лавак хаця б. Расліннасць на клумбах скошана пад самы карэньчык. Такі пейзаж выклікае сумнеў — а творчае жыццё ва ўстанове ёсць? І калі так, то ці настолькі ж беднае? Хутчэй трэба шукаць дырэктара, каб распавяла пра гэта.

— Галіна Іванаўна, напэўна, і ў жыхароў Хаціслава, і ў вашага начальства Дом культуры на рахунку добрым. Але, далібог, пляцоўка каля яго — гэта проста залюстароўе нейкае — са знакам мінус.

— Зараз зойдзем з вамі ўнутр, убачыце, што і рамонт будынку вельмі неабходны, — тлумачыць спадарыня Хомiк. — Нас запэўніваюць, што зробяць яго. Але калі? І калі крэслы ў зале абновяцца, гукавая і светлавая апаратура? Чаму так шэра перад Домам культуры? Зноў-такі — не хапае грошай для таго, каб нешта ўзвесці тут яркае. Спрабавалі мы і клумбы разбіваць, і фігуры нейкія туды ўкопвалі, але моладзь у нас ужо вельмі шустрая: вытоптвае ўсё, бурыць. Сварыліся з імі, міліцыю прасілі ўмяшацца — марна: як вечар, так хлопцы з дзяўчатамі тут збіраюцца — і панеслася.

Але не ўсе бураць і вытоптваюць. Ёсць тыя, хто ходзіць у народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне” і ўзорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала”, у мужчынскі вакальны калектыў і шматпрофільны сямейны “Вясёлыя суседзі”, у два харэаграфічныя гурткі — дарослы і дзіцячы, у студыі эстрадных спеваў — таксама дарослую і дзіцячую. Прычым не ў кожную з іх можна трапіць каму заўгодна, бо для ахвотных далучыцца ёсць і нешта накшталт конкурсаў. Яно і зразумела, бо многія фарміраванні канцэртуюць за мяжой, значыць, прафесійны ўзровень іх артыстаў павінен быць высокі. Але для сваіх аднавяскоўцаў яны выступаюць бясплатна.

— Не перастаеце здзіўляць мяне, Галіна Іванаўна, — здольнасць гаварыць вяртаецца да мяне секунд праз пяць. — Тэрмінова патрэбны рамонт, патрабуе ўмацавання матэрыяльна-тэхнічная база, пра прастору каля ДК я ўжо і не гавару, а вы даеце бясплатныя канцэрты.

— Адкуль жа грошы на мерапрыемствы ў нашых жыхароў? Зарабляе Дом культуры дыскатэкамі, выязнымі выступамі, што праходзяць па ўсёй краіне.

Свежым вокам зірнуць на культуру Хаціслава “К” папрасіла Галіну Бенясюк, што 15 гадоў кіруе ў школе народнай творчасці СДК гуртком вышыўкі “Чароўная нітачка”. Яна знаёміць з традыцыйнай культурай дзесяць дзяцей трэціх — пятых класаў. Заняткі ў аб’яднанні праводзіць не толькі Галіна Міхайлаўна, але і мясцовыя майстры, якіх, па сцвярджэнні ўмеліцы, у аграгарадку хапае.

— А ці ёсць нейкія асаблівасці ў маларыцкай вышыўцы?

— У колерах, перш за ўсё, — адказвае спадарыня Бенясюк. — У малюнках пераважаюць чорны і чырвоны. І абавязковы белы фон. Многія ўзоры ўяўляюць з сябе тры кветкі. Пакуль я не магу адгадаць таямніцу, чаму іх менавіта столькі.

Работы выхаванцаў гуртка выстаўляюцца не толькі ў Хаціславе і раёне наогул. Як адну з памятных “гастроляў” іх настаўніца ўспамінае ўдзел “Чароўнай нітачкi” ў свяце “Александрыя збірае сяброў” у 2017-м годзе.

— А купіць гэтыя па-сапраўднаму творы мастацтва можна? — спыняюся я каля ўпадабанага ручніка.

— Так, — суразмоўца чамусьці бянтэжыцца. — Баюся, праўда, што пры ўсёй да вас павазе, вы можаце не “пацягнуць” кошт.

І сапраўды — дорага. Але, паверце, яно таго вартае! Ну, а што з хаціслаўсскай культурай?

Галіна Бенясюк:

— Мне здаецца, народная творчасць на сяле адраджаецца. І што мяне вельмі радуе, нам, захавальнікам традыцый, ёсць на каго абаперціся — у дзяцей ёсць вялікі інтарэс да той жа вышыўкі (у маім гуртку, дарэчы, разам з дзяўчатамі і хлопчыкі займаюцца) або саломкапляцення.

Сам Хаціслаў вельмі багаты на мерапрыемствы аграгарадок, шмат канцэртаў у нас праходзіць — выступаюць свае артысты (шкада, што з іншых беларускіх мястэчак не прыязджаюць). Нямала выстаў: аказваецца, на ўсіх нашых прадпрыемствах ёсць людзі, якія ўмеюць рабіць нешта сваімі рукамі, і вось іх работы часта дэманструюцца ў Доме культуры. Прывесці б да ладу яшчэ тэрыторыю каля яго, а то неяк закінута ўсё перад галоўным уваходам. І, вядома, змрочна ён выглядае звонку — там аблезла, тут аблупілася...

Татальны альтруізм

Размешчаны ў Хаціславе філіял Маларыцкай дзяржаўнай дзіцячай школы мастацтваў працуе па трох кірунках: музычным (акардэон і баян), харэаграфічным і тэатральным. Ва ўстанове навучаецца 58 дзяцей і яшчэ 6 займаюцца на падрыхтоўчым аддзяленні.

— Пры ўсіх тых спакусах — няхай гэта будуць кампютары або спорт — пра дзяцей, што ўцягнутыя ў культуру аграгарадка, я магу сказаць толькі добрае, — кажа загадчыца філіяла Наталля Ківачук. — Многія з іх нават “шматстаночнікі” — і ў нас займаюцца, і ў гуртках Дома культуры. Усюды паспяваюць. Далёка не ўсе з іх потым выбіраюць прафесіі, звязаныя з культурай. Але, арыентуючы і саміх дзяцей, і іх бацькоў на тое, каб па завяршэнні вучобы ў школе найбольш таленавітыя выхаванцы ўсё ж паспрабавалі б паступаць у сярэднія, а затым і ў вышэйшыя навучальныя ўстановы адпаведных профіляў, для нас як для педагогаў вельмі важна іншае: каб нашым выпускнікам у жыцці спатрэбіліся тыя эстэтычныя ўрокі, нормы, якія, спадзяюся, мы да іх даносім.

У выпадку з Хаціславам да такіх, мабыць, адносіцца і татальная бескарыслівасць у сферы культуры, што накрыла гэты населены пункт. Бо і навучэнцы філіяла таксама даюць толькі бясплатныя канцэрты. Граючы на інструментах, якія таксама даўно не абнаўляліся.

— Пытанне гэта мы пастаянна ўздымаем, — паведамляе Наталля Аляксандраўна, — але парадаваць нас пакуль нічым не могуць. Прыходзіцца самім рэстаўраваць усё. І, вядома ж, патрэбны грунтоўны рамонт будынка.

А ў дзяцей з тэатральнага аддзялення, пакуль мы гаварылі, галава балела не пра тое — яны рэпеціравалі казку “Сэрца Кашчэя”. Пацешныя дзяўчынкі і хлопчыкі. Адзін з якіх прызнаўся, што марыць стаць акцёрам, а другі выказаў сваю незадаволенасць чымсьці. Я так і не зразумеў, чым менавіта — ці то маім недарэчным уварваннем у творчы працэс, ці то пастаноўкай, а, можа, узроўнем партнёраў. Але не культурай Хаціслава, напэўна, якой мне шчыра хочацца пажадаць неўмяручасці.

Галіна Бенясюк:

— Калі казаць непасрэдна аб навучальным працэсе, я не надта добра ведаю, як жыве наша Дзіцячая школа мастацтваў. Але, мяркуючы па размовах маіх знаёмых, у якіх дзеці і ўжо ўнукі ў яе ходзяць, у гэтай установе ўсё ідзе добра. Ды я і бачу, з якім настроем дзеці бягуць туды. А вось на выступы іх я хаджу. Мне вельмі падабаецца. І душа спявае, і сама, здараецца, падпяваю.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"