Калісьці ён быў “бітнікам”

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Знакаміты кампазітар — пра сваю бурлівую маладосць
Роўна 50 гадоў таму, 14 красавіка 1968 года, у беларускай сталіцы абвясцілі лаўрэатаў фестывалю біт-ансамбляў Мінска. Гэта было першае масавае мерапрыемства ў СССР, удзельнікамі якога з’яўляліся самадзейныя калектывы ў стылях рок-н-рол, блюз і рытм-энд-блюз. 12 ансамбляў цягам трох дзён змагаліся за ўзнагароды фэсту ў актавай зале Мінскага радыётэхнічнага інстытута (цяпер БДУІР). Журы пад старшынствам Барыса Райскага — у той час галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка канцэртна-эстраднага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё — уручыла галоўны прыз ансамблю “Алгоритмы”.

/i/content/pi/cult/687/15112/Kondrusevich-55555555.jpgПра гэты фэст напісана ўжо багата, а вось яго наступнік, які адбыўся ў 1971 годзе, пакуль абдзелены такой увагай. І мала хто ведае, што арганізатарам стаў… будучы класік сучаснага кампазітарскага мастацтва Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ — на той час, студэнт кансерваторыі і прадстаўнік той субкультуры. Таму атмасферу, якая панавала тады ў асяроддзі музычна падкаванай моладзі, памятае выдатна.

Небяспечная музыка

— У знакавым фэсце 1968 года вы не ўдзельнічалі, бо жылі тады яшчэ ў Гродне. Ці ведалі там, што ў Мінску праходзіць фестываль?

— Асабіста я нічога пра яго не чуў, даведаўся толькі постфактум. Але ў плане станаўлення біг-біта Гродна вылучаўся не толькі ў Беларусі, а і ва ўсім Саюзе. Блізкасць мяжы давалася ў знакі, і па тэлевізары можна было “злавіць” польскія музычныя праграмы, якія, акрамя сваіх артыстаў, паказвалі і самыя актуальныя на той час заходнія гурты — The Beatles, The Rolling Stones... “Дзвіжуха” была і ў гродзенскай маладзёжнай музыцы — ансамбляў, якія iгралі на танцах, у клубных установах, па школах, існавала вельмі шмат. У адным з іх граў і я, будучы студэнтам музычна-педагагічнага вучылішча. Але гарадскія ўлады наўрад ці дазволілі б правесці мясцовы фестываль такіх калектываў. Зрэшты, мы і не звярталіся да іх з такой просьбай — час не той быў.

— А якi?

— У якасці прыкладу прывяду такі выпадак. Разнастайнымі спосабамі я збіраў фатаграфіі замежных выканаўцаў — выразаў з часопісаў краінаў сацлагера, якія тады прадаваліся ў газетных кіёсках, прасіў у знаёмай дзяўчыны, якая працавала ў бібліятэцы, спісаныя замежныя газеты, дзе я таксама знаходзіў здымкі артыстаў. І ўся гэтая калекцыя захоўвалася ў мяне дома — на стале пад шклом. Аднойчы я прыйшоў з вучобы, а мама мне паведамляе, што ў маю адсутнасць завітваў выкладчык з вучэльні, цікавіўся маёй паспяховасцю, тым, чым я займаюся ў вольны час, і, прыдумаўшы нейкую падставу... забраў усе фота.

А праз некалькі дзён мяне выклікалі ў адпаведную арганізацыю. Прыйшоў, мяне пакінулі аднаго ў кабінеце. Хвілін праз 15 я ўстаў з крэсла і ўбачыў, што на стале ляжаць мае выразкі... Праз яшчэ хвілін 20 у пакой зайшоў чалавек і пачаў пытацца пра маё жыццё, пра ансамбль, у якім iграю, пра тое, якія песні спяваем. Правёў “прафілактычную размову”, так бы мовіць. Але тады ўсё для мяне скончылася добра.

— Зразумела: кампетэнтныя таварышы даглядалі за атмасферай у грамадстве. Якая яна была ў коле вашых гродзенскіх аднагодкаў?

— Савецкія танкі яшчэ не зайшлі ў Прагу, ветрык адлігі яшчэ гуляў. Праўда, на сацыяльных матывах у творчасці гэта не адбівалася: у прынцыпе, у аўтарскіх песнях мы спявалі збольшага пра тое самае, пра што спявалі артысты афіцыйнай эстрады — пра каханне: “Нет, нет, нет! Я не твой! Никогда не быть с тобой!..” Прымітыў, вядома. Але дзяўчаты былі ў захапленні! А музыканты яшчэ доўгімі валасамі памахвалі... Але калі на мерапрыемствы прыходзілі дружыннікі, тыя валасы запраўлялі за каўняры — не віталіся такія фрызуры.

— Ну вы і па гэты дзень ёй не здрадзілі...

— З кансерваторыі яе нашу.

— Бітнікамі сябе лічылі? Я не толькі музыку маю на ўвазе, але і ўсе спадарожныя праявы гэтага “асацыяльнага ладу жыцця заходняй моладзі”, як у тыя гады пісалі савецкія газеты.

— Слоўца ўжо тады з’явілася. Так, хлопцы набраліся пэўнага духу свабоды, наколькі гэта было магчыма ў Саюзе. Перш за ўсё тое менавіта музыкі тычылася. Але і яшчэ, натуральна, нейкія захапленні былі. У маёй кампаніі, напрыклад, любілі падводнае паляванне. Ездзілі на Чорную і Белую Ганчу. У рэчках гэтых вельмі чыстая вада, завалы з дрэў і пнёў — было дзе папаляваць на шчупакоў. Або збіраліся на гарадскім пляжы. Памятаю, неяк узялі з сабой гітары і наладзілі імправізаваны канцэрт, людзей збеглася — процьма.

А па Нёмане хадзілі параходзікі, і плыўцы любілі пабоўтацца ў хвалях, за што іх ганялі лодачнікі, якія дзяжурылі на рацэ. І вось, плыве параход, і ўвесь гэты натоўп кідаецца ў ваду — лодачнікі зрабілі выгляд, што не заўважылі яго. Можа, і ў такіх рэчах дух свабоды выяўляўся?

— А што наконт такіх антысацыяльных праяваў, як наркаманія? Савецкія газеты вінавацілі ў ёй заходніх рокераў.

— Таблеткі нейкія сёй-той прымаў. Але я нават да алкаголю вельмі спакойна ставіўся. І стаўлюся. Мяне гэтая зараза абмінула.

Парады ад мэтра

— У верасні 1968-га вы ўжо мінчанін — паступілі ў кансерваторыю. Тады пра фестываль вам і распавялі?

— З “кансерваторскiх” ніхто не прымаў у ім удзел. Наогул, у мяне склалася меркаванне, што пра фэст ведала вельмі вузкае кола людзей. Такога ўжо рэзанансу не было. Самадзейныя ансамблі як выступалі, што называецца, “падпольна”, так і працягвалі выступаць. Лаўрэатам фестывалю, як быццам, далі магчымасць сыграць ад сілы некалькі канцэртаў афіцыйна. Больш за іншых пашанцавала “Алгоритмам”: як мне пазней распавядаў іх лідар-гітарыст Жэня Канавалаў, гурт нават умудрыўся нейкім чынам з’ездзіць у паўнавартасны тур па Сібіры. А так непрафесійным музыкантам шлях на дзяржэстраду па-ранейшаму быў зачынены.

— Гэта значыць нічога не прыўнёс той фэст у развіццё тагачаснай беларускай маладзёжнай музыкі?

— Думаю, ён меў значэнне менавіта для не надта шырокага кола людзей, захопленых сучаснай на той час музыкай. Але іх станавілася ўсё болей. З’яўляліся новыя ансамблі, з-за мяжы пачалі прывозіць інструменты, больш плытак з моднай музыкай, яе сталі тыражаваць з дапамогай магнiтаальбомаў. Дзвіжуха пайшла.

— І вылілася ў другі сталічны біт-фестываль, арганізатарам якога ў 1971 годзе пашчасціла стаць вам...

— Пашчасціла!? Мо і сапраўды так… Гаркам камсамола раптам пачаў збіраць крэатыўных людзей, і на гэтых сустрэчах гаворка ішла пра тое, што ёсць патрэба ў новых ідэях. Я неяк і прапанаваў правесці другі фестываль біт-калектываў. Да таго часу я ўжо паспеў пайграць у ансамблі “Ключи” і граў у “Пане-браце”. Ён тады “грымеў” у Мiнску — ва ўсялякім разе, спекулянты неаднаразова скуплялі ўсе білеты на яго канцэрты ў якіх-небудзь ДК, і замест дваццаці капеек прадавалі іх з рук за 25.

І на фэст далі “дабро”. Ён праходзіў два дні, таксама ў МРТІ, а я сядзеў у журы (ад мэтраў у ім быў кампазітар Сяргей Картэс, якому тады яшчэ і сарака не споўнiлася). І на другі дзень на пазаконкурсным, спантанным выступе “Пане-браце”, калі я спяваў Good Golly Miss Molly Літла Рычарда, публіка стала літаральна шалець ад захаплення. На сцэну выбег нейкі мужчына — як потым аказалася, прадстаўнік гаркама партыі — і апусціў заслону, спыніўшы наш нумар. Тым самым як бы “абвясціў” аб заканчэнні фестывалю, які завяршыўся вось такім скандалам (але граматы нейкія ўручаны ўсё ж былі).

На наступны дзень у кансерваторыі на дошцы абвестак вісеў загад аб адлічэнні з яе Уладзіміра Кандрусевіча — між іншым, выдатніка, якi атрымлiваў павышаную стыпендыю. І тут здарыўся сапраўдны бунт — выкладчыкі і студэнты падняліся на маю абарону. Недзе праз тыдзень я быў адноўлены, але “Пане-браце” сваё існаванне спыніла.

— Ці не клялі сябе ў той дзень — маўляў, навошта ўвязаўся ў гэты біт?

— Не. Але пасля таго, што здарылася, ад рок-н-рола я стаў паволі адыходзіць. Напэўна, менавіта ў той час я ўпершыню зацікавіўся электроннай музыкай, дакладней інструментамі, з дапамогай якіх яна выконвалася і стваралася. Апошняе маё судакрананне з біг-бітам звязанае з прапановай рэктара кансерваторыі Уладзіміра Алоўнікава паездзіць разам з яе студэнтамі і артыстамі філармоніі па прыбалтыйскіх спартыўных базах і даць некалькі канцэртаў для нашых атлетаў, якія рыхтаваліся да мюнхенскай Алімпіяды 1972 года. Такой канцэртнай брыгадай стаць.

— Уладзімір Пятровіч, а што вы маглі б сказаць маладым музыкантам, якія толькі пачынаюць свой шлях у альтэрнатыўнай музыцы — і, можа, ужо мараць пра перамогі на фестывалях?

— Слухайце добрую музыку — тую, што кранае ў вашай душы нейкія струны. Але не забывайце адсочваць і тое, што проста папулярна ў цяперашні момант. Не пераставайце вучыцца, прафесійна авалодвайце інструментамі, дзень пры дні займайцеся вакалам. Несупынна шукайце сябе. Будзьце цярплівымі, калі хочаце дасягнуць рэальных вышынь у абраным рамястве. І будзьце вольныя ў сваёй творчасці. Ды і наогул па жыцці.

Фота аўтара

/i/content/pi/cult/687/15112/zaprashalnik-G.jpg

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"