Брадвейская гісторыя на нашай тэрыторыі

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

28 сакавіка ў тэатры “Тэрыторыя мюзікла” адбудзецца прэм’ера папулярнага ў Амерыцы мюзікла “Непадалёк ад нормы”. Ці лёгка набыць ліцэнзію сапраўднага брадвейскага спектакля, “К” распавяла рэжысёр пастаноўкі Настасся ГРЫНЕНКА.

/i/content/pi/cult/684/15061/24.JPGФота Ганны ШАРКО

За пяць гадоў існавання “Тэрыторыя мюзікла” заставалася вернай сваёй мэце: эксперыментаваць у рамках музычнага тэатра і даказваць, што сам жанр куды шырэйшы за стандартнае ўяўленне пра яго лёгкасць ды забаўляльнасць. У рэпертуарнай скарбонцы калектыву назапасілася нямала музычных спектакляў, але яго марай было яшчэ і знаёмства айчыннага гледача з сапраўдным брадвейскім мюзіклам, які цікавіць публіку Новага свету не менш за галівудскія блакбастары.

Тэатр вырашыў звярнуцца да рок-мюзікла “Непадалёк ад нормы”, прызнанага, па меркаванні вядучых крытыкаў ЗША, адным з лепшых шоу за апошнія дзесяць гадоў — уладальніка 11 намінацый і трох найвышэйшых амерыканскіх прэмій у вобласці музычнага тэатра Tony Award, а таксама Пулітцараўскай прэміі з пазнакай “За пашырэнне магчымасцяў і тэматыкі самога жанра мюзікл”. Творчая каманда “Тэрыторыі мюзікла” некалькі гадоў змагалася за тое, каб прывесці на беларускія падмосткі такі спектакль.

Непаразуменне двух сусветаў

— Па набыццё правоў мы звярнуліся ў адну з вядучых сусветных кампаній у вобласці ліцэнзавання мюзіклаў Music Theatre International (МТІ). Здавалася, што пасля атрымання ў іх ліцэнзіі на “Вестсайдскую гісторыю” (якую Настасся Грыненка з поспехам паставіла ў Музычным тэатры ў 2012 годзе — Н.П.), мы ведаем усе нюансы і лёгка пройдем знаёмую працэдуру, але...

Шэсць гадоў таму мы сталі першымі ў Беларусі, хто заключыў дамову з амерыканскім аўтарскім таварыствам. Тады ж упершыню Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь дапамагло рэалізацыі ў нашай краіне тэатральнага праекта. Мой брат Аляксей Грыненка, які выступіў у абедзвюх пастаноўках асацыятыўным прадзюсарам, распачаў тады супрацоўніцтва з паважаным у брадвейскіх колах тэатральным агентам Рычардам Салфасам. Розніца заканадаўчых патрабаванняў дзвюх сістэм моцна давалася ў знакі. Часам было нават цяжка растлумачыць, што мы ад яго хочам. Скажам, у Беларусі, каб правесці грошы, банкі патрабавалі подпіс і пячатку, а ў іх усё працуе ў электронным фармаце. Калі ж урэшце спадар Рычард адаслаў у Беларусь адсканаваны подпіс, высветлілася, што па нашым заканадаўстве подпіс неабходна паставіць на кожным з аркушаў. Словам, паколькі ліцэнзія “Вестсайдскай гісторыі” праз год працягвалася, гэтую працэдуру мы паўтарылі двойчы.

Як у першы раз

— Калі ў 2015 годзе тэатр звярнуўся да спадара Рычарда па ліцэнзію на “Непадалёк ад нормы” (Next to Normal), агент ужо паспеў прызвычаіцца да беларускай спецыфікі. Праз год усе неабходныя афіцыйныя паперы былі ў нас на руках, але... спадар Рычард раптам перастаў выходзіць на сувязь. Высветлілася, што ён пайшоў з жыцця. Усе дамоўленасці ануліраваліся, і давялося распачынаць з пачатку.

Пасля гэтай сумнай падзеі ў кампаніі адбылася рэарганізацыя, усе правы перайшлі ў аддзяленне МТІ ў Лондане. Калі амерыканская ліцэнзія — тыпавы дакумент, то брытанцы, адчувалася, пішуць дамову наноў, спецыяльна пад нас. І тое, чым раней займаўся адзін спадар Рычард, цяпер робяць тры агенты. Мы адразу адчулі розніцу менталітэтаў. Брытанцы — досыць няспешныя, іх тэмп жыцця не параўнаць з амерыканскім. Якая-небудзь даведка, неабходная для банка, магла ісці да нас з туманнага Альбіёну месяц!

Самым непрыемным у гэтай сітуацыі стала навіна пра неабходнасць цалкам праходзіць працэдуру зацвярджэння аўтарызаванага перакладу лібрэта на рускую мову. Справа вось у чым: мы першыя ў кірылічнай прасторы, хто вырашыў стварыць русіфікаваны пераклад. Спадар Рычард меў права зацвярджаць пераклады, таму гэтае пытанне браў на сябе, а нам трэба было займацца адно фінансамі: па амерыканскім заканадаўстве дамова лічыцца аўтаматычна падпісанай, калі на адпаведны рахунак пераведзены грошы. У новых умовах неабходна было падрыхтаваць дакумент па адмысловай форме, прайсці зацвярджэнне ў аўтараў і фірмы, якая ахоўвае гэтыя правы. Яшчэ амаль паўгады пайшло на зацвярджэнне перакладу. Толькі ў 2017 годзе мы змаглі выдыхнуць і спакойна прыступіць да падрыхтоўкі спектакля.

Інтэрпрэтуйце, але не выразайце

— Ліцэнзія — даўжэзны дакумент, у якім прапісаны кожны крок. Тамтэйшыя юрысты ўключылі нават такое патрабаванне: “Спектакль павінен выконвацца на сцэне жывымі артыстамі”. І пачынаеш задумвацца, а як жа можна інакш? Прапісана, якая інфармацыя павінна размяшчацца ў афішы і нават памер літар кожнага з радкоў. Добра, што праваўладальнікі пачалі разумець: бываюць розныя віды друкаванай рэкламы (не толькі афішы, але білборды, буклеты і гэтак далей), і ёсць выпадкі, калі пэўныя запісы можна ў іх не адлюстроўваць. Але і гэта ўсё таксама пазначана ў дагаворы.

Ліцэнзія ўражвае: адразу відаць, наколькі ў Новым свеце абаронены правы аўтара! Гэта ў нас любяць твор парэзаць, пераставіць сцэны, дадаць персанажа. Там жа ліцэнзійны дагавор акрэслівае ўсе выпадкі і дакладна ўказвае, што пастановачная каманда не мае права рабіць. У айчынных тэатрах часцей за ўсё як ідзе працэс? Прыносяць п’есу, потым яе дружна паляпшаюць, пасля ні ў каго не застаецца непапраўленага экзэмпляра. Амерыканцы адрозніваюцца тэхнічнасцю: клавір прапісаны надзвычай дасканала, названа кожная сцэна (хоць глядач пра гэта не даведаецца). Калі ж у арыгінальнай пастаноўцы нешта змянілі, то адразу абвесцяць усіх, хто набыў ліцэнзію. Нам, напрыклад, даслалі нерэальны для айчынага светапогляду ліст: “Звярніце ўвагу, у новай версіі ў такім вось месцы было дададзена слова “так”.

У выпадку з мюзіклам “Непадалёк ад нормы” ў мяне як рэжысёра нават не ўзнікае жадання нешта змяніць. На мой погляд, сакрэт гарманічнасці твора — у працэсе яго стварэння. Бо як у нас адбываецца: малады аўтар напісаў п’есу так, як яму падаецца правільным, матэрыял вядуць да прэм’еры, а там становіцца зразумела, што нешта не складваецца. На Брадвеі іншы падыход: праводзяцца чыткі, ладзяць некалькі папярэдніх прэм’ер, якія вызначаюць слабыя месцы матэрыялу, твор апрабоўваюць на оф-Брадвеі (сцэнічныя пляцоўкі ў Нью-Ёрку, якія па сваіх памерах меншыя за брадвейскія — Н.П.), партытуру змяняюць, дапаўняюць. І калі мюзікл прымае дасканалую форму, ён замацоўваецца на Брадвеі і пасля можа вандраваць па свеце, не скажаючы задумку аўтараў.

Пры гэтым нельга сказаць, што астатнія займаюцца ўсяго толькі стварэннем копіі. Скажам, наш мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў стварыў арыгінальныя дэкарацыі, мастак па асвятленні Сямён Давыдзенка прапанаваў своеасаблівае візуальнае рашэнне, харэограф Дзмітрый Якубовіч (які выконвае ў мюзікле адну з галоўных роляў, а таксама выступае ў праекце ў якасці выканаўчага прадзюсара — Н.П.) паставіў адмысловую пластыку. Праваўладальнікі гавораць: калі ласка, інтэрпрэтуйце, але не выразайце, не змяняйце, не дапісвайце. У спектаклі павінны захоўвацца аўтарскія акцэнты і нюансы.

Лайк для персанажа

— Калі Next to Normal выходзіў у ЗША, ён вылучаўся сярод іншых мюзіклаў не толькі нетрывіяльным выбарам тэмы (сямейныя шкілеты ў шафе, схаваныя за глянцавай карцінкай, і тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца родныя чалавека, чые паводзіны адрозніваюцца ад нормы — Н.П.), але і нестандартнымі хадамі па прасоўванні п’есы. Напрыклад, пастаноўшчыкі разыгрывалі яе ў твітары. Мы вырашылі паспрабаваць нешта падобнае — пасяліць персанажаў у папулярныя сацыяльныя сеткі. Паміж імі разыгрываецца сюжэт, аднак не раскрываюцца падрабязнасці, якія высветляцца на падмостках. Гэтыя акаўнты працуюць для тых, хто любіць больш глыбока аналізаваць герояў, імкнецца дасканала высветліць матывы іх учынкаў.

Нязвыклую форму зносін з тэатрам нехта ўспрыняў у штыкі, але шмат і станоўчых водгукаў. Ад імя галоўных герояў ідзе размова пра ўзаемаадносіны ў сям’і. Мы бачым, што праблемы, якія ўздымаюцца ў тых пастах, блізкія людзям: нездарма кожнае новае паведамленне збірае шмат лайкаў. Перапіскай асабліва зацікавілася моладзь. Мая дачка з захапленнем чытае пасты.

Акаўнты вядзе рэкламны аддзел “Тэрыторыі мюзікла”, падключыліся і некаторыя акцёры. Скажам, Паліна Дабравольская піша ад імя сваёй гераіні Наталі. Штовечар разам абмяркоўваем будучыя пасты. Дарэчы, такая тэхналогія карысна і самому калектыву: каб размяшчаць паведамленні, трэба добра ведаць п’есу. Бачу, як акцёры занураюцца ў роль: “А што ў гэтай сітуацыі сказала мая гераіня? Які б смайлік паставіла?” Атрымліваецца своеасаблівая дадатковая падрыхтоўка да выхаду на сцэну.

Мюзікл плыні свядомасці

— Шлях да прэм’еры быў доўгім і няпростым. Аднак хочацца, каб у айчынным музычным тэатры пачало нешта змяняцца. Няўжо не цікава пабачыць на беларускіх падмостках актуальную ў свеце пастаноўку? Мы ж глядзім навінкі галівудскага кінематографа, гэта дазваляе нам разумець замежных сучаснікаў, пашырае наш кругагляд. Некалькі п’ес сучасных драматургаў можна знайсці ў афішах драматычных тэатраў, а тэатр музычны застаецца недзе збоку, як музей. Мюзіклы 1960 — 1980 гадоў успрымаюцца ў нас чамусьці, як прарыў. А пра сучаснае ўвогуле няма гаворкі.

У Беларусі мюзіклы лічаць забаўляльным жанрам, а насамрэч цяперашнія пастаноўкі бяруць глыбінёй узнятых тэм. Яны дастаткова нестандартныя па форме, мысленні. На музычныя падмосткі прыйшла літаратура плыні свядомасці, якая напрыканцы ХХ стагоддзя ўсё запаланіла. Ужо можна гаварыць пра мюзікл плыні свядомасці, у якім музычныя фразы абрываюцца — нібы чалавечыя думкі.

Канешне, ёсць рызыка, ці прыме наш спектакль айчынны глядач? Сталічная публіка кансерватыўная, любіць хадзіць на тое, што ведае. Але час змяняецца. Мы спадзяёмся прывесці ў тэатр моладзь. А новае пакаленне прагне сучасных рытмаў, хоча бачыць іншых герояў і чуць разважанні пра тое, што ім блізка.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"