Ён быў сынам свайго часу

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

13 лютага адзначаліся 100-я ўгодкі з дня нараджэння Пятра Машэрава. Легендарны партызанскі камандзір Дубняк, які адразу пасля вызвалення Беларусі стаў Героем Савецкага Саюза, прыкладаў усе намаганні для паваеннага аднаўлення свайго роднага краю і дасягнуў заслужаных кар’ерных поспехаў. Машэраў узначальваў Камуністычную партыю Беларусі з 30 сакавіка 1965 года і да свайго раптоўнага сыходу з жыцця, які здарыўся 4 кастрычніка 1980 года. З пазіцыі сённяшняга дня набыткі таго часу ўжо не падаюцца такімі пераканаўчымі. Таму стаўленне даследчыкаў да “эпохі Машэрава” супярэчлівае.

/i/content/pi/cult/679/14971/23.JPGПа кнізе на кожнага

Тэлеканалаў у тыя часы было ўсяго некалькі. Адзін з іх — Другі агульнасаюзны. І можна было сабе ўявіць, як здзівіліся гледачы, націснуўшы на знаёмую кнопку — і ўбачыўшы на гэтых хвалях не нуднаватыя рускамоўныя перадачы, а праграмы, зробленыя ў Мінску, прычым на мове Купалы і Коласа. Ініцыятарам такой замены стаў менавіта Машэраў. І менавіта ён асабіста запрасіў узначаліць Беларускае тэлебачанне паэта Генадзя Бураўкіна.

Вялікі рэзананс мела і выданне першай універсальнай энцыклапедыі на беларускай мове ў 12 тамах, а таксама грунтоўных слоўнікаў. Запрацавалі выдавецтвы “Мастацкая літаратура” і “Юнацтва”, з’явіўся новы літаратурны часопіс “Маладосць”.

Наклад беларускамоўных часопісаў і кніг, як сведчыць статыстыка, рос літаральна на дражджах! У сваёй публікацыі “Машэраў, які будаваў Беларусь у ценю Масквы” айчынны палітолаг Сяргей Богдан прыводзіць папраўдзе ашаламляльныя лічбы. З іх вынікае, што на сярэднестатыстычнага жыхара рэспублікі ў 1980 годзе прыпадала тры нумары беларускамоўных часопісаў і амаль адна кніга!

Парад дасягненняў

/i/content/pi/cult/679/14971/24.JPGУ часы праўлення Машэрава ў сталіцы БССР адна за адной адкрываліся знакавыя ўстановы культуры — Дом літаратара, філармонія, Палац мастацтва. Узрасла колькасць тэатраў, значна палепшыўся іх рэпертуар, умацавалася супрацоўніцтва з беларускімі драматургамі.

Тое самае адбывалася і ва ўсёй рэспубліцы — паўсюдна будаваліся новыя палацы і дамы культуры, бібліятэкі… Разам з тым, як слушна адзначае прафесар, доктар гістарычных навук Уладзімір Навіцкі, формы работы многіх з іх “адставалі ад запатрабаванасцяў часу, агульнаадукацыйнага ўзроўню людзей”.

Адбылася змена пакаленняў у інжынераў чалавечых душ. На першы план у пісьменніцкім цэху выйшлі “шасцідзясятнікі”: Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Іван Навуменка, Іван Шамякін, Іван Мележ, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Іх прызнанне ў тыя часы таксама было ўсесаюзным. Прыкладам, Быкаў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за аповесці “Абеліск” і “Дажыць да світання”. А яго старэйшыя калегі Пятрусь Броўка, Максім Танк, Кандрат Крапіва сталі Героямі Сацыялістычнай Працы.

На якасна новы ўзровень узнялася беларускае кінамастацтва. У 1968 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” было створана аб’яднанне тэлевізійных, а праз сем год і мультыплікацыйных фільмаў. Стужкі, знятыя ў БССР, карысталіся попытам у саюзным пракаце, а тры з іх — “Генерал Пушча”, “Паланэз Агінскага”, “Дзяўчынка шукае бацьку” — атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР.

Першы сакратар ЦК КПБ быў ініцыятарам будаўніцтва чатырох вялікіх мемарыялаў, для кожнага з якіх удалося знайсці выдатныя архітэктурна-мастацкія рашэнні:
Хатынь, Курган Славы, “Брэсцкая крэпасць-герой” і “Прарыў”. Да таго ж, менавіта пры Машэраве ў Мінску былі ўсталяваныя помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу, якія сталі сапраўднымі ўзорамі беларускай манументалістыкі.

Але тут парад дасягненняў у духу справаздач таго часу варта перапыніць. Сёння мала хто аспрэчыць відавочнае: многія рашэнні Машэрава ў сферы архітэктуры былі памылковымі. Першае, што прыгадваецца, — знос знакамітай мінскай Нямігі.

З верталёта — на прэм’еру

Са многімі выбітнымі дзеячамі культуры таго часу ў Машэрава склаліся прыязныя асабістыя адносіны. Ён у ахвоту сустракаўся з імі як у рамках афіцыйных мерапрыемстваў, так і ў нефармальнай абстаноўцы. Вельмі дарэчы прывесці тут сведчанне жонкі першага сакратара Паліны Андрэеўны: “Пётр Міронавіч глыбока паважаў творчую інтэлігенцыю, высока цаніў талент і адданасць справе. Ён асабіста ведаў многіх пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў, архітэктараў, журналістаў. Здаралася, прыляціць верталётам у Мінск стомлены, толькі дабярэцца дахаты, а тут званок: сёння ў тэатры прэм’ера спектакля па п’есе Андрэя Макаёнка. Не мог ён адмовіцца ад запрашэння. Хутка апраналіся — і ў тэатр. А потым, нягледзячы на стомленасць, абмяркоўваў п’есу, майстэрства артыстаў”.

Таму і нядзіўна, што патрэбы творчых людзей рупліва задавальняліся. Менавіта дзякуючы Машэраву збылася мара многіх мастакоў: атрыманне кватэр з майстэрнямі. Ды і не толькі гэта. Проста не пералічыць тых прадстаўнікоў культурнага цэха, якім рэальна дапамог Пётр Міронавіч у вырашэнні іх надзённых пытанняў.

Ля вытокаў Універсітэта культуры

Станоўчыя зрухі адбыліся і ў адукацыйнай сістэме. Паспяхова быў ажыццёўлены пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Эфектыўна ўкараняліся новыя навучальныя праграмы. З’явіліся вучэбна-вытворчыя камбінаты. Пётр Міронавіч належна ацэньваў настаўніцкую працу. Ён рашуча выступіў за правядзенне школьнай рэформы. І толькі заўчасны сыход з жыцця перашкодзіў рэалізацыі даўняга намеру гэтага дзеяча: прысвяціць адзінаццатую пяцігодку школе. Машэраў загінуў у аўтакатастрофе, калі дзясятая пяцігодка блізілася да свайго завяршэння.

Менавіта тады ў Беларусі з’явіліся многія навучальныя ўстановы, якія актыўна дзейнічаюць і па сёння. У іх ліку — Мінскі інстытут культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). З 1965 па 1980 гады
колькасць выпускнікоў ВНУ БССР падвоілася.

Пётр Міронавіч пастаянна ўнікаў у справы Акадэміі навук БССР. Менавіта па яго “блаславенні” прайшла рэканструкцыя галоўнага корпуса, быў здадзены пад ключ акадэмгарадок у Сцяпянцы, адкрытыя новыя НДІ. І здабыткі беларускіх навукоўцаў не прымусілі сябе чакаць. Колькасць лаўрэатаў Ленінскай прэміі адчувальна расла, а 12 прадстаўнікоў беларускай навуковай эліты папоўнілі корпус Герояў Сацыялістычнай Працы. Гэта больш, чым за ўсю папярэднюю гісторыю нашай навукі!

Я быў на пахаванні Машэрава. Добра памятаю выступ прэзідэнта АН БССР Мікалая Барысевіча на жалобным мітынгу. Акадэмік распавядаў, што за дзень да смерці Пётр Міронавіч прымаў навукоўцаў і ставіў перад імі сур’ёзныя задачы, звязаныя з экалагічнай бяспекай дзяржавы. У той час, калі на гэтую тэму яшчэ мала хто задумваўся.

Таму, нягледзячы на ўсе хібы той эпохі ў жыцці Беларусі, у нас ёсць усе падставы сцвярджаць, што першы сакратар ЦК КПБ значна паспрыяў развіццю культуры, адукацыі і навукі ў БССР. Кім жа быў Машэраў для нашай мовы і культуры, адказ можна сфармуляваць вельмі проста. Ён быў дзіцём свайго часу.

Міхаіл СТРАЛЕЦ,
доктар гістарычных навук,
прафесар