Так любімы жыхарамі Баранавічаў фестываль традыцыйна распачаўся з праезду матацыклетнай калоны. Разам з байкерамі праз увесь горад прамчаліся рэжысёры спектакляў, а таксама члены міжнароднага журы. Пад роў матораў прыхільнікаў Мельпамены заклікалі ў гарадскі Палац дзіцячай творчасці — галоўную пляцоўку фэсту, дзе цягам тыдня можна было паглядзець 18 спектакляў калектываў з пяці краін.
Як распавяла “К” рэжысёр баранавіцкага тэатра-студыі “Паралель” Ларыса Сартакова, каб прыняць каля 300 удзельнікаў, калектыў Палаца дзіцячай творчасці на чале з дырэктарам установы Леанідай Баярскай спрацаваў як адзінае цэлае. Кожны з аддзелаў узяў шэфства над пэўным калектывам: сустракаў, суправаджаў на засяленне, адказваў за харчаванне, дапамагаў манціравацца, вырашаў бягучыя пытанні гасцей.
Па словах суразмоўцы, за восем гадоў узровень фестывалю значна павысіўся. Калі першы раз заявілася 15 калектываў і практычна ўсе патрапілі ў конкурс, то апошнім часам у Баранавічы дасылаюць па 50 відэазаявак, з якіх праз сіта праходзіць толькі траціна.
— Мы заслужылі павагу сярод аматараў. Наш фестываль ведаюць, існуе сапраўдная канкурэнцыя за права выступаць на ім, — адзначыла спадарыня Ларыса. — Штогод засмучае толькі адно: не так многа прапаноў паступае ад канкурэнтаздольных айчынных калектываў. Я ведаю шмат шыкоўных дзіцячых калектываў краіны. Мы самі калісьці пачыналі з дзвюх асобных праграм для дзяцей і моладзі, пасля ж спыніліся на “пасталеўшым” варыянце фэсту. Дык вось пра маладзёжныя беларускія тэатры ў нас чуваць куды менш. Магчыма, яны абіраюць іншыя форумы…
У сёлетняй афішы беларусы прадстаўлены адной назвай — пластычным спектаклем “МІМ” сталічнага тэатральнага праекта Арцёма Еўсіевіча. Ды па-за конкурсам гаспадары мерапрыемства паказалі пастаноўку “Ціль” і шоў-праграму “Наша жыццё — вялікі сцэнарый”.
“Паралельныя светы” маюць і другое азначэнне — семінар, таму адбыўся і шэраг майстар-класаў па сцэн-мове, сцэн-руху, рэжысуры і харэаграфіі. Штовечар ладзіліся круглыя сталы з удзелам рэжысёраў калектываў-удзельнікаў і членамі журы.
На фестывалі працуе некалькі складаў журы. Прыз глядацкіх сімпатый уручаюць рэжысёры аматарскіх тэатраў. Ларыса Сартакова растлумачыла: адштурхоўвацца менавіта ад іх меркавання вырашана таму, што ўдзельнікі паглядзелі ўсе без выключэння пастаноўкі форуму. Яшчэ адну ўзнагароду прызначыць грамадская калегія. Гран-пры і тры званні дыпламантаў конкурсу назаве прафесійнае журы, большасць членаў якога крочыць з фестывалем амаль са дня яго заснавання. У сёлетні склад увайшлі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Ала Проліч і яе калега Анжэла Караблёва, актрыса ТЮГа Наталля Якаўлева, мастацтвазнаўца, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Грачова, педагог Юлія Ерусава і акцёр, мастак, вядучы, пісьменнік Ігар Грыгор’еў з Санкт-Пецярбургу. Узначальваў самавітую талаку рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага тэатра драмы Цімафей Ільеўскі.