Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Віктар Доўнар больш за 20 гадоў прапрацаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” у якасці рэжысёра і мультыплікатара. Але раптам — яшчэ ў пачатку 1990-х — адкрыў для сябе новае пакліканне.
— Вучоба ў тэатральна-мастацкім, праца на кінастудыі — гэта былі вельмі цікавыя гады, — згадвае ён. — Але вось жа ўзнікла тая смеласць — сутыкнуцца твар у твар са святасцю!
Першыя храмы былі распісаны ім у Падляшшы, на Беласточчыне. Там і пачынаецца гісторыя Мінскай іканапіснай майстэрні Ikonique. Ёю былі выкананы іканастасы ў многіх храмах Беларусі, Чарнагорыі, нават Швейцарыі.
Як часта бывала і ў старадаўнія часы, арцель іканапісцаў — справа сямейная. Разам са спадаром Віктарам працуюць яго жонка Наталля Лось, сыны Аляксей і Мікалай.
Ikonique ладзіць майстар-класы, іканапісныя пленэры, удзельнічае ў міжнародных канферэнцыях і шчыра дзеліцца з усімі ахвотнымі сваімі сакрэтамі работы. Па словах Віктара Доўнара, цікавасць да ўсходнехрысціянскай іканапіснай традыцыі ў наш час несупынна расце.
— Людзі ўжо стаміліся ад прыгожых малюнкаў на рэлігійную тэму, ад жывапісу “а-ля Рэнесанс”, — кажа ён. — Балазе, у музеях усё гэта можна ўбачыць. А вось калі ікона дазваляе хаця б трохі прыадкрыць таямніцу святасці — гэта ўжо зусім іншая справа.