Фігура, замры!

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

“К” сабрала фотакалекцыю фігур фізкультурнікаў у Мінску. Экспанатаў хопіць на выставу. Але ці патрэбны гораду парк савецкай скульптуры?

/i/content/pi/cult/675/14895/page-14-copy-S.jpg

Знікаючыя віды

Гарніст, дзеці з футбольным мячом, дзяўчынка з кнігай, тэнісіст, плывун, лыжнік. Такімі фігурамі ўпрыгожвалі Мінск у 1930-я і пазней — у 1950 — 1960-я гады. Галоўная тэма савецкай паркавай скульптуры — чалавек ідэальны. Прыклад для пераймання, узведзены на п’едэстал. Глядзіш і верыш: і на самой жа справе “бодры і вясёлы!” Адзін з персанажаў таго ілюзорнага свету — скульптура “Дзяўчынка на самакаце” на вуліцы Стаханаўскай у Мінску. Яшчэ паўгода таму выгляд у яе быў хваравіты. Аднавіць работу вырашылі жыхары раёна. КОТОС-46 (калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання) заняў прызавое месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе і атрымаў прэмію. Гэтыя грошы было вырашана патраціць на выратаванне скульптуры, якая даўно стала сімвалам двара.

— Некаторыя дэталі давялося аднаўляць з нуля, — распавядае рэстаўратар Валерый Дудко. — Масляная фарба адлушчвалася. Там быў і жоўты, і ружовы — усе адценні, якія могуць замяніць колер скуры.

Да аперацыі па выратаванні “Кагосьці на самакаце” далучыліся неабыякавыя жыхары суседніх дамоў. Спачатку “блыталіся ў сведчаннях”. Ці то хлопчык, ці то дзяўчынка? Хто ж стаіць на самакаце, стала зразумела, калі пачалася рэстаўрацыя. Але ні намёку на анатамічныя падрабязнасці. На галаве скульптуры, прыкладна там, дзе дзяўчынкі носяць хвосцікі, тырчалі металічныя штыры. Рэшткі дроту і падказалі майстру, што не хапае… прычоскі. Якой менавіта? Меркаванні
разышліся. Адны казалі: “Дакладна памятаю — былі касічкі”. Іншыя: “Не, хвосцікі”.

— Скульптура зразумелая, вобраз яркі. І ў яе столькі абаронцаў знайшлося ў двары. Жыхары спачатку абураліся: “Што вы тут робіце? Куды яе звозіце?” А потым разабраліся і пачалі дапамагаць, спрабавалі ўзгадаць, як “Дзяўчынка на самакаце” выглядала першапачаткова, — кажа рэстаўратар Валерый Дудко.

Наіўная і жывая

Савецкая паркавая скульптура рэдка прэтэндуе на эксклюзіў. Адны і тыя ж сюжэты паўтараюцца з горада ў горадзе.

— Не сустракаў дакладных аналагаў
скульптуры “Дзяўчынка на самакаце”. Але гэта не значыць, што іх няма. Падобны вобраз ёсць у фарфоравай пластыцы, у кніжнай графіцы, — расказвае Валерый. — Даведацца, як скульптура выглядала першапачаткова, мог бы дапамагчы фотаздымак. Шкада, што такога не знайшлося. Каб гаворка ішла пра рэстаўрацыю музейнай рэчы, то пакінуў бы яе, як ёсць. Не стаў бы аднаўляць прычоску. Але тут іншая сітуацыя, і давялося пайсці на кампраміс. Усё ж такі гэта дзіцячая пляцоўка. Само месца патрабавала завершанасці.

— Савецкую паркавую скульптуру аб’ядноўвае іранічны тэрмін “гіпсавы рэалізм”. Гіпс сам па сабе недаўгавечны. Няма адчування, што гэтыя работы ўжо адыгралі сваю ролю?

— Асноўным матэрыялам быў усё ж такі не гіпс, а бетон. А ён якраз жыццеўстойлівы. Нядаўна рэстаўраваў тры паркавыя скульптуры, якія стаялі на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага летніка. Ясна, што ўсе гэтыя рэчы казённыя. І шкада, што мастакі рэалізоўвалі свае магчымасці такім вось чынам. Але ў выканальніцкім плане — няма пытанняў. Гэта яркія ўзоры манументальнай прапаганды. Цікавыя савецкія артэфакты.

Зразумела, што бронза — дарагі, стратэгічны матэрыял. І траціць яе на скульптуру накшталт “Дзяўчынкі на самакаце” не было магчымасці. Яна выканана з бетону з дабаўкай мармуровай крошкі. Такая тэхніка не прадугледжвае афарбоўкі. Таму вярнуў рабоце белы колер.

/i/content/pi/cult/675/14895/page-14-S.jpg

— Стылізацыя пад мармур?

— Так і ёсць. Савецкая скульптура — спроба стварыць новую рэальнасць. Узор прыгажосці — Антычнасць. У 2008 годзе ўдзельнічаў у рэстаўрацыі скульптур Палаца прафсаюзаў. Настолькі выразныя вобразы! Яны былі схаваныя пад тлустым слоем тынку. Але мы “знялі гэтыя футры”. І раскрылі такія партрэты! Падумаў тады: “Ці можна сёння сустрэць гэтых персанажаў у горадзе?” Але не, выраз твару, як у герояў савецкага кіно 1950-х.

— Сёння паркавая скульптура таго часу — знікаючы від. Усе гэтыя піянеры, піянеркі,
спартсмены — смецце, якое не шкада? Ці не смецце і ўсё ж такі шкада?

— Па адукацыі я скульптар, скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў. І да таго часу, пакуль не заняўся рэстаўрацыяй, не звяртаў увагі на савецкую скульптуру. Для мяне яе быццам не існавала. Але цяпер спрабую выключыць у галаве гістарычны шум і паглядзець, як выкананыя гэтыя работы. І бачу прыгожую пастаноўку фігуры, дакладнае пападанне ў прапорцыі. Зараз кажу пра манументальныя рэчы, у рэстаўрацыі якіх удзельнічаў. Гэта, як ужо казаў, скульптуры на фасадах Палаца прафсаюзаў, а таксама Нацыянальнага мастацкага музея і беларускага павільёна на тэрыторыі ВДНГ у Маскве (пяць фігур 1954 года адноўлены спецыялістамі майстэрняў “Белрэстаўрацыі” ў 2016 годзе — “К”).

“Дзяўчынка на самакаце”, пра якую мы гаварылі, вельмі мілая рэч. Бетон дыктуе скульптару пэўную пластыку. Як правіла, няма дробных дэталяў, усёй гэтай барочнай разьбы, завітушак. Работа выканана вельмі проста. Але яна прыгожая гэтай сваёй немудрагелістасцю. І поўная энергіі. Глядзіш — і адчуванне: сапраўды ж едзе.

Парк савецкай скульптуры

У сучасным горадзе скульптура кшталту “Дзяўчынкі на самакаце” глядзіцца згублена. Час піянераў тых гадоў сышоў, а іх бетонныя фігуры растрэскаліся.

Падчас рэканструкцыі парка Перамогі архітэктары “Мінскпраекта” прапаноўвалі зберагчы для гісторыі найбольш цікавыя экзэмпляры. І стварыць экспазіцыю пад адкрытым небам на востраве Камсамольцаў. Уздоўж прагулачнай сцежкі па перыметры выспы меркавалася ўсталяваць тыповыя для свайго часу работы на тэму “просты савецкі чалавек”. Персанажы, асуджаныя апынуцца на сметніку, маглі б стаць экспанатамі музея пад адкрытым небам.

— Падчас рэканструкцыі парка Перамогі ўлічвалі як тэматыку музейна-паркавага комплексу, так і складзены там ландшафт, — расказвае галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі музейна-паркавага комплексу “Перамога”, спецыяліст УП “Мінскпраект” Ганна Аксёнава. — Напрыклад, адна з выспаў Камсамольскага возера названа “Птушыная”. Тут мы мелі справу не проста з ландшафтам, а з месцам знаходжання птушак і іншых прадстаўнікоў фаўны.

Найбуйнейшую выспу акваторыі мы назвалі — “Камсамольская”. Была задума адкрыць на яе тэрыторыі экспазіцыю скульптуры сацрэалізму, ці Парк савецкай скульптуры.  Для турыстаў і маладых людзей, якія нарадзілся пасля распаду Саюза, такая выстава ўспрымалася б як экзотыка. Цікавы аб’ект прыцягнення мог бы атрымацца.

Але ажыццявіць ідэю тады не выпала. Хаця само месца стала выкарыстоўвацца для выставы. Толькі не гістарычнай, а сучаснай. Летам тут можна ўбачыць мудрагелістыя скульптуры і прасторавыя аб’екты ўдзельнікаў праекта “Арт-астравы”.

Ірына ЮДЗІНА

Фота Таццяны СВІРЭПЫ