У пошуках філасофскага каменя

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Навука ўзнікла з пытання. Першым тэарэтыкам стаў, відаць, той жыхар першабытных пячор, які задумаўся: “Ці толькі ад маланкі бярэцца на зямлі агонь?” Тут галоўнае правільна пабудаваць пытанне. Першы практык заўважыў, што ад удару каменя аб камень высякаецца іскра, і распаліў вогнішча. Не выключана, што гэтым неўтаймоўным практыкам стаў дапытлівы цікаўны тэарэтык. А той, хто пахіснуўся і сеў на абвугленыя дровы, аўтаматычна пераўтварыўся ў першага філосафа. Першым заўжды няпроста.

Па гэтай “неандэртальскай” логіцы нескладана прасачыць, як узнік першы работнік культуры. Ён пачаў спяваць і скакаць ля тушы ўдала забітага маманта. Проста так, ад шырыні душы і па прычыне радаснага ўспрымання жыцця. Той, хто зрабіў заўвагі па ўдасканаленні танцаў і спеваў, імкліва пераўтварыўся ў метадыста — спецыяліста па прапанове канкрэтных метадаў для аптымальнага вырашэння задач. Методыка, як той філасофскі камень у сярэднявечных алхімікаў, пераўтварае шараговую з’яву пошуку ў золата творчага адкрыцця.

А прагрэсіўная методыка — заўжды праява перадавой навукі. Падаецца, гэта аксіёма. Але я не спяшаўся б даводзіць, што кожны крок нашай культуры — навукова вывераны ды падмацаваны ўзважанай сусветнай практыкай. У адваротным выпадку, як падаецца, тэрмін “эканоміка культуры” ў спалучэнні з прыметнікам “эфектыўная” не выклікаў бы ўсеагульнага непаразумення і нязменнай роспачы.

Калісьці нашы абласныя метадычныя цэнтры былі яшчэ і навуковымі. Я высветліў, як дзейнічаў механізм. Прадстаўнікі творчых навучальных устаноў пастаянна адсочвалі стан спраў рэгіянальнай культуры, давалі рэкамендацыі метадыстам, якія абавязкова ўлічвалі іх у паўсядзённай дзейнасці клубаў, бібліятэк, музеяў, дамоў рамёстваў... Жыццё ў эпоху ўсеагульнай аптымізацыі змянілася карэнным чынам. Цяпер наяўнасць навуковага складніку — абавязак не рэгіянальны, а сталічны. Не, двухбаковая сувязь паміж тэарэтыкамі і практыкамі захавалася. Але другія, у параўнанні з першымі, займелі больш ініцыятывы. А ці скарысталіся?

Памятаю, на пачатку кампаніі па асваенні планаў платных паслуг вобласці запрасілі да сябе спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія прачыталі курс лекцый па азначанай тэме. І гэта наўпрост паўплывала на ход пазабюджэтнай дзейнасці. Аднак запрасілі да сябе вучоных толькі дзве вобласці з шасці.

Прыблізна тая ж сітуацыя паўтарылася і на Каліноўскага, 12 у Мінску, калі на курсы па фандрайзінгу са 118 раёнаў краіны прыехалі толькі недзе дзесяць чалавек. У іншых бракавала грошай на камандзіроўку. Для таго, каб навучыцца зарабляць, не стае грошай… Да мяне і па сёння звяртаюцца ў раёнах, каб займець нумары тэлефонаў тых грамадскіх суполак, якія наладжваюць кансультацыі ды трэнінгі па супрацоўніцтве з грантадаўчымі арганізацыямі і фондамі.

Летась я некалькі разоў на тыдзень наведваў кафедру менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКіМ. У выніку на старонках “К” з’явілася рубрыка “Лабараторыя”, дзе гаворка ішла пра новыя тэхналогіі ў сферы культуры. Паверце, мне было вельмі цікава вучыцца і выкарыстоўваць новыя веды для стварэння тэкстаў, якія павінны былі хоць нейкім чынам дапамагчы тым, хто прыйшоў у культуру, не маючы спецыяльнай адукацыі. А такіх, як паказвае практыка, усё болей. Мэтавікі вучацца далей. Завочнікаў — мала з прычыны таго, што дасведчаных практыкаў амаль прыбрала пенсія. Так што ўчарашняя даярка ў якасці бібліятэкара — справа шараговая. Якую праграму набыцця хоць нейкай кваліфікацыі падрыхтавала для яе наша навука? Адказаць на гэтае пытанне амаль гэтак жа проста, як і філасофскі камень вынайсці.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"