Пачаць спачатку

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Пад Парыжам Наталі Арт настальгіруе па мінскіх вулках
Я памятаю, як стартаваў дуэт “Ди Бронкс & Натали”, прэзентацыю дэбютнага альбома якога “Зона сусветнай вечарынкі” мне выпаў гонар наведаць у сталічным кінатэатры “Масква” ў сярэдзіне 1990-х. Тады ж пазнаёміўся і з удзельнікамі тандэму — Наталляй і Дзянісам. Са Шпітальнікавым лёс мяне потым зводзіў неаднаразова, а вось з Арцёмавай — “ужывую” больш ніколі, што не перашкаджала мне часам з хваляваннем сачыць за яе творчым шляхам. Паміраць я, вядома, не збіраўся, але пагутарыць віртуальна з артысткай у Францыю ўсё ж выправіўся.

/i/content/pi/cult/681/15006/23.JPGАльт замест сапрана

— Пра пачатак вашага шляху ў музыцы — да гурта “Ди Бронкс & Натали” — не так шмат вядома...

— У доме бабулі, дзе я жыла ў раннім дзяцінстве, стаяла фартэпіяна, на якім грала мая цётка Галiна — музыкант па прафесіі. Ужо гадоў у пяць — шэсць я падыходзіла да інструмента, каб падабраць падхопленыя на слых з радыёпрыёмніка мелодыі. Цётка, уласна, першая і распазнала ўва мне музычныя здольнасці і стала са мной займацца. Пазней я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна ў Барысаве, куды пераехала мая сям’я. А жаданне спяваць з’явілася гадоў у 12, калі на ўроках хору выкладчыца, якая не пачула ўва мне будучы вакальны патэнцыял, ставіла мяне заўсёды ў нізкія другія альты — у той час, як я марыла спяваць
партыі першага сапрана. Прыходзячы дадому, я і трэніравалася браць высокія ноты.

У 15 гадоў здала ўступныя іспыты і працягнула адукацыю як піяністка ў Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, не перастаючы спяваць пры кожнай магчымасці. І неяк мяне выпадкова пачуў Адам Мурзіч, ён і прапанаваў прыйсці на праслухоўванне на прадмет паступлення на яго аддзяленне сольных спеваў. Так і стала сур’ёзна займацца вакалам. Педагогі прадказвалі мне кар’еру опернай спявачкі, але я не абмяжоўвалася толькі акадэмічным рэпертуарам, мяне несла ў “чужародныя” музычныя плыні, з задавальненнем слухала соул і “здымала” нюансы ў чарнаскурых дзіваў.

Аднойчы да мяне трапіў запіс Мэраi Кэры, я была ўражаная яе выкананнем і адчула, што яно блізкае мне па духу. Але ж гэта не славянская культура спеваў, і наўрад ці хто мог бы навучыць мяне такому ў Беларусі. Давялося засвойваць усё самастойна. Дарэчы, вельмі дапамог развіць музычны густ мой гуру, сябра і настаўнік Валерый Дайнэка.

— Як вы ацэньваеце цяперашняе спеўнае мастацтва краін былога Саюза? Каго вылучыце з беларусаў?

— Сёння інтэрнэт — гэта акіян інфармацыі, у якім можна плыць, кожны дзень пазнаючы шмат новага, слухаць, развівацца. “Сетка” дазваляе артысту-пачаткоўцу заявіць пра сябе, прасунуцца ў прафесійным плане без пасярэдніцтва. З іншага боку, тэлепраекты кшталту “Голас” і “Галоўная сцэна” пацвярджаюць — спеўнае мастацтва імкліва развіваецца. Але разам з тым, з’яўляецца і вельмі шмат кан’юнктурных праектаў, калі прадзюсары лепяць “зорак” прама на хаду.

А з нашых адзначу бліскучага і разнажанравага Пятра Ялфімава, харызматычнага Юзары, гурт Aura з яго меладычнымі трэкамі і запамінальным магутным жаночым вакалам, самабытны ВІА “Харлi”, які ўплятае ў свае кампазіцыі беларускую нацыянальную традыцыю. Па магчымасці імкнуся цікавіцца ўсім новым, што з’яўляецца на беларускім музычным даляглядзе, бо не перастаю адчуваць сваю прыналежнасць да роднай зямлі і яе культуры.

Канфлікт, які нехта прыдумаў

— Ці можаце вы растлумачыць феномен праекта “Ди Бронкс & Натали”, пад музыку якога ў канцы 1990-х моладзь танчыла па ўсім, зноў-такі, былым СССР?

— Думаю, было некалькі складнікаў поспеху. У належны час падабралася добрая каманда, якая дзякуючы намаганням многіх і розных людзей пасля Мінска апынулася ў належным месцы — Маскве. Мая роля была, хутчэй, лідзіруючай як у музычным плане — па маім голасе, яго тэмбры і энергетыцы нашы песні і пазнаваліся — так і ў адміністрацыйным, у плане прасоўвання гурта ў расійскай сталіцы. Я змагла... спадабацца патрэбным людзям, пераканаць і зацікавіць іх у жыццяздольнасці тандэму. У тыя гады для артыста было вельмі важна займець кантракт з кампаніяй-выдаўцом, і мы гэтага дамагліся, нягледзячы на тое, што праект быў музычна-эксперыментальным, і лэйблы не ведалі дакладна, як ён будзе прадавацца. Але продажы перасягнулі ўсе чаканні! Попыт на першы альбом нават перавышаў прапанову, і таму з’явілася жахлівая колькасць яго пірацкіх копій!

— Вы неаднаразова распавядалі пра тое, як апынуліся па-за дуэтам, але ўсё ж...

— “На біс”? Я вельмі верны і надзейны партнёр, які прывык поўнасцю выконваць абавязальніцтвы. Таму і не была ініцыятарам распаду дуэта. Насамрэч ніякага канфлікту не існавала, яго прыдумалі тыя, каму штучнае стварэнне разладу было для чагосьці трэба. Творчыя погляды ў нас не разыходзіліся, мы працавалі па звыклай схеме: Дзяніс Шпітальнікаў пісаў тэксты і чытаў рэп на прадстаўленую Аляксандрам Пашкоўскiм аранжыроўку, я прыдумляла вакальную мелодыю і запісвала голас.

На сцэне мы з Дзянісам дапаўнялі адно аднаго, усё ішло натуральна. Але як толькі трапілі ў Маскву, ён мне прапанаваў разысціся і падзяліць на дзве часткі назву гурта, ён — “Ди Бронкс”, я — “Натали”. Гэта была вар’яцкая ідэя, я не пагадзілася, але неўзабаве даведалася, што ён выступае пад старой назвай, толькі ўжо Наталі іншая — Кудрына... Аднак вельмі доўгага супрацоўніцтва ў іх не атрымалася. Перыядычна Дзяніс робіць спробы рэаніміраваць калектыў, але не надта ўдалыя.

— Тым не менш, як я разумею, канфлікт са Шпітальнікавым вычарпаны, калі вы з ім працавалі над выпускам рэтра-плыткі тандэма?

— Вычарпаны? Значыць, можна забыць выкарыстанне фанаграм з маім голасам у першых выступах другога складу дуэта? А перавыданне “Зоны...” нам прапанавала адна піцерская кампанія. Але яно зацягваецца на нявызначаны тэрмін па невядомай мне прычыне. Напярэдадні ад’езду Дзяніса ў Ізраіль на ПМЖ мы сапраўды абмяркоўвалі з ім умовы дыстрыбуцыі, дызайн вокладкі, выбіралі фатаграфіі. Быў зроблены рэмастэрынг усіх трэкаў, прадугледжаны бонусы. Калі піцерцы перадумаюць перавыдаваць альбом, не выключана, што мы зробім гэта сваімі сіламі.

“Калінкі-малінкі” не прапаноўваць

— Пераезд на Захад — гэты лагічны працяг кар’еры?

— Ні пра якую кар’еру на Захадзе я і не думала! Але праект, у які я інвеставала свае талент, час і грошы знойдзенага мной спонсара, быў страчаны, і ўзнікла пытанне, як жыць далей. Не, я не засталася адна, мяне атачалі таленавітыя людзі: Леанід Шырын пісаў мне песні, Максім Алейнікаў, Віталь Пензiн, Андрэй Сланчынскi працавалі ў студыі над іх рэалізацыяй. Рыхтавала да выпуску сольны альбом, які сама прадзюсавала, знаходзіла пад яго запіс і выпуск грошы — натуральна, з уласнай кішэні, частку сродкаў на яго далі бацькі. А ў 2001-м паехала на “Славянскі базар у Віцебску”, дзе разам з Шырыным прымала ўдзел у танцавальнай праграме, якую здымалі беларускі і расійскі тэлеканалы. Але падчас мантажу пры нейкіх загадкавых абставінах мы “зніклі” з абодвух эфіраў. І тады я сабрала чамадан ды выправілася ў Парыж — там з’явілася вакансія салісткі ў “рускім” кабарэ, і мне прапанавалі з’явіцца на праслухоўванне. Яго я паспяхова прайшла.

— І як развіваўся ваш тамтэйшы творчы лёс?

— Няпроста. Калі наш артыст з’язджае ў далёкае замежжа, ён літаральна ўсё пачынае з нуля — будзь ты хоць суперзоркай у сябе на радзіме. Разлічваць трэба выключна на свае здольнасці, прафесійную кваліфікацыю і... шанец. Трэба праходзіць кастынгі, працаваць часам на неадпаведных твайму статусу імпрэзах — і, самае галоўнае, навучыцца спяваць на мове той краіны, куды ты трапіў. Яшчэ можна выкладаць музыку, калі ёсць дыплом, але для гэтага мову неабходна ведаць добра.

У “Распуціне” праспявала два гады і сышла, зразумеўшы, што гэта не маё. Я люблю самавыяўляцца ў сучасных жанрах, а “рускае” кабарэ — суцэльныя “калінкі-малінкі”. Працягвала працаваць як свабодны артыст, ездзіла па гарадах Францыі з эстраднымі аркестрамі, з мюзік-холам, супрацоўнічала з дыджэямі. А сёння гастралюю з маім мужам — піяністам і аранжыроўшчыкам, ён мне акампануе і стварае наш музычны рэпертуар, што складаецца з франка-англа-амерыканскіх хітоў. Часта спяваю і на рускай — упадабаныя еўрапейцамі традыцыйныя песні.

— Некалькі гадоў таму вы спрабавалі спланаваць свае выступы ў Беларусі, але...

— Было некалькі выступаў у Мінску на прыватных, закрытых імпрэзах. Да гастрольнага тура пакуль справа не дайшла, хаця жаданне правесці яго ёсць. Працую ў гэтым кірунку і спадзяюся хутка вярнуцца з новай праграмай, створанай у супрацоўніцтве з прагрэсіўнымі беларускімі аўтарамі.

— І як вам Мінск?

— У ім вельмі многае змянілася ў лепшы бок, і я вельмі рада гэтаму. Чысты, прасторны, сучасны. Успаміны пра яго дасюль жывуць у маім сэрцы. Па гэтым горадзе я сумую і прагну зноў у яго прыехаць! Вельмі хочацца сустрэцца з беларускімі слухачамі, але на гэты раз у новай, можа, нават нечаканай для многіх якасці.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"