— Сваім выступам задаволеная, — дзеліцца ўражаннямі Гюнэш, якая ўжо ў сёмы раз штурмавала фінал адбору. — Выклалася на ўсе сто. Я вельмі ўпартая дзяўчына, якая выйграла шмат розных конкурсаў. Вось толькі на Еўрабачанні мне не шанцуе.
Для спявачкі Вольгі Шуманскай, яна ж — Napoli, гэта была таксама не першая, а ўжо пятая спроба. Вольга прызналася, што для яе паездка на Еўрабачанне — вялікі шанец у жыцці:
— Сёлета я абрала песню, якая адрозніваецца ад тых, што выконвала ў мінулыя гады. Мне здаецца, яна моцная не толькі вакальна, але і эмацыйна. Я рабіла стаўку на выкананне і літаральна пражыла сваю песню на сцэне, бо ведала, пра што спяваю!
Саліст гурту “Радыёхваля” Улад Чыжыкаў адразу папярэдзіў, што ўдзельнічае ў фінале не дзеля паездкі ў Лісабон, а каб большасць людзей даведалася пра яго творчасць:
— Я не чакаў, што мы станем пераможцамі. Наш гурт добра выступіў у фінале, і я спадзяюся, што мы знойдзем новых прыхільнікаў. Лічу, за два гады як вакаліст я вельмі вырас, змянілася мая манера выканання.
Падчас выступу Аlekseev’а некаторыя артысты вельмі ўважна сачылі за кожнай нотай і рухам артыста, некаторыя ўсміхаліся. Трэба адзначыць, што нумар Мікіты, над якім працавала ўкраінская каманда, выглядаў вельмі яскрава і ўдала. Галоўнай “фішкай быў касцюм выканаўцы, створаны са светладыёдаў, якія кіраваліся дыстанцыйна. Галоўны механізм спявак трымаў на сабе ў заплечніку.
— Тэхнічна гэта быў вельмі складаны нумар. Толькі на генеральнай рэпетыцыі перад фіналам усё атрымалася, — распавёў потым сам артыст.
Сёлета для галасавання можна было зрабіць толькі дзесяць званкоў са стацыянарных і мабільных тэлефонаў і адправіць дзесяць SMS. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб пазбегнуць накруткі галасоў. Многія памятаюць, што аднойчы менавіта яна спарадзіла скандал і перагляд вынікаў фіналу. Як і ў мінулыя разы, акрамя глядацкіх балаў, улічваліся і адзнакі прафесійнага журы.
За спевака Аlekseev’а гледачы аддалі 5 тысяч 134 голаса, якія трансфармаваліся ў адзнаку 12. Найвышэйшы бал украінскаму спеваку паставіла і журы. На другім месцы апынуліся Гюнэш і гурт Shuma, на трэцім — Napoli і Кірыл Гуд.
— Калі я пачуў песню Forever, то адразу зразумеў, што ў маім выкананні яна можа прагучаць на Еўрабачанні, — прызнаўся журналістам Мікіта. — Не буду хітраваць — я разлічваў на перамогу! Вельмі прыемна, што мяне цёпла сустрэлі і гледачы ў зале, і журы. Абяцаю, што аддам усе свае сілы, каб добра прадставіць Беларусь на міжнародным песенным конкурсе!
Еўрабачанне сёлета пройдзе ў Лісабоне. Першы і другі паўфіналы адбудуцца 8 і 10 мая, фінал — 12-га. Усяго ў конкурсе прымуць удзел 42 краіны.
Іна КОРСАК