Інавацыі заўсёды ў трэндзе

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Еўрапейскі музейны “Оскар” акрэсліў тэндэнцыі галіны
Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў па традыцыі адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу “Еўрапейскі музей года”. Як засведчыла рашэнне журы, найважнейшыя трэнды гэтага году — максімальная адкрытасць для грамадства і сацыяльная місія музея. Сёлетні пераможца — Музей дызайну ў Лондане — без сумневу, адпавядае гэтым якасцям. Музейны “Оскар” мае не толькі сімвалічную вартасць. Скульптура Генры Мура “Яйка” — твор, каштоўны ва ўсіх сэнсах слова. Аднак уручаюць яго не назаўсёды: ужо налета ўзнагарода перадаецца новаму пераможцу. Што, зрэшты, таксама выглядае сімвалічна: музейная справа развіваецца несупынна.

/i/content/pi/cult/692/15219/28.JPGФіласофія музея будучыні

Конкурс праводзіцца штогадова пад патранатам каралевы Бельгіі. Яго ідэю ў 1977 годзе сфармуляваў і рэалізаваў вядомы брытанскі музеолаг Кенет Хадсан (1916 — 1999). Культавая ў музейным свеце постаць — хаця па адукацыі ён быў зусім не музейшчыкам. Журналіст BBC у свой час займаўся рознымі тэмамі — ад індустрыяльнай археалогіі да гісторыі грамадзянскай авіяцыі — аднак урэшце сур’ёзна зацікавіўся музеямі. Пазней яго нават запрасілі ў UNESCO ў якасці эксперта ў гэтай галіне. Напісаў некалькі бліскучых кніг. Адна з іх, “Уплывовыя музеі”, перакладзена на рускую мову. У ёй гутарка ідзе пра 37 установаў, якія ў розныя гады пракладалі новыя шляхі ў музейнай справе. І ў іх ёсць чаму павучыцца!

Урэшце, менавіта Хадсан сфармуляваў філасофію музея будучыні, які павінен не толькі захоўваць культуру мінулага, але стаць неад’емнай часткай культуры сучаснай. І, галоўнае — даваць адказы на выклікі грамадскага жыцця. Падобнае разуменне задач музея лягло і ў аснову конкурса. Яго галоўныя мэты — маніторынг сучасных тэндэнцый у галіне і стварэнне пляцоўкі для прафесійнага аналізу музейнай дзейнасці ў Еўропе.

Арганізатарам конкурсу з’яўляецца “Еўрапейскі музейны форум” — няўрадавая арганізацыя, што зарэкамендавала сябе як важны суб’ект інтэграцыі музейнай справы на ўсім кантыненце. Журы складаецца пераважна з дырэктараў музеяў, якія перамагалі ў мінулыя гады, але ўваходзяць у яго таксама і журналісты, дызайнеры ды іншыя спецыялісты “сумежных сфер”. У ліку намінантаў — установы, экспазіцыі якіх адкрыліся для публікі (альбо былі кардынальным чынам рэканструяваныя) на працягу трох апошніх гадоў.

/i/content/pi/cult/692/15219/29.JPGНа конкурсе прысуджаюць галоўны прыз і шэраг спецыяльных. Яны ўручаюцца ў маі на асамблеі “Еўрапейскага музейнага форуму”, якая штогод адбываецца у новым месцы з удзелам усіх кандыдатаў. Сёлета асамблея прайшла 9 — 12 мая 2018 у Варшаве, дзе яе гаспадаром быў Музей гісторыі польскіх яўрэяў, пазалетась прызнаны музеем года Еўропы.

Па ўмовах конкурсу, кожны ўдзельнік падчас прэзентацыі свайго музея павінен прадставіць аб’ект, які з’яўляецца найбольш значным альбо вобразна ўвасабляе новыя падыходы да музейнай работы. Адны намінанты для гэтага дэманстравалі ключавыя прадметы ўласных збораў, другія прыбягалі да мовы сімвалаў.

Галоўны прыз прысуджаецца музею, які дэманструе найвышэйшыя стандарты, ўзор, прыклад ва ўсіх адносінах, збалансавана развівае ўсе асноўныя кірункі работы (фондава-захавальніцкі, экспазіцыйна-выставачны і адукацыйна-выхаваўчы) — і ў той жа час з’яўляецца інавацыйным. Галоўная ўвага надаецца, канешне, “абліччу” музея — яго экспазіцыі.

Сёлетні пераможца  — Музей дызайну ў Лондане — пазалетась пераехаў у новы будынак у элітным раёне Кенсінгтан. Эфектны твор архітэктара Джона Поўсана абышоўся уладам і спонсарам у 83 мільёны фунтаў, аднак затраты апраўдалі сябе. Абноўлены музей не толькі вокамгненна набыў шырокую папулярнасць, але і стаў месцам паломніцтва дызайнераў з розных краін свету. Экспазіцыя падзяляецца на сталую і часовую. Музейныя выставы ўздымаюць нетрадыцыйныя, часам правакацыйныя тэмы, выкарыстоўваючы сучасную экспазіцыйную мову. Да таго ж, Музей дызайна з’яўляецца важнай адукацыйнай пляцоўкай, прычым яго публічныя праграмы адрасаваныя максімальна шырокай аўдыторыі.

У памяць пра няўдалае каханне

Можа, беларускія калегі лічаць, што на галоўны прыз нам зарана прэтэндаваць: маўляў, не тыя рэсурсы? Дык заўсёды можна пазмагацца за спецыяльныя. Балазе, адзін з іх уручаецца менавіта за інавацыйны прарыў і вымагае не столькі сродкаў, колькі свежых ідэй.

Прыз Кенета Хадсана могуць атрымаць нават тыя музеі, праекты або асобныя людзі, якія на конкурс не заяўляліся. Галоўная ўмова — каб намінанты адпавядалі духу Хансана і яго схільнасці да ломкі мысленчых стэрэатыпаў. Напрыклад, гэты прыз атрымаў Музей разарваных адносін у Заграбе, створаны двума харвацкімі мастакамі ў 2006 годзе і прысвечаны… нешчасліваму каханню. Вясельныя строі, паштоўкі, падарункі разглядаюцца аўтарамі як арт-аб’екты. Музей прапануе ўсім ахвотным стаць часткай калектыўнай эмацыйнай гісторыі, ахвяраваўшы рэч, якая нагадвае пра няўдалыя адносіны з каханым. А летась прыз Хадсана паехаў у Екацярынбург у Музей Барыса Ельцына.

Сёлета прыз Кенета Хадсана атрымаў Нацыянальны музей Эстоніі ў Тарту. Гэты музей, кошт стварэння якога склаў 75 мільёнаў еўра, распавядае пра мінулае эстонскага народа — але без уласцівай гістарычным музеям акадэмічнасці, дыдактычнасці, пафасу. Стваральнікі экспазіцыі паказалі вузлавыя моманты эстонскай гісторыі такім чынам, што наведвальнік можа сам зрабіць патрэбныя яму высновы. Задача ўсталявання дыялогу паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, сацыяльнага становішча і ўзросту выконваецца ў музеі з дапамогай інавацыйнага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

/i/content/pi/cult/692/15219/30.JPGПрыз Сілета, якім з 2011 года ўзнагароджваюцца музеі за лепшыя дасягненні ў валанцёрскай і грамадскай працы, сёлета атрымаў Музей драўлянага караблебудавання ў харвацкім рыбацкім пасёлку Беціна. Гэты музей без перабольшвання можна назваць грамадскім. Яго фондавы збор сабраны самімі жыхарамі, яны ж з’яўляюцца і музейнымі супрацоўнікамі — на валанцёрскіх пачатках. Самі спраектавалі экспазіцыю, самі праводзяць на ёй актыўную культурна-адукацыйную дзейнасць. Журы адзначыла дасягненні жыхароў Беціны і іх музея ў галіне захавання традыцыйнага ладу жыцця, яго адаптавання да сучаснасці, а таксама ў наладжванні дыялогу пакаленняў.

Пасля падпісання спецыяльнага пагаднення паміж Еўрапейскім музейным форумам і Парламентскай Асамблеяй Савета Еўропы з’явілася яшчэ адна ўзнагарода — Музейны прыз Савета Еўропы. Лаўрэат атрымлівае скульптуру Хуана Міро “Жанчына”. Прэтэндэнты павінны не толькі адкрываць новыя магчымасці для развіцця музейнай справы, але і мець агульнаеўрапейскае значэнне. Такім крытэрыям, напрыклад, адпавядаў жэнеўскі Міжнародны музей рэфармацыі, які стаў адным з першых уладальнікаў прыза.

Сёлета ж ён прысуджаны Музею ваеннага дзяцінства ў Сараеве —горадзе, які быў ў аблозе амаль чатыры гады, дзе сляды вайны яшчэ бачны на вуліцах. Музей з’яўляецца падкрэслена апалітычным праектам, які імкнецца запоўніць прабел у дакументаванні ваеннага вопыту з пункту гледжання дзіцяці. Ажыццёўленая ў студзені 2017 года, гэтая грамадская ініцыятыва ўжо здолела даказаць уласную здольнасць існаваць самастойна. Савет Еўропы разглядае Музей ваеннага дзяцінства ў Сараева як мадэль, што можа быць выкарыстана ў іншых канфліктных і постканфліктных зонах свету.

Форум прафесіяналаў

На асамблею, дзе адбываецца ўрачыстае ўручэнне прэмій, прыязджаюць не толькі кандыдаты, але шмат гледачоў, жадаючых пазнаёміцца з усёй палітрай сучасных інавацый у музейнай справе. Многія, пабываўшы там аднойчы як кандыдаты, у наступныя гады едуць ужо як гледачы. Людзям падабаецца атмасфера гэтых сустрэч — жывая, творчая, дэмакратычная. Збіраюцца тут сапраўдныя прафесіяналы, якія маюць практычныя дасягненні і гатовыя адстойваць свае погляды. Большасць з іх прэтэндуюць на ролю стваральнікаў найлепшага музея Еўропы. Гэта цудоўны прафесійны клуб.

Музейшчыкі, якія трапілі ў арбіту конкурсу, пачынаюць думаць не толькі нацыянальнымі, але і больш шырокімі катэгорыямі. На асамблею прыязджаюць і журналісты. Для іх гэта магчымасць сабраць шмат каштоўнага матэрыяла. У кулуарах адбываюцца дыскусіі, спрэчкі, робяцца заклады. На працягу чатырох дзён падчас публічных прэзентацый праектаў-намінантаў удзельнікі і госці спрабуюць самі вызначыць пераможцаў. А па выніках работы асамблеі яны прысуджаюць прыз сімпатый гледачоў.

Музеям, якія жадаюць паўдзельнічаць у конкурсе, неабходна падаць у арганізацыйны камітэт заяўку і аплаціць рэгістрацыйны ўнёсак у памеры 500 еўра. Неўзабаве да вас прыедуць два члены журы, камандзіровачныя выдаткі якіх аплочвае таксама ваша ўстанова. Эксперты дбайна вывучаць усе напрамкі работы музея-заяўніка і складуць справаздачу, якая будзе абмяркоўвацца на агульным паседжанні членаў журы.

Важна адзначыць, што ў спаборніцтве за званне найлепшага еўрапейскага музея ў 2018 годзе актыўна ўдзельнічалі і ўстановы з постсавецкіх краін — Дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-мастацкі і прыродны музей-запаведнік В.Д. Паленава, Музей рускага імпрэсіянізму ў Маскве, Музей гісторыі аўта- і мотатэхнікі ў Рызе, Музей дывана ў Баку. Сярод прэтэндэнтаў быў нават Музей Леніна ў фінскім Тамперэ!

Беларускіх музеяў у ліку намінантаў 2018 года, на жаль, няма. Але хочацца верыць, што і наша краіна ў хуткім часе зможа развіць музейную справу так, каб прэтэндаваць на галоўныя прызы еўрапейскага конкурсу.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ,
доктар гістарычных навук, прафесар