Рэальны плён віртуальнай актыўнасці

№ 52 (1335) 30.12.2017 - 31.01.2017 г

За амаль прамінулы год у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны не адбылося нічога асабліва важнага. Напэўна, нехта адзначыць, што гэта дрэнна само па сабе — і будзе мець рацыю. Аднак, як падаецца, у сёлетніх тэндэнцыях і падзеях можна знайсці нагоды для аптымізму. Галоўная з іх — прыкметны рост грамадскай актыўнасці.

/i/content/pi/cult/672/14840/Svirin Ilja_opt.jpegПакуль гэтая актыўнасць мае збольшага віртуальны характар і разгортваецца найперш у інфармацыйнай прасторы. Маштабу, які дазваляе “ўзяць ды зрабіць”, нашы грамадскія ініцыятывы яшчэ не дасягнулі — за адзінкавымі выключэннямі кшталту рэстаўрацыі Любчанскага замка і аднаўлення маёнтка ў Наднёмане. Але нават віртуальная дзейнасць прыносіць рэальныя вынікі: да “голасу грамадскасці” чым далей тым болей прыслухоўваюцца. Той жа прыклад Асмалоўкі пераканаўча сведчыць, што купка неабыякавых, актыўных і дасведчаных асобаў можа ўносіць карэктывы нават у горадабудаўнічыя планы. Лёс атмасфернага раёнчыка Мінска пакуль дэ-юрэ не вырашаны, але паколькі аргументы ахвотных яго знесці становяцца ўсё больш няўпэўненымі, можна меркаваць, што Асмалоўка ўсё ж застанецца.

Іншы прыклад, пра які мы ўжо не раз пісалі — дзейнасць Арт-суполкі імя Тадэвуша
Рэйтана, якая ўсімі магчымымі сродкамі піярыць не толькі саму гэтую постаць, але і былое котлішча роду ў Грушаўцы — між іншым, у поўным паразуменні з мясцовымі ўладамі Ляхавіцкага раёна. Цяжка сказаць, як і наколькі гэтая медыя-“шуміха” паўплывала на вынік, але… галоўнае, што ён ёсць. Выйграны сёлета райвыканкамам грант Еўрасаюза адкрывае перад занядбанай сядзібай рэальныя перспектывы.

Між тым, перспектыва многіх іншых закінутых помнікаў пакуль несуцяшальная. Акурат “пад ялінку” СМІ ўспеніла сумная навіна — абвалілася частка мура езуіцкага касцёла ў Мсціславе. Паведаміў пра гэта, між іншым, таксама “неабыякавы грамадзянін” — выхадзец з Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч.

На вялікі жаль, шматгадовыя заклікі адпаведнага ўпраўлення Міністэрства культуры аб правядзенні на праблемных аб’ектах спадчыны першачарговых супрацьаварыйных работ — хай сабе, гаспадарча-валанцёрскім спосабам ды з выкарыстаннем танных часовых матэрыялаў — у большасці выпадкаў былі для мясцовых уладаў што “глас вопиющего в пустыне”. Вось і ў Мсціславе, дзе за апошнія гады будавалася і рамантавалася шмат чаго (у тым ліку, і літаральна ля ўзножжа езуіцкага касцёла), рукі да яго так і не дайшлі. Як не даходзяць яны сёння і да падобных барочных руін у Селішчы, Княжыцах, Смалянах, Лыскаве… Кожны з гэтых аб’ектаў можа стаць наступным. Плюс яшчэ многія дзясяткі кінутых на волю лёсу сядзіб, цэркваў, сінагог...

А вось сякія-такія работы па кансервацыі знакамітай Белай Царквы былі праведзеныя. Калі верыць дадзеным нашай разведкі, адбылося гэта сіламі прыватных асобаў з ліку
мясцовых жыхароў і без усялякага ўзгаднення. Апошняе, напэўна, ужо перагін. Энтузіясты маглі б атрымаць і афіцыйнае “блаславенне”, і сякую-такую метадалагічную дапамогу, каб яны ведалі, куды і як звяртацца. Адпаведна, у плане росту грамадскай актыўнасці паўстае і іншы аспект праблемы — неабходнасць каардынацыі.

Між тым, прыклад мсціслаўскага касцёла павінен быць для нас павучальным яшчэ і па іншай прычыне. Як вядома, на пачатку 2000-х храм сталі рэстаўраваць, але потым гэтая справа забуксавала. І аб’ектаў у такім “падвіслым” стане на Беларусі набярэцца з добры тузін.

Выраз пра добрыя намеры, якімі выбрукаваны шлях у пекла — гэта акурат пра незавершаную рэстаўрацыю. Бадай клінічны выпадак — сядзібны дом у Грозаве. Адна фірма выкупіла яго ў свой час за капейкі, пачала работы, зняўшы дах — і закінула. Цяпер свежапабеленыя калоны порціка побач з
пачварнай руінінай выглядаюць на нейкі здзек. Пікантнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што аб’ект не мае афіцыйнага статусу помніка спадчыны. Таму калі ён раптам знікне (а ўсё пакуль да гэтага і вядзе), вінаватых не будзе.

На такім тле радуе паведамленне, што ў Пустынках і Юравічах у наступным годзе работы плануецца працягнуць. Хочацца верыць, храмы там не паўтораць лёс мсціслаўскага. Фінансаванне чакаецца і на рэалізацыю трошкі “завіслых у часе” праектаў захавання трох замкаў — Крэўскага, Гальшанскага і, вядома ж, Навагрудскага. Таму, перафразуючы вядомы сярод рэстаўратараў выраз, хочацца верыць, што налета нашы руіны стануць трохі болей трывалымі.