Спецыяліст па здароўі і фольку

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Лідар-вакалістка гурта Kriwi Вераніка КРУГЛОВА заскочыла ў Мінск літаральна на пару тыдняў — па справах і пабачыцца з блізкімі ды сябрамі. Калектыў, у якім яна спявае, у свой час унёс пэўную лепту ў сучасны айчынны фольк. Аб памерах здзяйсненняў камандай няхай спрачаюцца музыказнаўцы, я ж адзначу, што з гадамі яна стала ўсё радзей усплываць на паверхню шоу-бізнесу. Чаму гэта адбылося (і ці адбылося?), пра што думы артысткі сёння, я і пагутарыў з нашым чалавекам у Берліне.

/i/content/pi/cult/691/15187/8.JPGУзлёты і падзенні

— Як перад табой паўстала дылема: застацца ў Берліне, жыць там, працаваць, перыядычна наведваць Мінск, альбо пакінуць усё па-ранейшаму — зрэдку вырывацца ў Еўропу, але заўсёды вяртацца ў Беларусь?

— У 1990-ыя мы з маім тагачасным мужам Дзімам Вайцюшкевічам пазнаёміліся з Валерам Канішчавым — добра вядомым у не вельмі шырокіх колах дзеячам культуры, які жыў у Берліне і меў творчыя інтарэсы ў розных галінах у Беларусі. Прынеслі яму касету з кампазіцыямі “Палацу” — маўляў, дапамажы прасунуць гурт за мяжой. Валера адказаў, што яму ўсё спадабалася, але поўны склад калектыву вазіць нерэнтабельна, патрэбны яго як бы міні-варыянт. І яшчэ спытаў, ці спяваю я сольна. Адна запісаная песня ў нас — Юры Выдронка, Дзімы і мяне, якія ўваходзілі ў “Палац”, — была, я яе Канішчаву паказала, яна яму спадабалася. Ён сказаў, што калі праз пару месяцаў міні-склад падрыхтуе паўнавартасную праграму, то паспрабуе прасунуць яе на некалькі крутых берлінскіх пляцовак. Так і нарадзіўся гурт Kriwi.

Стартаваў ён сапраўды гучна — яго адразу выдатна прынялі дома, ішлі паспяховыя выступы за мяжой. Але неўзабаве Выдронак сышоў. Замяніў яго Піт Паўлаў, гітарыст N.R.M. Потым прыходзілі яшчэ музыканты, а потым... мы з Вайцюшкевічам рассталіся. Мне было вельмі цяжка, горка. У Піта з’явіліся нейкія свае паралельныя праекты... Я ўжо амаль надумала зусім з’ехаць з Мінска ў Піцер — тамтэйшыя сябры клікалі.

Але Канішчаў запрашаў у Берлін. Маўляў, там у Kriwi атрымалася, чаму б не паспрабаваць паўтарыць? Валера стаў для мяне кіслароднай падушкай, сябрам, прадзюсарам, партнёрам... У нас нарадзілася дачка і, натуральна, я засталася ў Берліне. І знаходзячыся там, утрымлівала на плыву Kriwi, шмат працуючы з мясцовымі музыкантамі ды кагосьці запрашаючы з Мінска.

— Пэўна, складана было пастаянна вазіць частку складу ў Берлін?

— Так. Гадоў пяць назад у нашых хлопцаў паўсталі нейкія праблемы з візамі, прыехаць змаглі толькі вакалісткі Валерыя Валадзько і Наста Хмель. А назаўтра трэба было граць гадзінную праграму. І тут высветлілася, што ў Насты выпадкова апынуліся з сабой гітара і джамбы (афрыканскія бубны). А ў Леры — лупэр (музычная прымочка ў выглядзе педалі) з сэмплерам. За вечар “склеілі” праграму і выступілі супер! З тых часоў асноўны касцяк Kriwi зноў уяўляе з сябе трыа.

— А можна пытанне пра асабістае? Па жыцці ты — на працяглым ці кароткім яго адрэзку — ішла рука аб руку (і не толькі ў творчасці) з такімі вядомымі персонамі, як музыкант “Песняроў” і “Лявонаў” Павел Заяц, тыя ж Вайцюшкевіч і Канішчаў. Але ўсё-такі расставалася з імі. Сямейны саюз творчых асоб — гэта не пра цябе?

— Дзімка сам мяне кінуў... Адносіны з Пашам былі... узвышанымі. Уся музычная тусоўка пачатку-сярэдзіны 1990-х завісала ў нашай кватэры. Валера — ну, ён жа бацька маёй дачкі. Так склалася жыццё, што не наканавана нам было жыць разам з кім-небудзь з іх да самай смерці. Але ніхто на сябе коўдру ні ў побыце, ні ў творчасці не цягнуў, да скандалаў і назапашвання крытычнай масы не даходзіла. З усімі пералічанымі табою асобамі ў мяне і сёння выдатныя, далікатныя адносіны.

— Які найбольш яркі перыяд у дзейнасці Kriwi ты б выдзеліла (пра апошні не гаворым)?

— Пачатак, калі ідэі так і лезлі. Але, магутна стартаваўшы, мы і аддачу хутка атрымалі адпаведную, што нярэдка здараецца з выканаўцамі. Выдронак, пры ўсіх яго заслугах, нешта такое пра сябе ўявіў. Дайшло да таго, што ён неяк заявіў: маўляў, мы без яго — ніхто. Шкада, калі ў гэтага найталенавітага чалавека, які прыдумаў той жа “Палац”, усё неяк не так пайшло. Пасля сыходу з Kriwi Выдронак яшчэ нейкі час “свяціўся” са сваім гуртом Ur’ia, праводзіў фестывалі этна-музыкі, а цяпер дзе ён? Забарыкадаваўся дзесьці ў беларускай глушэчы і сігналаў не падае.

/i/content/pi/cult/691/15187/9.JPG— А ты ўсё гэтак жа даеш прыватныя ўрокі музыкі ў Берліне дзецям?

— Не толькі выкладаю, але і ўдзельнічаю ў розных культурных iмпрэзах, будзь гэта музыка, выяўленчае мастацтва, тэатральнае, аўтарскае кіно. Зусім нядаўна запісала з крутымі берлінскiмi джазавымі музыкантамі рок-оперу... “Доктар Айбаліт” — так, паводле Карнея Чукоўскага! Праект гэты прапанаваў рэжысёр-эмігрант з украінскімі каранямі — знаёмы нашага Славы Іназемцава, кіраўніка пластычнага тэатра “ІнЖэст”. Разам з гэтым выхадцам з Украіны і яшчэ адной маёй калегай мы арганізавалі тэатр-студыю для дарослых, для якіх праводзім вакальныя семінары. Іх наведваюць людзі розных нацыянальнасцяў, а мы іх вучым спяваць фольк на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах, ладзім абрады.

Яшчэ я скончыла прыватную школу гарманічнага развіцця і мастацтва шыацу і стала дыпламаваным спецыялістам па здароўі! І сумяшчаючы ўсе свае... таленты, праводжу з людзьмі музычную тэрапію.

Музыка для ўсіх

— Я нядаўна ў інтэрнэце выпадкова наткнуўся на інтэрв’ю з былым айчынным альтэрнатыўным музыкантам, які цяпер пражывае, па-мойму, у Вялікабрытаніі. Ён кажа, што бываючы ў Мінску, шалее ад гастрольнай афішы нашай сталіцы. Маўляў, у Лондане не сустрэнеш столькі замежных гастралёраў высокага ўзроўню, няма такой разнастайнасці стыляў. Ты заўважаеш, як змянілася беларуская сталіца ў гэтым кантэксце?

— Таксама дзіўлюся гэтаму. Але мяне радуе найперш іншае: тое, што ў Мінску велізарная колькасць вельмі крутых музыкантаў, асабліва дзяўчат, якія класна спяваюць. З іншага боку, ёсць адчуванне таго, што музычны рух трохі прыпыніўся. Асноўная маса артыстаў топчацца ва ўжо добранька перакапаных стылях і жанрах, не прыўносячы ў іх нічога свайго. Мяне, дарэчы, таксама могуць папракнуць у гэтым. Але! Кірунак, якi аднойчы выбралі “Палац” і Kriwi — быў новым на той час у айчыннай музыцы: фольк, сыграны пры дапамозе сучасных тэхнічных сродкаў і сучаснай выканальніцкай мовай. Хочацца верыць, што мы яшчэ актуальныя ў гэтым сэнсе. Ды і не ўсё праспявалі, не ўсё паказалі публіцы.

— Яна некалькі гадоў таму абыякава паставілася да паведамленняў у СМІ аб тым, што Kriwi меркавалі даць канцэртны тур па краіне. Чаму ён не адбыўся — на гурт сапраўды забыліся, “прайшла любоў, завялі памідоры”, ніхто не ўзяўся за раскрутку гастроляў?

— Забылі, так. Па радыё мы не гучым, па тэлевізары, натуральна, нас не паказваюць. Калі і выступаем у Беларусі, то хіба час ад часу і лакальна — у асноўным, у Мінску. Але па-ранейшаму чакаю званка якога-небудзь прамоўтара і прапановы паездкі па краіне. Упэўнена, што гледачам творчасць гурта будзе цікавай: у нас жа вельмі... лёгказасваяльная музыка, якую любіць розная публіка — ад дзяцей да бабуль, ад працоўных да інтэлігенцыі.

Думаю, што прыйшоў час абзаводзіцца сур’ёзнай канцэртнай агентурай, якая арганізоўвала б нам выступы ў Еўропе. Цікавасць да фольку там пастаянная, матэрыялу ў Kriwi дастаткова, прафесійна гурт моцны, ён мабільны, лёгкі на пад’ём.

— Хай не для беларускага тура, але ў якасці разавага праекта, ці можна было б сабраць адзін з “залатых” складаў Kriwi.

— І выцягнуць на свет Божы Выдронка? Наўрад ці ён адгукнуўся б на наш покліч. У мяне ёсць ідэя — сабраць усіх тых, хто калі-небудзь граў (і грае) у Kriwi і з Kriwi — напрыклад, басіста Валерыя Башкова, бубнача Кірыла Шавандо, клавішніка Косцю Гарачага, скрыпача Карэна Карапецяна, перкусіяніста Масуда Талібані, Аляксандра Памідорава... Які кветнік, а?! Сабраць і даць канцэрт, з запісам для тэлебачання. Вось толькі хто возьмецца за ажыццяўленне гэтага?

Усё мяняецца...

— Прыехаўшы на радзіму, ты маеш зносіны з былымі калегамі?

— Па магчымасці. З кімсьці часцей бачымся, з кімсьці радзей. Ведаеш, пасля смерці Міхала Анемпадыстава яны ўсе неяк... пастарэлі, ці што. Яго сыход ударыў па нас вельмі моцна. Яны ўсё больш кудысьці ўглыб сябе сталі глядзець, больш сем’ям надаваць увагу. А Лявон Вольскі дык наогул як бы адасобіўся ад астатніх. Ёсць адчуванне таго, што мы ўсе ўжо дажываем у музыцы, лепшы наш час прайшоў. Сумна, што, дапусцім, Ігар Варашкевіч з “Крамы” прыйшоў да таго, з чаго пачынаў, — да кавераў. Але жыць яму неяк трэба... Аднак сыходзіць на пенсію рана, таму — бадзёрымся! Вайцюшкевіч і Саша Кулінковіч з “Нейро дюбеля”— дасюль яшчэ тыя перцы!

— А як табе Мінск, Беларусь?

— У Мiнску стала менш... мінчан. Напэўна, з’язджаюць з горада людзі. Наогул, цяперашняе пакаленне для мяне — племя маладое, незнаёмае. Яно і клёвае, і... Сябе сённяшнюю я з цяжкасцю магу ўявіць у ім. Мы ж якія былі — іскры ляцелі ва ўсе бакі, куды нас толькі ні кідала. А сёння ў сталіцы неяк усё лакальна, усё па інтарэсах, масавай “дзвіжухі” няма. Можа, за яе межамі па-іншаму? Мой Мінск — той, не цяперашні.


Даведка

Вераніка КРУГЛОВА, нарадзілася ў Мінску. Скончыла Беларускі ліцэй мастацтваў (цяпер Гімназія-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка) па класе “харавое дырыжыраванне”. З’яўлялася артысткай-вакалісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Былая ўдзельніца гуртоў “Метро”, “Линда”, “Палац”. З 1996-га і па сёння — салістка гурта Kriwi. З 2004 года жыве ў Берліне.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"