Нью-Ёрк планам не верыць

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

Яшчэ не так даўно Таццяна ЗАМІРОЎСКАЯ была вядомая як адзін з вядучых айчынных музычных крытыкаў і яркі прадстаўнік мінскай культурнай тусоўкі. Цяпер усё змянілася. У 2015 годзе яна з’ехала ў ЗША — прычым не па смачнейшы хлеб, а найперш па новы жыццёвы досвед. Геаграфічная адлегласць не перашкодзіла нам яе там дастаць і даведацца, як ёй жывецца ўдалечыні ад радзімы.

/i/content/pi/cult/672/14849/pt.jpegПашырыць кантэкст…

— Ты неаднаразова бывала ў ЗША. Што гэтым разам туды прывяло?

— Упершыню я прыехала ў Нью-Ёрк летам 2009 года ў госці да сябра, бо хацела зразумець, што ўсе знаходзяць у гэтым горадзе. Чаму людзі вяртаюцца ў яго зноў і зноў, ажно пакуль не застануцца? Я гэта так і не зразумела, але перажыла (пражыванне — добрая альтэрнатыва разуменню).

У мяне з’явілася магчымасць атрымаць тут магістарскую адукацыю — гэта была мая мара, павучыцца ў ЗША. У Мінску ў мяне быў імідж нейкага “псіхадэлічнага” аўтара, які піша нешта незразумелае, аналізуе тутэйшую хтонь (падземны свет або, іншым словам, андэрграўнд — А.К.) і сюррэалістычны побыт. Гэта ўсё дрэнна ўплывае на самасвядомасць, бо калі ты пашыраеш кантэкст, раптоўна бачыш сябе чалавекам, якому трэба яшчэ вучыцца і вучыцца. Зрэшты, нават пры жаданні нешта пашырыць я б не адважылася проста ўзяць і кудысьці паехаць — але так склаліся абставіны. Жыццё кароткае, калі ёсць магчымасць спрабаваць іншыя ягоныя варыянты — чаму б і не?

— Што скажаш аб амерыканскай культуры?

— Я літаральна ўзгадаваная ёй, асабліва кніжнай — пісьменнікі-бітнікі, Бероўз, Броціган, Кізі… Калі я сутыкнулася з ёй “жыўцом”, здзіўлена зразумела, што культура гэтая — вельмі маладая. У нейкім сэнсе — падлеткавая (адносна астатняга свету). Я шчыра абражаюся, калі еўрацэнтрычныя мае сябры-турысты кажуць, што ў ЗША няма мастацтва. І замест таго, каб глядзець на Хопера, Уаета і Калдэра ў Музеі амерыканскага мастацтва Уітні, ідуць вывучаць Пікаса, Ротка і Шагала ў звыклы Музей сучаснага мастацтва MoMa ці “нацяганыя” з Еўропы палотны вялікіх майстроў у Метрапалітэн-музеі.

Паколькі ў ЗША я вучылася ў школе сучаснага мастацтва, то была прыемна ўражаная тым, што адбываецца ў амерыканскім contemporary art. Апошнія гады амерыканскае маладое мастацтва вучыцца быць больш сацыяльным, уплывовым. Праблема адносінаў мастацтва і ўлады цяпер стаіць больш востра, а раней мастакі больш разважалі пра капіталізм, спажыванне і маскультуру, і гэта не вельмі адгукалася ў маім сэрцы.

Яшчэ ў амерыканскім сучасным мастацтве востра паўстаюць пытанні культурнай апрапрыяцыі і экзатызацыі вопыту прыгнечаных народаў і культур, а таксама чужых траўм. Гэта таксама цікава назіраць — напрыклад, нядаўні скандал на біенале ў музеі Уітні, калі белая мастачка Дана Шутц выставіла работу супраць расізму, перамаляваўшы жахлівае старое газетнае фота лінчаванага чарнаскурага падлетка з Місісіпі ў труне. Былі жудасныя публічныя разборкі ва ўсіх СМІ, бо вырабляць мастацтва не з ўласнага болю (асабліва калі ты белы чалавек) — гэта апрапрыяцыя чужых траўмаў, а не дапамога і прыцягванне ўвагі да несправядлівасці. Вось гэтым рэчам ды іх разуменню мне, канечне, давялося доўга вучыцца — дзе праходзіць мяжа паміж дапамогай і выкарыстаннем, сацыяльным мастацтвам ды крадзяжом чужога траўматычнага досведу.

Амерыканцы вельмі чуллівыя да траўмаў, гэта суцэльна псіхааналітычная нацыя, як мне падаецца. Адчуванне віны і сораму, а таксама неабходнасць іх прагаворвання — моцная і цікавая штука. І гэта мне ў амерыканскай культуры падабаецца — адвага, незалежнасць і смеласць разважаць услых пра непрыемнае.

— Ты згадала некаторых пісьменнікаў…

— Што чытае Амерыка? За ўсю ЗША сказаць складана, але ў тых колах, дзе я бываю, папулярны нон-фікшн (для нашага чытача гэта даволі нязвыкла). Атрыманне “Нобеля” Святланай Алексіевіч яшчэ больш умацавала літаратурную актуальнасць гэтага жанру. Таксама актуальны так званы creative non-fiction: сплаў мастацкай і дакументальнай ці аўтабіяграфічнай літаратуры. Напрыклад, такія пісьменніцы, як Крыс Краўс і Мэгі Нэльсан, паэтка Айлін Майлс. Думаю, вельмі цікавіць амерыканцаў перакладная літаратура (Джон Кутзээ, Кларысi Ліспектар, Элена Ферантэ) і творы, напісаныя білінгвістычнымі прадстаўнікамі дзвюх культур і здатныя дапамагчы да гэтых культур наблізіцца — скажам, новая кніжка Марыі Гесэн. Усім цікава, што там у Расіі адбываецца.

Асабіста я не лічу, быццам магу сказаць пра Амерыку штосьці большае за тых, хто гэта зрабіў за мяне (і зрабіў нашмат лепш!). Ды і чытаць зацемкі кшталту “зараз мы вам распавядзём, як усё насамрэч тут у Амерыцы” мне нудна і чамусьці сорамна, далучацца да гэтага хору не вельмі хочацца. Знаходжанне тут дапамагло мне з новымі ідэямі — я скончыла трэці зборнік апавяданняў (некаторыя ўжо надрукаваныя ў расійскіх літаратурных часопісах), ён будзе пра дэпрывацыю мовы, каханне і метэмпсіхоз.

Хаця, канечне, Амерыка там прысутнічае — у адным апавяданні герой прылятае ў Нью-Ёрк начным рэйсам і даведваецца, што на гэтым рэйсе яго… не было, і што прэзідэнтам абралі Трампа, хаця ў ягонай рэчаіснасці прэзідэнтам была Хілары Клінтан. Яшчэ адно называецца “Той, хто сумуе на Блікер-стрыт”, і там напісана пра самы маленькі трохкутны сквер у Нью-Ёрку.

Цяпер аб амерыканскай журналістыцы, так? Яна, як і ва ўсім свеце, таксама перажывае крызіс і шукае новыя спосабы данясення якасных гісторый пры неабходнасці неяк зарабіць грошы. Незалежныя маладзёжныя СМІ тут спыняюць існаванне, калі ўладальнік бізнесу, бязлітасны капіталіст, вырашае “зачыніць лавачку”. Але ўсё ж такі я бачу розніцу — у ЗША існуе большы давер журналісцкім даследаванням і “лонгрыдам”, таму і апошніх больш, і людзі іх чытаюць. А ў нас калі матэрыял перавышае паўстаронкі, рэдактар можа сказаць: не, публіка такі вялікі тэкст чытаць не будзе, ёй лянота. Але тут нікому не лянота, людзі чытаюць журналісцкія гісторыі, гэта ж сапраўдны нон-фікшн (які потым часта і ператвараецца ў кнігу)! Можа, чытацкая культура там больш развітая, не ведаю. Нават у метро ўсе чытаюць кніжкі. У Беларусі я такога не бачыла.

— З выхадцамі з Беларусі маеш зносіны?

— Сябрую з Настассяй Верцель, вельмі таленавітай спявачкай-сонграйтарам з Мінска. Яна жыве тут болей за пяць гадоў, часам дае канцэрты, запісвае другі альбом — першы яе рэліз Out of Time беларускія крытыкі параўноўвалі з Рэгінай Спектар, хаця, на маю думку, яе песні больш блізкія да Bat for Lashes, змрочныя такія. Яшчэ вучылася разам з Настассяй Колас, дачкой перакладчыка і выдаўца Зміцера Коласа — яна эмігравала ў 1998-м, паспела зрабіць кар’еру ў фэшн-індустрыі, а потым перакваліфікавалася ў мастачку, робіць інсталяцыі. У Нью-Ёрку, канешне, выставіцца больш складана, чым у Мінску, але і працэс барацьбы за прастору і бязлітасную куратарскую ўвагу больш цікавы.

…i не забыцца пра Радзіму

— На каго-небудзь з тых нашых артыстаў, хто прыязджаў у Штаты з канцэртамі, хадзіла?

— У межах нейкага ўяўнага арт-праекта “Заміроўская пераасэнсоўвае творчасць землякоў у адрыве ад зямелькі роднай” хадзіла на канцэрты трох знакавых беларускіх музыкантаў — Вольскага, Вайцюшкевіча, Міхалка. Было выдатна: шмат настальгіі, цікавая публіка (назіраць за тым, як настальгуюць іншыя, больш цікава, чым фіксаваць уласныя эмоцыі). Адчула, што жудасна сумавала па іх. Першая рэакцыя была — кінуцца на шыю і заліцца слязамі. Амаль і зрабіла гэта ва ўсіх трох выпадках. Спадзяюся, музыканты не спужаліся.

— Сочыш за падзеямі свету беларускай культуры?

— Сачу за гэтым так уважліва, што сябры нават смяюцца з мяне. І не толькі сябры. Памятаю, як Валера Краснагір, рэдактар Filet Magazine, напісаў у фэйсбуку штосьці кшталту: як можна жыць у Брукліне і слухаць “Петлю Пристрастия” і Brutto! Але так, можна. Больш за тое, калі ты проста вольны слухач і не жывеш у Беларусі, можаш быць упэўненым: калі табе падабаецца “Петля Пристрастия” — гэта, мабыць, таму, што яны аб’ектыўна крутыя.

Мне падабаецца, што ў Беларусі апошнім часам з’яўляецца столькі выдатных iндзi-праектаў — Super Besse, Mustelide, Shuma. Таксама радуюць моцныя праекты памяці, кшталту “(Не)Расстралянай паэзіі”. А што не падабаецца, дык гэта амаль поўная адсутнасць музычнай ды арт-аналітыкі — у нас у краіне яе практычна няма або вельмі мала (ну вось газета “Культура” ёсць, і, хаця я не схільная рабіць рэверансы, адзначу, што гэта сапраўды часам адзінае месца, дзе можна пачытаць рэпартажы пра імпрэзы, якія адбыліся). Анонсы і фоткі — вось і ўвесь фармат арт-рэпартажу беларускіх гарадскіх СМІ.

— Ці ёсць планы на вяртанне ў Мінск?

— У Нью-Ёрку немагчыма будаваць планы! Усё, што са мной адбываецца апошнія тры гады, запланавана не было.

Даведка

Таццяна ЗАМІРОЎСКАЯ, нарадзілася ў Барысаве. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Вышэйшую школу мастацтваў імя Мілтана Эйвэры пры Bard College (Нью-Ёрк). Друкавалася ў беларускіх, украінскіх і расійскіх СМІ. Аўтар двух зборнікаў апавяданняў: “Жыцце без шуму і болю” і “Вераб’іная рака”. Журналістка, пісьменніца, арт-крытык.

Фота Аляксандра ТАРАНЦІНА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"