Купалава слова да Жоўтага мора сягне

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Карэйскі дзённік Алены Ляшковіч
На вясновым сонцы патроху растаюць успаміны пра нядаўнюю зімовую Алімпіяду, але Карэя працягвае вабіць беларусаў. Не так даўно з Сеула вярнулася дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы Алена ЛЯШКОВІЧ. З чытачамі “К” яна дзеліцца ўражаннямі ад іншаземнай стажыроўкі, якая адбылася дзякуючы садзейнічанню Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь.

/i/content/pi/cult/689/15162/24.JPG“Загугліць” і натхніцца

— Два гады таму ў нашай традыцыйнай імпрэзе “Чытаем Купалу разам” упершыню прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Кім Ёнг Хо. Тады ён зазначыў, што творы Песняра па рытміцы падобныя да карэйскай паэзіі, а таму вельмі блізкія яго народу. Яму падалася даволі цікавай ідэя перакласці вядомыя нам змалку радкі на карэйскую мову. З гэтых планаў паступова і нарадзілася магчымасць выправіцца ў стажыроўку ў азіяцкую краіну ў рамках праграмы Карэйскага фонду для ганаровых гасцей мастацтва і культуры.

Карэйскі фонд з’яўляецца падраздзяленнем тамтэйшага Міністэрства замежных спраў. Запрашаючы да сябе дзеячаў розных прафесійных плыняў (за досведам едуць і дыпламаты, і прадстаўнікі адукацыі, спорту і гэтак далей), ведамства імкнецца ўзняць імідж краіны і папулярызаваць карэйскую культуру ва ўсім свеце. У маёй групе былі прадстаўнікі чатырнаццаці краін, сярод якіх Боснія і Герцагавіна, Партугалія, Румынія, Алжыр, Ангола, Аўстралія, Бангладэш, Малайзія, Нігерыя, Сінегал, ЗША. З постсавецкай тэрыторыі — толькі Беларусь і Грузія.

Асабіста для мяне стажыроўка сталася вялікім шчасцем і сапраўднай удачай. Па-першае, ці даехала б я сама калі да той далёкай Карэі? Па-другое, я набыла новыя прафесійныя стасункі, некаторыя з якіх ужо сёння ператвараюцца ў невялікія праекты. Распачалося ізноў з Купалы: усім з нашай групы я прэзентавала знакамітыя паштоўкі з выявай Песняра і вершам “А хто там ідзе?” на мове іх краін.

Дырэктару Нацыянальнага музея Бангладэша дастаўся англійскі пераклад, бо бенгальскага ў нас няма. І толькі я на развітальнай вячэры павярнулася да калегі, каб папрасіць дапамагчы з аўтэнтычным варыянтам, як ён мяне апярэдзіў просьбай… дазволіць яму перакласці беларускія радкі на бенгальскі! Аказалася, яго так уразіла сімволіка строф, што ён тут жа “загугліў” Купалу і зараз хоча напісаць артыкул, каб бенгальцы таксама прасякнуліся лёсам і творчасцю народнага паэта Беларусі. Вось так з нефармальных зносін можа атрымацца далейшае плённае супрацоўніцтва.

Але самае галоўнае, што я пазнаёмілася з такой непадобнай і ўсё ж такі блізкай нам краінай, даведалася пра яе самабытнае мастацтва і пабачыла, як і ў найноўшых тэхналагічных варунках знаходзіцца месца для прасоўвання культурных дасягненняў.

у цэнтры — Чалавек

— Мяне ўразіла тая ўвага, якую ў Карэі надаюць культуры. Для нашай групы зладзілі сустрэчу з адным са стваральнікаў канцэпцыі сучаснай культурнай палітыкі краіны. Па меркаванні аўтараў, з распаўсюджваннем чацвёртай прамысловай рэвалюцыі людзі ўсё больш адчужаюцца адзін ад аднаго, у грамадстве відавочна ўзмацняюцца канфлікты паміж рознымі сацыяльнымі групамі, маладое пакаленне губляе надзею на будучыню. Таму менавіта чалавекацэнтрычны кірунак зможа пераламіць гэтую сітуацыю.

У новым тысячагоддзі азіяцкая дзяржава імкнецца перанесці акцэнт з эканомікі і тэхналогій на культуру, каб з дапамогай апошняй пераадольваць супярэчнасці ў грамадстве і ўплываць на яго інтэграцыю. Для гэтага ў краіне ідзе працэс дэцэнтралізацыі сістэмы, перадачы паўнамоцтваў і рэсурсаў мясцовым уладам, дэкларуецца зліццё культуры з рознымі індустрыямі.

Карэйцы бачаць будучыню ў развіцці творчых сіл, стварэнні крэатыўных працоўных месцаў, каб новая прамысловая рэвалюцыя мела ўхіл на культурныя каштоўнасці. Яны накіраваны на стварэнне культурнай экасістэмы, а для гэтага мусяць палепшыць інфраструктуру на месцах. Нам распавялі пра восем важных задач праекта “Культурнае бачанне — 2030”, сярод якіх можна было пачуць пра павышэнне магчымасцяў канвергенцыі культурных рэсурсаў, інавацыі грамадства з дапамогай культуры, ахову культурнай разнастайнасці, абарону правоў і статусу дзеячаў культуры і мастацтва.

Душэўныя рэплікі артэфактаў

/i/content/pi/cult/689/15162/25.JPG— Сказаць, што мяне ўразіла сталіца Карэі — не сказаць нічога! У Сеуле арганічна спалучаюцца шкляныя хмарачосы і старадаўнія пагады, строгія офісныя будынкі і сучасныя арт-аб’екты. Жыхары горада ўмеюць папулярызаваць сваё мастацтва.

Прымаючы бок імкнуўся паказаць нам асноўныя плыні карэйскай культуры. Напрыклад, правялі экскурсію па Арт-цэнтры Сеула — установе, што нагадвае наш Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Кіраўніцтва Цэнтра пазнаёміла нас з найсучаснай матэрыяльнай базай, якой можна пазайздросціць. Чаго вартая хаця б тэатральная зала на больш як дзве тысячы месцаў, акустыка якой дазваляе паказваць не толькі драматычныя спектаклі, але і оперы!

Як музейшчыку, мне вельмі важна было пабачыць Нацыянальны музей Карэі. Гэта велізарны сучасны будынак з найлепшым экспазіцыйным абсталяваннем і дасканалым клімат-кантролем. Я атрымала цікавы досвед існавання музейнай крамы: тут эфектыўна выкарыстоўваюць сусветную практыку, калі наведвальнікі могуць пакінуць будынак толькі праз сувенірныя прылаўкі. На жаль, беларускія музеі не заўсёды маюць магчымасць прымяніць гэты маркетынгавы ход…

У краме я пабачыла шмат практычных рэчаў з музейнымі рэплікамі: напрыклад, на люстэркі, пудраніцы нанесены выявы мастацкіх твораў. Гэта сусветны трэнд у папулярызацыі музейных фондаў, які не ў поўнай меры выкарыстоўваецца ў Беларусі. У прыватнасці, наш літаратурны музей Янкі Купалы мае добрую мастацкую калекцыю, і спадзяюся, што неўзабаве мы таксама зможам зрабіць прывабныя і ў той жа час карысныя сувеніры.

Мы не маглі не пабываць у палацавым комплексе Чхандакун, які ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Хараство старадаўняй каралеўскай рэзідэнцыі зачароўвала нават самага нагледжанага падарожніка! Праўда, цалкам растварыцца ў паэтычных ландшафтах не атрымалася: давалася ў знакі музейная звычка прыкмячаць прафесійныя дробязі. Так, для раённых філіялаў нашага музея “падгледзела” ў карэйцаў плеценыя з канатаў дарожкі (няхітрая, танная канструкцыя, якой зносу няма!) і просты, але надзвычай надзейны варыянт крапяжу вадасцёку.

Прыемна бачыць каля гістарычных помнікаў мясцовых жыхароў у нацыянальных строях. Я адмыслова запытала ў гіда, ці не для фатаграфавання з турыстамі яны тут ходзяць (на памяць адразу прыйшлі шматлікія “Пятры” ды “Кацярыны” на Чырвонай плошчы ў Маскве, якія такім чынам зарабляюць). Але экскурсавод запэўніў, што сеульцы апранаюцца так па асабістым поклічы душы.

Абмен перакладамі

— Самай важнай і плённай падзеяй для мяне падчас стажыроўкі стала сустрэча з прэзідэнтам Інстытута літаратурнага перакладу Карэі Са Ін Кімам. Гэтая ўстанова з’яўляецца адным з падраздзяленняў тамтэйшага Міністэрства культуры. Яна актыўна наладжвае супрацоўніцтва з замежнымі калегамі, перакладаючы нацыянальныя творы на мову іншых краін, і, адпаведна, выпускае замежную літаратуру на карэйскай. Для гэтага пры Інстытуце дзейнічае адмысловае выдавецтва.

Інстытуту літаратурнага перакладу я ўручыла сігнальны экзэмпляр кнігі аднаго верша “А хто там ідзе?” Янкі Купалы на ста мовах свету (у Мінску кнігу прэзентавалі 12 красавіка — Н.П.). Спадар Са Ін Кім — між іншым, паэт, літаратурны крытык — быў уражаны выданнем, бо не кожная нацыянальная літаратура мае твор, перакладзены на такую колькасць моў. Кіраўнік ведамства запэўніў, што іх установа рада распачаць перамовы наконт выдання зборніка Купалы па-карэйску.

Умовай майго ўдзелу ў стажыроўцы была дамова пра выданне ў Беларусі перакладу каго-небудзь з карэйскіх аўтараў. Паколькі друк — не функцыя музея, я звярнулася па дапамогу ў Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Шчыра ўдзячна яго кіраўніку Алесю Карлюкевічу, які падтрымаў ідэю супрацоўніцтва з Інстытутам літаратурнага перакладу і запэўніў, што калі карэйцы надрукуюць Купалу, то беларусы з задавальненнем выдадуць анталогію карэйскай літаратуры.

Карэйскаму боку я прапанавала падборку патрыятычнай і інтымнай лірыкі Янкі Купалы пад працоўнай назвай “Маладая Беларусь”. Пакуль перамовы знаходзяцца на пачатковай стадыі, але налета плануем завяршыць праект. Калі паліграфічныя магчымасці дазволяць, прапануем карэйцам дапоўніць іх выданне графікай нашых мастакоў. Купалу ілюстравалі Шаранговіч, Кашкурэвіч, Басалыга, Забораў — якое з імёнаў ні вазьмі, гэта з’ява!

У карэйскім Інстытуце велізарная бібліятэка перакладаў літаратур свету. Там я пабачыла шмат рускіх прозвішчаў, пад кнігі нашай усходняй суседкі аддадзена некалькі паліц. Спадзяюся, у нас атрымаецца адкрыць карэйцам шматпланавы сусвет беларускай літаратуры. І добра, што пачнём гэты, хочацца верыць, маштабны праект, творамі Купалы. Для Беларусі тое сімвалічна.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"