Будучыня галіны ў руках маладых

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

16 чэрвеня міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар правёў сустрэчу “без гальштукаў” са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён адзначыў, што сваёй місіяй на пасадзе кіраўніка падуладнага ведамства ён бачыць неабходнасць зрабіць як мага болей для творчай моладзі.

/i/content/pi/cult/696/15279/2.JPGЮрый Бондар прызнаўся, што заўжды з асаблівым трымценнем уваходзіць у вучэбныя аўдыторыі, бо 17 гадоў свайго жыцця аддаў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў, з якіх апошнія пяць з’яўляўся рэктарам ВНУ. Па яго завярэнні, ён добра ведае праблемы творчай моладзі, заўжды адкрыты да дыялогу з будучай культурнай элітай краіны.

— Мы жывём у эпоху постіндустрыяльнага грамадства, калі развіццё эканомікі ў многім адбываецца не за рахунак прамысловай вытворчасці, а за кошт ідэй. Таму будучае краіны залежыць таксама і ад крэатыўнай творчай моладзі, — зазначыў выступоўца.

Міністр распавёў студэнтам, чым жыве сучасная беларуская культура, якія праблемы стаяць перад галіной. Ён нагадаў, што на дадзены момант на падначаленую яму плынь выдаткоўваецца 0,4 працэнта ўнутранага валавага прадукту. Культура фінансуецца па двух асноўных каналах: з праграмы “Культура Беларусі” (за бягучы год будзе засвоена амаль 586 мільёнаў рублёў) і бюджэтных сродкаў, якія выдаткоўваюцца на ўтрыманне галіны (прыкладна 459 мільёнаў рублёў).

У канферэнц-зале гучаў расповед пра рэканструкцыю аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Гродзенскай вобласці, рэгіянальныя ўстановы культуры, пра новы будынак Брэсцкага тэатра лялек (адкрыцця якога колькі гадоў ужо чакае выдатны калектыў), Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм”. Да актыўнага супрацоўніцтва з апошняй міністр заклікаў студэнтаў факультэта экранных мастацтваў, паабяцаўшы будучым кінематаграфістам усялякую дапамогу.

Па яго словах, Беларусь — адзіная з усіх краін СНД змагла захаваць сістэму бесперапыннай мастацкай адукацыі. У нас 433 установы адукацыі ў сферы культуры (410 дзіцячых школ мастацтваў, 20 каледжаў, 3 творчых ВНУ). 108 тысяч дзяцей вучацца ў ДШМ, лепшыя з іх ідуць у каледжы і ВНУ.

— Конкурсы ў акадэміі музыкі і мастацтваў, а таксама ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў з года ў год растуць. Мы стабільна выконваем кантрольныя лічбы
прыёму, якія даводзіць нам дзяржава. Нам удалося адстаяць тэрмін навучання ў творчых ВНУ, і мы будзем працягваць палітыку па фарміраванні асаблівага прававога статусу гэтых навучальных устаноў. Шэраг нашых прапаноў ужо сфарміраваны для ўнясення зменаў у Кодэкс аб адукацыі, які будзе ў бліжэйшы час разглядацца ў парламенце, — падкрэсліў міністр.

Кіраўнік ведамства закрануў і балючае для БДАМ пытанне па ўвядзенні ў працоўны стан тамтэйшага вучэбнага тэатра, якога студэнты тэатральнага факультэта не могуць дачакацца ўжо вось як два гады пасля заканчэння рэканструкцыі асноўнага корпуса акадэміі. Спадар Бондар паабяцаў, што рамонт абавязкова будзе даведзены да ладу.

Прысутныя на сустрэчы студэнты скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючыя іх пытанні. Цікавіліся месцамі ў студэнцкім інтэрнаце: ён разлічаны на 201 месца, але яшчэ шэсць дзясяткаў ахвотных стаяць у чарзе на забеспячэнне месцам пражывання на час вучобы. Міністр культуры распавёў, што пакуль востра стаіць пытанне з рамонтам інтэрната акадэміі музыкі. Яе студэнты зараз жывуць у студэнцкай вёсцы. Калі яны вярнуцца ў родныя сцены, можна будзе весці размову пра квоты на тыя месцы для іншых устаноў сферы культуры.

Гаварылі і пра віды мастацтваў, у якіх амаль не бывае конкурсаў для пачаткоўцаў у прафесіі. Гэтыя абставіны перакрываюць магчымасць прэтэндаваць таленавітай моладзі на падтрымку Спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Юрый Бондар папрасіў рэктара акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразну да восені падрыхтаваць прапановы па ўсталяванні асаблівага парадку для такіх катэгорый у палажэнні Фонду.

Міністр упэўнены ў неабходнасці выхоўваць маладыя кадры, ствараць умовы для іх прасоўвання. У беларускім мастацтве шмат усімі прызнаных мэтраў, але час няўмольны — і тыя, на каго раўняюцца сёння, сыходзяць. Гэтая ніша не павінна заставацца пустой. Па меркаванні Юрыя Бондара, трэба дабівацца таго, каб таленты прызнаваліся ў маладым узросце. І прыгадаў Валянціна Елізар’ева, які стаў галоўным балетмайстрам Вялікага тэатра оперы і балета БССР у 26 гадоў, а ў 38 атрымаў ганаровае званне народнага артыста СССР.

— Сваёй місіяй я бачу неабходнасць закласці падмурак для будучага, які стане асновай для развіцця нашай культуры праз дзесяцігоддзі, — падсумаваў міністр.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"