Не macho
— Неяк у адной з тэлеперадач цябе назвалі сэкс-сімвалам беларускага року. Помніцца, ты гэтаму вельмі здзівіўся. Можа, сёння ты больш адпавядаеш званню “рок-macho”?
— Я зноў надзвычай здзіўлены! Дрэнна памятаю той момант: мабыць, мяне тады патролiлi... А наогул, у любога музыканта любога гурта ёсць у ім свая роля. Я ніколі не быў чалавекам першага плана, мне вельмі падабаецца стаяць на сваім месцы і выконваць сваю працу. А мача — гэта больш для франтмэнаў і сола-гітарыстаў. Калі параўноўваць з футболам, то я — абаронца, які кантралюе гульню, яе рытм. І такія мае абавязкі мне ўсё яшчэ вельмі падабаюцца.
— Асабіста я ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х да сэкс-сімвалаў беларускай альтэрнатывы аднёс бы ўвесь ваш той склад. Ужо да “зорак” — дакладна. Часам здавалася, што, калі гурт з’яўляўся на канцэртнай пляцоўцы, ад яго ўдзельнікаў ажно ззянне зыходзіла. Прызнайся шчыра, ці шмат разоў табе даводзілася хварэць “зорнай хваробай”?
— Яе ў нас, на шчасце, ніколі не было! А склад тады і сапраўды падабраўся ўдалы, кожны музыкант быў добры па-свойму. Алекс (Stokes) — супермача і франтмэн, Андруха Краўцэвіч — жарсны мегагiтарыст, Руслан
Парфёнаў — харызматычны “святы ад рока”, Юра Вялюга — гм, прыгажунчык (Юра, не бі!), ну і я такі бландын з бас-гітарай. Карацей, было весела. Ды і цяпер у нас хлопцы ўсе агонь, яшчэ трохі пораху засталося!
— Знакаміты гітарыст Віктар Смольскі, які пачынаў у Беларусі сваю кар’еру, да гэтага часу не стрымлівае эмоцый, калі пра вас чуе. Пасля таго, як The Stokes выпусцілі актуальны для 1999-га англамоўны альбом No Escape, Смольскі быў гатовы ўзяцца за раскрутку гурта на Захадзе. І вы гэтым шанцам не скарысталіся. Віктар лічыць, што з-за ўласнай жахлівай бязладнасці. Як думаеш, ці сапраўды вы па сваёй дурасці страцілі тады рэальную магчымасць выйсці як мінімум на еўрапейскі музычны рынак?
— Калі табе 20 гадоў, то здаецца, нібы ўвесь свет ля тваіх ног. І думаеш, што шанцаў будзе бясконцая колькасць... Віцю мы не стамляемся казаць вялікі дзякуй за дапамогу, але… не зраслося ў нас з многіх прычын. У любым выпадку ні пра што не шкадуем, і калі не зламаемся ў бліжэйшы час, то свет яшчэ пра нас пачуе!
Скончыліся "патроны"
— Я разумею, што артысту неабходна развіццё, але для мяне ваш ад’езд у Маскву быў трохі нечаканым. Быццам бы ўсё ў гурта на радзіме складвалася — запатрабаванасць і папулярнасць былі, ён перыядычна заяўляў пра сябе за мяжой канцэртамі, і раптам такое кардынальнае рашэнне. Ехалі па запрашэнні кагосьці, або аддаліся на волю лёсу? Калі не блытаю, вы ж усё тут распрадалі, уклаўшы грошы ў класныя апаратуру і інструменты ды пакінуўшы нават сем’і “на бабах”...
— Ад’езд у Маскву быў вельмі лагічным і асэнсаваным працягам руху наперад. Нас ніхто не клікаў, і адпраўляліся ў расійскую сталіцу пачынаць усё з чыстага аркушу. Сабралі заробленыя выступамі грошы і пераехалі, але без фанатызму — ніхто апошнія штаны ў ламбард не закладваў...
— Удзел у самым прэстыжным расійскім рок-фэсце “Нашэсце”, саўндпрадзюсаванне легендарным Аляксандрам Куцікавым альбома “Nе Zамерзай”, запіс песні “Па плане” сумесна з лідарам “Пилота” Іллём Чортам... “Партфоліа” на зайздрасць многім, але ў выніку — воз і цяпер там. Працягваеце біцца галавой аб сцяну?
— Да нейкага моманту ўсё ішло досыць паспяхова, але потым мы... селі на мель і скончыліся “патроны”. Развіццё спынілася па сукупнасці прычынаў. Трэк, на які мы разлічвалі, не ўзялі на “Наша радыё”, альбом, запісаны з Куцікавым, прайшоў незаўважаным. Мабыць, мы не ведалі нейкіх “падводных плыняў” або дзейнічалі не зусім правільна. Аналізаваць падрабязна тут асабліва няма чаго — вынік ці ёсць, ці яго няма. На сённяшні дзень выніку, які б нас задавальняў, няма. Але — я працягваю настойваць — жыццё яшчэ для The Stokes не скончылася. На негатыве не зацыкліваемся, любыя падзеі ў жыцці гурта прыводзяць да чагосьці... усё адно лепшага і рухаюць нас наперад. У горшым выпадку, набываем карысны досвед. Ці ёсць канцэрты? Ёсць. Хай і не так шмат, як хацелася б. У асноўным, у клубах? Так. Таксама нічога страшнага.
— Які зваротны бок вашага маскоўскага побыту? Апішы яго, каб іншым было непанадна з Беларусі збягаць. Здымная кватэра ў спальным раёне, прусакі, безграшоўе, у якасці ежы — кансервы для котак, а суцяшэнне — у танным віне?
— Фантазія ў цябе, вядома... Даволі прыстойнае жыллё недалёка ад метро — так, на ўскраіне, але без казурак і бабуль на антрэсолях. Калі ты не сын алігарха, але і не
поўны лузер і гультай, то ў Маскве можна зарабіць сабе на годнае існаванне — без празмернасцяў, вядома, але і без сабачых кансерваў. Спіртное апошніх гадоў пяць мяне зусім не вабіць, ды і раней алкаголь маёй тэмай ніколі не быў.
— У Беларусь атрымоўваецца вырывацца? Паспяваеш заўважыць, як прыгажэе твой родны горад?
— Дома ў апошні час бываю пастаянна і планую праводзіць тут
больш часу — і па асабістых прычынах, і па рабочых (але гэта пакуль сакрэт!). А Мiнск вельмі змяніўся, стаў сучаснейшым і прыгажэйшым. Заўсёды любіў і буду любіць гэты горад.
Паміж Масквой і Рымам
— А падзяліся байкай пра тое, як гурт The Stokes ператварыўся ў гурт “Белый орел”...
— Усё было крыху не так. Гэта мы з Вялюгам калісьці даўно здымаліся ў кліпе “Белого орла” на песню “Как упоительны в России вечера” — як музыканты-статысты. Здымкі праходзілі ў мінскім кінатэатры “Кастрычнік”, рэжысёрам быў Уладзімір Янкоўскі, які нас, уласна, і запрасіў. І ў гэтай гісторыі, дарэчы, ёсць другая частка. У Маскве я неяк трапіў на падпрацоўку да кампазітара Аляксандра Дабранравава (аўтара шматлікіх хітоў “Белого орла”, у тым ліку “Вечароў”). І калі мы
шчыльна з ім раззнаёміліся, я расказаў яму, што мы ўжо бачыліся на здымках кліпа, праўда, “завочна”. Ён успомніў той момант, прасякнуўся, і ў далейшым мы вельмі добра спрацаваліся. Як гаворыцца, нічога ў жыцці не адбываецца проста так, усё мае працяг. У мяне ён быў шчаслівым!
— Ты ж, здаецца, яшчэ і падзарабляў у “жывым” караоке?
— Так, давялося пайграць у топавым караоке з “жывым” гукам — чаму, безумоўна, рады. Праца з моцнымі і дасведчанымі музыкантамі вельмі прасунула мяне самога ў прафесійным плане. Табе трэба сыграць любы, нават зусім незнаёмы твор з ходу на мульцітрэк (шматдарожкавы запіс). Вядома, гэта дысцыплінуе і развівае.
— І ўсё ж такі, што з планамі — як бліжэйшымі, так і на далёкую перспектыву?
— Яны ў нас па-ранейшаму напалеонаўскія! Заканчваем працу над кампазіцыяй на беларускай мове, думаем перапісаць па-беларуску яшчэ адзін наш хіт, гатовы трэк-ліст новага альбома. Стылістычна вяртаемся да нашых каранёў, але з новым гучаннем. У выніку слухачы (ды і мы самі) павінны атрымаць новы гурт са старой назвай.
Кірыл СЕНІН, 42 гады. Нарадзіўся ў Мінску. Граў у ансамблі Аляксандра Саладухі, гуртах “Крама”, Rouble Zone, “J:морс”, Neo
і іншых. З 1996 года — пастаянны бас-гітарыст гурта The Stokes.