Выпусціць мары з клеткі абмежаванняў

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Колькі сітуацый было ў сусветным тэатры, калі творчыя амбіцыі часткі калектыву пераставалі супадаць з поглядамі кіраўніцтва! Тут варыянтаў некалькі — або сварыцца і крыўдзіцца, або сыходзіць і ствараць свой праект. Менавіта гэта з год таму зрабіла частка трупы Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра. І ў выніку на карце горада з’явілася новая “культурная кропка” — Team Theatre. Пра шлях, які прайшоў наватарскі камерны тэатр, пра перспектыўныя вяршыні і спосабы выжывання “на вольных хлябах” разважае дырэктар і мастацкі кіраўнік калектыву Андрэй БАРДУХАЕЎ-АРОЛ.

/i/content/pi/cult/670/14819/pages-15.jpgМы пайшлі…

— …з дзяржаўнага тэатра не проста так. Чацвёра вядучых акцёраў збеглі ад закасцянеласці, якая прысутнічае ў рэпертуары, ад немагчымасці зрабіць хоць адзін крок у бок ад звыклага і ўзгодненага. Мы прагнулі наватарства — і не адчувалі магчымасці паспрабаваць. Нам стала сумна.

Галоўнае правіла Team Theatre: ніякіх правілаў. Любы творца, які мае цікавую ідэю і можа растлумачыць, як яе ажыццявіць, мае права быць на нашай сцэне. Мы пазіцыянуем сябе ў якасці творчай лабараторыі. Нашы спектаклі карэнным чынам адрозніваюцца ад таго, што адбываецца на дзяржаўных сцэнах Гомеля, а магчыма, і многіх акадэмічных ды заслужаных пляцоўках краіны. Мы хочам цягнуцца да ўзроўню Еўропы, Амерыкі, той жа Масквы. У нашым рэпертуары…

…класікі няма і не прадбачыцца

— Нават калі бяром класічнага аўтара, то шукаем нестандартныя формы. Напрыклад, рэжысёр Якаў Натапаў да пастаноўкі па О’Генры “Гнюсны падманшчык” запрасіў вядомую ў Гомелі групу Ginger Pie. Падчас усяго спектакля яны прысутнічаюць на сцэне, выконваюць спецыяльна падабраную пад праект музыку ў стылі кантры, узаемадзейнічаюць з акцёрамі. Прэм’ерны монаспектакль “Джуманджы” па п’есе Сяргея Патапава заўсёды выклікае ў гледачоў вострую рэакцыю. Яна бывае розная, не толькі ўзвышана-хвалебная, але мяне гэта радуе, бо ніхто не сыходзіць абыякавым. Ці возьмем “Птушку”: рэжысёр Вольга Чарненка ўскрывае гісторыю сутыкнення двух сусветаў — глухога мастака і дзяўчыны-паэта. У спектаклі шмат пластыкі, звязанай з мовай жэстаў (на рэпетыцыі для кансультацый нават прыходзіў сурдаперакладчык).

У нас распрацоўваецца паўнавартасны рэпертуар для юнай аўдыторыі. Мы не спыняемся на класічным уяўленні дзіцячай казкі, таму імкнёмся зрабіць пастаноўкі максімальна інтэрактыўнымі, але не забываемся і на якасць рэжысуры і акцёрскай ігры. Мы хочам, каб дзеці тэатр любілі. І добра разумеем, што ад узроўню гэтых пастановак залежыць патэнцыйны глядач у будучыні, бо сённяшні дзесяцігадовы хлапчук праз гадоў пяць вернецца да нас на вечаровы рэпертуар.

Фармат камернага тэатра дае магчымасць пасля кожнага спектакля праводзіць абмеркаванні. За кубачкам гарбаты гледачы могуць пазнаёміцца з артыстамі, падзяліцца з імі думкамі пра ўбачанае. Гэта аб’ядноўвае абодва бакі.

З гонарам зазначу, што ў праектах Team Theatre акрамя ўласных артыстаў з задавальненнем граюць калегі з гомельскіх тэатраў. Наш акцёр Рыгор Жураўлёў не так даўно атрымаў магчымасць служыць у сталічным Маладзёжным тэатры, але гэта не перашкаджае яму быць задзейнічаным у нашых пастаноўках. Калі акцёры з дзяржаўных калектываў хочуць выступаць на нашай сцэне — значыць, яны бачаць у нас патэнцыял! У такіх абставінах не засмучае і наша памяшканне, што было ператворана…

…з офіса — у тэатральную залу

— Тэатр месціцца ў офісным шматпавярховіку ў цэнтры горада. Дзякуючы падтрымцы мецэнатаў Алега Вальштэйна, Ірыны Гарбатавай і Ірыны Партновай, непрыстасаванае памяшканне стала адметнай тэатральнай пляцоўкай на 35 месцаў. Рамонт рабілі сваімі рукамі, самі ўзводзілі сцэну, манціравалі светлавое і гукавое абсталяванне. За год урэшце з’явілася грымёрка з выхадам на сцэну.

Мінусы пляцоўкі стараемся задзейнічаць на сваю карысць. Трансфармуем прастору пад запатрабаванні рэжысёраў. Напрыклад, публіку можам рассадзіць на сцэне, а акцёры будуць працаваць у зале. Камерны тэатр вымагае зносіны з гледачом вочы ў вочы. Канешне, гэта складаней, пасля вялікай сцэны даводзіцца мяняцца, але прафесію ніхто не адмяняў. Мяркую, мы не знізілі нашу прафесійную планку.

Гомель вельмі складана чымсьці захапіць. Горад зусім не абмежаваны ў магчымасцях паглядзець на тых жа вядучых маскоўскіх акцёраў. Складана сваю нішу займець, але мы вельмі стараемся. Усе 35 месцаў у нашым тэатры заўсёды занятыя. Давялося нават увесці абавязковае папярэдняе браніраванне, бо памяшканне не ўмяшчае ўсіх ахвотных. Таму не пакідаем пошукаў залы, якая была б банальна большай. Нам неабходна, каб яна знаходзілася ў цэнтры горада, каб людзі з ускраін мелі роўныя магчымасці да нас дабрацца. Нельга скідваць з рахунку і кошт арэнды.

Такія параметры надта абмяжоўваюць выбар. Ёсць варыянт пашырыць цяперашняе памяшканне, каб там адначасова маглі размясціцца 70 чалавек, але пераабсталяванне і знос міжпакаёвай сцяны вельмі дорага каштуе. Без нейкіх інвестыцый збоку мы не зможам рашыцца на гэты крок. Да таго ж, разумеем, што на парадак узрасце арэндная плата, якая і на сёння для нас надта высокая — каля 550 долараў у эквіваленце… Тэатр імкнуўся ўсімі магчымасцямі паменшыць гэтыя лічбы, але, на жаль, як недзяржаўная структура, мы не трапляем ні пад адну з катэгорый ільготнікаў.

Аднак мы не сядзім апусціўшы рукі. Нам неабходна закупляць дэкарацыі, папаўняць матчастку, выплачваць заробак акцёрам. Таму імкнёмся зарабляць грошы. Для гэтага акрамя ўласна спектакляў Team Theatre прапануе…

…праекты для даўніх мар

— Папулярнасцю карыстаецца інтэнсіў-курс “Хачу на сцэну”, прычым запатрабаваны ён не столькі ў моладзі, колькі ў людзей сярэдняга і пенсійнага веку. Мы ўбачылі шмат тых, хто ўсё жыццё марыў паспрабаваць сябе ў ролі акцёра ў сапраўдным тэатры. Для рэалізацыі іх патаемнай мроі мы прапануем спрыяльныя часавыя межы — усяго шэсць тыдняў. Па заканчэнні — абавязковы справаздачны спектакль на нашай сцэне. Па запытах ахвотных адкрываем вакальна-эстраднае аддзяленне праекта “Хачу на сцэну”. На гэтых курсах будуць акрамя акцёрскага майстэрства і сцэнмовы знаёміць з разнажанравым вакалам. Для дзяцей ад шасці гадоў дзейнічае тэатр-студыя, наведвальнікі якой маюць магчымасць граць у спектаклях разам з нашымі акцёрамі.

Пры такой разнастайнасці дадатковых праграм мы ўсведамляем, што неабходнасцю зарабляць нельга падмяняць тыя мэты, дзеля якіх адкрывалі ўласны тэатр. Мы першапачаткова хацелі прынесці ў тэатральнае жыццё Беларусі нешта новае. З гэтай ідэі ўзнік першы ў кране атмасферны…

…спектакль з павязкай на вачах

— Усё пачалося з
падарунка: Андрэй Курэйчык прэзентаваў нашаму тэатру п’есу “Накцюрн”. У рабоце над ёй узнікла задума завязаць гледачам вочы, каб яны паспрабавалі ўспрыняць тое, што вакол іх адбываецца, з дапамогай іншых арганаў пачуццяў. Увесну вынік нашай сапраўды калектыўнай творчасці паказалі тэатральным крытыкам у Цэнтры беларускай драматургіі пры РТБД. І калі мы пачулі шмат добрых водгукаў, зразумелі, што на верным шляху. Хутка ў рэпертуары з’явіцца і другая атмасферная пастаноўка — “Прывіды”.

/i/content/pi/cult/670/14819/pages-15-2.jpg

Завязваючы вочы, гледачы адкрываюць новыя магчымасці ўспрыняцця спектакля.

Паступова мы ўсвядомілі, што атмасферныя спектаклі адчыняюць дзверы тэатра для тых, хто ў звычайных абставінах не можа далучыцца да гэтага віду мастацтва: для людзей, якія пазбаўлены зроку. Іх у Беларусі нямала — каля 25 тысяч. Аднак каб невідушчыя маглі нароўных з усімі занурыцца ў атмасферу спектакля, неабходна іншае тэхнічнае абсталяванне, чым тое, якое сёння ў нашым распараджэнні. З гэтай прычыны прынялі ўдзел у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Сур’ёзнасць узнятай намі тэмы дазволіла атмасферным спектаклям патрапіць у фінал.

Спадзяюся, нам удасца дасягнуць мэты! У распрацоўцы маюцца яшчэ дзве адмысловыя п’есы. Ведаю, у Расіі было некалькі спроб ладзіць пастаноўкі для невідушчых, але далей за разавыя акцыі справа не пайшла. У Еўропе ж дзейнічае з дзясятак падобных праектаў. Вельмі хочацца, каб Team Theatre змог стаць для гэтых поўных аптымізму людзей дадатковай магчымасцю пазнаваць свет вакол сябе.

А пакуль працягваем эксперыментаваць, імкнучыся не згубіць галоўнае адчуванне, што прысутнічае ў добрых тэатрах —

…нерв паміж гледачом і акцёрам

— За год сваім існаваннем Team Theatre даказаў, што недзяржаўны тэатр можа не проста выжываць, а развівацца і дамагацца новых вяршынь. Новы год пачнём з фестываляў. У лютым плануем паказаць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў “Джуманджы”. Паступае шмат запрашэнняў на замежныя тэатральныя форумы, але пакуль у нас няма фінансавай магчымасці туды выправіцца. Затое атрымалі папярэднюю дамову на ўдзел у адной з нашых будучых пастановак брадвейскіх акцёраў.

Азіраючыся назад, разумею, што ўсё ў нас спраўдзілася толькі дзякуючы людзям побач. Высветлілася, што вакол столькі прагных прыйсці на дапамогу! Гэта ўсяляе надзею і аптымізм. У самым пачатку нашага шляху я б сказаў, што для рэалізацыі мары нам не хапае фінансавання. А цяпер бачу: насамрэч, калі ёсць жаданне, знаходзяцца і магчымасці. Галоўнае, каб была мэта. А калі яна ёсць, усяго можна дасягнуць.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"