“Аграгарадку чытачоў” бракуе святла

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Гаючай крынічнай вады, якой славіцца Язна, мне прадэгуставаць не ўдалося. Затое ў гэтым аграгарадку я спатоліў смагу па іншым — зносінах з цікавымі ды імпэтнымі людзьмі. Гаварылі пераважна аб сельскай культуры. У некаторых вёсках, якія мне давялося наведаць (і пра іх я абавязкова напішу), яна літаральна выжывае. У Язна — проста жыве. Зрэшты, усё ж… няпроста. Жыве ў Сельскiм доме культуры, бібліятэцы і філіяле Мёрскай дзіцячай школы мастацтваў, размешчаных у адным будынку.

/i/content/pi/cult/689/15158/20.JPGНароджаныя ў СССР

У філіяле ДШМ дзейнічаюць толькі музычныя аддзяленні. Загадчык установы Аляксандр Бурштэйн навучае ігры на фартэпіяна, а выкладчык Міхаіл Карпаў — на баяне і акардэоне. Усяго пад іх апекай — 19 навучэнцаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Мала гэта ці шмат для населенага пункта, у якім пражывае каля шасцісот чалавек, а таксама прылеглых да яго вёсак? Спадар Карпаў адказаць на гэтае пытанне не бярэцца, але не без гонару зазначае:

— Вось толькі што магу сказаць дакладна — не адзін і не два нашыя выхаванцы працягнулі сваё навучанне як у сярэдніх, так і ў вышэйшых профільных установах. — Школу — у кантэксце мерапрыемстваў Дома культуры, — у раёне ведаюць, поспехі яе вучняў адзначаюць. Але ў нейкіх знакавых для краіны конкурсах і фестывалях яны менавіта ад філіяла пакуль не ўдзельнічалі. Ім ёсць яшчэ куды расці.

— Ды і не ў гэтым заключаецца першасная наша задача — рыхтаваць кагосьці да фэстаў, — уступае ў размову спадар Бурштэйн. — Яна ў тым, каб пашырыць кругагляд вучняў — з дапамогай музыкі. Яны потым самі вырашаць, ці ісці ім далей, ці атрымліваць тую прафесію, вытокі якой ляжаць у адукацыі, якую мы ім даем, або выбраць іншы шлях для ўласнай рэалізацыі.

Праўда, нягледзячы на поспехі выхаванцаў, гэта не перашкаджала аптымізацыі і дадзенай установы культуры. Не так даўно яна размяшчалася ў “прымаках” — у будынку, які належыць структуры, што не мае адносін да культуры. Там было для ДШМ тры кабінеты і магчымасць карыстацца актавай залай. Цяпер у яе распараджэнні толькі два невялікія пакоі.

Інструментарый ва ўстанове яшчэ савецкі. Але, як аказалася, зробленае ў СССР нярэдка бывала і добрай якасці, таму на фартэпіяна, баяны і акардэоны скаргаў няма. А калі нешта патрабуе нескладанага рамонту, майстравітыя настаўнікі спраўляюцца самі. (Можа, пара ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, звязаных з музыкай, паралельна асноўным прадметам факультатыўна навучаць студэнтаў і рамяству рэстаўрацыі інструментаў?)

Спадар Бурштэйн спадзяецца, што колькасць падапечных узрасце за кошт тых, хто пражывае ў суседніх вёсках. Разам з імі ў язненскую сярэднюю школу ходзіць каля ста чалавек, але не ўсе з “іншагародніх” з розных прычын могуць сёння наведваць “музыкалку”. Адна з іх — небезвядомая праблема транспарту, які развозіць немясцовых дзяцей па хатах. Расклад яго руху не дазваляе ахвотным наведваць заняткі музыкай. Ёсць праблема і агульная для ўсіх, галоўная: навучальны працэс абмежаваны вызначаным лімітам часу, разлічаным якраз на гэтых 19 чалавек. Каб далі “дабро” на яго павелічэнне, абавязкова вырасла б і колькасць навучэнцаў — выкладчыкі гатовыя да таго, каб іх нагрузкі павысіліся. (Хаця ў такім выпадку нялішнім было б павялічыць колькасць настаўнікаў).

Або такая праблема. Заняткі ў філіяле праходзяць пасля заканчэння ўрокаў у школе і заканчваюцца ў 18.25. У зімовы сезон, у цемры, маленькім дзеткам дадому, зразумелая справа, ісці страшнавата. А бацькам як? Яшчэ і таму яны не запісваюць сюды сваіх атожылкаў.

Але затое таты, мамы, іх дзеці, а таксама жыхары розных куткоў Беларусі і госці замежныя любяць адпачываць у аграсядзібе “Клённая”, гаспадыняй якой з’яўляецца пенсіянерка Тамара Касатая, што некалі вяла ў школе ўрокі працы. А яшчэ яна майстрыха саломапляцення, вязання і вышыўкі. Разнастайнасць і якасць яе работ дзівіць, аднак шкада, што вывозіць яна сваё мастацтва за межы Язна не так часта. Праўда, заваёўвае ў такіх ваяжах прызавыя месцы на выставах. Спадарыня Касатая і была патрэбна “К” як бесстаронні рэцэнзент тутэйшай культуры.

Каментарый Тамары КАСАТАЙ:

— Я ж з хлапчукамі гэтымі — ну, якія вучаць дзяцей у школе мастацтваў — бывае, так разгаваруся, што яны мне ўсе свае “болькі” адкрываюць. Такую, да прыкладу: вуліцу вакол будынка школы мастацтваў увечары асвятляюць усяго два ліхтары. Ужо да каго яны толькі ні звярталіся з гэтым пытаннем — пакуль яго не вырашылі. Калі тое такая невырашальная праблема — даасвятліць вуліцу — можа, у гэты час пусціць па Язна невялікі аўтобусік, які дастаўляў бы дзяцей дадому? Але не думаю, што ён абыдзецца танней, чым устаноўка дадатковых ліхтароў.

Міні замест максі

У Язненскай сельскай бібліятэцы звыш трохсот карыстальнікаў. За мінулы год у ёй было 3090 наведванняў, а кнігавыдача склала 8551 выданне (у фондзе ўстановы — 7919 найменняў). Іншымі словамі, план выкананы на 115%. Пры гэтым, маштабныя імпрэзы ў ёй ладзяцца рэдка. Загадчыца Ларыса Карпава тлумачыць гэта тым, што невялікія памеры ўстановы не даюць правесці там што-небудзь масавае. Таму бібліятэкарка аддае перавагу міні-праектам: напрыклад, вызначаецца тэма, пад яе падбіраюцца неабыякавыя да літаратуры “выканаўцы” з дзяцей і дарослых, і праводзяць гульню або віктарыну. Экспромт, народжаны падчас такіх акцый, і інтэрактыў — вось на што “ставіць” Ларыса Эдуардаўна ў працы па папулярызацыі ўстановы і кнігі наогул. Адным з апошніх такіх мерапрыемстваў стаў тыдзень дзіцячай кнігі, калі дзеткі малявалі сваіх любімых кніжных герояў, а з тых малюнкаў потым была арганізавана выстава.

Але пасільную дапамогу ў такім буйным мерапрыемстве, як фестываль дзіцячай творчасці “Язненскi дабравест”, у ажыццяўленні якога заняты практычна ўвесь аграгарадок, бібліятэка ў асобе яе кіраўніка аказвае. Ды яшчэ якую! Спадарыня Карпава робіць усю друкаваную прадукцыю форуму — ад раздрукоўкі сцэнарыяў да вырабу дыпломаў, удзельнічае ў распрацоўцы праграмы і афармленні фэсту.

Дэвізам леташняга,
восьмага па ліку свята, якое традыцыйна сабрала выхаванцаў праваслаўных нядзельных школ прыходаў Полацкай епархіі, стала “Перамагай зло дабром!” Дзеці і перамагалі — мастацтвам акцёрскім, літаратурным, музычным, кулінарным, выяўленчым, дэкаратыўна-прыкладным...

— Дзяўчынкі і хлопчыкі дадалі святла ў гэты свет, — кажа Ларыса Эдуардаўна. — Бібліятэцы нашай яго б яшчэ хто дадаў. Бачыце свяцільні на столі? Частка іх не працуе. Асобна лямпы замяніць нельга, а гэта значыць, што трэба купляць новыя прыборы ў поўнай камплектацыі. І бяда са свяцільнямі ва ўсім будынку — ва ўсіх установах культуры. Дзякуй Богу, быццам бы знайшліся сродкі на стэлажы для бібліятэкі.

Каментарый Тамары КАСАТАЙ:

— Каб вы бачылі, які ў мяне бібліятэчны фармуляр! Але, вядома, больш бяру часопісы па рукадзеллi. А муж мой — Іван Мітрафанавіч — запоем чытае мастацкую літаратуру: за ноч можа кніжку праглынуць вось тако-ой таўшчыні! Як ні заходжу ў бібліятэку, у ёй заўсёды хто-небудзь ёсць, сяброўкі, суседкі таксама ў яе ходзяць, мы часам кнігі з імі абмяркоўваем. Не зманю, калі скажу, што Язна — аграгарадок чытачоў. І гэта добра, бо ўсе тыя тэлесерыялы ўжо вось як надакучылі!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"