Маляўнічасць адчуванняў

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Задумаць яе немагчыма — яна ўзнікае неспадзявана і патрабуе ад мастака імгненнай гатоўнасці ўвасобіць у фарбы. Не, не ў фарбы, а ў іх палахлівыя адценні — мабыць, неспадзяваныя і для самога мастака. Нейкая стрыманасць і невымоўнасць застаецца для тых, хто потым пабачыць, а можа, у думках дапіша ці давыкажа ўсё, што не змог або не пажадаў занатаваць творца. Нешта падобнае — непадуладнае нават слову — адчуваў я, гледзячы на новыя творы Юрыя Хілько, якія дэманструюцца на яго выставе “Знакі і легенды” ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

/i/content/pi/cult/670/14813/50-kultura-8-9.jpg

Юрый Хілько. "Сосны і горы".

Некаторыя з іх напісаны пасля наведвання Кітая. Але і ў гэтых імпульсіўных творах пейзажныя рэаліі нібыта дыхаюць сваёй калейдаскапічнасцю. Таму невыпадкова адзін з іх так і называецца — “Дыханне гор”. Не ведаю, як у рэчаіснасці, а на карціне горы сапраўды нязмушана дыхаюць.

Юрый Хілько піша не толькі дыханне, але і “Пачуццё сівых гор”. Мы бачым прывідных вярблюдаў, што марудліва рухаюцца па горнай сцяжынцы, ды і самі вяршыні быццам бы асцярожна спаўзаюць долу разам з туманам. Па ўсім відаць, што і ў Паднябеснай мастаку было наканавана напісаць не толькі тое, што ён бачыў і нават не тое, што адчуваў, а сваё прадбачанне і прададчуванне. Настраёвасць, паветраная прыгажосць засталася на яго падарожных палотнах, якія так і называюцца: “Пасля дажджу”, “Адлюстраванні”, “Плывучыя горы”, “Подых гор”… Нязмушанасць, нястворанасць, разняволенасць каларыту — усё гэта нібыта ўзнікае само па сабе, прымушаючы думаць, што карціны існавалі заўжды і пішуць сябе самі. Ды нават не толькі тыя, што створаны акрылавымі фарбамі.

Асобную залу галерэі
займаюць графічныя творы мастака. І тут мы бачым не тое, што адбылося, а тое, што адбываецца. Мастак умее “злавіць” у імгненні нешта спрадвечнае, заўсёднае. Ды хіба можа быць інакш, калі ён піша “Нябесную браму”, “Мітусню шэрай прасторы”, “Знак чырвонай птушкі” або “Сонечнае дрэва” ці нават “Пагаслы ліхтар”, святло ад якога ўсё ж засталося? Маляўнічасць адчуванняў зыходзіць і ад карціны “Заблытаныя галіны таполі”, якую так і хочацца назваць рознакаляровай прывіднасцю.

Гледзячы на гэтыя і іншыя пейзажы Юрыя Хілько, міжволі падумалася, што абстрактнага мастацтва наогул няма, калі ёсць мастацтва.

На вернісажы светлагорцы, і асабліва дырэктар карціннай галерэі Надзея Шынкевіч, літаральна атакавалі шаноўнага госця шматлікімі пытаннямі. І пачулі, што піша ён хутка, імпульсіўна, што ў яго творах заўжды прысутнічае прастора, без якой нічога няма і не можа быць. З гэтым нельга не пагадзіцца. Тым больш, свае словы мастак пацвярджае творамі, у якіх прастора і імпульсіўны рытм трымаюцца на пераканаўчай гармоніі. Аб гэтым зноў і зноў думалася, калі ўглядаўся ў яго “Готыку”, нібыта сатканую з колераў і святла, або калі надоўга спыняўся ля “Адлюстраванняў”, “Знічкі”, “Ценю ўладара”. Тое, што Юрый Хілько шмат эксперыментуе, — навідавоку. Як і тое, што яму ўдаецца спалучаць быццам бы неспалучальныя пластычныя, стылёвыя і нават тэматычныя магчымасці жывапісу.

Ці трэба казаць, што сустрэча з мастаком і педагогам (Юрый Хілько вядомы і як аўтар некалькіх вучэбных дапаможнікаў па выяўленчым мастацтве) была для светлагорцаў вельмі жаданай? Спадзяюся, і ён адчуў усю шчырасць іх удзячнасці. На жаль, да нас не змог прыехаць Глеб Отчык, цыкл пейзажных твораў якога, напісаных у час сумеснай з Юрыем Хілько творчай камандзіроўкі ў Кітай, таксама экспануецца ў галерэі. Але яны патрабуюць асобнай размовы.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ