Здаўна лічыцца аксіёмай, што паштовыя маркі з’яўляюцца візітоўкай краіны. Датычыць гэта, зразумела, і Беларусі. Гісторыя паштовай маркі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь пачынаецца 20 сакавіка 1992 года. І папраўдзе сімвалічна, што на выяве першай быў Крыж Еўфрасінні Полацкай.
Як распавяла “К” кіраўнік выдавецкага цэнтра “Марка” Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта” Ірына Шыпілава, агулам за гады незалежнасці былі ўведзены ў абарачэнне больш за 1200 паштовых мініяцюр.
— Выключнае права на выпуск у абарачэнне паштовых марак у Рэспубліцы Беларусь належыць Міністэрству сувязі і інфарматызацыі нашай краіны, — нагадала суразмоўца. — Непасрэднае планаванне, выданне і распаўсюджванне дзяржаўных знакаў паштовай аплаты, экспарт і імпарт філатэлістычных тавараў ажыццяўляе наш выдавецкі цэнтр “Марка”, створаны яшчэ ў 1996 годзе.
Па словах Ірыны Шыпілавай, паштовыя адміністрацыі розных краін свету імкнуцца выпускаць маркі як мага больш прывабнымі, выразнымі і багатымі па змесце. Гэтымі крытэрыямі кіруецца пры распрацоўцы тэматычных планаў і мастацкі савет пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Зазвычай на паштовых мініяцюрах адлюстроўваюцца сучасныя рэаліі дзяржавы, багатая гісторыя і культура, дасягненні выдатных асоб, флора і фаўна. Натуральна, выданню марак і канвертаў папярэднічае вялікая праца па зборы інфармацыі і прапаноў ад дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб, а таксама іх аналіз.
Як адзначыла Ірына Шыпілава, фарміраванне тэматычных планаў выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на год-два наперад.
— Таму сёння тэматычныя планы на 2018 год ужо даўно зацверджаны, — кажа візаві. — А да працы над арыгінал-макетамі мы прыцягваем таленавітых мастакоў, дызайнераў выдавецкага цэнтра “Марка”. Зразумела, што ўсе сюжэты старанна вывяраюцца на гістарычную адпаведнасць спецыялістамі ў галіне культуры, гісторыі і архітэктуры.
Дарэчы, штогод выдаецца каля 40 сюжэтаў беларускіх мастацкіх марак. Яны выходзяць з друку невялікімі марачнымі лістамі з купонамі ці па-мастацку аформленымі палямі, што выклікае цікавасць у філатэлістаў. Прычым не толькі з блізкага, але і далёкага замежжа.
Тэматыка выпускаў, скажам, мінулага года, была даволі багатая і разнастайная. Гэта “950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання Мінска”, “EUROPA. Палацы”, “135 гадоў з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа”, “500-годдзе беларускага кнігадрукавання”, “Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі” ды многія іншыя.
А ўжо сёлета будуць выпушчаны маркі і цэлыя блокі марак, прысвечаныя 100-годдзю органаў пагранічнай службы Беларусі, XXIII Алімпійскім гульням у Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя), 100-годдзю з дня нараджэння Пятра Машэрава, 400-годдзю з часу выдання першага ў свеце “Буквара” ды іншым цікавым тэмам.
— Летась мы супрацоўнічалі з пасольствамі Кітайскай Народнай Рэспублікі, Польшчы, Кыргызстана, Латвіі, Казахстана, Індыі, Малдовы, Румыніі і Уругвая па пытаннях арганізацыі паштовых праектаў, прымеркаваных да 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж краінамі, — дадае Ірына Шыпілава. — Нашы маркі дазваляюць адлюстраваць агульначалавечыя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць розныя краіны і народы, а таксама паказваюць асаблівасці нацыянальных культур і традыцый.
Ужо сёлета плануецца выпуск блоку марак, прысвечаных 25-годдзю з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Арменія.
Выдавецкі цэнтр “Марка” даволі плённа супрацоўнічае з Беларускім саюзам філатэлістаў. Напрыклад, з 18 па 21 красавіка 2017 года прайшла IX Нацыянальная філатэлістычная выстава “Белфіла—2017”, прысвечаная 25-годдзю першай беларускай паштовай маркі і 950-годдзю горада Мінска.
Па словах Ірыны Шыпілавай, у творчага калектыву ёсць дзясяткі цікавых ідэй, якія абавязкова будуць увасоблены ў жыццё з улікам усіх найноўшых паліграфічных магчымасцей. Тым больш, што вынік працы выдавецкага цэнтра “Марка” РУП “Белпошта” разлічаны не толькі на калекцыянераў, але і на тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурай як Беларусі, так і замежных краін, а таксама новымі ведамі ў самых розных галінах чалавечай дзейнасці.