Прыйшоў вечар — гучыць трамбон

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Пяць гадоў таму сталічная плошча Свабоды ўпершыню стала месцам, дзе прынята праводзіць чэрвеньскія суботы, слухаючы джаз. Цяпер ужо музычныя вечары каля ратушы — адна з традыцыйных культурных падзей лета. І чакаюць яе не толькі мінчукі. На бясплатныя канцэрты з удзелам зорак сусветнага маштабу ахвотна едуць і жыхары іншых гарадоў Беларусі. З мінулага года ў фестывалі “Джазавыя вечары з банкам БелВЭБ” удзельнічаюць яшчэ і прадстаўнікі будучага зорнага пакалення. Да выступу ў наступную суботу, якім распачнецца сёлетняя серыя канцэртаў, рыхтуецца 12-гадовы трамбаніст з пасёлка Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Ілья КІСЯЛЁЎ.

/i/content/pi/cult/696/15277/1.jpgІлья іграе на трамбоне толькі чатыры гады, але за гэты час ужо стаў уладальнікам Гран-пры
V міжнароднага конкурсу джазавай і эстраднай музыкі JAZZ TIME — 2016, прайшоў у фінал Міжнароднага конкурсу юных музыкантаў “Шчаўкунчык — 2018” у Маскве і толькі тыдзень таму вярнуўся з кастынгу ўсерасійскага конкурсу юных талентаў “Сіняя птушка”, які прайшоў паспяхова.

— Калі я першы раз убачыў трамбон, мне ён адразу спадабаўся, — усміхаецца Ілья. — Мне падалося, што гэта самы складаны інструмент, таму я і захацеў на ім граць. Акрамя музыкі, люблю ездзіць на рыбалку і гуляць з сябрамі.

— З прафесійнага пункту гледжання хачу адзначыць, што ў хлопчыка неверагодны прыродны — а, можа, тут і настаўнік дапамог — джазавы штрых, — адзначае рэжысёр музычных вечароў Андрэй Каліна. — Выканаўца, які займаецца на духавых інструментах, павінен вельмі напружвацца, але Ілья грае даволі чыста для свайго ўзросту. Ён адчувае інструмент, чуе і разумее яго. Акрамя ўсяго, валодае ім на адпаведным тэхнічным узроўні. І я спадзяюся, што мы зможам здзівіць публіку новымі гранямі яго таленту на першым канцэрце.

Па завяршэнні леташняга фестывалю на працягу года арганізатары актыўна шукалі не толькі таленавітых дзяцей, але ўвогуле маладых і цікавых беларускіх музыкантаў з правінцыі. І знайшлі: таксама да канцэртнай праграмы далучыцца калектыў Minimal Groove Band з горада Іванава.

— Яны так гараць жаданнем выконваць якасную музыку на вышэйшым узроўні, што мы з задавальненнем прапанавалі ім выступіць на нашым фестывалі, — кажа Андрэй Каліна. — Мы вялі перамовы з кіраўніцтвам Іванаўскага райвыканкама і іх аддзелам культуры, каб прывезці таленавіты гурт у сталіцу.

Пасля Ільі выступаюць: Алекс Сіпягін — труба (ЗША), Аляксей Losh Малахаў — саксафон (Нямеччына), Уладзімір Міхновіч — саксафон (Беларусь), Дзмітрый Бударын — трамбон (Расія — Беларусь), а таксама Жаандэр Сантас — вакал, гітара (Бразілія) і Minimal Groove Band (Беларусь). У праграме і духавы батл паміж музыкантамі.

Сёлета кожны джазавы вечар будзе адпавядаць пэўнай тэматыцы: 23 чэрвеня слухачоў чакае лацінаамерыканскі джаз, 30 чэрвеня — традыцыйны і сучасны, а 7 ліпеня спецыяльная жаночая праграма “У джазе толькі дзяўчыны”. Кожны вечар джазмэны будуць завяршаць выкананнем знакамітай кампазіцыі Майлса Дэвіса So what.

Гэту п’есу абралі невыпадкова: менавіта яе назвалі на агульным сходзе ўсе музыканты ў адказ на пытанне пра самую знакамітую джазавую кампазіцыю. Традыцыю завяршаць усе канцэрты аднолькавай музычнай тэмай увялі летась, калі ўздзельнікі джазавых вечароў разам гралі п’есу Хуана Тызола “Караван”.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"