“К” даўно разважае ды аналізуе, як далей развівацца раённым дамам рамёстваў. А Віцебская вобласць з’яўляецца неаспрэчным заканадаўцам рамесніцкай моды. Менавіта тут першай у рэспубліцы ўзнікла сетка РДР. Глыбоцкаму дому рамёстваў — першаму ў краіне — споўнілася ўжо 26 гадоў. Дык вось, развіваюцца ўстановы вобласці (як і іншыя па Беларусі) у кірунку ўдасканалення сваіх лакальных традыцыйных рамёстваў, але паралельна займаюцца адраджэннем і рэканструкцыяй мясцовага нацыянальнага касцюма. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што гэтай жа пачэснай справай заклапочаны і ў іншых абласцях. Аднак Віцебшчына зноў-такі першай давяла справу да лагічнага завяршэння.
Кніга “Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны” днямі выйшла ў свет накладам у 500 асобнікаў за кошт гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта калектыўная праца народных майстроў, навукоўцаў, музейшчыкаў. Неацэнную дапамогу аказалі спецыялісты Смаленшчыны і Пскоўшчыны, з якімі Віцебская вобласць суседнічае. Цягам ці не дзесяці гадоў кожны раён узнаўляў касцюмы сваёй мясцовасці. Для таго, каб высілкі былі не марнымі, ладзіліся агульныя канферэнцыі, семінары, святы і выставы народнага касцюма.
У кніжцы прэзентуюцца выявы мужчынскіх і жаночых вопратак, летніх, зімовых, вясельных. У пэўных раёнах рэканструяваны нават дзіцячыя касцюмы. У тым самым Глыбокім узноўлены сялянскія (мужчынскі і жаночы) касцюмы XII — XIII стагоддзяў, касцюмы (летні, зімовы) паненкі 1930-х гадоў, жаночы і мужчынскі 1940-х гадоў.