Географ глобус праспяваў

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

З Аляксеем КАЗЛОЎСКІМ — знакамітым беларускім бас-гітарыстам, “пяру” якога належаць многія рок-песні (некаторыя з іх ён сам і спяваў), у мяне звязана драматычная гісторыя. Ну як драматычная, хутчэй, пацешная. Размаўляў я з ім напрыканцы 1990-х у адным з мінскіх пунктаў харчавання і запісваў нашу гутарку на дыктафон. А потым з дазволу музыканта частку яе перанёс на паперу. Матэрыял той прачыталі ўдзельнікі маладога тады гурта “Ляпис Трубецкой” (а гаворка ў ім ішла пра яго) і пакрыўдзіліся. Чамусьці на мяне.

/i/content/pi/cult/680/14985/22.JPGЗрэшты, Казлоўскага яны таксама абазвалі словам, падобным на “стартапер”. Хаця тады яго звычайна называлі няйнакш, як “легенда”. Балазе, яшчэ на пачатку 1980-х “Сузор’е” грымела па ўсім тагачасным Саюзе, стаўшы адным з першых савецкіх рок-гуртоў, якія атрымалі філарманічную прапіску і афіцыйнае права рок-гуртом звацца.

І вось, гадоў дваццаць таму музыкант выправіўся з незалежнай Беларусі за акіян. Ехаў ён туды, каб рэалізаваць свае фантазіі. Тую самую “амерыканскую мару” пра краіну, у якой у кожнага ёсць магчымасць атрымаць тое, чаго ён заслугоўвае. Ці атрымаў? Гэта вам, напэўна, стане зразумела з нашай гутаркі.

У 50 МІЛЯХ АД МАНХЭТЭНА

— У фільме “Рускі рэгтайм” галоўны герой, які жыве ў савецкай Жмерынцы, марыць пераехаць у ЗША. Ён нават раздабыў карту Нью-Ёрка і вывучыў па ёй горад так, як я Мiнск не ведаю. Чаму ты імкнуўся ў Амерыку, а не ў Еўропу — у Англію, напрыклад, або ў Германію?

— Не ўпэўнены, што імкнуўся (і ці імкнуўся наогул?) менавіта ў Амерыку. Проста, калі з’явілася магчымасць легальна патрапіць у ЗША, ухапіў яе за хвост. Цяпер не шкадую. Жыву мілях у пяцідзесяці на поўнач ад Манхэтэна ў невялікім мястэчку Маўнт Кiска. Жанаты — між іншым, на мінчанцы, дома з ёй размаўляем па-руску. А працую спецыялістам па прэзентацыях для інвестыцыйнага банка. Для таго, каб атрымаць гэтую пасаду, трэба было вельмі шмат ведаць: матэматыку, камп’ютарную графіку, геаграфію, увесь Microsoft Office на ўзроўні эксперта.

— Ці ёсць нешта такое, што за акіянам цябе абламала, бо адсюль, з Беларусі, яно ўяўлялася зусім іначай?

— Абламала і да гэтага часу абломвае вар’яцкая колькасць камуністычных ідэй — тут гэта называюць “сацыяльнай справядлівасцю”. Асабліва гэта расквітнела пры мінулым прэзідэнце. Але яно больш уласціва менавіта Нью-Ёрку і яго прадмесцям — а, як вядома, Нью-Ёрк — гэта не Амерыка. У ЗША ж у большасці сваёй жывуць нармальныя людзі.

— А што больш за ўсё ўразіла і здзівіла ў ЗША?

— Што здзівіла? Хм... Ды ледзь не ўсё: ад мілых суботніх праменадаў ў раёне Шыпсхэд-Бей у Брукліне да велічнага нацыянальнага парку Гранд-Каньён. Гэтая краіна зроблена для людзей — для ўсіх, не толькі для абраных. Таму яе штодзённасць захапляе.

“НА МУЗЫЧНУЮ КАР'ЕРУ НЕ РАЗЛІЧВАЎ”

— Які музычны клубны ўзровень у Амерыцы? Ці сапраўды ён такі, што ледзь не кожны інструменталіст заўтра можа выйсці на вялікую сцэну і акампаніраваць якой-небудзь сусветнай зорцы? І ці праўда, што там зоркі — куды бліжэй да простых смяротных?

— У клубы хадзіў, у асноўным, у першыя пару гадоў знаходжання тут — пакуль жыў у Брукліне. Ёсць вельмі слабыя музыканты, ёсць вельмі моцныя. Агульнай планкі няма. А акрамя Макалуза, неяк “перасякаўся” з легендарным бубначом Білі Кобэмам — на канцэрце ў нью-ёркскім джаз-клубе “Iрыдыюм”. Зорны склад тады разам з ім iграў: аўстралійскі гітарыст Фрэнк Гамбалi, амерыканскія клавішнік Том Косцер і басіст Альфонса Джонсан. Пасля выступу Кобэм выйшаў да публікі — да жадаючых з ім “пафоткацца”. Я, натуральна, падышоў, прадставіўся, сказаў, што, маўляў, мы на гэтай музыцы вучыліся iграць. Ён: “Адкуль ты, з Мінска?” Парай словаў удалося з ім перакінуцца. Вельмі прыемны чалавек.

— Ці разлічваў ты пры пераездзе, што музыка ў Штатах будзе займаць у тваім жыцці істотнае месца?

— Не, на музычную кар’еру дакладна не разлічваў. Да таго часу я ўжо ясна ўсведамляў, як працуе музычны бізнес, цвяроза ацэньваў свае перспектывы. У рэальнасці музыка прысутнічае ў маім жыцці зусім натуральным чынам. У першыя гады свайго знаходжання ў ЗША я паігрываў ў нью-ёркскіх клубах — у блюзавай камандзе і ў джазавым квартэце. Потым быў цікавы праект у Маўнт Кiска. Пару разоў давялося выступаць з Аляксандрам Растопчыным (калі хто забыўся, гэты гітарыст — былы мой калега па гуртах “Універсітэт” і “Сузор’е”, які паспеў пайграць у “Песнярах” часоў Уладзіміра Мулявіна, але ўжо больш за дваццаць гадоў жыве ў Нью-Ёрку) і Джонам Макалуза (доўгі час ён быў бубначом віртуоза Інгві Мальмстына).

Цяпер мне больш за ўсё падабаецца граць дома — запісваць тое, што я люблю і магу выканаць уласнымі сіламі. Трохі насабачыўся на гітары, купіў некалькі вельмі някепскіх інструментаў — і спасцігаю мудрасці гiтарызма!

— А на вуліцах не даводзілася граць?

— Ніколі! І не цягнула. Хаця Аляксандр Герасімовіч — у мінулым вядомы мінскі гітарыст і гукарэжысёр, які ужо трэці дзясятак гадоў жыве ў тым жа Нью-Ёрку, — “правёў на вуліцы” даволі шмат часу. І сцвярджае, нібы ў гэтым нешта ёсць!

НАГОДА ДЛЯ СЛЁЗ

— Калі ўспамінаць пра беларускія гурты, у якіх ты выступаў, пачынаючы з “Сузор’я” (плюс напісанне песень для Rouble Zone), які з іх быў самым тваім?

— А да “Сузор’я” яшчэ быў “Універсітэт”: той жа Растопчын, Сяргей Вядзьмедзь, Нэлі Дзянісава, Віталь Навіцкі і шмат іншых выдатных музыкантаў, якія праз нас і прайшлі. Велізарны досвед тады быў набыты. “Сузор’е” — гэта таксама выдатная школа, прафесійная праца, гастролі, вялікія пляцоўкі. Zindan — адточванне раней набытых ведаў і ўменняў. І так можна казаць аб кожным праекце. Натуральна, кожны з іх быў шалёна цікавым, інакш наўрад ці я б у гэтым удзельнічаў.

— Ці шмат засталося ў цябе нерэалізаванага ў музыцы? Ці ляжаць “у стале” нявыпушчаныя песні?

— Напэўна, трохі... Калі наогул ёсць. Паволі, як я ўжо казаў табе, нешта запісваю дома. Цяпер рыхтую аранжыроўкі для свайго непальскага сябра, які жыве ў Англіі. Ён вельмі хоча запісаць альбом уласных песень, але абавязкова ў рок-выкананні. Ужо тры нумары гатовыя, заканчваю чацвёрты. Запісваць голас ён вырашыў у Катманду, там жа будзе рабіцца і звядзенне. За працу возьмецца вельмі нядрэнны непальскi прадзюсар, у яго годная студыя і, галоўнае, добры густ.

— Няма думак скантактавацца праз інтэрнэт з былымі калегамі, аб’яднаць намаганні і запісаць / выпусціць “сеткавы” рэліз?

— Не.

— Па Мiнску сумуеш? Часта прыязджаеш у Беларусь? Пры гэтым, наколькі я ведаю, паспяваеш дзесьці з кімсьці адыграць. Хвалюешся? Слёзы наварочваюцца?

— У Мінску быў у 2006-м, 2009-м, 2012-м і 2016-м. Гэта часта? Пару разоў выступаў: у першы прыезд з братам Андрэем, Аляксандрам Несцяровічам і Андрэем Філатавым. У другі раз — з Растопчыным (ён таксама на радзіму на пабыўку тады прыбыў) і бубначом Кірылам Шэвандо. Вельмі было прыемна.

Слёзы наварочваюцца, у асноўным, ад думкі, што ганарары мінскіх музыкантаў з году ў год падаюць. А Мінск... Мінск мне заўсёды падабаўся, асабліва пасля гастрольных параўнанняў з іншымі гарадамі тады яшчэ СССР. Праўда, я часам дзіўлюся: у Мінску з’явілася вельмі шмат нейкіх элементаў кітчу ў архітэктуры і аздабленні. Хаця ў цэнтры чысценька, прыемна.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"