Грунвальд, Міцкевіч, вясковае неба…

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

Беларускія рарытэты ў Нацыянальным музеі ў Варшаве
Нацыянальны музей у Варшаве — адно з найбагацейшых у суседняй краіне сховішчаў твораў мастацтва, многія з якіх звязаны з Беларуссю і даўно вядомыя чытачам "К". Паколькі каталога такіх карцін, скульптур і іншых артэфактаў не існуе, можна толькі здагадвацца аб маштабах нашай супольнай спадчыны, якая тоіцца ў неабсяжных фондасховішчах. Але досыць і таго, што выстаўлена ў экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/692/15217/25.JPGАд Ніла да Дняпра

Каб знайсці творы мастацтва, звязаныя з Беларуссю, трэба абысці не толькі тыя залы, дзе, здавалася б, такія творы павінны быць, але і тыя, дзе шукаць штосьці такое было б, на першы погляд, марна. Першы сюрпрыз нас чакае ў Галерэі Фарас.

Фарас — гэта паселішча на поўначы Судана, на самай граніцы з Егіптам. У 1961 — 1964 гадах тут праводзілі раскопкі польскія археолагі пад кіраўніцтвам Казімежа Міхалоўскага. Работы вяліся пад патранатам UNESCO з мэтай уратавання культурнай спадчыны падчас будаўніцтва Асуанскіх плацін. Тады знайшлі рэшткі праваслаўнага храма VII — XIV стагоддзяў. Шмат фрагментаў фрэсак з царквы і іншых выяўленых там прадметаў перавезлі, паводле дамоўленасці з Суданам, у варшаўскі музей. У выніку была створана галерэя Фарас, якая, па сутнасці, уяўляе з сябе рэканструкцыю храма, затопленага цяпер водамі Ніла.

Разам з паказам твораў, уратаваных у Фарасе, у музеі экспануюцца і прадметы праваслаўнага — або, паводле музейнай тэрміналогіі, усходнехрысціянскага — мастацтва з розных краін свету — ад Эфіёпіі і Грэцыі да зямель старажытнай Русі. Пад шклом можна ўбачыць абразкі і крыжыкі XII — XIII стагоддзяў. Месца дакладнага паходжання не пазначанае: паўсюль адзін і той жа подпіс: “Кіеўская Русь”. Гэта значыць, што рэчы маглі быць знойдзены як у Ноўгарадзе або Кіеве, так і ў Полацку або Тураве.

Адпаведна, наведвальнік можа толькі здагадацца, якія з гэтых прадметаў паходзаць з Беларусі. І хай гэтая інфармацыя натхніць кагосьці з даследчыкаў культуры таго перыяду на далейшыя пошукі. Хто ведае, ці не адкрыецца ў варшаўскім музеі невядомая рэліквія з часоў нашай ранняй гісторыі?

А ўвогуле, прадметы быту і культу з праваслаўных краін выразна паказваюць, што іх аб’ядноўвае адна традыцыя. Яна ўзнікла на аснове грэчаскай цывілізацыі, якая ў розных рэгіёнах Еўропы, Азіі, Афрыкі набывала свае адметнасці.

Лукас Кранах і слуцкія паясы

Многія бачылі рэпрадукцыю з адзіным адлюстраваннем Аршанскай бітвы ў колеры, якое паходзіць з 1530 года — гэта значыць, набліжана да рэальных падзей. Але самае цікавае, што, паводле даных Нацыянальнага музея ў Варшаве (а менавіта там экспануецца арыгінал твора), яго аўтар — Лукас Кранах Старэйшы або Ганс Крэль. У любым выпадку, каб адчуць атмасферу гістарычнай бітвы, сёння трэба ехаць у Варшаву.

Тут жа захоўваюцца і славутыя слуцкія паясы. У навуковым асяроддзі ў Польшчы іх часцей называюць кунтушовымі, бо шляхціцы імі падпяразвалі кунтуш. І не ўсе вырабляліся ў Слуцку, а некаторыя яшчэ раней у Нясвіжы, Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск) ва Украіне, а пазней — у Гродне, пад Варшавай, нават у французскім Ліёне. У любым выпадку, і ўласна слуцкіх паясоў у Нацыянальным музеі многа — адна з найбагацейшых калекцый! У 2014 годзе некаторыя паясы з гэтага збору выстаўляліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

А вось тое, што ў Слуцку ў выніку рэалізацыі спецыяльнай дзяржаўнай праграмы была адноўлена вытворчасць паясоў, палякаў уражвае. Хаця ёсць прадпрымальнікі, якія наладзілі вытворчасць копій старажытных аксесуараў і ў Польшчы.

На скале Аю-Даг

Працягваючы пошук беларускіх рарытэтаў, мы павінны зазірнуць у Галерэю мастацтва ХІХ стагоддзя. Тут выстаўлены некалькі партрэтаў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ураджэнца вёскі Воўчын сучаснага Камянецкага раёна. Увогуле, выяў Панятоўскага ў Варшаве шмат у розных музеях, і гэта можна лічыць справядлівым, бо менавіта пры ім польская сталіца набыла свой бляск. У экспазіцыі ж Нацыянальнага музея адзначу работы Пэра Крафта (каля 1767 года) і Маркела Бак’ярэлі (пасля 1780-га).

Побач прадстаўлены карціны пэндзля ўраджэнца Варшавы Францішка Смуглевіча, Юзафа Аляшкевіча родам з-пад Расейняя ў Літве, Яна Рустэма, які нарадзіўся ў Стамбуле, і выхадца з Кракава Юзафа Пешкі. Усе яны на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў былі звязаны творчасцю з Вільняй і наогул літоўска-беларускімі землямі. Пешка, напрыклад, пакінуў шмат цікавых выяў гарадоў Беларусі, паводле якіх мы цяпер вывучаем іх гістарычнае абліча.

Але бясспрэчная перліна Галерэі старажытнага мастацтва — партрэт Адама Міцкевіча на скале Аю-Даг, напісаны Валенціем Вільгельмам Ваньковічам (1827 — 1828). І герой карціны, і яе аўтар — ураджэнцы беларускіх земляў.

Асобная тэма — гэта творы на сюжэты агульнай беларуска-літоўска-польскай гісторыі, якія пісалі польскія мастакі. У музеі прадстаўлены тыя хрэстаматыйныя карціны, якія мы можам убачыць нават у школьных падручніках — напрыклад, “Смерць Барбары Радзівіл” (1860) Юзафа Зімлера. Але, натуральна, найперш прыцягвае ўвагу велізарнае палатно Яна Матэйкі “Бітва пад Грунвальдам” (1878) з цэнтральнай постаццю Вітаўта сярод удзельнікаў баталіі. Карціна займае цэлую сцяну адной з залаў, перад ёй расстаўлены рады лавак, каб шматлікія наведвальнікі маглі разгледзець усё ў дэталях.

Роднае неба Фердынанда Рушчыца

Малая радзіма мастака — гэта Багданава ў сучасным Валожынскім раёне. Краявід адтуль сёння ўпрыгожвае Галерэю мастацтва ХХ і ХХІ стагоддзяў. Пейзаж, напісаны ў 1898 годзе, лічыцца адным з найлепшых у спадчыне творцы. Ён, дарэчы, сугучны яго ж карціне “Ля касцёла”, якая экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску. Чым? Багданаўскім блакітным небам. Так, як Рушчыц, неба не маляваў ніхто.

Нагадаю, што мастак вырас у Мінску, некалькі перыядаў свайго жыцця пражыў у Варшаве, а яго ўлюбёным горадам была Вільня.

“Зямля” захоўваецца ў Варшаве з 1899 года, калі палатно непасрэдна ў аўтара купіла галерэя Zacheta, якая, дарэчы, існуе і дагэтуль. У Нацыянальным музеі можна таксама ўбачыць творы Рушчыца “Стары дом” (1903) і “Лясны ручай” (1899 — 1900).

Таксама ў Нацыянальным музеі ў Варшаве захоўваюцца граматы і партрэты Радзівілаў з Нясвіжа, графіка Напалеона Орды і многае іншае. Бадай найлепшай папулярызацыяй гэтых твораў сярод беларусаў было б стварэнне каталога або альбома. Але наўрад ці польскія спецыялісты будуць займацца гэтым без ініцыятывы беларускага боку. У сваю чаргу, шмат твораў, гістарычна звязаных з Польшчай, знаходзіцца ў мінскім Нацыянальным мастацкім музеі. Хочацца спадзявацца, у даследчыкаў і проста цікаўных турыстаў з абедзвюх краін рана ці позна з’явіцца магчымасць лёгка знайсці сляды агульнай культуры ў галоўных мастацкіх музеях Варшавы і Мінска.

Віктар КОРБУТ

Фота аўтара