Чытаеш Літву — а між радкоў Беларусь

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Міжнародны Вільнюскі кніжны кірмаш адбыўся амаль адначасова з мінскім — у канцы лютага. Як і ў нас, наведвальнікаў зусім не бракавала. Да выставачнага цэнтра Litexpo было не прабіцца: усе пад’езды застаўлены машынамі, а перад касамі — немалыя чэргі. Сёлетні кірмаш наведалі 67 тысяч чалавек — на 5 тысяч больш, чым летась. І гэта нягледзячы на досыць высокі кошт уваходу — 6 еўра.

/i/content/pi/cult/682/15029/27.JPGТэкст, які не мае канца

Кірмаш праходзіў пад дэвізам “Чытаю Літву — чытаю свет”. Як, бадай, усе значныя сёлетнія грамадскія падзеі Літвы, ён быў прымеркаваны да стагоддзя аднаўлення дзяржаўнасці. “Мы маем нагоду перачытаць Літву як жывы, адкрыты тэкст, які ўвесь час пішацца, ніколі не канчаецца, ствараючыся штодня нанова”, — так арганізатары выставы фармулявалі яе лейтматыў.

У першы дзень кірмашу адбылася прэзентацыя беларускага стэнда, у якой прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, кіраўнікі выдавецтваў, дырэктар гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні Дзіяна Стахновіч. Гімназіі, дарэчы, быў перададзены камплект беларускамоўных кніг у рамках падпраграмы “Беларусы ў свеце” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады.

Прастора Litexpo падзялялася на некалькі залаў. У адной выстаўляліся навуковыя ўстановы з розных рэгіёнаў Літвы: ад бібліятэк і музеяў да вайсковых арганізацый. У суседняй размяшчаліся госці з-за мяжы. У асобнай зале прадстаўлялі сваю прадукцыю выдаўцы дзіцячых кніг. Гэта, мабыць, быў самы папулярны і багаты на навінкі павільён.

/i/content/pi/cult/682/15029/28.JPGАсабіста мяне найперш цікавіла, якія беларуска-літоўскія тэмы прадстаўлены на кірмашы. Балазе, сёння ўжо не трэба тлумачыць, што наша мінуўшчына вельмі шчыльна знітавана. Гэта тычыцца як перыяду Вялікага Княства Літоўскага, так і часу станаўлення дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі.

Зразумела, я не мог абмінуць увагай зборнік дагавораў паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім аб межах паміж іх уладаннямі ў XV — XVI стагоддзях. Акурат у той час многія землі будучай Беларусі пераходзілі ад Вільні да Масквы. З цікавасцю пагартаў і ладны том, прысвечаны акту Крэўскай уніі. Арыгінальны тэкст забяспечаны перакладамі на літоўскую мову і гістарычнымі каментарыямі. Па сутнасці, літоўскія даследчыкі робяць вялікую работу, і такія кнігі вартыя перавыдання ў Мінску.

На жаль, супрацоўніцтва ў гэтай галіне паміж нашымі краінамі пакуль яшчэ не выйшла на належны ўзровень. Хаця, напрыклад, на стэндзе Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх можна было набыць выдадзены летась зборнік, прысвечаны Францыску Скарыну. Ёсць у ім і артыкулы беларускіх даследчыкаў. На адным са стэндаў я заўважыў кнігу “Гістарычная палітыка Літвы і Беларусі”, выдадзеную ў 2016 годзе Вільнюскім універсітэтам. Палову яе зместу складалі працы беларускіх вучоных у перакладзе на літоўскую мову. Такім чынам, у асобных сегментах навукі і культуры дыялог паміж беларускімі і літоўскімі спецыялістамі вядзецца. Але водгук пра гэтую работу і, галоўнае, яе змест амаль не даходзяць да шырокай публікі.

Беларускі акцэнт можна было знайсці ў розных кутках кірмашу. Напрыклад, на стэндзе Цэнтра навуковых і энцыклапедычных выданняў маю ўвагу прыцягнуў даведнік пра членаў урадаў Літвы 1918 — 1940 гадоў. Сярод яго персаналій фігуруе імя Язэпа Варонкі — міністра беларускіх спраў урада Літвы, а таксама першага старшыні ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі. Міжволі сабе адзначыў, што даведніка біяграфій членаў урадаў Беларусі 1918 — 1941 гадоў у нас пакуль няма. Невядома і тое, ці рыхтуе якая-небудзь установа дакументы, датычныя працэсаў нашага дзяржаўнага будаўніцтва ў той гістарычны перыяд.

Хоцькі-няхоцькі давялося канстатаваць, што асэнсаванне сваёй гісторыі ў суседзяў адбываецца больш дынамічна, чым у Беларусі. Там часта выходзяць і кнігі пра літоўска-польскія адносіны — як на пачатку ХХ стагоддзя, так і ў апошнія дзесяцігоддзі. Для тых, хто хоча зразумець гэтыя аспекты мінуўшчыны, прапануецца немалая колькасць “стравы” для розуму і роздумаў.

Флэшка на 20 тамоў

/i/content/pi/cult/682/15029/29.JPGШто адметна, на кірмашы можна было набыць не толькі навінкі, але і старыя выданні. Асобную залу займалі кнігарні, якія рэалізуюць букіністыку. Такім чынам, выстава стала добрай нагодай папоўніць сваю бібліятэку для ўсіх — ад калекцыянераў да аматараў лёгкай літаратуры.

Кошты на кнігі ў Літве высокія. У сярэднім — 10 еўра за навуковае выданне, 20 еўра за альбом. Аднак выстава давала магчымасць прыдбаць нешта і за 1 — 5 еўра — на распродажах, дзе можна адшукаць як старыя “неліквіды”, так і навінкі. Гэта сведчыць, што кніжны рынак краіны не проста насычаны разнастайнай літаратурай, але і перанасычаны. Мабыць, прапанова перавышае попыт. Зрэшты, на кніжнай выставе былі прадстаўлены не толькі кнігі — у звыклым для нас разуменні.

Дваццацітомны “Слоўнік літоўскай мовы” пачалі выдаваць яшчэ ў 1941 годзе, а завяршылі толькі ў 2002-м. Агульны яго аб’ём — 11 мільёнаў слоў! Як адзначаў вядомы расійскі даследчык балтыйскіх і славянскіх моў Уладзімір Тапароў, “такога маштабу лексікаграфічнай працы не мае большасць дзяржаў”. Вядома, што яшчэ ў 1920-я гады Інстытут беларускай культуры пачаў збіраць матэрыялы да аналагічнага слоўніка. Калі б гэта работа гвалтоўна не была прыпынена, магчыма, сёння і мы мелі б даведнік пра ўсё лексічнае багацце сваёй мовы. А літоўцы тым часам выдалі нядаўна важную і важкую працу на USB. Набытая ўсяго за 25 еўра флэшка можа замяніць 20 тамоў на паліцах.

Бібліятэка з вольным уваходам

Знаёмства з кніжнай культурай сучаснай Літвы ў дні правядзення кірмашу мне ўдалося спалучыць з наведваннем Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса. Экскурсію па яе залах для мяне правялі дырэктар дэпартамента даследавання дакументальнай спадчыны Яланта Будрунене і кіраўнік аддзела кансервацыі і рэстаўрацыі дакументаў Альгірдас Пляпліс.

Будынак бібліятэкі ўзведзены ў 1953 — 1963 гадах паводле праекта архітэктара Віктара Анікіна — ураджэнца Чувашыі, які пасля Вільні пераехаў на працу ў Мінск. Сама ж установа была створана яшчэ ў 1919 годзе: у Вільні ўрадам савецкай Літвы і ў Каўнасе ўрадам Літвы незалежнай. У 1960-я гады фонды аб’ядналі. У 1988 годзе бібліятэка набыла імя Мажвідаса — пратэстанцкага пастара, які ў 1547 годзе ў Кёнігсбергу выдаў першую кнігу на літоўскай мове. Таму невыпадкова, што ў інтэр’еры бібліятэкі змешчаны выказванні Мажвідаса і Лютэра. Хаця, паколькі Літва краіна пераважна каталіцкая, гэта на першы погляд можа здацца трохі дзіўным.

Спадар Пляпліс падзяліўся яшчэ адной уражальнай дэталлю: у бібліятэцы імя Мажвідаса няма ніводнай кнігі першадрукара. (Падумалася: шчаслівыя беларусы, бо маюць у сваёй Нацыянальнай бібліятэцы хай сабе далёка не ўсе, але хаця б некаторыя выданні Скарыны!) Адзіны з двух ацалелых да нашых дзён экзэмпляраў “Катэхізісу” захоўваецца ў Бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта. Другі асобнік знаходзіцца ў польскім Торуні — у Бібліятэцы Мікалая Каперніка.

Вяртаючыся да постаці Мажвідаса, трэба адзначыць, што і беларускія старадрукі нярэдка выходзілі ў XVI стагоддзі з-пад пяра пратэстантаў: Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. І яшчэ не закрыта пытанне, ці не быў Францыск Скарына пратэстантам. У Польшчы таксама першымі змагарамі за роднае слова ў літаратуры былі пратэстанты — напрыклад, Міколай Рэй і, як ні дзіўна, “наш” Сымон Будны.

Уваход у бібліятэку імя Мажвідаса не толькі бясплатны, але і свабодны. Няма аховы. Спадар Пляпліс тлумачыць такі падыход дэмакратычным іміджам кніжнага сховішча. Масіўныя дзверы 1960-х гадоў адчыняюцца аўтаматычна. Злева — кавярня. У скарбніцы ведаў можна арандаваць на дзве гадзіны бясплатна залы для перамоў, прэзентацый або любых іншых спатканняў. Апрача гэтага, з вокнаў бібліятэкі адкрываюцца такія віды на Вільню, якіх не ўбачыш больш ніадкуль: на будынак парламента, на былую Лукішскую турму (у ёй, нагадаю, у свой час сядзелі Францішак Аляхновіч, Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма і многія іншыя беларусы). Дамінанта колішняга астрога — царква, якая пустуе ўжо шмат дзесяцігоддзяў. Для вялікага комплексу турмы — цэлага квартала — усё яшчэ не знойдзены інвестар. Трэба меркаваць, што праблема прыстасавання такіх спецыфічных пабудоў у наш час мае міжнародны маштаб. Можа, стары мінскі турэмны замак, гэтак званы Пішчалаўскі, будучае “перапрафіляванне” якога не раз анансавалася, акажацца шчаслівым выключэннем?

Яланта Будрунене распавяла, што ў бібліятэцы захоўваюцца абавязковыя экзэмпляры літоўскіх выданняў. Паводле яе словаў, тут сабраная найбагацейшая калекцыя літуанікі, цікавая і нашым даследчыкам: “У гэтай скарбонцы нямала і матэрыялаў, датычных беларускай мінуўшчыны — улічваючы хаця б супольную гісторыю нашых краін”.

Аглядаючы краявіды з акна бібліятэкі, міжволі прыходзіш да думкі, што пра гістарычныя і кніжныя сувязі Літвы і Беларусі ў Вільні можна гаварыць бясконца.

Перафразуючы дэвіз віленскага кніжнага кірмашу, не будзе перабольшаннем сказаць: “Чытаю Літву — чытаю Беларусь”. Аднак шмат якія скарбы літоўскай і беларускай культур будуць яшчэ доўга недаступныя па адваротны бок дзяржаўнай мяжы. Недастатковае знаёмства з беларускай і літоўскай мовамі абмяжоўвае магчымасці ўзаемапазнання і дыялогу. Дый у кнігарнях абедзвюх сталіц мы не знойдзем кніг суседзяў. Трэба сказаць, што і ў кнігарнях Варшавы літоўскіх і беларускіх аддзелаў няма, а ў Мінску не адшукаеш польскага. Адпаведна, мы хаця і суседзі, але пакуль яшчэ мала ведаем адно пра аднаго.

Віктар КОРБУТ