— Мы паставілі добрую кропку ў этапе даўжынёй у чвэрць стагоддзя і гатовы з новай прыступкі рухацца наперад. Не пабаюся сказаць, юбілейны сезон быў для нас проста зорным. Ужо не трэба нікога нікуды падштурхоўваць: творчыя людзі самі звяртаюцца ў дырэкцыю з ініцыятывамі. Упэўнены, у тэатры склаўся дзейсны тандэм творчай часткі і адміністрацыі, калі адзін аднаго чуе. І гэта дапамагае выбудаваць доўгатэрміновую стратэгію развіцця тэатра. Шчаслівы, што сёння не трэба пераконваць публіку, журналістаў у тым, што ў РТБД адбываецца нешта цікавае: гледачы і крытыкі самі да нас цягнуцца.
Паглядзіце на гучныя прэм’еры РТБД за апошні перыяд: “Гэта ўсё яна” Андрэя Іванова ў пастаноўцы Монікі Дабраўлянскай, “Беларусь. Дыдактыка” ў рэжысуры Аляксандра Марчанкі, “Сіндром Медэі” Юліі Чарняўскай у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай, “Кар’ера доктара Рауса” Віктара Марціновіча ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Аляксандра Гарцуева, пластычны спектакль “Бетон” у рэжысуры Яўгена Карняга. Пяць розных драматургічных асноў. Пяць цікавых, непадобных адзін да аднаго, з рознымі почыркамі рэжысёраў. Вы ўяўляеце, як цікава было акцёрам працаваць? Кожны раз трупе давалі нешта новае, і я бачыў, як калектыў гарэў (і працягвае гарэць!) жаданнем тварыць.
Пастаноўкі патрапілі ў “дзясятку”, заваявалі прэміі на фестывалях, атрымалі розгалас у гастрольных турнэ, у кожнага з іх ужо ёсць свой спіс запрашэнняў на міжнародныя форумы. А я, як дырэктар, рады яшчэ і таму, што кожная з гэтых назваў стала ўдалым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства і на сённяшні момант ужо цалкам акупіла пастановачныя выдаткі. Папраўку зраблю пакуль толькі на “Бетон”, бо яго прэм’ера адбылася не так даўно, але і гэты спектакль паспеў вярнуць больш за палову фінансавання. Мяркуючы ж па білетах, што стала разлятаюцца за тыдзень-два да даты паказу, выключэннем з добрай завядзёнкі ён не стане.
Да 525-годдзя Францыска Скарыны і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы пачалі рыхтавацца яшчэ ў 2015 годзе: менавіта тады ўзнікла ідэя правядзення конкурсу сярод драматургаў. Вынікі ўсім вядомы: п’есы трох пераможцаў летась знайшлі сваё сцэнічнае ўвасабленне, зборнік п’ес з’явіўся ў шэрагу нацыянальных бібліятэк замежных краін, а сам конкурс, па меркаванні многіх айчынных СМІ, увайшоў у топ ініцыятыў Года культуры.
Да значнай для нас спецпрэміі Кіраўніка дзяржавы тэатр ішоў не адзін год. Тое — вынік вялікай працы з’яднанага калектыву. Падкрэслю: працы не аднаго пакалення. Я прыйшоў сюды не на пустое месца. Да мяне тут дзейнічалі выбітныя кіраўнікі — Валерый Мазынскі, Валерый Анісенка, Ігар Сігоў, да адзінай мэты імкнулася вялікая колькасць акцёраў, супрацоўнікаў тэатра. Сваю надбудову мне давялося ўзводзіць на выдатным падмурку. Да 25-годдзя, што адзначаў РТБД у 2017 годзе, у тэатры сфарміраваўся моцны калектыў. Людзі маюць дастатковы вопыт, самадастатковасць, умеюць працаваць у розных умовах. Усе адзначаюць, што ў нашым тэатры пануе асаблівы дух. Менавіта зладжаная праца ў камандзе прывяла нас да пачэснай узнагароды.